Аповесць
Падрыхтаванае на падставе: Васіль Быкаў, Сцюжа. Аповесць, — Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. — 176 с..
Рэдактар: Барадулін Рыгор
© Камунікат.org, 2012
Маёр Жалудоў
Пратызан Пацюпа А. Г.
Чырвонаармеец Крывашэін К. С.
Партызан Галадуха С.
Партызан Старук С. Я.
Партызан Азевіч Я. І.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
ВЕЧНАЯ СЛАВА ГЕРОЯМ!
Гарадзілаў памёр на світанні — ціха, неўпрыкмет сканаў у сцюдзёным, прадзьмутым ветрам буданчыку. Азевіч, які сам задрамаў на сконе начы, нават не заўважыў таго, хоць і адчуваў звечара, што пракурору ўжо не падняцца. Тры апошнія дні той не ўставаў на ногі, палаў у гарачцы, сіпата, дробненька дыхаў і — што асабліва ўразіла Азевіча — перастаў пазнаваць яго. Гэтую ноч звечара незразумела, дзікавата трызніў, вёрз немаведама што пра нейкага (ці нейкую) Кузю, тузаўся, скрыгаў зубамі, увесь час сцягваючы з сябе шынелак, якім яны накрываліся разам. Азевіч стаміўся за ноч рупіцца каля хворага, бясконца атуляць адзежынай яго гарачае цела. I толькі на золаку неяк знерухомеў у цішыні, заснуў, аж покуль не прахапіўся ад падазрона страхавітага спакою, што запанаваў у будане. Гарадзілаў ляжаў нерухома і ўжо быў сцюдзёны — гарачыня без рэшты сышла з яго цела, грудзі пад ватоўкай не паднімаліся. Азевіч прыклаў да іх вуха і не пачуў нічога. Мусіць, усё ўжо скончылася.
На дзіва сабе ён не адчуў ні асаблівага страху, ні нават жалю — нейкае цьмянае прадчуванне перамены (невядома, да лепшага ці да горшага) паволі ўлівалася ў яго. Хоць ён і не ведаў яшчэ, чым тое абернецца, што ён зробіць цяпер, застаўшыся зусім адзін. Сцяўшыся пад шынелкам на ўлежанай хвойнай падсцілцы, ён спрабаваў трохі сагрэцца ў спакоі, звыкла ўслухоўваючыся ў абрыдлы за непрытульную восень лесавы шум. Галоўнае — цяпер ён застаўся сам-насам, мог рабіць, як захоча, кіравацца толькі сваім намерам, уласнай патрэбай, без чыёй-небудзь прынукі. Да таго, з Гарадзілавым, было трохі інакш, усё ж той быў ягоным начальствам — пракурор раёна і камісар групы, зноў жа старэйшы па гадах, на ўсё меў сваю думку і не надта любіў лічыцца з думкаю іншых. Можа, і сканаў праз гэты свой непадаткі характар — прастудзіўшыся на Макрынскім балоце, падхапіў гарачку. Мусіць, трэба было б падацца куды да жытла, цяпла і людзей, бо якое ж здароўе на сцюжы, у гэтым во тошчым буданчыку? Азевіч і казаў яму: пойдзем куды, прэч з гэтага змрочнага лесавога грудка, які даў ім прытулак у самы жахлівы восеньскі месяц — пяты месяц вайны. Ды Гарадзілаў заўпарціўся: не і не. Ну і, вядома, дачакаўся горшага. Цяпер яму ўжо не спатрэбяцца ні цяпло, ні засцярога — патрэбна адна маці-зямля, на якой ён неспакойна пражыў без малога пяць дзесяткаў гадоў.
Азевіч вылаяўся — ад прыкрасці, злосці — і пачаў уставаць; адзін побач з засцюдзянелым нябожчыкам, зусім скалеў пад воглым шынелкам, аж стукалі неўпрыцям зубы ад дрыжакі. У змрочнай нары-будане трохі зашарэў ранак — на ўваходзе сталі відаць нізка абвіслыя лапкі хвояў, шэрыя сукаватыя камлі тоўстых елак насупраць. Штось там, аднак, мільганула — раз і другі, Азевіч з трывогай угледзеўся, адразу прагнаўшы сон, і апанурана пачаў надзяваць у рукавы шынелак — між хвояў рэдка мільгалі белыя мухі — то пайшоў снег. Значыць, даседзеліся, падумаў Азевіч, да белых мух, што будзе далей? Але што будзе далей, ведама і малому — пасля зазімку будзе зіма, сцюжа і мароз, сляды на снезе. А што рабіць яму? Аднаму на гэтым яловым грудку?
На кукішках ён выбраўся з будана, ледзьве асільваючы дакучную дрыжаку ў целе, агледзеў лясное наваколле. Між яловага вецця ўгары лёталі-мільгалі сняжынкі, няроўна запарушваючы іглісты, з апалымі шышкамі дол, скрозь перавіты жылістымі каранямі елак. Трава тут бадай не расла, месца ўвогуле было схоўнае — хвойны гушчар — і сухое; мабыць, якую ямку-магілу ён тут і выкапае. Праўда, у яго не было рыдлёўкі, затое ў нябожчыка быў штых — тупы нямецкі цясак, якім яны секлі на будан хвойнік і рэзалі палкі. Цяпер, узяўшы гэты цясак, Азевіч крыху прайшоў па грудку між таўшчэзнага ельніку, паазіраўся, памеркаваў і, трудна, злосна ўздыхнуўшы, пачаў калупаць дол.
Калупаў ён нетаропка, доўга, памалу грэючыся пасля неспакойнай халоднай начы,— сек цесаком карані, выграбаў рукамі зямлю. Добра, зямля была не цвёрдая — пад пластом лесавога перагною ляжаў рыхлы пясок, у які без натугі лез яго штых. Сняжынкі патроху сыпаліся між елак, але вялікі снег яшчэ не ішоў, а тыя, што ападалі долу, патроху таялі на свежай зямлі — марозу яшчэ не было. Як толькі берагі той вузкаватай ямкі дайшлі да каленяў, падумаў, што, мабыць, хопіць. Пакуль што нябожчык перабудзе і ў такім прытулку, а там будзе відаць. Калі надарыцца магчымасць і ён, Азевіч, будзе жывы, дык, можа, куды перахаваюць. А калі не, дык што ж.. I так добра, што ёсць каму закапаць. Яшчэ невядома, ці будзе каму закапаць яго самога...
Вярнуўшыся ў будан, Азевіч укленчыў каля нябожчыка, трохі памарудзіў Мусіць, трэба было зняць ватоўку, нашто закопваць у зямлю? Але куды яму з ватоўкай? Надзенеш ватоўку, тады трэба скідаць шынель, а шынель ён скідаць не хацеў Перамагаючы пэўную няёмкасць, усунуў руку за пазуху пракурору, выцяг адтуль тошчы пацёрты кашалёк, мабыць, з дакументамі, не разгортваючы запіхаў сабе ў кішэню. Палапаў іншыя кішэні ў нябожчыкавым пінжаку — выняў з адной жменю патронаў да нагана, мяккі скураны партабак з рэштаю самасаду, якім яны на днях разжыліся ў дзядзькі на лесавой дарозе. У другой кішэні ён знайшоў брудную насоўку і блакнот з нейкімі напаўсцёртымі запісамі,— усё паклаў сабе за пазуху Апроч таго, пад галавой у Гарадзілава муляла кірзавая сумка з паперамі, побач ляжала вінтоўка і наган у абдзёртай па баках скураной кабуры, і Азевіч падумаў, што, мабыць, усяго грузу будзе для яго залішне. Дзве вінтоўкі яму не трэба, а наган ён, канешне, возьме, наган яму ўжо спатрэбіцца. Як спатрэбіўся Гарадзілаву пасля іх камандзіра — начальніка райаддзела міліцыі Віткоўскага, забітага ля моста на шашы. Тады пад нямецкім агнём толькі і паспелі што зняць гэты наган ды сумку, самога ж Віткоўскага нават не вынеслі з канавы, дзе яго і падабралі немцы. Але, мабыць, Віткоўскаму тады было ўжо ўсё роўна.
Не знімаючы з нябожчыка ватоўкі, Азевіч вывалак яго з будана, пад пахі давалок да ямы. Перад тым як апусціць у зямлю, трохі аддыхаўся, паазіраўся. Сняжынкі ўсё раздумна лёталі між галля ў лесавым зацішку, асядалі долу. Бралася на макрэдзь, з начы зяблі яго заўжды мокрыя ногі, боты зусім раскіслі ў балотна-лесавой твані, прэлыя анучы бадай ніколі не прасыхалі. Але і ў Гарадзілава боты былі не лепшыя, падэшва на правым зусім адстала і ледзьве трымалася на пары цвіках у наску. Мусіць, трэба было як развітацца, думаў Азевіч, але ён не ведаў як і марудзіў. Аброслы сіваватаю шчэццю шырокі твар нябожчыка быў на дзіва спакойны, падкрэслена абыякавы да ўсяго, што так непакоіла яго пры жыцці і асабліва ў гэтую жахлівую восень. Але, мабыць, ужо ўсе ягоныя клопаты ззаду, не трэба будзе перажываць за няўдачы з атрадам, за няшчасці, пагібель адных і здраду другіх, недарэчную тую прастуду на балоце, што гэтак неспадзеўкі згубіла ўвогуле здаровага і дужага чалавека. Мабыць, Азевіч быў не дужэйшы за пракурора, але маладзейшы і неяк убярогся, хоць яны тады абое дужа вымаклі ў балоце, пакуль выбраліся на гэты грудок. А Гарадзілаў на другі дзень ужо не падняўся. I цяпер вось — магіла. Памерці ў часе вайны ад хваробы — невялікую, аднак, раскошу нарыхтаваў чалавеку ягоны ваенны лёс.
Стараючыся як мага ашчадней, каб неасцярожным рухам не абразіць нябожчыка, Азевіч апусціў яго нагамі ў яму, затым, прытрымліваючы за руку, паклаў у дно даволі грувасткае цела. Ну во і ўсё. Засталося заграбці зямлёй, можа, зараўняць магілку, каб не пакідаць знаку. А можа, і не: зрабіць надмагільны горбік. Хай будзе відаць, каб не згубілася.
У будане ён ужо заставацца не мог, хоць там было зацішней і больш схоўна, карцела хутчэй пайсці — далей ад гэтага праклятага месца. Ён выцяг з-пад лапніку пракурораву сумку, сваю торбу на почапках, узяў абедзве вінтоўкі. Тут жа валялася шапка нябожчыка — руды, падобны на вайсковы, картуз з самаробным тэкстыльным казырком, і Азевіч насунуў яго сабе на галаву. Сваю картовую кепку, размахнуўшыся, шпулянуў між елак. Трохі падумаўшы, гарадзілаўскую вінтоўку павесіў на елку прыкладам угору — хай вісіць, можа, каму спатрэбіцца. А сам перакінуў цераз плячо рэмень ад міліцэйскага нагана, сумкі, падхапіў сваю вінтоўку. Трэба было ісці.
Вось толькі куды?
Пра тое, куды ісці, яны нямала перагаварылі з таго часу, як асталіся ўдвух, гаварылі яшчэ ў Страшыцкім лесе, па якім іх двойчы ганяла нямецкая жандармерыя. I тады ім здалося, што найлепш зашыцца ў самы непраходны лясны куток, дзе іх ніхто не спаткае і не выдасць. Спярша так і было — іх ніхто не спаткаў, вёскі ўсе засталіся ў старане, за балотам, і яны дзён колькі, не баючыся, палілі ў гушчары вогнішчы, грэліся, сушылі анучы і апратку. Але, на бяду, скончыўся харч, з'елі ўсю бульбу, з хлеба застаўся ўсяго счарсцвелы акрайчык, які яны падзялілі спярша на чатыры часткі, а затым апошнюю яшчэ на тры. Учора Азевіч даеў апошні ўсохлы кавалак, памерам з папяросны пачак. Болей харчу ў іх не было. А голад, як назло, дацінаў усё болей. Натузаўшыся з гэтым пахаваннем, Азевіч да болю адчуваў, як смокча пад грудзьмі, у жываце. Ну але, мабыць, пакуль што прыйдзецца трываць,— суцяшаў ён сябе, да вёскі трэба яшчэ дайсці. На гэты раз ён не палезе ў балота, у балоце цяпер пагібель. Ён скіруе ў іншы бок, можа, больш небяспечны, але што ўжо яму небяспека? Бліжэйшыя вёскі павінны быць на паўдзень ад грудка, Гарадзілаў яшчэ называў якія, але тады яны не мелі пэўных намераў, і Азевіч не запомніў іх. Ведаў толькі, што дзесь недалёка павінны быць Манякі, у якіх жыло некалькі знаёмых калгаснікаў, мабыць, трэба да іх і ісці.
I ён нетаропка пайшоў паміж елак з грудка, беручы ў бок ад балота. Рэдкія сняжынкі адразу закамандаваў змяніць стаянку. Пахапаўшы сваё майно, яны хуценька пакінулі ўсё ляталі-сыпаліся з хмарнага неба, але да зямлі быццам не даляталі, раставалі ў паветры. У ельніку было зацішна, толькі дзесь угары ад ветру гайдаліся стромкія яловыя верхавіны, і па лесе шырока расплываўся цягучы несціханы пошум. Дол быў чысты, без хмызу і сучча, месцамі густа абсыпаны яловымі шышкамі, з калючым кустоўем ядлоўцу; скрозь нікла да зямлі счахлае каліўе папараці. Праз якую гадзіну Азевіч далёка ўжо адышоўся ад грудка, лес патроху пачаў мяняцца, ельнік паволі саступаў месца бярэзніку, ужо голаму і непрытульнаму, без лісця, якое цяпер спласталася ў доле і шархацела пад нагамі. Часцей сталі трапляцца зараснікі з хворастам у доле, яны заміналі ісці, і Азевіч думаў, што няблага б узбіцца на якую сцяжыну, іначай ён і да вечара не выберацца з гэтага лесу. I праўда, неўзабаве яму трапілася зарослая паніклай травой, даўно не езджаная лесавая дарожка. Вось толькі пралегла яна якраз упоперак яго кірунку, і ён, выйшаўшы на яе з гушчару, не адразу сцяміў, у які бок падацца. Чамусьці, аднак, скіраваў управа, здалося, у той старане радзей стаяў беразняк, можа, там было поле. А дзе поле, там пэўна будуць і людзі. Па дарожцы ісці стала спарней, ён угрэўся, сагрэліся ногі ў ботах, і ён раптам са здзіўленнем падумаў, як гэта дзіка і неспадзеўна ён апынуўся адзін. I ў такім становішчы. Ніколі ён не прадбачыў такога — заўжды ў ягоным жыцці былі поруч людзі — добрыя і благія, начальства і падначаленыя, просты тутэйшы люд. А тут во, нібы воўк, у голым восеньскім лесе — галодны, прастуджаны, без пэўнае мэты і аніякай падтрымкі. Дажыліся, называецца, ліха яго матары, злосна думаў ён, успомніўшы Віткоўскага ды і Гарадзілава таксама. Хоць што ўжо было наракаць на нябожчыкаў? Але і як было не наракаць? Найперш хоць бы за таго начпрода Углова, якога нейкі безгаловы дурань залічыў у іх атрад. Наўрад ці тое абышлося без начальніка райаддзела ўнутраных спраў Віткоўскага ці без пракурора Гарадзілава? Хоць тады іх можна было і зразумець: каму, як не старшыні райпо, даручыць харчовую справу. У таго ж былі ўсе прадукты, транспарт, ды і Страшыцкі лес ён ведаў няблага, сам некалі жыў побач у вёсцы Лясной. Непагоднаю ноччу цішком нагрузілі на складзе райпо дзве палутаркі мукой, крупой і бульбай, прыхапілі некалькі скрынак цукру, кансерваў і нават махоркі, адвезлі ў самы глухі канец таго лесу, дзе абсталявалі ў яме лясны прадуктовы схоў. Замаскіравалі так, што за пяць крокаў не заўважыш нічога, нават пасадзілі зверху пару маладых ялінак. Здавалася, ніхто ніадкуль не бачыў, на імшаніку не засталося ні следу, ні каляіны, так усё зараўнялі, схавалі. У верасні ні разу не дакрануліся да таго запасу, абыходзіліся тым, што было пад рукой, болей карміліся з уласных тарбін,— асноўны запас ашчаджалі на пасля, на зіму, калі прыціснуць халады, знікнуць пад снегам лесавыя сцежкі. Думалі з тым харчам пераседзець зіму. Ды во дачакаліся. Калі ў пачатку лістапада яны ўпершыню зрабілі засаду пад пушчай і пра іх дазналіся ў мястэчку, у Страшыцкім лесе стала куды як трывожна, два разы на іх наляталі немцы з паліцыяй, яны па-дурному страцілі двух забітымі, а трох параненых схавалі на хутарах за дальнім балотам. На фронце рабілася чорт ведае што, нават невядома, дзе быў той фронт, напэўна, ужо пад Масквой. I тады неяк ноччу з атраднай стаянкі знік гэты самы Углоў — увечары быў, а ранкам прапаў, і ніхто не ведаў куды. Добра яшчэ, Віткоўскі будан, радуючыся, што паспелі ўцячы ад немцаў, якія гадзіны праз чатыры і праўда ўжо паролі там сваімі шырокімі штыхамі. Але каб толькі паролі ў буданах — горш, яны апаролі ўрэшце іхнюю схованку, хоць была яна праз два кіламетры ад лагера. Пасля аказалася: гэты Углоў перабег да паліцыі і ўсё выдаў. Так яны засталіся на зіму без солі і без курава, без хлеба і жмені мукі.
Мабыць, апоўдні Азевіч выбраўся з лесу на вузкі і доўгі лугавы прасцяг з крывулястай рачулкай пасярэдзіне. Тут дарожка скіроўвала ўлева краем лугавіны, і ён, паазіраўшыся, таксама пайшоў налева. Снег тым часам ужо перастаў лётаць у паветры, з нізкага неба трошкі нібы церушыла слатой, але вецер быў ціхі, дзьмуў ззаду, ісці ён не дужа замінаў. Праўда, Азевіч ужо прытаміўся, хацелася есці, у намоклых ботах ацежалелі ногі, і як ён згледзеў наперадзе на ўскрайку лугавіны стажок, дык і павярнуў да яго. Відаць было, стажком ужо пакарыстаўся хтосьці, аднізу ўбаку цямнелася неглыбокая выскубіна, у якую Азевіч і ўваліўся спіной, выцягшы долу стомленыя ногі. На хадзе ўвесь час замінала палявая сумка Гарадзілава, ён перакруціў яе ззаду наперад, каб ямчэй было сядзець, і падумаў: чаго гэта туды напіхаў нябожчык? У цяжкай сумцы, аднак, былі спрэс паперы: нейкія палітычныя брашуры з даўжэзнымі назвамі на сініх вокладках, пацёртыя вучнёўскія сшыткі з планамі палітычных мерапрыемстваў, гутарак, напісаная хімічным алоўкам прамова да кастрычніцкай гадавіны, яшчэ нейкія паперы з зацёртымі запісамі. Вядома, Гарадзілаў быў трохі фармаліст, і Азевіч ажно падзівіўся, што ўсё гэта той месяцамі насіў на сабе ў сумцы. Ці не лепш было спаліць паперы, бо сэнсу ў іх было ўрэшце не шмат, падумаў Азевіч. Групы няма, усё рассыпалася, пагінула, разбрылося. Ён, Азевіч, застаўся ці не апошні з іх дваццаці двух раённых работнікаў, якія тры месяцы таму на золаку ціха выбраліся з мястэчка, каб распачаць народную вайну супроць захопнікаў. Распачаць дык распачалі, але во як скончылі. Даўжэй за ўсіх трымаліся яны з Гарадзілавым, які, канешне ж, адчуваў сваю адказнасць за групу як камісар, асабліва пасля гібелі Віткоўскага, ды нешта ў яго не заладзілася з людзьмі, тыя яго не надта каб слухалі. Мабыць, групе болей стасавала маўклівая зацятасць камандзіра Віткоўскага, які за ўвесь дзень, бывала, не вымавіць трох фраз, болей дацінаў каго позіркам ці часам кароткім злым мацюгом, і на дзіва яго разумелі. Гарадзілаў жа стараўся ўсё растлумачыць, давесці да свядомасці — ці чыю правінку, ці агульны іх абавязак перад радзімай, ці кожнаму ягоную задачу ў іх агульным заданні. Ужо бывае ўсё ўсім зразумела, а Гарадзілаў усё тупае перад іх кароценькім строем і тлумачыць, тлумачыць. Скончыць, запытаецца: "Усім ясна?" Усім усё зразумела, а ён зноў пачне новы круг тлумачэнняў. Віткоўскі ў такіх выпадках стаіць побач нязрушна і моўчкі, толькі сочыць, каб ніхто не парушыў строй і ўсе ўважліва слухалі камісара. Гэты болей любіў вайсковыя каманды, найбольш папулярнымі з якіх былі ў яго "Падцягнісь", "Разгаворчыкі" ды "Шырэй шаг!". Сам хадзіў роўна і лёгка, падаткнуўшы пад дзягу полы шыняля і пагардліва пазіраючы на камісара, які валюхаста клыпаў побач ці ў канцы калоны, ссунуўшы са спатнелага лба свой пакамечаны картуз.
Мякка і зручна ўмясціўшыся ў сене, Азевіч раздумна перабіраў камісараву сумку, на сподзе якой знайшоў маленькі пахучы абмылак з загорнутым у паперку памазком ад брытвы — і зноў склаў усё ў сумку. Канешне, камісаравы дакументы трэба было б зберагчы, калі іх збярог Гарадзілаў, — несці з сабой ці лепш закапаць дзе ў здатнай мясціне. Тошчы пацёрты камісараў кашалёк з трыма савецкімі чырвонцамі ён запіхаў у цесную кішэнь свайго фрэнча, які насіў да вайны і цяпер, у вайну, таксама. Фрэнч быў зручны, з кішэнямі на грудзях, зашпільваўся да падбароддзя. Амаль з такога ж матэрыялу цяпер быў і картуз на яго галаве — чым не вайсковец?
Але, мабыць, ужо не вайсковец і не партызан нават — здаецца, пакуль што з партызанкай не выйшла нічога. Мабыць, трэба дзесь пераседзець, перахавацца, звязацца з вышэйшым кіраўніцтвам, далажыць, як і што адбылося ў іх з такім драматычным зыходам. I хто вінаваты? Але каго ўжо вінаваціць, калі абодвух начальнікаў няма ў жыцці, а людзі?.. Людзі на дзіва аказаліся розныя. I хто б падумаў! Як збіралі групу, тады ўсе здаваліся такія патрыёты, бальшавікі, свае, знаёмыя, без аніякіх сумненняў гатовыя на ўсё — на жыццё і на смерць, дзеля перамогі. Але во як прыпёрла бяда ля Макрынскага балота, калі іх акружылі нямецкія жандары і яны нейкім цудам усё ж прарваліся — братоў Фесякоў не засталося і следу. Таксама харошыя былі хлопцы, маладыя і здаровыя, да вайны рабілі ў леспрамгасе, старэйшы — нават майстрам участка, добра ведалі тутэйшыя лясы,— мусіць, тым і пакарысталіся ў здатны для сябе час. Не далічыўшыся іх, як вырваліся з акружэння, камандзір паслаў двух партызан шукаць братоў, думалі, мо дзе адсталі параненыя. Праз суткі вярнуўся адзін Клыпаў, другі ж, малады камсамолец Лёня Полазаў, быў забіты ў засадзе. А праз тыдзень дачуліся, што гэтыя Фесякі ўжо дома, у мястэчку, выбіраюць з жонкамі бульбу на агародах і ніхто іх не чапае — мабыць, ужо павініліся ў паліцыі. Пачуўшы тое, Віткоўскі толькі скрыгануў зубамі, а Гарадзілаў сказаў, што нядоўга паядуць яны тае бульбачкі. Аж во мінуў месяц, не стала ні Віткоўскага, ні камісара, а Фесякі ўсё ядуць сваю бульбачку ў мястэчку — і вараную і смажаную, у мундзірах і ў клёцках. Пякуць дранікі з салам...
Лугавіна побач ляжала па-восеньску шэрая і пустая, дарожка на ўзлеску здалася Азевічу болей уезджанай, чым у лесе, і ён падумаў, што дзесь недалёка павінна быць вёска. Усё ж гэты лесавы закутак належаў суседняму раёну, які ён ведаў не надта, — не тое што свае раённыя мясціны, выезджаныя і выхаджаныя ім і ўдоўж і ўпоперак. I тады, як рабіў у выканкоме, і пазней, як стаў працаваць у райкоме партыі. Але ад свайго раёна адсюль, мабыць, яшчэ кіламетраў з дзесяць — там бы ён арыентаваўся болей упэўнена. А тут, выйшаўшы з лесу, неяк пачаў асцерагацца — не хацелася асабліва трапляць камусьці на вочы. Розныя ўсё ж людзі вакол, асабліва цяпер, у вайну. Хто паможа, а хто і прадасць — са страху ці каб выслужыцца, паддобрыцца да немцаў. Тут ужо як выпадзе. Вунь іхняму Клімянкову выпала і зусім кепска — пайшоў на сувязь са сваім чалавекам у Чарнаручча, дарогай нідзе ніхто яго не спыніў, сустрэліся, пагаварылі, а той і запрасіў пераначаваць. Якраз ішоў дождж, Клімянкоў добра прамок і пагадзіўся спачыць да золаку. Моцна заснуў з дарогі і, мусіць, бачыў харошыя сны, бо нават і тады, як паліцаі пыралі яго вінтоўкай у бок, яшчэ ўсміхаўся ў сне і махаў рукой — адмахваўся ад тае вінтоўкі. Узялі Клімянкова і расстралялі праз тыдзень. Цяпер невядома, дзе яго і магілка. Таму, мабыць, лепш трохі счакаць, пераседзець дзень у стажку, а як пацямнее, рушыць тою дарожкай. Вёска, мабыць, тут, недалёка.
I Азевіч расслаблена знерухомеў, стараючыся, аднак, не заснуць. Зноў пачалі зябнуць ногі; плячам жа ў сене было ўвогуле добра — мякка і зацішна, хоць з-за стажка трохі пачаў задзімаць вецер — мусіць, на змену надвор'я. Хоць бы не паваліў снег, падумаў Азевіч, не засыпаў чорную сцежку. Мусіць, да снегу неяк трэба паспець дзе прытуліцца, а там будзе відаць. Вось толькі куды прытуліцца? Дзіўна, чым абярнулася тое іх партызанства. Тады, у самым пачатку, яны стараліся зашыцца куды глыбей у лясныя нетры, далей ад вёсак, людзей, стаіцца за балотамі, каб ніхто не ведаў, дзе яны і адкуль удараць па немцах. Тады кожны, хто паяўляўся паблізу ад іхняй стаянкі, выклікаў падазрэнне, думалі: шпіён, падасланы немцамі або паліцыяй. Неяк на пачатку восені ў Страшыцкім лесе хлопцы злавілі дзядзьку з аброццю: казаў, шукае кабылу. Дзядзька быў з не дужа блізкае вёскі (блізка вёсак там не было наогул), адышоўся з дому, можа, кіламетраў з пяць, тое выклікала падазрэнне — ці не шукае ён іх заместа кабылы? Няпроста было зразумець, як яно было папраўдзе, але дзядзька набрыў на іхнюю стаянку, бачыў іх буданы і нават пазнаў некаторых з іхніх людзей,— як было адпушчаць такога? Не адпусцілі, пасадзілі ў будан пад варту і пачалі раіцца, што рабіць. Яно, можа, і праўду кажа — хадзіў, хадзіў і заблудзіў у лесе, забрыў далекавата, трапіў на іх незнарок. А можа, і не. Можа, трапіў знарок, па заданню немцаў і цяпер выдасць стаянку і групу. Ды як праверыш? Нават калі пайсці ў Шалудзякі, што там можна ўведаць? Камісар Гарадзілаў мяркуе і так і сяк, хлопцы ламаюць галаву, а камандзір Віткоўскі кажа: "Усё ясна. Гарэйка, спалняйце!" Гарэйку не трэба было загадваць двойчы, той разумеў камандзіра з першага слова, устаў і спакойна — да таго будана. Яны ўсе засталіся кружком, дзе сядзелі, маўчалі, утаропіўшы долу позіркі, слухалі. Чакалі, аднак, нядоўга, праз колькі хвілін ля балота нягучна трэснулі два рэвальверныя стрэлы, і неўзабаве паявіўся Гарэйка. Прыйшоў і моўчкі сеў на сваё ранейшае месца. "Усё, цяпер снедаць'" — сказаў Віткоўскі і ўстаў. Усталі і яны. I пайшлі снедаць, унікаючы, аднак, пазіраць адзін аднаму ў вочы. Тое, што адбылося, дало палёгку, іхняя стаянка засталася нерассакрэчанай, пакуль што можна было чуцца спакойна. Але спакою чамусь не было. Штосьці сталася, абляглося на душу, хоць кожны і стараўся прыдушыць тое пачуццё, не даць яму дужа разрасціся.
Тады ім ніхто патрэбны не быў, яны спадзяваліся на саміх сябе: група мела сілу, у іх быў спрыт, здароўе, даволі харчоў, зброя і боезапас. Яны маглі даць бой і нават перамагчы, бо ўжо збольшага навучыліся рабіць засады, нападаць знянацку. Цяпер жа Азевіч застаўся адзін, нібыта ўжо не партызан, а згаладнелы няўдака-чалавек, і яму патрэбны былі людзі, харч, жытло. Без таго, адчуваў ён, нядоўга стрывае. На носе зіма. Зімою ж аднаму ў лесе — пагібель.
Ён выбраўся са свайго лаўжа, хоць яшчэ было віднавата, яшчэ толькі пачало змяркацца. Цяпер ягоная пара — ноч. Ну і, можа, яшчэ восеньскі вечар. Уздзеў на плячо вінтоўку, на другое плячо ўскінуў свой старэнькі, аблезлы рукзак, з якім пайшоў у той ранак з мястэчка, сабраўшы што-нішто з неабходных рэчаў: пару запасных ануч, бялізну, брытву, кніжку "Гісторыя ВКП(б), кароткі курс", па якой ён як агітатар праводзіў заняткі ў групе. Тошчы гэты рукзак не шмат важыў і не замінаў у шляху Цяпер болей замінала тоўстая гарадзілаўская сумка, і ён раз-пораз адкідваў яе за сцягно. Патроху, аднак, цямнела, кустоўе і лес за лужком браліся змрокам, дальні падлесны канец лугавіны і зусім прапаў у туманістай навалачы. Азірнуўшыся, Азевіч спорна пайшоў дарожкай і думаў, што, мабыць, з такой яго экіпіроўкай толькі і хадзіць паначы. Удзень нельга. Удзень хто не ўбачыць, нават здаля, адразу здагадаецца, што за прахожы. Добра яшчэ, калі адно — здагадаецца. А калі пакліча паліцыю? Што ж тады яму — распачынаць перастрэлку і гінуць па-дурному? Не, па-дурному гінуць ён не хацеў. Хіба калі ўжо нявыкрутка, тады што ж... Не ён першы, не ён апошні.
Дзень сапраўды быў зусім кароценькі — ва ўсіх адносінах сумны восеньскі дзянёк, вечар наступаў на ранак. Хутка зусім сцямнелася, і вакол нічога не стала відаць. Узлесак побач адсунуўся кудысьці ўбок, дарога вывела яго ў поле, на якім усё мацнеў напор даволі сцюдзёнага ветру. Часцей стала трапляцца гразь, неглыбокія лужыны пад нагамі, Азевіч ужо разы два ўлез у нейкую твань на ўзбочыне, прамачыў ногі. Увесь час ён пільна ўзіраўся ў цемрыва ночы і неўзабаве згледзеў, як наперадзе зачарнелася штось доўгае і грувасткае. Здаецца, то былі будынкі, два ніжэйшыя ля самай дарогі і штосьці высокае далей. Паркан, які ён намацаў, урэшце прывёў яго да варотцаў у падворак, праз акенца хаты за гародчыкам хліпка ліпеў чырвоны агеньчык. Часам ён знікаў у ценю — мабыць, там хтосьці варушыўся каля газнічкі. I ён наважыўся. Мабыць, гэта быў першы двор на ўскрайку ад лесу, ён таіў пэўную небяспеку. Але іншых Азевіч шукаць пабаяўся і, увайшоўшы на падворак, ціхенька прыхінуў за сабой варотцы.
— Хто там?
Усё ж хтосьці яго ўчуў у цемрадзі — стрымліваючы хваляванне, Азевіч ступіў са два крокі і гэтак жа ціха адказаў:
— Свае. Можна да вас? На хвіліну...
У адказ было няпэўнае маўчанне, але ён ужо згледзеў невыразную постаць з чымсьці грувасткім у руках, мабыць, то быў гаспадар ля ганка. Азевіч падышоў бліжэй, праз цемрыва адчуваючы на сабе насцярожана-страхавітую ўвагу чалавека, які, аказваецца, трымаў на руках абярэма дроў, чакаў яго.
— Можа, зойдзем, а то...
Чалавек павярнуўся і, угнуўшы галаву, моўчкі пераступіў парог, Азевіч падаўся следам і, мінуўшы сенцы, апынуўся ў хаце з нізкаю змрочнай столлю на тоўстых бэльках. Ля парога на століку гарэла газнічка, і насупраць цьмяна свіцілася беленым бокам вялізная печ. Некалькі посных твараў з паўзмроку спалохана ўтаропіліся ў яго. Гаспадар грукнуў перад печчу дрывяным абярэмам і выпрастаўся.
— Мне пераначаваць каб... — нерашуча вымавіў Азевіч.
У хаце ўсе знерухомелі ў напружанай увазе, ён разы два пераступіў па цёмнай падлозе, перастаўляючы ля нагі знятую з пляча вінтоўку. I тады маладзіца з касой на спіне, што стаяла бліжэй за іншых, падхапіла з цемры нейкую адзежыну, даючы яму месца на лаўцы:
— Ідзіце, сядайце во.
Ён падзякаваў у думках і ступіў да лаўкі, зняў з сябе сумку, скінуў з плячэй лямкі рукзака. Насупраць, перад газнічкай і каля печы, стаялі цёмныя постаці, але ён ужо паспеў зразумець, што, мабыць, гэта сямейнікі — тая маладзіца і старая згорбленая бабуля ў хустцы і яшчэ жанчына, мабыць, жонка гаспадара, апранутая ў нязграбную тоўстую ватоўку. Наводдаль у запеччы, хваравіта вохкаючы, варушыўся згорблены сівы дзядок, які доўга прыладжваўся там, каб ямчэй сесці, і першы азваўся да яго:
— Прахожы ці тутэйшы будзеце?
— Прахожы,— сказаў Азевіч. — Акружэнец.