Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч - Брэдбэри Рэй 6 стр.


– Дазвольце мне правесьці вас, – прапанаваў сын.

– Го, у гэтым няма патрэбы.

– Мы самі гэта зробім, сынку, – сказаў бацька. –Так будзе лепш.

Яны стаялі і глядзелі адзін на аднаго.

– Добра, – сказаў сын, – затое было весела.

– Ня надта. Прыемна, так. Так, па-хатняму, таму што мы – адна сям'я, мы цябе любім, сынку, а ты любіш нас. Ці весела? Ня думаю, што гэтае слова падыходзіць. Сумна, так. На самой справе – сумна, але па-сямейнаму: сямейна й сумна. Дабранач, сынку.

Яны яшчэ трохі памарудзілі, паабдымаліся, цалуючыся і абліваючыся сьлязьмі, напрыканцы разам пасьмяяліся, і ягоныя бацькі пайшлі па цёмнай вуліцы, па накірунку да свайго прыстанку.

Сын стаяў даволі доўга, назіраючы, як іхнія фігуры становяцца ўсё менш і менш, а потым адвярнуўся, зайшоў, амаль не раздумваючы, у тэлефонную будку, набраў нумар і зноў пачуў аўтаадказьнік.

– Вітаю, Элен, – сказаў ён і зрабіў паўзу, таму што цяжка было падабраць словы, цяжка было сказаць: – Гэта тата. Мы дамаўляліся павячэраць ў чацьвер. Можа, скасуем дамову? Ніякіх праблем. Шмат працы. Я патэлефоню наступным тыднем, і мы прызначым новую дату. Так, і зьвяжыся, калі ласка, з Дэбі – скажы загадзя. Люблю цябе. Бывай.

Ён павесіў слухаўку і ўгледзеўся ўдалячынь.

Бацькі як раз праходзілі скрозь жалезную браму могілак. Яны азірнуліся, памахалі яму на разьвітаньне і зьніклі ў цемры.

Маці, Тата, паўтараў ён сам сабе. Элен. Дэбі. І зноў: Элен, Дэбі, Маці, Тата. Ім са мной нудна. Ім нудна са мной! Чорт пабяры!

Сьмяючыся скрозь сьлёзы, ён нетаропка павярнуўся і паплёўся назад у рэстарацыю. Ягоны сьмех прыцягнуў увагу наведвальнікаў рэстарацыі.

Але ён не зьвяртаў увагі, бо віно, што было выпітым да дна, было не такім дрэнным.

- Ды Ты ніяк замок зьмяніла!

Зьбіты з панталыку, ён стаяў каля дзьвярэй і глядзеў на круглую дзьвярную ручку, якую спрабаваў павярнуць адной рукой, сьціскаючы ў другой руцэ стары ключ.

Яна прыбрала далонь з такой жа ручкі, толькі па іншы бок дзьвярэй, і ўвайшла ў хату.

- Каб чужыя не хадзілі.

- Чужыя! – закрычаў ён. Яшчэ раз пакруціў ручку, з уздыхам прыбраў у кішэню непатрэбны ключ і прычыніў за сабой дзьверы.

- Мабыць, напэўна, так і ёсьць. Мы цяпер чужыя.

Стоячы пасярод гасьцёўні, яна глядзела на яго ва ўпор:

- Ну, прыступім.

- Відаць, Ты ўжо пачала. Ну і ну. – Ён акінуў вачыма шматлікія стосы кніг, якія былі зь вялікай акуратнасьцю складзеныя на падлозе. – Няўжо нельга было пачакаць мяне?

- Навошта марнаваць час? – Яна паказала падгардзёлкам спачатку налева, потым направа. – Гэтыя - мае. А вось тыя – Твае.

- Давай хаця б паглядзім.

- Зрабі ласку. Глядзі, колькі хочаш, але ўсё роўна: гэтыя - мае, а вось тыя - Твае.

- Не, так ня пойдзе! – Ён нахіліўся і пачаў перакладваць кнігі, хапаючы па адной то праваруч, то леваруч. – Прыйдзецца пачаць з самага пачатку.

- Ты зараз усё пераблытаеш, – запярэчыла яна. – А я, між іншым, змарнавала процьма часу, каб іх упарадкаваць.

- Што ж зробіш. – Цяжка дыхаючы, ён стаў на адно калена. – Прыйдзецца змарнаваць яшчэ нейкі час. «Псіхааналіз па Фрэйдзе»! Вось бачыш? Як гэтая кніга трапіла ў мой стос кніг? Цярпець не магу Фрэйда!

- Я проста вырашыла ад яе пазбавіцца.

- Пазбавіцца? Такім чынам? Хопіць навязваць ўсялякае халусьце чужому чалавеку, нават калі гэта Твой былы муж. Значыцца, трэба дзяліць не на дзьве, а на тры часткі: для Цябе, для мяне і для Войска Выратаваньня.

- Вось і забяры з сабой кнігі для Войска Выратаваньня – ня я ж гэтым буду займацца.

- Уласна, чаму? Патэлефонь зараз. Чаму я павінен цягнуць гэтую макулатуру праз увесь горад? Ці не прасьцей...

- Добра, добра, супакойся. Ня трэба раськідваць кнігі. Праглядзі спачатку мой стос, потым свой. Калі будуць нейкія пярэчаньні...

- Я ўжо бачу: на тваім баку ляжыць мой Тэрбэр[1] – што ён там робіць?

- Ты сам падараваў мне гэты томік на Каляды дзесяць год таму. Няўжо ня памятаеш?

- Хіба? – сказаў ён і задумаўся. – Так, дакладна. Ну, добра, а што там робіць Ўіла Кэтэр[2]?

- Ты мне падараваў яе на дзень народзінаў дванаццаць год таму.

- Здаецца мне, я Цябе занадта песьціў.

- Так, чорт пабяры, была справа. Шкада, што мінулага не вярнуць. Можа, не давялося б цяпер дзяліць гэтыя кнігі, каб іх.

Ён пырснуў, адвярнуўся і асьцярожна пасунуў адзін зь ейных стосаў наском чаравіка.

- Карэн Хорні[3] – мне яна задарма не патрэбна, зануда прыстойная. Юнг[4]... Юнг лепей будзе, мяне ён заўсёды цікавіў, але так і быць, можаш пакінуць сабе.

- Ах, якая шляхетнасьць.

- Для Цябе ж на першым мейсцы заўсёды былі думкі, а не пачуцьці.

Назад Дальше