— Так, ты паела? — строга сказаў бацька.— Тады ідзі на двор, пагуляй.
Не хочуць, каб яна елухала іхнія дарослыя размовы. Ну, і не трэба. Дужа ёй цікава. Дзяўчынка выбралася зза стала, падзякавала бабулі.
Было гадзіны чатыры дня. Сонца гэтак жа, як і з раніцы, то з'яўлялася, то знікала ў хмарах. І ўсё адно, толькі тут, у вёсцы, адчувалася сапраўднае лета. А пахі!.. Пахне зямлёй, травою, кветкамі... Кветак — цэлая градка пад акном прыбудовыверанды. За хатаю, паміж сцяною і плотам, яшчэ градка — маладога шчаўя. Аксана, хоць і была зусім не галодная, прысела на кукішкі, пачала адпраўляць у рот самыя маленькія, салатавага колеру лісточкі, якія мелі асаблівы кіславаты прысмак. Ела, аж пакуль не набіла аскоміну. Побач хадзілі куры, скоса пазіралі на дзяўчынку і, нібы дражнілі яе, таксама дзюбалі шчаўе.
Аксана ўскарабкалася на плот і агледзела такую знаёмую вуліцу. Колькі розных домікаў! Яшчэ больш стала, чым у тым годзе. Кожны дворык абгароджаны з усіх чатырох бакоў. А колькі розных вулічак, завулачкаў, тупікоў! Шаша «разразае» Паплавы пасярэдзіне. Адна частка, дзе і бабуліна хата, завецца «нізінаю», таму што з гэтага боку шашы завулачкі, хаты, агароды збягаюць усё ўніз і ўніз, аж да самай Бярэзіны. Адсюль ракі нават не відаць. А недзе там за ракою — поплаў, а за ім — балота...
А другая ад шашы частка пасёлка, наадварот, уздзіраецца ўсё вышэй і вышэй. І там, дзе канчаюцца межы апошніх дачных участкаў, адразу пачынаецца лес.
Вось такія іхнія Паплавы. Не зразумееш, ці гэта вёска, ці прыгарад, ці ўчасткі лецішчаў... Яшчэ год назад Аксана зусім абыякава аглядала гэтае наваколле. Але цяпер гісторыя з талерам, што ляжаў у кішэні, не ішла ў яе з галавы. Гэта ж колькі такіх пасёлкаў на Беларусі! І ў кожнага — свая гісторыя, свае, магчыма, таямніцы... Сказаў жа тата, што толькі ў нашай рэспубліцы кожны год знаходзяць каля дзесятка буйных скарбаў. Не ў адным жа месцы гэтыя скарбы схаваныя, а па ўсёй Беларусі...
Дзяўчынка злезла з плота, яшчэ раз уважліва разгледзела талер. Чаму ён такі няроўны? Вось гэтая глыбокая выемка ў рубцы, ці гэта шчарбіна, ці ўмяціна... Нібы выпіленая напільнікам ці выразаная вострым нажом. Трэба не забыць спытаць у таты. Хутчэй бы вечар! Тады тата ўрэшце раскажа гэтую даўнюю загадкавую гісторыю да канца. Колькі яны яшчэ там будуць з бабуляю сакрэтнічаць?
Аксана зайшла ў маленькую, але светлую, утульную веранду. Тым летам, калі было душна ў хаце, бабуля слала ёй вось на гэтай канапе ў кутку. Матрас быў набіты духмяным сенам, падушка — мяккім курыным пухам... Як жа тут соладка спалася!.. І тумбачка каля канапы тая ж самая.
Аксана расчыніла палавінкі тумбачкі. Алей, цукар, пачак гарбаты, міса з яйкамі...
Раптам дзяўчынцы падумалася, што алеем можна паспрабаваць пачысціць талер. Можа, тады на ім штосьці праявіцца? Якіясь таемныя знакі, што адкрыюць месца, дзе закапаны скарб? Вось было б здорава.
Адкаркаваўшы зубамі пляшку, Аксана капнула на палец алею і пацерла манету. Нічога, ніякіх знакаў не праступіла. Толькі на пальцы застаўся брудны сіні след, а сама манета трохі панавела. Можа, мала алею? Аксана, ужо не шкадуючы, нахіліла пляшку, кропнула алею проста на талер... Не, манета якой была, такой і засталася. А вось як цяпер трымаць яе, прапахлую алеем, у кішэні? Аксана, не знайшоўшы нічога пад рукою, хапатліва працерла талер сваёй новенькай насоўкаю. На насоўцы адразу з'явілася сіняя масляністая пляміна, акурат паўтарыўшы контуры талера. Ну вось, ізноў пападзе ад таты...
«Скажу, што забыла насоўку ў аўтобусе, а потым, на канікулах, якнебудзь адмыю»,— вырашыла Аксана.
Яна зладзеявата азірнулася, ступіла да канапы і запхнула скамечаную брудную насоўку пад матрац, на самае дно.
Раздзел 10. ЧЭСЬ
Пасля гэтага «граху» дзяўчынцы расхацелася заходзіць у хату. Бацька з бабуляю так умеюць чытаць па вачах... Паклаўшы ў кішэню талер, які і праўда збольшага адчысціўся і ад старадаўняга налёту, і ад сучаснага алею, Аксана зноў выбегла на двор.
— Ксюха! — раптам пачула яна радасны голас.— Аксана, калі вы прыехалі?
За плотам стаяў, пазіраючы праз дзіркі між калкоў, хлопчык яе гадоў, Чэсь. Быў ён белабрысы, загарэлы, як бы нават памужнелы за год, пакуль яны не бачыліся. Босы, у джынсавых шортах, у расхлістанай доўгай кашулі з завязанымі на жываце канцамі.
Аксана не верыла сваім вушам. Няўжо гэта той самы Чэсь, забіяка, нахабнік, хуліган, якога яна так баялася тым летам? Які не даваў ёй праходу, цягаў за косы, дражніў: «Ксюха без вуха», які, калі яны купаліся ў Бярэзіне каля берага, ныраў, пад вадой хапаў яе за нагу і цягнуў на глыбіню... Які аднойчы так напалохаў яе, стрэліўшы за спіною з самапала, пасля чаго бабуля хадзіла сварыцца да яго бацькоў... І вось — калі ласка: ветлівы, такая радасць у голасе!
Зрэшты, дзяўчынка і сама была радая ўбачыць знаёмы твар. За год і не такое забываецца. Да таго ж яна, як ні кажы, госця тут. А Чэсь — мясцовы, значыць, гаспадар. У гасцях мусіш прыхоўваць некаторыя свае антыпатыі.
— Ды не бойся, хадзі сюды! — паклікаў Чэсь.
— Я і не баюся.
Аксана выйшла на вуліцу, на ўсялякі выпадак пакінула веснічкі расчыненымі і стала блізка каля іх.
— Ды не бойся,— паўтарыў Чэсь.— Ты прыехала на ўсё лета? Як у тым годзе?
— На якое ўсё лета, яшчэ тыдзень да канікулаў...— Аксана зірнула на яго і раптам усклікнула, пляснуўшы далонямі, падрабляючыся пад бабулю: — Божа, што гэта з табою?!
Адна шчака ў Чэся была распухлая і адтапырвалася, нібы за ёю ляжаў вялізны круглы ледзянец.
— А, гэта... — Чэсь збянтэжана прыкрыў шчаку далоняю.— Ужо праходзіць! Раней яшчэ не такая была,— пахваліўся ён.
— Зноў у бойку ўлез?
— Не, восы пакусалі. Звілі на гарышчы гняздо, я іх высачыў, палез — і вось...
— І навошта яны табе былі?
— Як навошта? А мёду набраць?
Аксана здзіўлена паўзіралася ў яго — ці не жартуе? — тады залілася смехам:
— Які ж у восаў мёд? Эх, ты, вясковы хлопец, а («такі дурны», ледзь не вырвалася ў яе) ... а не ведаеш, што восы ніякага мёду не даюць.
— Я не ведаў,— прызнаўся Чэсь.— Думаў, раз яны падобныя на пчол і кублы ўюць, дык павінны быць і соты...
Аксана раптам заўважыла, што ён чырванее. І яшчэ — калі гаворыць і глядзіць на яе, дык стараецца павярнуцца так, каб не было ёй бачна распухлай шчакі. Няўжо саромеецца за такі свой выгляд?
— Аксана,— Чэсь азірнуўся, тады апусціў галаву, пакалупаў вялікім пальцам нагі пясок.— Аксана,— хутка прамовіў ён,— ты прабач... Я больш не буду цябе тапіць...
Вось дык фокусы! Што гэта з ім?
— Добра, глядзі,— жартуючы, паківала яму пальцам Аксана.
— Дык ты не крыўдуеш? — адразу павесялеў Чэсь.— А хочаш, мы гэтым летам будзем сябраваць?
— Як?
— Ну, разам быць... Я пакажу табе вір, дзе ловяцца падлешчы. І будан... не, я хацеў сказаць, пакажу, дзе арэхаў можна будзе назбіраць поўна...
— Пачакай, што за будан?
— Не, нічога. Ніякага будана няма. Я хацеў сказаць, яго можна зрабіць,— з прыкрасцю на сябе, што прагаварыўся, пачаў апраўдвацца Чэсь.
«Я ў цябе ўсё выпытаю, ты мне ўсё пакажаш, і той будан»,— падумала Аксана. Ёй ільсціла прапанова сяброўства, прыемна было — і ўсё ж... Яна са здзіўленнем адчула, што такі Чэсь — пакорлівы, ветлівы, прыніжаны — цікавіць яе менш, чым раней. Калі б ён толькі што не папрасіў прабачэння, ёй, напэўна ж, не захацелася б зараз крышку памучыць яго.
— А я не змагу быць тут улетку,— сумна ўздыхнуўшы, сказала яна.