Гісторыя хваробы - Андрэй Федарэнка


Падрыхтаванае на падставе: Андрэй Федарэнка, Гісторыя хваробы: Аповесць — Мінск: Бібліятэчка часопіса Маладосць, 1989.

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

© Камунікат.org, 2010

Человек переживает землетрясения, эпидемии, ужасы болезней и всякие мучения души, но на все времена для него самой мучительной трагедией была, есть и будет — трагедия спальни.

Увосень, як толькі скончылася «бульба» і пачаліся заняткі, у інстытуце толькі і гаварылі пра стыпендыю, якая налічвалася цяпер у залежнасці ад адзнак (за кожную пяцёрку даплочвалі па пяць рублёў), і пра трагічную смерць аднаго са студэнтаў, паэта Вяргейчыка Валодзі. Улетку, у будатрадзе, ён з хлопцамі ішоў з суседняе вёскі з танцаў; было ўжо цёмна, ззаду ехала грузавая машына. Хлопцы сталі галасаваць, шафёр, відаць, спужаўся, вільнуў — Вяргейчыка стукнула падножкай, ён адляцеў наўзнач, патыліцай на бардзюрыну, і хутка памёр.

Пра стыпендыю, грошы, пяцёркі і дадаткі гаварылі рознае. Хто меў больш пяцёрак, хваліў новую сістэму. Некаторыя казалі, што, як там ні было, якія ні ёсць гэтыя стымулы ненадзейныя і ненармаваныя, іх даўно трэба было ўвесці, хоць такім чынам нешта «перабудаваўшы ў вышэйшай школе». Другія казалі, што гэта чорт ведае што, а не «перабудова» і не «стымулы»: адным падавалі па пяцьдзесят, па шэсцьдзесят рублёў, а другім за адну тройку — нічога.

Пра смерць размовы ішлі зусім іначай, ціха, сумна. Вяргейчыка шкадавалі. Ні яго жыццё за два гады вучобы, ні смерць, якім бы страшным і незразумелым фактам у адносінах да дваццацічатырохгадовага чалавека яна ні была, не давалі асаблівых падстаў плёткам, што звычайна неяк самі сабою паяўляюцца на свет Божы ў такіх выпадках. Былі, праўда, такія-сякія разнабоі ў трактаванні ягонай смерці, але малазначныя. Так, некаторыя казалі, што нябожчык быў п'янаваты, не бярогся, і трошкі быў сам вінаваты. Другія даказвалі, што п’яны быў не Вяргейчык, а шафёр, інакш чаго б ён збіў на роўным месцы чалавека? Брусавец, які жыў з Вяргейчыкам у адным пакоі і ведаў яго добра, ішоў тады разам з ім з танцаў, а пасля бегаў выклікаць «хуткую», казаў, што Вяргейчык не мог быць п'яны, калі нават і захацеў бы, бо апошнім часам піў нейкія таблеткі, якія няможна было ўжываць разам са спіртным...

Расказвалі, як улетку ў інтэрнат прыязджала матка і Вяргейчыкаў дваюрадны брат, забіралі нейкія рэчы. Газеты дружна грамілі Сталіна, Хрушчова, Брэжнева, заклікалі людзей да Перабудоваў, Дэмакратыяў і да Галоснасцяў — з вялікай літары; разбівалі закаўказскія мафіі, асцярожна праходзіліся па незразумелай вайне ў Афганістане, называючы яе «помощью афганскому народу»; пісалі пра замежных спецыялістаў і пра ялцінскіх прастытутак, якія ў дваццаць гадоў маглі лёгка набыць машыну апошняе мадэлі, нідзе не працуючы... А мне ў вачах стаіць чамусьці тая Вяргейчыкава матка, як яна забірала яго рэчы — хоць я і не бачыў гэтага.

Мае асабіста адносіны да гэтай смерці былі дваякія.

Я добра ведаў нябожчыка, пэўны час нават сябраваў з ім, чытаў яго вершы — а таму разам з навіною пра яго гібель нейкая частачка мае душы нібы адрывалася ад свету. Але што ты зробіш — сесію я здаў з дзвюма тройкамі, стыпендыю мне не давалі, і, як ні ўпарцілася маё сумленне, чужая смерць зменшвала мае перажыванні.

Мне, па няправільнай логіцы, здавалася, што гэта толькі я шукаю сабе з усяго выгоды — нават з чужой бяды. Былі хвіліны, калі я баяўся і ненавідзеў сябе за шмат якія свае думкі. Думкі гэтыя, у розных варыяцыях, грунтаваліся на тым, што чым больш бедаў пасыплецца на знаёмых мне людзей, тым больш будзе расці маё асабістае шчасце. Паўтаруся, што мяне палохала гэта, і я ў такія хвіліны цягнуўся да людзей, якія, як мне здавалася, так, як я, думаць не маглі.

Такім чалавекам быў для мяне Мікалай Брусавец. Ён добра вучыўся, добра апранаўся, меў выдатную спартыўную фігуру, а галоўнае, быў здаровым аптымістам. Здавалася, калі б з ім і здарылася якое няшчасце, дык ратаваўся ён, пэўна б, не тым, што параўноўваў бы гэтае сваё няшчасце з няшчасцямі іншых і радаваўся, што сваё меншае. Калі Брусавец бачыў канец работы, за якую браўся — тады выходзіў плён, як і было ў яго з вучобаю. Калі не — ён кідаў пачатае з тою ж лёгкасцю, з якою пачынаў. Памятаю, яшчэ на першым курсе, пад уплывам Вяргейчыка, ён зрабіўся вялікім прыхільнікам беларускай мовы, ухапіўшыся за прапаганду яе, як галодны за хлеб. Недзе праз месяц, убачыўшы, што «змаганню» няма канца-краю, ён астыў, перастаў не толькі прапагандаваць, а і сам перайшоў, як і раней, на расійскую мову. І студэнты, і выкладчыкі, якім колькі дзён назад ён даказваў пра «запушчанасць нацыянальнага пытання» і пра «неадрыўнасць мовы ад культуры», смяяліся з яго. Ён прыдумаў, ці то недзе вычытаў, сказ і гаварыў яго ўсім знаёмым: «Калі адышоў ад справы Брусавец, гэта не азначае, што справа не вартая Брусаўца, а што Брусавец не варты справы», — і сам пры гэтым смяяўся...

Гадзін у сем вечара, у першы дзень пасля заняткаў, я пайшоў да Брусаўца.

— А я цябе ўжо даўно чакаю, — сказаў Брусавец, калі я, пастукаўшьі ў дзверы, зайшоў. — Здароў. Сядай дзе бачыш. Я сам ужо збіраўся да цябе...

У пакоі была перастаноўка, ложкі з голымі сеткамі стаялі не так, як раней, а ссунуты разам каля акна. На падлозе ляжаў адчынены чамадан, Брусавец яго пакаваў.

— Перасяляюць? — спытаў я, сядаючы на сетку.

— Сам не захацеў тут... Ведаеш, усё будзе напамінаць пра яго. Во, ужо штаноў няма!.. — Брусавец гаварыў і глядзеў у шафу. — У цябе нічога не ўкралі за лета? У мяне недзе знікла адна спартоўка і сінія штаны. Ты адкуль, Васкевіч, я забыўся, з Мядзеля?

Брусавец мала змяніўся за вакацыі, у тым сэнсе, што мала змяніліся яго звычкі. Я ўжо ведаў: калі ён шмат гаворыць і шмат задае пытанняў, то нечым незадаволены.

— Не з самога Мядзеля, з раёна, — адказаў я.

Брусавец пакорпаўся ў чамадане, выцягнуў сінюю, абдзёртую на краях папку і сеў побач. Я трохі пасунуўся.

— Гэта Валодзева папка, — сказаў Брусавец, развязваючы шворкі, — а вось ягоны дзённік. У шафе ляжалі. Я хачу ведаць, што тут напісана... Не, вось тут, пры канцы.

Я глянуў.

— Звычайная беларуская лацінка, — з задавальненнем, як знаўца, паясніў я. — Табе што, цяпер перакласці?

— Калі не палянуешся, перакладзі пісьмова.

Я скрывіўся. Напісана было вельмі дробным почыркам.

— Гэтая шлюха, якая памагла загнаць Валодзю ў труну, працуе цяпер у тваім Мядзелі, у адной са школ... Я ведаю, ты сябраваў з Вяргейчыкам, рабіў з ім адну справу — памажы мне перакласці гэтыя запісы. Давай з'ездзім у ваш Мядзель і знойдзем гэтую прастытутку, га?

— Мяцельская, калі ты гаворыш пра яе, выдатна ведала лацінку, — задуменна прамовіў я, робячы выгляд, што для мяне ніякая не навіна гісторыя Вяргейчыка і Мяцельскай; праўда, я ведаў, што нешта між імі было — у асноўным, з інтэрнатаўскіх плётак; ведаў, што Вяргейчык збіраўся ледзь не жаніцца і толькі ўлетку, падчас сесіі, у іх чамусьці разладзілася... Пра ўсё іншае, у прыватнасці, што казаў цяпер і што, відаць, яшчэ меўся сказаць Брусавец, я чуў упершыню і таму навастрыў вушы. — Ты хочаш сказаць, што ў гэтым сшытку напісана пра яе?

— Я не ведаю, што тут напісана. Хоць, вядома, пра яе... Я ведаю толькі, што яна... вінавата ў ягонай смерці больш, можа, за таго шафёра!

— Я чуў, што Вяргейчык збіраўся жаніцца на ёй, — спакойна, каб не выдаваць свае зацікаўленасці, сказаў я. — Няўжо ён мог зрабіць такое без кахання? Пачакай, я дакажу... Я чуў пра Мяцельскую таксама плёткі, але няўжо Вяргейчык быў дурнейшы за нас з табою? Не можа ж быць, каб ён не бачыў у ёй нечага такога, за што можна было б яе кахаць.

Врусавец, які запаліў цыгарэту, аж закашляўся дымам:

— Кахаць? Ён ненавідзеў яе!

— Значыць, яна яго кахала. Бачыш...

— І гэтага не было. Чорт яго ведае, як яны сышліся ўвогуле. Можа, спачатку нешта між імі і было, але ўлетку — Вяргейчык вяртаўся ад яе мерцвяком. Я бажуся, што ніколі не бачыў такіх людзей... Так і напісана было на ім, што доўга не пражыве!

«Каб яго не збіла машына, дык нічога б не было на ім цяпер напісана», — ледзь не сказаў я ўслых. І папрасіў:

— Раскажы.

— Я ўжо добра не памятаю, — адразу пачаў Брусавец, — ён увесь апошні месяц жыў як не на гэтым свеце, не дзіва, што яго забіў гэты п'яны прыдурак... Ён быў падрыхтаваны да смерці — чаго я і вінавачу гэтую... Неяк раз збіраемся на заняткі, ён адзін чаравік абуў, сядзіць на ложку, апусціў рукі і глядзіць на гэты чаравік. Я з дзвярэй кажу: хутчэй, а ён страсянуўся і ідзе! У адным чаравіку. У дзвярах толькі ачомаўся і сам засмяяўся. Кажа, «нізка ўпаў, бо высока ляцеў».

Адзін раз, было гэта позна ноччу... Здалі мы ўжо, здаецца, перадапошні экзамен — як ён здаваў іх, ні разу кніжкі не адкрыўшы, не ведаю. І на чатыры, на пяць... Вось гадзіны ў тры ночы прачнуўся я ад святла, а ён стаіць сярод пакоя — ну, мярцвяк мерцвяком! Белы, схуднелы, страшны... Стаіць і глядзіць на мяне. Я ажно падскочыў, сеў. Ты што, пытаю. Тады ён ачомаўся, ужо неяк інакш глянуў на мяне і сеў на тумбачку. Ведаеш, кажа, Коля, што са мною толькі зрабілі? Я даўно ўжо сам сябе не лічу за чалавека, даўно ўжо да ўсяго прывык — але нашто ўжо такое рабіць? Хоць, кажа, што я некага вінавачу? Вось я сяджу, не даю табе спаць і сам не сплю, бо для мяне быццам на дышоў канец свету, і мне трэба, каб пра мае пакуты ведала ўсё чалавецтва. А мае ж пакуты, кажа, ува мне самім, у маім целе. І калі не стане цела, дык не стане і пакутаў, але ўжо ад таго, што я табе вось гэта цяпер кажу — ніколі я гэтага не зраблю! Ніколі я не пазбаўлюся пакутаў такім спосабам; вось так пакажу-пакажу, нацешуся сам і напужаю на першы раз, а на другі насмяшу таго, хто слухае — і буду жыць. Далей.

«Ды што ўжо там такое?» — усклікнуў я.

«Яна пасмяялася з мяне страшэнна, а можа, мне падалося, што яна смяялася... І тады я саўсім страціў розум, нагаварыў ён страшных слоў, ужо забыўся якіх, абазваў яе брыдка... Але нічога, мне ўжо меней страшна. Яна адыходлівая, я ведаю. Трэба толькі трошкі пачакаць, яна даруе. Я не павешуся і не застрэлюся — я пайду прасіцца ў яе. Стану на калені, буду глядзець знізу ўверх і казаць адно толькі слова: «Даруй, даруй...»

Ты не палохайся, кажа, я сам ведаю, што вар'яцею, але я з тых ціхіх вар'ятаў, якія могуць сябе яшчэ неяк кантраляваць. Памятаеш, кажа, у Караленкі сляпы гаворыць, што сляпым не трэба дабрыня і ласка: іх трэба выводзіць на дарогу і даваць у рукі кіёк, хай жабруюць. Дык вось яшчэ большая памылка, што такіх, як я, — вясковых, забітых, слабых фізічна, без грошай — людзей трэба вучыць у школе. Хто мне калі растлумачыць, начорта трэба, каб яны чыталі пра Анегіна, Пячорына і пра Раскольнікава? Начорта галаву маю з малых гадоў набілі класічнымі вобразамі, нашто мяне навучылі думаць? Чаму мне выпісалі пахвальны ліст і адправілі вучыцца ў горад, а не навучылі даіць кароў і падбіраць гной? Начорта я навучыўся думаць, аналізаваць свае ўчынкі і адчуваць такія самыя пачуцці, як Анегін, Пячорын і Раскольнікаў, калі я не маю ні грошай Анегіна, ні фізічнага здароўя Раскольнікава? Каму трэба марнаваць мяне ў вялікім сталічным горадзе на сорак рублёў у месяц, дзе я навучыўся курыць «Космас», і з гэтых сарака дваццаць адзін пракурваю. Чым я надзелены, у параўнанні з другімі, каб жыць у вялікім сталічным свеце? Нічым. Толькі хаценнямі, якія развіліся незалежна ад мяне — калі я быў малады, я ж не хацеў нічога, што пяпер хачу. Я хацеў, як і ўсе людзі, якіх ведаў змалку, курыць «Прыму», пасвіць кароў, у газеты закручваць сала з хлебам і з памідорамі, а кнігі чытаць толькі друкаваныя вялікімі літарамі.

А вершы? Людзі, якія друкавалі ў тоўстым часопісе мае выдуманыя вершы, на самай справе капалі мне яму. Яны публічна, аўтарытэтна зацвердзілі, што я не толькі роўны, але і вышэй за многіх іншых людзей. Як я мог ім не верыць? Друкаванне гэтых вершаў зрабіла з мяне маральнага калеку, бо дысананс паміж тым, як я пачаў аб сабе думаць і што я на самай справе з сябе ўяўляў, вырас да вялікіх памераў. Што я практычна магу, чалавек дваццаці чатырох гадоў? Пісаць вершы? Тую ж Таню, якую я мучыў паўгода, цікавяць менш за ўсё мае вершы; яе цікавяць мае грошы, маё адзенне і мой рост у сантыметрах і дзе мы будзем жыць, калі, скажам, пажэнімся...»

Пасля ён зірнуў на гадзіннік і пабег. Я патушыў святло і лёг спаць.

— Ён памірыўся тады? — спытаў я.

— Не ведаю, ён прыйшоў праз хвілін дваццаць, я шчэ не паспеў заснуць. Ён ціха ўключыў начнік над сваёй тумбачкаю і да самай раніцы нешта пісаў.

Дальше