Мы памаўчалі. У пакоі стала цёмна. Мне было добра і не думалася, што чатыры месяцы таму, на гэтым самым ложку сядзеў чалавек, які нешта думаў, нечага дабіваўся, адчуваў цемру і цяпло.
— Дам ёй гэтыя паперы — хай чытае і пакутуе, — сказаў Брусавец.
І неяк смешна і недарэчна прагучаў гэты грозны сказ; я быў упэўнены, яшчэ не прачытаўшы гэтых папер, што наўрад ці яны будуць некаму такой ужо страшнай помстаю.
— Можа, ён пісаў і не пра Мяцельскую. Калі хочаш, дай я прачытаю, а заўтра табе аддам, — папрасіў я.
— Бяры...
Я не любіў Валодзю Вяргейчыка, хоць і сапраўды нейкі час мы з ім сябравалі.
Можна не любіць чалавека за тое, што ў яго не такія, як у цябе, погляды на рэчы, што ён ні з чым з табою не згаджаецца, і на словах альбо ў душы грэбуе табой, але можна з аднолькавай сілай не любіць чалавека, які вельмі на цябе падобны. Гэта тое ж самае, як чалавеку з фізічным калецтвам на твары часта падсоўваюць люстэрка. Я не любіў Вяргейчыка якраз з-за гэтай, другой, прычыны. Я таксама быў з беднай вясковай сям’і, таксама не мог пахваліцца нейкімі фізічнымі вартасцямі — але калі мне сорамна было ўсяго гэтага і рэдкі чалавек ведаў, чаго каштавала мне жыццё ў Мінску на сорак рублёў у месяц, а калі — і без іх, Вяргейчык не толькі не саромеўся, ён лічыў за норму, каб пра ягоныя беды ведаў кожны стрэчны-папярэчны. Ён плакаўся і сваёй беднасцю, і тым, што не пішуцца вершы, і тым, што на экзаменах яму задаюць больш пытанняў, бо адказвае па-беларуску... Ёсць людзі, якія да таго звыкаюцца з выдуманым імі ж крыжам, які яны быццам бы цягнуць на сваю Галгофу, што адчуваюць у гэтым нават асалоду. І прапануй толькі — так, дзеля смеху, скажы: «Табе памагчы?» — з якім гонарам твая «помач» будзе адрынутая!
Нябожчык, мне здавалася, быў з такіх людзей.
Сышліся мы з ім яшчэ на першым курсе, калі ён даведаўся, што я скончыў беларускую школу і калі-нікалі гавару па-беларуску, з-за гэтага і пачалося наша сяброўства. Мы гадзінамі сядзелі ў накураным пакоі і разважалі пра нацыянальныя праблемы. Недзе праз месяц такога лікбезу пайшлі першыя рознагалоссі: Вяргейчык вырашыў, што «гаварыльні» досыць і трэба пераходзіць да справы. Мы пайшлі да рэктара і сказалі, што трэба зала на трыста чалавек, дзе будуць праходзіць сустрэчы з пісьменнікамі і гісторыкамі, і нам адвялі гэтую залу. На першае пасяджэнне прыйшлі два пісьменнікі і два студэнты — я і Вяргейчык.
Я тыдзень не мог спаць ад сораму, пайшоўшы на так званы «збор заяваў у беларускія клясы». У адной кватэры старая бабулька смяялася з нашых агітаванняў і казала: «Каб гэтага хацела правіцельства, дык хто ў нас пытаўся б?» Мяне ўразілі яе словы, я адчуваў, што яна мае рацыю, і ўрэшце адкрыта заявіў Вяргейчыку, што хадзіць па кватэрах — гэта авантура.
— Ты прапаноўваеш скласці рукі і сядзець?
— Я прапаноўваю толькі рэальнае размежаванне. Мы — будучыя настаўнікі, хіба гэта наша справа самім сабе шукаць вучняў? Ці быць беларускім класам можа і павінен вырашаць толькі ўрад, як правільна сказала бабуля. А калі ўрад гэтага не хоча, дык недзе тут і трэба шукаць прычыну, а не цягацца па кватэрах. Няўжо ты не бачыш, што, калі хадзіць па кватэрах, беларускіх школ мы дачакаемся праз пяцьсот гадоў?
— З такімі, як ты, мы іх ніколі не дачакаемся!
За два гады нашага знаёмства я не помню ні аднаго выпадку, каб удалося ў нечым пераканаць Вяргейчыка. Спачатку я бачыў у ім толькі зафанацелага «адраджэнца», для якога не існавала ніякіх чалавечых пачуццяў, калі яны выказваліся не па-беларуску; пасля выпадкаў з залаю і з заявамі актыўнасць Вяргейчыка пачала здавацца мне проста неразумнаю. Я шмат у чым расчараваўся, адышоў ад «справы» і толькі збоку наглядаў за Вяргейчыкам. Тады і разладзілася нашае сяброўства.
А ён не сунімаўся. Ужо на другім курсе, зімою, ён сабраў чалавек сем беларускамоўных і стварыў у інстытуце суполку «Раніца». Гэтая суполка то рассыпалася, то зноў утваралася, і невядома было, чым яны канкрэтна займаліся, акрамя бясконцых размоў. Недзе пад той час узнікла і пайшла гуляць па курсе плётка, што ў Вяргейчыка закахалася дзяўчына з ягонае суполкі, пяцікурсніца Мяцельская, якая памяняла за пяць курсаў пяць хлопцаў, і цяпер хоча закружыць Вяргейчыку галаву і выйсці за яго замуж.
Усё, што я ведаў, акрамя гэтай плёткі, дык гэта што Мяцельская была вельмі прыгожая і выдатна ведала беларускую мову — як ніхто ў інстытуце.
Я вярнуўся ад Брусаўца, сеў на стол і не без гідлівасці, якую звычайна нясуць рэчы нябожчыкаў, развязаў матузкі сіняе папкі. Чытаў я хутка. Почырк у Вяргейчыка быў добры. Недзе гадзіны праз дзве я меў уяўленне, што трымаю ў сваіх руках.
Дзённік ён вёў два з паловаю гады. Дзённік яго можна было падзяліць на тры часткі: першая, напісаная на рускай мове, складалася з нейкіх жыццёвых, вайсковых назіранняў і з вершаў па-руску. Другая, пісаная па-беларуску, была скрозь пра нацыянальныя праблемы і канчалася словамі: «Выйшаў «ЛіМ» — цэлая падборка пра мову!!!» Урэшце, трэцяя, самая вялікая па плошчы, была напісана беларускай лацінкай — пра каханне, пра асабістае жыццё. Акрамя дзённіка, у папцы ляжалі чатыры неадпраўленыя лісты: два да стрыечнага брата Валіка (ён прыязджаў да Вяргейчыка ў інтэрнат) і два — Сяргею Антоненку. Сяргей вучыўся на першым курсе разам з Вяргейчыкам, пасля кінуў інстытут і паехаў дамоў, здаецца, у Калінкавічы. Я чуў, што ён нядаўна жаніўся, і ведаў, што Вяргейчык перапісваўся з ім.
Я расклаў на стале лісты, гартаў дзённік і ўсё не мог зразумець, што мяне непакоіць. Я пачаў перачытваць яшчэ раз лацінку, раптам на сярэдзіне спыніўся...
Перада мною ляжаў, можа, адзін з самых праўдзівых твораў — нельга сказаць, мастацкі, хутчэй — хранікальна-дакументальны, але твор. Гісторыя чужога кахання: з завязкай, сюжэтам і кульмінацыяй... Вяргейчык пунктуальна запісваў толькі свае разважанні і пачуцці, апускаючы дэталі і дзеянні, з якіх гэтыя пачуцці вынікалі, але якраз у гэтым мне чамусьці ўбачылася арыгінальнасць формы. Як ні дзіўна, мне было цікавей чытаць гэтыя сухія, часам аднастайныя разважанні, чым іншыя: поўныя яскравых дэталяў апавяданні, у якіх былі «патрэсканыя карыты», «парцалянавыя ракавіны», «свінні з вушамі-лапухамі», «пажарныя капелюшы», «дзяды Яўхімы з вузлаватымі ад працы рукамі», «акварыумы-аўтобусы». Словам, гэта былі трапныя дэталі, з якіх тым не менш вынікалі разважанні настолькі прымітыўныя, што рабілася сорамна за таго, хто пісаў.
Зрэшты, прычына тут яшчэ магла быць як у маім літаратурным дылетанцтве, так і ў тым, што я асабіста ведаў і Вяргейчыка, і Мяцельскую. Мне непатрэбны былі дэталі, каб уявіць наш інтэрнацкі пакой, ноч, прыгожую, халодную, знявераную ў людзях жанчыну, якая стаіць перад люстэркам і прыхарошвае валасы; недзе збоку, на ложку ці на крэсле, прымасціўся і не зводзіць з яе вачэй напаўзвар'яцелы ад сваіх бясконцых думак чалавек, які смаліць адну за адной цыгарэты «Космас» і ўсё гаворыць, гаворыць... Ён бачыць, што надакучыў тут, што красуня думае цяпер пра што хочаш, толькі не пра яго, але яшчэ страшней яму вяртацца да сябе ў пакой, заставацца сам-насам у дзіўных пошуках жаночай логікі.
Я расклаў неадпраўленыя лісты не па датах напісання, а згодна зместу дзённіка — і вось што выйшла:
Ліст першы
Дзень добры, Сяргей!
Вялікі дзякуй табе за ліст.
Я рады, што ты жэнішся, — нехта з вялікіх прыкладна казаў так: «Да жаніцьбы я рос як яблыня-дзічка, а цяпер такое адчуванне, быццам мяне падраўнялі і я расту ў адным правільным напрамку». Я не змагу быць на тваім вяселлі — улетку еду ў будатрад, але абяцанне сваё выконваю. Калі ты помніш, абяцанне гэтае было — расказаць табе, калі ты жэнішся, сапраўдную прычыну мае меланхоліі за апошнія паўгода, і якую ролю ў гэтай маёй хваробе адыграў ты. Я не буду шмат філасофстваваць. Помніш, паўгода назад ты прыязджаў у Мінск і начаваў у Тані? Каб ты толькі ведаў, чым я цяпер заплаціў бы, каб раніцой ты не заходзіў тады да мяне! Можа, калі б я не ведаў падрабязнасцей той ночы, нічога цяпер са мной не было б. Вы — ты і Таня — былі мне як брат з сястрою. Нас яднала адна справа, і бажуся, што мне ў галаву не ўлазіла, як гэта проста робіцца — пагаварыўшы з жанчынаю аб высокіх матэрыях, класціся з ёю ў ложак і рабіць тое, пра што ты тады мне расказваў. Пасля твайго аповяда ў мяне знікла, галоўнае, вера, што на зямлі ёсць нешта святое, бо наша справа была для мяне адзіным, чым я жыў пасля войска.
Чым я жыву цяпер? Гэта страшна, Сяргей. Найперш я пачаў думаць так: калі б я не быў дурны і жыў па прынцыпу «беларушчына беларушчынаю, але не забывайся і смачна пад'есці, і пераспаць з бабаю, як надарыцца момант», калі б я так думаў раней, дык мог быць на тваім месцы. Уяўленне маё запрацавала як ніколі. Уся беларушчына паступова выцяснялася без следу, а галава напаўнялася іншым... Вось я бачу кожны ваш рух, чую кожнае слова... А пасля таго? Як ЯНА ўставала? Як апраналася? Прасіла цябе адварочвацца? Якое было вашае першае слова раніцаю? Раней мне здавалася, што «свядомая беларуская мова сама па сабе ўзвышае, і людзі, якія гавораць на ёй, неяк вышэй і разумней за астатніх. Тады ж, зімою, усё ў мяне перамяшалася, усё святое руйнавалася кожным тваім словам. «Мне не было дзе пераначаваць, — расказваў ты, — я пайшоў да Мяцельскай. Яна была адна, ужо засынала. Я лёг на суседні ложак, ляжаў. Пасля падумаў — а-а, і перайшоў да яе. Яна не супраціўлялася...» (Ліст абрываецца).
Ліст другі
Добры дзень, Валік! Пішу табе на лекцыях, хапаючыся. Дзякуй, што хваліш мой верш, думаю, ён не варты таго.
У маім жыцці адбыліся такіясякія змены — не ведаю, ці можна пра такое некаму пісаць ці казаць, але і варыць усё ў сабе няма ўжо моцы. Запісы для сябе, у які-небудзь дзённік мяне не задавальняюць, доўга ў яго запісваць я не магу. Мне трэба бачыць перад сабою нейкі канкрэтны твар... Пачну здалёк, як я сам усё разумею: з гэтага навучальнага года я свядома перайшоў на беларускую мову, г. зн. пачаў гаварыць на ёй у магазінах, на лекцыях, з людзьмі, пісаць лісты. Зрабіў я гэта таму, каб вучыцца так думаць, бо тады яшчэ звязваў сваю будучыню з літаратурай. Пасля гэтага адбылося вось што: па-першае, на лісты мае адказаў толькі адзін чалавек — гэта ты (калі не лічыць маткі); па-другое, і ў сваім інстытуцкім асяроддзі я зрабіўся, па сутнасці, ізгоем. Хацеў я таго ці не, мне трэба было шукаць такіх, як сам. Нават не шукаць, бо такія людзі неяк самі знаходзіліся. Адзін раз, яшчэ ўвосень, да мяне зайшла адна вельмі прыгожая дзяўчына з нашага інстытута, з апошняга курса, і спытала, ці праўда, што я гавару ўвесь час «на мове»? Так мы пазнаёміліся, пачалі неяк трымацца адно аднаго, і адносіны паміж намі былі, як у даваенных фільмах — нейкія задужа ўжо цнатлівыя і ненатуральныя. Але адзін раз — перад зімовымі вакацыямі — я...
Каб ты лепш мяне зразумеў, апішу, як было. Я тады вярнуўся з вуліцы. На вуліцы — зіма, вечар, вецер. У пакоі цёмна, пуста, тыя ж сцены і адно й тое ж на сценах — усё знаёмае, што мяне раней неяк супакойвала, суцяшала і настройвала на свае вершы, раптам падалося страшэнна змрочным і сумным. Ведаеш, бываюць хвіліны, калі ты поўны энергіі, сіл, але не ве даеш, дзе іх дзець. Адзінота страшэнная, спаць яшчэ рана. І тады я пайшоў да Тані і бажуся, як толькі па стукаў у дзверы, зайшоў, сеў, павітаўся — словам, зрабіў тое ж, што і сотню разоў да гэтага — уся мая трывога некуды знікла. Яна зрабіла гарбаты, чакаючы, пакуль закіпіць, села насупраць за стол і спытала, ці чытаў я нейкі артыкул пра мову. Я пачаў, як заўсёды, казаць, што чытаў, што артыкуламі тут справы не вырашыць — і дзіўная рэч! — я ўпершыню з ёю гаварыў адно, а думаў другое. Я думаў: «Яна адна, у кароткім халаце, за акном — ноч, вецер, яна мяне паважае за мае вершы, ззаду — ложак, яна ўжо збіралася спаць...» Мы былі зусім адны. «Можна, я астануся, Таня?» — сказаў я раптам... (Ліст абрываецца).
Дзённік
6.2.87
Урэшце дабраўся. А колькі ўсяго мог назапісваць за гэты час, каб не лянота! Сесію здаў на пяцёркі, і адна тройка. Адказваў па-беларуску, акрамя гістмату. Вакацыі прайшлі кепска, увесь час не выходзіла з галавы Т., было сумна, нудна, я так і не прывык за шэсць дзён да вясковага жыцця. Перад вакацыямі самае цікавае — вечар у М. Т. Упершыню за паўгода нашага знаёмства захацеў астацца ў яе начаваць, і не на вольным ложку, а з ёю. Яе гэта здзівіла і спалохала. Я сказаў (навошта!): ведаю, што ты спала з Сяргеем — ён сам на другі ж дзень расказаў мне. Тады яна раптам заплакала — горка-горка, і плакала доўга, а я ўсё чакаў. «Дык што, вам хочацца спаць, а на мне свет клінам сышоўся? » — спытала яна праз слёзы.
А я таксама быў страшна здзіўлены, бо, па логіцы, са мною, якога яна паважала больш, як Сяргея, яна павінна была легчы ў ложак з яшчэ большаю ахвотаю. Але ж не скажаш гэта ўслых! Я пакрыўдзіўся і пайшоў, а пасля шкадаваў і сябе, і яе. Ды што пасля — ніколі не забуду, як горка яна плакала.
16.2.87
Прайшло дзесяць дзён — і я гатоў. Не магу ні вучыць, ні спаць, згасаю сам на сваіх вачах. І невядома ад чаго. Закахацца я не мог, але прычына, здаецца, у Тані, бо гэта адзінае, пра што мне цікава думаць і гаварыць. Калі б я тады, перад вакацыямі, пераспаў з ёю — ніякіх пакутаў цяпер не было б. А цяпер справа зайшла дужа далёка. Я адкрыў перад ёю карты, бухнуўшы ў лоб: «Таня, дык можна мне спадзявацца?» — «На што?» — «Каб... гэтак... як Сяргей?» — «Што? Выкінь з галавы, Вяргейчык! Гэтага ніколі, ніколі не будзе», — засмяялася яна. Тады я нечакана сказаў, што кахаю яе, абняў і пацалаваў, і яна сцішылася і была такая радая! Але далей пацалункаў не пайшло.
Але чаму? Дзе я тут раблю памылку? Нехта пісаў, што мужчына часта гаворыць жанчыне больш, чым ёй патрэбна пра яго ведаць: ён сказаў і забыўся, а яна помніць. Не дзіва, што пасля маіх слоў («У мяне, акрамя цябе, нікога няма; ты самая лепшая дзяўчына» і г. д.), яна проста не чакае ад мяне нічога новага, у лепшым выпадку — паўтору. Але й паўтор не дасць ужо нейкага эфекту. Ёй цяпер трэба, мусіць, упэўніцца, ці яшчэ хто (лепшы, прыгажэйшы за мяне) не скажа такіх самых слоў. Сам жа я хачу ўжо нечага боль шага за паўтор і, што кепска, не адкладаючы.
План прыкладна такі: даць ёй зразумець, што я заўсёды ў яе пад рукою; не злаваць самому і не крыўдзіць яе (накшталт: ці ёсць у мяне надзея?); пастарацца знайсці сабе справу, каб не думаць пра гэта ўвесь час — і чакаць.
18.2.87
Учора ўвечары, упершыню за два месяцы, так лёгка і спакойна было на душы. Ішоў мокры снег, я хадзіў на вакзал тэлефанаваць у Гомель і думаў пра тое, як перад гэтым быў у лазні, раздзеты, і доўга глядзеў на сябе ў люстра, у якім адбіваўся з галавы да пят. Я ўсё зразумеў. Мне дваццаць чатыры гады, але фізічна я складзены, як пятнаццацігадовы падлетак. А твар зморшчаны, скура нясвежая — відаць, ад цыгарэт. А як страшэнна я схуднеў за гэты год! Вось дзе трэба шукаць прычыну, што з ЁЮ нічога не выйшла і не выходзіць. Яна не кахае мяне. І як можна кахаць такога?!
Няўжо калі б я быў таўсцейшы на дзесяць кілаграмаў і вышэйшы на дзесяць сантыметраў, яна пакахала б мяне яшчэ паўмесяца назад — у той жа дзень, калі я захацеў гэтага?! Так, можа быць. Чаго ж мне так страшна, калі я ведаю, што фізічна змяніцца не змагу?
І ўвечары страх прайшоў. Я думаў — а якую я сам сабе выбраў будучыню? Літаратурная работа, мінская кватэра, дача, машына — тыповы набор для шчасця тыповага сына вёскі. І ці не ёсць мой страх у тым, што будучыня гэтая можа для мяне не спраўдзіцца?
Але чаму я выбраў сабе такую, а не іншую будучыню? Бо яна такая ва ўсіх — у сэнсе, усе імкнуцца зрабіць сабе такую будучыню. Але раз я не такі, як усе, раз я проста фізічна горшы за астатніх, дык я магу раўняцца на іх?