Жылi яны, жылi, дажылiся — няма чаго варыць. Вось дзед i кажа бабе:
— Баба, а баба, звары хiба Чубатку, цi што?
Баба замахала рукамi:
— Што ты, дзед, надумаўся! Лепш мы галодныя будзем, а Чубаткi я ня дам варыць.
Пачула гэта курачка, пабегла на двор, знайшла там бабовае зерне i прынесла бабе.
Дзед кажа:
— Вось i добра. Звары ты, баба, хоць гэтую бобiнку.
Паглядзела старая на бобiнку:
— Дзеду мой, дзеду, што тут за наедак з аднае бобiнкi? Я для яе i гаршка не падбяру. Давай лепш пасадзiм яе. Як вырасьце, тады сьпячэм цэлы бабовы пiрог.
— Дзе-ж мы яе пасадзiм? — пытаецца дзед.
— На полi.
— На полi яе варона выдзяўбе…
— Дык на дварэ.
— На дварэ яе курыца выграбе…
— Тады давай пасадзiм хiба ў хаце пад палацямi.
— Добра, — згадзiўся дзед i пасадзiў бобiнку ў хаце пад палацямi.
Узыйшла бобiнка ды давай расьцi. Расла, расла, уперлася ў палацi.
— Што, баба, рабiць будзем? — пытаецца дзед.
— Трэба палацi разьбiраць.
Дзед разабраў палацi, а бобiнка як расьцi ды расьцi — дарасла да столi.
— Што, баба, рабiць будзем? — зноў пытаецца дзед.
— Трэба столь разьбiраць.
Дзед i столь разабраў, а бобiнка як расьцi ды расьцi — дарасла да страхi.
Дзед i страху разабраў. Выглянула бобiнка на сьвет i давай расьцi яшчэ весялей. Дарасла аж да неба.
Узяў тады дзед торбу, палез па сьцяблу на неба, абабраў сьпелыя струкi i вярнуўся назад.
Зарадавалася баба — цэлую торбу струкоў прынёс дзед!
— Ну, цяпер то мы ўжо наядзiмся пiрага!
Палузала баба струкi, высушыла боб на печы, змалола i расчынiла ў дзяжы цеста на пiрог.
Цеста як расьцi ды расьцi — зь дзяжы вон лезе. Палажыла яго баба на лапату, загладзiла пiрагом, размалявала рознымi ўзорамi, каб прыгожы быў, ды ў печ. А пiрог як расьцi ды расьцi — зь печы на прыпечак лезе. Адсланiла баба заслонку, а ён — скок на хату, з хаты за парог — i ўцёк…
Кiнулiся дзед з бабай даганяць пiрог. Ды дзе там! Так i не дагналi.
Прыкацiўся пiрог у лес. А тут насустрач яму рыжая лiсiца-хiтрыца. Схапiла яна пiрог, выела мякiш, у сярэдзiну шышак насыпала ды пабегла зь пiрагом да пастушкоў.
Знайшла пастушкоў у полi i кажа:
— Пастушкi, пастушкi, дайце мне бычка-трацячка, а я вам дам за гэта пiрог.
Бачаць пастушкi — добры пiрог у лiсiцы, жоўценькая скарынка аж блiшчыць, так i хочацца яго папрабаваць. Згадзiлiся яны на мену i аддалi лiсiцы бычка-трацячка.
— Толькi-ж, глядзiце, ня ешце пiрага, пакуль я не заеду за горку, — кажа лiсiца.
Села яна на бычка верхам i паехала. Як толькi схавалася за горкаю, пастушкi i кажуць: «Сядзем на пясочку, зьядзiм па кусочку!» Разламалi пiрог, а там — адны шышкi яловыя… Падманула iх хiтрая лiсiца!
Едзе лiсiца на бычку, бачыць — на дарозе пустая павозка стаiць, а недалёка чалавек арэ. Падкралася яна цiшком да павозкi, запрэгла ў яе бычка-трацячка, села на мяккай саломе i едзе сабе далей, пугай бычка паганяе.
Прыехала ў лес. Насустрач ёй воўк iдзе. Зьбегаўся, змарыўся, ледзьве ногi валачэ.
— Куды, кума, едзеш? — пытаецца.
— За трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства.
— Чаго?
— Там, кажуць, курэй i каршуны не дзяруць…
— А бараны ў тым царстве ёсьцека? — аблiзнуўся воўк.
— Ды iх там хоць гаць гацi!