— Гэтак? Цяперака яны ідуць — акружэнцы,— з гаркотаю ў голасе сказаў дзед. — Ад самага лета ідуць.А родам жа адкуль? Ці здалёку будзеце?
— Не. Суседні раён.
— Ну, то блізка,— сказаў дзед. — Калі суседні раён, дык блізка... А то на Пакроў былі ў нас двое, дык аж з Расеі родам. Ідуць, ідуць людзі. Што робіцца...
Азевіч тым часам азіраў з лаўкі змрочную хату, яе жыхароў; тое, што з ім ахвотна загаварыў дзед, абнадзейвала. Але яго трохі азадачваў маладзейшы, плячысты, гадоў сарака мужчына з кароткімі вусікамі пад шырокім носам, які таксама надта ўважліва разглядваў яго і маўчаў. Ці не хоча ён пазнаць яго, падумаў Азевіч. Можа, дзе бачыў у тыя гады? Праўда, пакуль той не сказаў ані слова, паўзіраўся, зняў кажушок і пачаў мыць рукі над цэбрам. Хата была вялікая, шафай і посцілкай разгароджаная на дзве няроўныя палавіны. Стары застаўся на ранейшым месцы ля печы, а жанчыны памалу затупалі сюды-туды па сваіх хатніх справах — нешта прыбіралі, прыносілі-выносілі, корпаліся пры печы. Распрануцца яму не прапаноўвалі, але пакуль што і не адмаўлялі ў ягонай просьбе, і ён падумаў, што, мабыць, пераначуе. А калі пераначуе, дык, пэўна, і штосьці з'есць — не можа ж таго быць, каб спаць паклалі не еўшы.
— Вот забрыў паначы, а не ведаю, як і дзярэўня ваша называецца, — сказаў Азевіч, болей каб не маўчаць.
— А мы на хутарах, — сказаў дзед. — Хутары нашы Аўдзееўскімі называюцца. Яшчэ за царом як выдзеліліся з той вунь вёскі Карачуны, так і асталіся...
— Карачуны? Чуў, здаецца, — сказаў Азевіч. — Гэта каля возера?
— Во яно, відаць у вакно, — кіўнуў галавой стары, хоць у акне ўжо не было нічога, апроч непрагляднай восеньскай цемры.
На нейкі час яго пакінулі без увагі. Маладзіца нешта спыталася пра карову, мужчына коратка зазначыў, што ўсіх напаіў, вада пакуль ёсць. Здаецца, урэшце жанчыны пачалі збіраць на стол: бразнула засланка ў печы, па хаце паплыў пах чагось смачнага, і Азевіч парадаваўся, што, мабыць, паесць. Вячэру збіралі, аднак, даўгавата, хоць, здаецца, нічога ўжо не варылася, у печы не гарэла. У хаце, аднак, было цёпла, Азевіч расшпіліў усе аплікі шыняля, аднак не распяразваўся, толькі прысланіў вінтоўку да лаўкі. Ён усё ж чакаў роспытаў, нават хацелася пагаманіць, самому распытаць пра шмат што, але нейкая насцярожаная маўклівасць запанавала ў хаце і стрымлівала яго ад празмернай гаворкасці. Праўда, пакуль што ў тым не было благога, ён ужо ведаў гэты звычай тутэйшага люду — зважліва чакаць, што скажа чужы чалавек Была ў тым і дасціпная павага да госця, і боязь яго, невядомага, а можа, і небяспечнага. I праўда, было чаго пабойвацца, асабліва ў такі кляты час
— Дык як жа вы тут пажываеце? Ці, можа, вайна абышла стараной? — запытаўся Азевіч.
— Гэ, каб жа абышла, — жвава адгукнуўся дзед. — Вайна не абыдзе... Падпёрла ўсім. Вунь гаспадар тожа ж з вайны прыйшоў, — кіўнуў ён на маладзейшага мужчыну.
— Акружэнец?
— Акружэнец, анягож! З пекла ледзь выкараскаўся,вошай кучу прынёс. А і цяпер...
— Ладна, памаўчы ты, — перапыніў старога гаспадар. Але дзядок, мабыць, рады быў пагаварыць са свежым чалавекам.
— А што! Такі сакрэт... I цяпер во чапляюцца. У паліцыі...
— Ну ты! — ужо са злосцю гыркнуў на яго гаспадар. — Патрымай свой язык! А то распусціў, як лейцы...
I праўда, стары прымоўк, даволі непрыемна ўразіўшы тым Азевіча, якому ў гэтай кароценькай перапалцы пачулася штось не надта прыемнае. Нейкі нават намёк на патаемнае, якое ён не павінен быў ведаць. З гэтай не пераадоленай у сабе непрыемнасцю ён устаў з лаўкі, калі маладзіца з касой клікнула яго вячэраць за шафу, куды ўжо панесла і газнічку. З глінянай міскі на стале ішла пара і пахла чымсь паўзабытым з хатняе ежы; не кідаючы вінтоўку, Азевіч няўклюдна палез у цеснае застолле. Ад міскі позірк яго міжволі матлянуў па цэлай шарэнзе абразоў у куце, якія таксама непрыемна ўразілі яго — надта ўжо было іх шмат, усе прыбраныя ў рушнікі, з папяровымі кветкамі па ражках. Стараверы тут, гэтыя гаспадары, ці што, падумаў Азевіч, усю ўвагу якога ўжо захапіла страва.
За стол, аднак, ніхто больш не сядаў, і ён не стаў марудзіць, узяў лыжку У місцы былі камы: бульбяная каша з бобам, згаладнелы Азевіч еў яе з хлебам, не зважаючы на прыціхлых гаспадароў, якія зважліва пазіралі на яго з паўцемры хаты. Толькі аднойчы ён злавіў на сабе стоены позірк маладзейшай жанчыны, і здалося яму, у тым позірку мільгануў клопат і шкадаванне яго ці, можа, і сябе таксама. А можа, яны пабойваліся яго? Але што ён цяпер быў для іх, хоць і пры зброі — жабрак, знясілены і галодны, ён цалкам меўся ў іхніх руках і адно спадзяваўся на іхнюю да сябе спагаду.
— Гляджу, ці не вы ў мястэчку рабілі перад вайной? — зважліва азвалася маладзіца.
— Было, рабіў трохі, — сціпла і знарок не зусім пэўна адказаў ён, павёўшы позіркам да маладзіцы. Тая бы сумелася трохі.
— Здалося, бытта бачыла вас. У РДК.
— Можа быць, можа быць...
Ён не хацеў прызнавацца тут, дзе і кім рабіў да вайны, — ён іх не ведаў, лепш, каб і яны яго не ведалі таксама. Маладзіца моўчкі пачакала трохі, а затым узялася ладзіць яму пасцелю за шафай, у пярэдняй палавіне хаты: прысунула да лаўкі ўслон, прынесла нейкія транты, падушку. Тым часам ён хутка апаражніў міску, нават дбайна паскрэб яе ў дне лыжкай. Недаедзеную лусту хлеба няўзнак сунуў сабе ў кішэню.
— Дык дзякуй вам, людзі.
— Богу дзякаваць,— сказаў стары, які ўсё сачыў за ім аднекуль з запечча, хоць і нічога ўжо не пытаўся.
Пасля сядалі вячэраць сямейнікі, а ён, сыты і распараны, зняў урэшце шынелак, боты і, не здзеючы фрэнча і галіфэ, лёг на лавах. Вінтоўку паклаў ля сцяны побач. Укрыцца яму далі стары кажух, але было цёпла, і ён з даўно не адчуванай асалодай аддаўся спакою. Гаспадары ў хаце паводзілі сябе сцішана, можа, з увагі да яго, гутарылі шэптам, але менавіта гэтая сцішанасць трохі не падабалася Азевічу: здавалася, гавораць пра яго. Было часам трывожна, ды ён намаганнем волі прыцінаў трывогу — ці яны яму зробяць благое? За што? Здаецца, людзі як людзі, гаспадар сам нацярпеўся на вайне, мог зразумець іншага. Ён ужо засынаў, калі стукнулі дзверы, хтось выйшаў, але неўзабаве вярнуўся зноў. Дзед з ціхім крэктам і войканнем мясціўся на печы; дзесь пачуўся мерны рытмічны шэпт — здаецца, маліліся на ноч. Апошнім ён пачуў ціхае пытанне маладзіцы пра тое, ці зашчапілі дзверы, і заснуў.
Спаў без сноў, забыўшыся на сябе і на ўвесь белы свет, але доўга ці не — не ведаў. Ды раптам прахапіўся невядома ад чаго — нейкага адчування трывогі, і не адразу зразумеў, што гэта стукнулі дзверы. Была яшчэ ноч, здаецца, усе спалі, але знянацкая пужлівая трывога азвалася ў ім сонным спалохам, і ён ускочыў на ногі.
— Хазяін! Хазяін!.. Дзе хазяін?..
На дзіва яму не адказалі, хоць ён адчуваў, што там, у запечку, за агародкай яго ўчулі. Ды ўсе маўчалі. Але дзе ж гаспадар? Мабыць жа, ён клаўся разам з усімі, увечары быццам ніхто не выходзіў з хаты — ці не выйшаў ён зараз? Нарэшце на яго ўстрывожанае пытанне азвалася жанчына, якая дрыготкім няпэўным голасам вымавіла:
— Ды ён да каровы... Карова там сцельная, дык выйшаў паглядзець.
— Карова? Дзе карова?
Азевіча калаціла — ад спалоху і чорнага цяжкага падазрэння, у якім, адчуваў, не памыляецца.
— У хляве, вунь за дваром.
Азевіч таропка абуўся, ускочыў, хістаючыся са сну, напяў на сябе шынелак, накінуў рамяні — ад кабуры і сумкі, падхапіў вінтоўку. Моўчкі, не развітваючыся, выскачыў праз сені ў шэрае начное сутонне падворка, кінуўся да зачыненых дзвярэй хлява, да другіх, стоена-гучна гукаў:
— Хазяін!.. Хазяін!..
Адказам яму было ціхае соннае кудахтанне на курасадні, сцішана рохнула дзесь свіння. У астатніх хляўках было ціха, гаспадар не азваўся, і ён злосна вылаяўся.
Ён выскачыў на вуліцу і адразу спыніўся, не ведаючы, у які бок падацца. Хацеў назад, у лес, адкуль ён прыйшоў увечары, але падумаў: на дарозе дагоняць. Тады ён ірвануў наўпрост цераз дарогу ў поле; выламваючы на глыжах ступні, перабег раллю і гразкім стаптаным іржэўнікам пабег кудысьці ў ноч. Наўкола ляжала цёмнае поле, дзе-нідзе грувасціліся адзіночныя дрэвы, дзьмуў сцюдзёны напорысты вецер; праўда, дажджу не было. Нізкае неба густой чарнатой прыдушыла палявы прастор, да раніцы, мабыць, было яшчэ далёка... Неўзабаве, аднак, ён угрэўся ад бегу і хуткай хады, нават стаміўся. Са шкадаваннем успомніў пра свой рукзак, які пакінуў ля ўслонаў. Ну, але хай падавяцца яго жабрацкім майном. Яму б зберагчы галаву. Куды бегчы далей, не ведаў, хацелася далей ад таго здрадніцкага хутара, дзе накармілі і паклалі спаць. Мабыць, каб прадаць паліцыі, бо куды ж яшчэ сярод ночы шаснуў той гаспадар? Добра яшчэ, што Азевіч пачуў, прахапіўся, а то б узялі на золаку цёпленькага, як таго Клімянкова. Ну, але цяпер не дагоняць, цяпер ужо ён уратаваўся ад іх. Хай шукаюць ветру ў полі. Вось толькі куды ён кіруе? I куды кіраваць наогул?
Паволі ён збавіў крок, пайшоў цішай. Абышоў нейкі голы хмызняк, за якім пачалася мяккая трава пад нагамі — мабыць, зноў лугавіна ці, можа, поплаў. Калі поплаў, дык будзе кепска — за поплавам можна набрысці на рэчку, як тады перайсці яе ў цемры? Увесь час ён узіраўся наперад, прысядаў, каб на фоне трохі святлявага неба што-небудзь пабачыць ды зноў не налезці на які хутар ці вёску. Цяпер ён ужо баяўся паселішчаў і людзей, ведаў: ад іх трэба быць далей. Але і як быць без людзей? Неўзабаве, мабыць, пачне развідняцца, што тады рабіць? Дзе схавацца? Хоць бы як перабыць дзень?
Світанак застаў яго на краі нейкага чэзлага драбналесся — алешнік з маладым бярэзнікам ціха высвістваў на ветры сваю несканчоную песню. Азевіч доўга ішоў, кіруючы па-над узлескам, ужо зусім не ведаючы куды. Ён ужо добра ўгрэўся, ажно спатнела спіна, вінтоўка муляла на плячы, боўталася збоч тоўстая гарадзілаўская сумка. I як трохі стала відаць наўкола, ён выгледзеў у голым зарасніку непадалёк адзіночную хвойку і праз гушчар пралез да яе. Мабыць, вінтоўка яму ўжо не спатрэбіцца, падумаў ён і, зняўшы яё з пляча, сунуў пад нізкае голле хваінкі. Туды ж запіхаў і сумку. Адышоўшыся, азірнуўся: мясціна ўвогуле была прыкметнай, хваін тут было няшмат, і гэтая стаяла сама бліжэй ад узлеску, насупраць адзінокага дрэва ў полі. Кабура на доўгім рэмені дакучліва целяпалася па сцягне, і ён, зазлаваўшы, выняў з яе наган, а кабуру шпурнуў у хмызняк. Наган, канешне, ён пакуль што не кіне, глядзі, той яшчэ спатрэбіцца. Але зверху навідавоку хай нічога не будзе. Цяпер ён — проста чалавек. Прахожы. Ідзе з акружэння.
Калі яшчэ больш павіднела, непадалёк, у якім кіламетры, ён заўважыў дарогу — рад тэлеграфных слупоў, і за павароткай — фурманку ўдалечы. Яму ж трэба было ісці цераз поле, дзе яго ўжо маглі ўбачыць здалёк. I ён спыніўся. Мабыць, трэба было лезці ў хмызняк, усё ж там больш схоўна, чым у адкрытым полі. I ён пабрыў хмызняком, часам абыходзячы самы гушчар, а то і нагінаючыся і падлазячы пад нізкае ляшчынавае голле, прытрымліваючы картуз на галаве. Тут ужо яго ніхто ўбачыць не мог. Аднак ён не ведаў, ці хутка выберацца з гэтых зараснікаў, каб хоць як агледзецца і зразумець, дзе ён апынуўся. Усё ж, мабыць, трэба было кіраваць на поўдзень. Толькі вось зразумей, дзе ён, той поўдзень?
Так ён набрыў на купку хвойнага маладняку, які тут па-летняму зелянеў сярод сумна аголенага драбналесся, і палез у яго сярэдзіну. Між калючага голля было сцішана і схоўна, вецер сюды, бадай, не дасягаў, і Азевіч бокам апусціўся на мяккі, усыпаны ігліцай дол. Мабыць, тут і пераднюе. Спачне за д'ябальскі турботную ноч, а галоўнае, яму трэба было вырашыць, як быць далей, куды падацца? Бо такое бадзянне, адчувау ўжо пэўна, дабром не скончыцца. Скончыцца бядою, якая можа стацца для яго апошняй.
Вецер, аднак, густа шумеў угары, сярод хвойнага вецця, унізе ж было цішэй. Азевіч скурчыўся на баку, сашчапіў у шырокіх рукавах азызлыя рукі. Галаву, як можна было, уцяў у шырокі каўнер шыняля, дыхаў сабе на грудзі — тым грэўся. У думках ён не першы ўжо раз перабіраў знаёмыя мясціны раёна, вёскі, дзе некалі быў, прыгадваў сяго-таго са знаёмых людзей. Цяпер не на кожнага можна было спадзявацца, многія, мабыць, апынуліся ў войску па мабілізацыі ці падаліся ў эвакуацыю, хто-ніхто, канешне, перамятнуўся да немцаў. А калі не перамятнуўся адкрыта, дык у душы наўрад ці спачуваў нядаўнім кіраўнікам раёна, мясцовым актывістам. Перш чым да каго завітаць, трэба было добра падумаць, прыпамятаць, чым ён дыхаў у нядаўнія часы перад вайной, гады класавай барацьбы, выкрыцця ворагаў народа. Хоць тады і вырвалі шмат з каранём, але ж, мусіць, не ўсіх. Мабыць, нямала яшчэ і засталося, хіба не выявілася тое на пачатку вайны? Во хоць бы і гэты акружэнец, да якога ён так няўдала завітаў учора: і накарміў, і мякка паслаў на лавах, а сам паначы — да тае паліцыі. Нездарма ўвечары не даў штосьці сказаць дзеду. Прыступіў на язык. Ах, падла! Фашыстовец пракляты!
Усё ж ляжаць на голай стылай зямлі было не надта каб зручна. Ён круціўся і так і гэтак, усё роўна было мулка і дужа холадна, асабліва сцёгнам. Мусіць, мінула нямала часу, пакуль цела трохі прызвычаілася да гэтае ветранай халадэчы, Азевіча патроху пачала агартаць нейкая санлявая знямога. Хоць і разумеў, што спаць было небяспечна, ну але, можа, не набрыдзе хто. Усё ж пры лесе, у гушчары, не тое што ў полі ці пры дарозе. I праўда, на грудзі, у запазуху ён надыхаў трохі, стала цяплей, нібы сугрэўней. Адно па-ранейшаму даймала скалелыя мокрыя ўсе тыя дні ногі. Боты разваліліся дарэшты, добра, што ў лесе выручалі пасталы з падасланым на сподзе сенам. Калі засцерагчыся ад вады, па сухім снезе дык у пасталах нішто і ў вялікі мароз.
...А марозік быў ніштаваты, асабліва ціскануў перад змярканнем, яны ўсе добра ўработаліся, пакуль разгрузілі на руме свае кубаметры рудстойкі, у вёску вярталіся ўжо цёмным вечарам на стомленых конях. Конік тады ў Ягора быў неблагі, немалады, але цягавіты і непераборлівы Варанок, якога ён клапатліва пакрыў папонай і завёў у загародку з добраю ахапкай свежага мурожніку — хрумстай конік, адпачывай да заўтра. Зрэшты, назаўтра меўся быць яму выхадны, а Ягору — свята. Хрышчэнне. Ужо заўтра мужыкі ў бор не паедуць — паедуць да царквы ў мястэчка. Ягор да царквы не збіраўся — пакуль мыўся ў качарэжніку над цэбрам, усё меркаваў, ці сёння злятаць да Настачкі, ці ўжо заўтра, на святы вечар. Настачка жыла ў суседняй цераз поле вёсцы Староўка, насельнікі якой амаль скрозь былі каталікі, у іхняй жа — бадай, скрозь праваслаўныя. На свята каталікі ехалі за дваццаць вёрст да касцёла ў сваё мястэчка Альхімовічы, а гэтыя — у другі бок за васемнаццаць вёрст у Межава, дзе былі царква і сінагога. Ну, а па тым часе дык ужо ўсталяваліся і раённыя ўлады — райком, райвыканком, нардом і ўсё астатняе. Касцёла там не было.