— Ты ці не хворая? — бабуля спалохана мацала ёй лоб.
— Сапраўды,— устрывожыўся і бацька,— нават з твару змянілася...
Праехаўшы каля іх, машына зноў дадала хуткасці і паімчалася ў бок горада, знікла за паваротам.
— Не, нічога,— прамармытала дзяўчынка, адводзячы бабуліну руку.— Проста закалыхала крыху ў аўтобусе...
— А вы ці елі? Можа, галодныя паехалі?
— Ды снедалі мы,— адказаў бацька,— і ў аўтобусе перакусілі. Відаць, сапраўды, закалыхала, бо душна было. Галава баліць, Аксана?
— Нічога страшнага — усё прайшло!
Аксана была ўпэўнена, што машына ехала за аўтобусам знарок, каб высачыць дзе яна, Аксана, выйдзе. Цяпер дзяўчынка адчула палёгку — машына не спынілася. Ну, і няма чаго пра гэта думаць!.. Паехалі, і хай едуць... Чаго ёй баяцца, што кепскага яна ім зрабіла? Не прадала талер? Няхай не спадзяюцца і надалей. Манета патрэбна ёй самой.
У маленькім, акуратным, зарослым густым мурагом дворыку бацька паставіў сумкі на лаўку пад кустом пахучага сіняга бэзу, сказаў бабулі:
— Вынясі нам, маці, ручнік. Спаласнемся з дарогі, у хату трэба чыстымі заходзіць.
— І праўда, я зараз! — бабуля кінулася ў хату.
У кутку двара, каля веснічак, быў нізкі калодзеж з калаўротам. Бацька выцягнуў вядро вады, напоўніў рукамыйнік, што вісеў на слупе ля калодзежа. Аксана ўмылася. Калодзежная вада як рукою зняла дарожную ўтому. Яна ледзяніла рукі, твар і пахла, як ні дзіўна, таксама свежаскошанай травою...
Выйшла бабуля з бялюткім ручніком.
— Тата! — закрычала Аксана, забыўшы выцерціся,— кот траву есць!
Стары рыжы кот пад плотам прынюхваўся і асцярожна, бакавымі зубамі адкусваў травіны, з асалодаю жаваў.
— Стары, лечыцца так,— патлумачыла бабуля.— Ён тут у мяне гаспадар.
— А адкуль ён узяўся? — спытала Аксана.— Тым летам не было.
— Макар прынёс, дзякуй яму. Ён мне ва ўсім памагае. А кот і стары, а бачыш, прыжыўся.
— А як яго завуць?
— Так і завуць — Гаспадар.
Бабуля жыла адна, яна аўдавела пяць гадоў назад. Аксана ледзь помніла дзеда. Помніла, што ён быў добры і падобны на бацьку, толькі меншы ростам і старэйшы. Тады яшчэ дзед з бабуляю жылі зусім у іншай вёсцы, далёка, на Гомельшчыне. Пасля, Аксана ведала з расказаў бацькі, ад блізкага Чарнобыля пайшла радыяцыя. Людзей з тае вёскі выселілі, заплаціўшы ім грошы — «кампенсацыю». Ім прапанавалі на выбар некалькі месцаў для новага жыхарства, у тым ліку і Мінск. Але пра горад старыя не хацелі і слухаць. Ім трэба была хоць якая латачка зямлі. Бацька даклаў усе свае зберажэнні да іхняе «кампенсацыі», і купілі гэтую вось хату, у Паплавах. Аксана яшчэ помніла, як маці тады сварылася, крычала на бацьку... А потым дзед захварэў, паляжаў крыху ў бальніцы ў Бараўлянах і памёр.
А бабуля прывыкла тут. У Мінску, куды яна прыязджала зімою на колькі дзён у госці, яна нудзілася, месца сабе не знаходзіла, сумавала і па той ранейшай вёсцы, і па гэтай новай, Паплавах, успамінала курэй і кабанчыка, за якімі наглядаў сусед дзед Макар... Затое колькі радасці ёй было ўлетку, калі прыязджала Аксана! Для адзінай унучкі яна не шкадавала нічога.
— Можна мне Гаспадара пагладзіць? — спытала Аксана.
— Пагладзь, ён чысты, хоць і стары.
Дзяўчынка прысела каля ката, пагладзіла па сапраўды чыстай, мяккай поўсці. Кот, не звяртаючы на дзяўчынку аніякае ўвагі, прыплюснуўшы вочы, еў траву.
— І ён вас чакаў. А ці надоўга вы? — спытала бабуля ў бацькі, які памыўся, і падала яму ручнік.
— Заўтра ўвечары паедзем.
— Ну і добра. Хадземце ў хату, за стол!
Раздзел 9. ДВОР
На абед была юшка. Самая сапраўдная, са свежае рыбы. Над талеркамі плыў такі водар, што ў Аксаны рот напаўняўся слінаю. У зацягнутым празрыстазалатым тлушчам варыве плавалі жоўтыя лісткі пятрушкі і кропу.
— Хоць у печы звараная, затое са свежай рыбы,— казала задаволеная бабуля, бачачы, што гасцям даспадобы гэты пачастунак.— Дзед Макар сёння раніцаю прынёс.
— Дзед Макар, я гляджу, табе добрая дапамога,— заўважыў бацька.
— А куды ж я адна? Аднаму цяжка, хоць ты разарвіся...
Бацька нічога не сказаў. Аксана сёрбала духмяную юшку, забываючы нават адкусваць хлеб. Калі трапляліся кавалачкі рыбы, дзяўчынка абсмоктвала косткі і давала Гаспадару, які сядзеў пад сталом і мурлыкаў на ўсю хату. Ён адчуваў, што бабуля радая гасцям, і таксама, пасвойму, радаваўся.
— Ты як бы пахудзела крыху,— сказала бабуля Аксане.— Няма маці, няма каму глядзець за табою...
— Я? Пахудзела? Наадварот, паправілася!
Бацька і на гэтыя словы прамоўчаў. Еў спакойна, бы ўсё гэта яго не тычыцца, і глядзеў у талерку.
Аксана заўважыла: бабуля ўвесь час стараецца звесці гаворку на тое, як цяжка чалавеку аднаму, без жонкі. А ёй, Аксане, без маці. Ну, не! Яшчэ чаго! Не трэба ім з бацькам ніхто!.. Яна, Аксана, сама ўжо вялікая і амаль усё можа рабіць па гаспадарцы.
— А калі ты, унучка, ужо надоўга прыедзеш?
— Праз тыдзень, калі канікулы дачнуцца,— адказаў за Аксану бацька.— Тады і прывязу.
— І надоўга?
— Гледзячы, калі сам з экспедыцыі вярнуся. Месяц тут пабудзе ці, можа, паўтара.
— Вось каб была гаспадыня дома,— нібы сама сабе сказала бабуля,— і за кватэраю было б каму паглядзець. А так паедзеш у сваю экспедыцыю — а кватэру на каго кінуць?
— Не трэба нам ніякай гаспадыні! — не вытрымала, умяшалася Аксана.