- Той, хто гатовы апусьціцца на любы падсьціл, ня мае права разважаць ні пра думкі, ні пра пачуцьці. Той, у каго на шыі засосы...
- Мы гэта ўжо абмяркоўвалі, колькі можна? – Ён зноў апусьціўся на калені і пачаў вадзіць пальцамі па загалоўку на кніжных карэньчыках. – Ага, Кэтрын Энн Портэр, “ Карабель дурняў” – няўжо Ты гэта адолела? Добра, карыстайся. Апавяданьні Джона Кальера[5]! Ты выдатна ведаеш: гэты зборнік – зь ліку маіх улюбёных! Забіраю яго сабе.
- Не, пачакай! – запярэчыла яна.
- Забіраю. – выцягнуўшы кнігу зь сярэдзіны стосу, ён шпурнуў яе на падлогу.
- Асьцярожна! Сапсуеш вокладку!
- Мая кніга, што хачу, тое і раблю. – Ён падштурхнуў зборнік нагой.
- Уяўляю, калі б Ты кіраваў гарадзкой бібліятэкай. – сказала яна.
- Так, Гогаль: не цікаўлюся, Сол Бэллоў[6]: не цікаўлюся, Джон Апдайк[7]: стыль – нядрэнны, але думак няма. Не цікаўлюся. Фрэнк О'Конар[8]? Добра, бяры сабе. Гэнры Джэймс[9]? Не цікаўлюся. Талстой – не запомніць, як каго зваць: нават цікава, толькі занадта наварочана, – пакінь сабе. Олдас Хакслі? Стоп! Ты выдатна ведаеш, што я цаню ягоныя эсэ куды больш, чым раманы!
- Збор твораў нельга дзяліць!
- Гэта яшчэ чаму? Ты зьбіраешся падзяліць нават дзіця. Раманы пакінь сабе, а ідэі забяру я.
Схапіўшы тры тамы, ён кінуў іх па дыване на іншую палову гасьцёўні.
Пераступіўшы праз кнігі, яна пачала вывучаць стосы, якія сама склала для яго.
- У чым справа? – узрушыўся ён.
- Трэба сёе-тое пераглядзець. Вазьму-ка я назад Джона Чывэра[10].
- Яшчэ чаго?! Табе – што лепей, а мне – што атрымаецца? Чывэра не кранай. Вось табе Пушкін. Нудота. Роб-Грые[11] – нудота на французкі манэр. Кнут Гамсун[12]? Нудота на скандынаўскі манэр.
- Хопіць прычэпліваць цэтлікі. Няма чаго заносіцца, нібыта я двоечніца. Разьлічваеш забраць самыя каштоўныя кнігі, а мяне пакінуць з носам?
- Можна і так сказаць. Гэтыя дутыя аўтарытэты толькі і робяць, што корпаюцца адзін у аднаго ў пупку, сьпяваюць ўзаемныя дыфірамбы на Пятай авеню і ўсю дарогу паляць халастымі!
- Дыкенс, па-твойму, таксама дуты аўтарытэт?
- Дыкенс?! На працягу гэтага стагодьдзя яму не было роўных!
- І на тым дзякуй Богу! Калі Ты заўважыў, Табе дастаецца ўвесь Томас Лаў Пікок[13]. Уся фантастыка Азімава. А гэта што, Кафка? Суцэльныя банальнасьці.
- Дык хто з Нас навешвае цэтлікі? – Ён нецярпліва перабіраў то ейныя стосы, то свае. – Пікок! Ледзь не найвялікшы гумарыст усіх часоў. Кафка? Глыбіня. Бліскучае шаленства. Азімаў? Гэні.
- Ох, скажыце, калі ласка! – Яна села ў фатэль, паклала рукі на калены і нахілілася наперад , ківаючы ў бок кніжных гор. – Здаецца, я пачынаю разумець, дзе паміж Намі прайшла расколіна. Твае ўлюбёныя кнігі для мяне – глупства. Мае для Цябе – барахло. Смецьце . Чаму Мы гэтага не заўважылі дзесяць год таму?
- Мы шмат чаго не заўважаем, пакуль ... – ён запнуўся, – ...пакуль кахаем.
Нарэшце гэта было вымаўлена ўголас. Адкінуўшыся на сьпінку фатэля, яна няёмка склала рукі на грудзях і чапурыста зрушыла калены. У вачах з'явіўся здрадлівы бліск.
Ён адвёў позірк і пачаў мераць крокамі пакой.
- Ат д’ябал, – прамармытаў ён, з асьцярогай кранаючы нагой то адзін, то другі стос. – Мне пляваць, што куды патрапіла. Якая розніца, я ж...
- Зможаш ўсё забраць за адзін раз? – ціха спытала яна, гледзячы на яго ва ўпор.
- Думаю, так.
- Дапамагчы Табе пагрузіць кнігі ў машыну?
- Не, ня трэба. – У пакоі зноў павісла доўгае маўчаньне. – Я сам.
- Сапраўды?
- Абсалютна.
Зь цяжкім уздыхам ён пацягнуў да дзьвярэй першы ахапак кніг.
- У мяне ў багажніку ёсьць скрынкі. Зараз прынясу.
- А астатняе ня будзеш праглядаць? Можа, Ты палічыш, што там шмат лішняга.
- Наўрадці, – адазваўся ён. – Ты ведаеш мой густ. Я ж бачу – усё прасартавана з розумам. Проста ня верыцца: як быццам Ты ўзяла аркуш паперы і акуратна разрэзала яго напалам.
Ён перастаў нагрувашчваць кнігі каля дзьвярэй і акінуў поглядам спачатку адзін кніжны вал, потым усе іншыя літаратурныя фартэцыі зь вежамі і, нарэшце, сваю жонку, заціснутую на нэўтральнай паласе. Недзе далёка-далёка, у процілеглым канцы.
У гэты час зь ядальні прымчаліся дзьве чорныя коткі, адна буйная, іншая меньшая; яны пачалі скокаць па шафах і паліцах, а потым гэтак жа раптам зьніклі, ня выдаўшы ані гуку.
У яго здрыганулася рука. Правая нага разгарнулася наском ў адчыненыя дзьверы.
- Не, ня трэба! – спыніла яна. – Тут коткам вальней. І Мод, і Модлін застануцца са мной.
- Але ж ... – пачаў ён.
- Не, – рэзка сказала яна.
Зноў наступіла паўза. У яго тужліва апусьціліся плечы.
- Чорт пабяры, – упаўголас сказаў ён. – Навошта мне гэтыя кнігі? Пакінь сабе.