Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Васіль Быкаў 11 стр.


Двор пачынаў пусцець, хлопцы адзін за адным выходзілі, скрыпаючы дзвярыма. Алесь, не звяртаючыся да таварышаў, яккольвечы сам завязаў на рукаве канцы павязкі і зірнуў на хлопцаў.

Яны стаялі збоч ад яго і пазіралі на новага начальніка. Лапата, як заўсёды, заклаўшы рукі ў кішэні, ледзь варушыў сваімі белаватымі вейкамі, і хто ведае, што было ў яго позірку. Сёмка ж неяк стрымана ўсміхнуўся, але, здаецца, у жвавых чорных вачах яго бліснула насмешка. I хоць у Алеся прапала ўжо ўся крыўда на хлопцаў, гэтая насмешка неяк стрымлівала яго ад канчатковага збліжэння. Аднак, узяўшы на сябе пэўны клопат за справу, ён знарок проста, нібы між імі нічога і не здарылася, сказаў таварышам:

— Ну што? Пайшлі.

— Лавіць Фараона? — перапытаў Сёмка і з’едліва ўсміхнуўся.

— Пойдзем, — няпэўна азваўся Лапата, і яны выйшлі, на вуліцу.

Сёмка і Піліп усё трымаліся поплеч, толькі крочылі ззаду, падкрэслена прапусціўшы наперад старшага з павязкай. У людской цеснаце яны ішлі ля магазінаў; Алесь трошкі скасіў вока ў бок люстраной вітрыны і аж не пазнаў сябе. За тоўстым шклом у нагу з ім рухаўся белатвары хлопец у чысценькім выпрасаваным гарнітуры, і на яго рукаве ўрачыстай чырванню ззяла павязка. Крышачку саромеючыся за сваё незаслужанае старшынства, Алесь ішоў нетаропкім, важным крокам, як ходзяць патрулі-салдаты, і з сур’ёзнай мінай углядаўся ў постаці сустрэчных.

Злева, за беленай фігурнай агарожай, стаіўся стары парк, тут быў глухі яго бок. Дрэвы стаялі паніклыя ў цішы, і між іх галля ўжо гусцеў змрок. На слупах запаліліся ліхтары, але было яшчэ відна, іх святло марна таяла ўгары, цьмяна асвятляючы блізкае вецце дрэў. У канцы вуліцы залацістапалевым бляскам святлеў заходні ўскраек неба, аздоблены нізкай барвовай хмурынкай.

Хлопцы ішлі і ішлі ў напрамку тае хмурынкі, і ўжо ззаду засталіся людныя вуліцы і шматпавярховыя дамы. Лапата і Сёмка нешта перагаворваліся і жартавалі між сабой, а Вострыкаў пільна глядзеў па баках. Ён паранейшаму адчуваў сябе не зусім ёмка ў гэтай новай ролі. Праўда, тут, на ўскраіне, дзе прахожых было меней, ён паспакайнеў, а дагэтуль усё здавалася хлопцу, што сустрэчныя з іроніяй пазіралі на яго і, пэўна, думалі: «Вось яшчэ ўпарадкавальнік, блазан гэткі!». Асабліва дапякалі яму няпэўныя адносіны таварышаў. Была б гэта якая іншая справа, менш сур’ёзная, дык ён кінуў бы турбавацца і трымаў бы сябе куды вальней. Але цяпер ён быў тут галоўным, ад яго залежала дзейнасць патруля, і ён адказваў за яе перад гаркомам камсамола. Хлопец адчуваў гэтую адказнасць і хацеў выконваць свае абавязкі як мага лепш.

На скрыжаванні дзвюх пыльных небрукаваных вуліц ім сустрэліся двое юнакоў. Добра апранутыя, у шэрых гарнітурах з белымі каўнярамі паверх пінжакоў, яны шыбавалі пасярэдзіне вуліцы, трымалі ў роце цыгаркі і адмыслова лаяліся. Увесь іх выгляд быў нахабны і сведчыў, што хлопцы не прывыклі зважаць на чые-небудзь заўвагі. Алесь ведаў, што з такімі чапляцца — не абыдзешся без сваркі. Другім разам ён паціху прамінуў бы іх, і нават цяпер яму вельмі карцела зрабіць гэта. Але абавязкі ёсць абавязкі, і, неяк пераадолеўшы нерашучасць, ён спыніўся на асветленым ліхтаром месцы.

— Хлопцы, трэба цішэй, — як мага спакайней сказаў ён. Юнакі спынілі лаянку і, падазрона ўглядаючыся, збочылі да яго. Лапата і Сёмка адсталі ад свайго старшага крокаў на дваццаць і, размаўляючы, пляліся па тратуары. Апрача іх, на вуліцы, здаецца, не было нікога.

— Што трэба, блазан?

Гэта прамовіў пярэдні, нізкарослы таўсцяк. Ён насупіў бровы і, выцягнуўшы з кішэні рукі, пагрозліва наблізіўся да Алеся. Другі, сутулы і высокі, змрочна аглядаючы яго, таксама падышоў і стаў з другога боку.

Алесь адчуў сябе зусім ніякавата ад такога пагрозлівага намеру, але, прыкідваючыся, што не прыкмячае нічога незвычайнага, цвёрда сказаў:

— Мы — камсамольскі патруль. Прашу трымаць сябе культурна.

— Ха! Патруль! — шыркнуў высокі, і яны насмешліва пераглянуліся: — Дык што табе, па мордзе заехаць?

Але тут падышлі Сёмка і Лапата і моўчкі, з гатоўнасцю памагчы, сталі ззаду. Хуліганы, відаць, зразумелі, што на баку патруля не толькі закон, але і сіла, і бокам падаліся далей. Ужо адышоўшыся, яны палаяліся і зніклі ў змроку.

Патрулі пайшлі далей. Абапал вуліцы цягнуліся нізкія аднапавярховыя дамы. У асветленых вокнах часам з яўляліся жаночыя постаці і завешвалі іх ці папраўлялі фіранкі. К ночы моцна пахла бульбоўнікам з агародаў і нечым смажаным, што рыхтавалася на вячэру. Алесь крыху хваляваўся ад той не дужа прыемнай сустрэчы і вырашыў цяпер трымацца разам. Лапата і Сёмка ішлі моўчкі, аднойчы Лапата сказаў:

— Аднак ты, гляджу, зубасты.

Алесь не ўцяміў, была гэта пахвала ці дакор, ці мо’ толькі насмешка, і адказаў, думаючы пра тых нахабнікаў:

— Іх трэба было як след прабраць.

— Затрымаць ды ў штаб адвесці,— сур’ёзна зазначыў Лапата.

Сёмка, скептычна ўсміхаючыся, запярэчыў:

— Што з імі валэндацца? Намыліць бы каркі, ды і ўсё. Я ім паказаў бы!

Ужо, бадай, добра сцямнела, калі яны прыйшлі на вуліцу Пясчаную. Гэта была звычайная ўскраінная вуліца — ціхая, з невялікімі прыватнымі домікамі, садамі і агародамі. Між дамоў цягнуліся высокія платы, над імі ў зорным небе чарнелі вішнякі, і ў дварах бразгаталі ланцугамі сабакі. Хлопцавы чаравікі мякка ступалі па ўтаптанай мураве, дзе пасвіліся ўдзень шматлікія гусіныя статкі. У канцы вуліцы згрувасціліся баракі, павеці і абпальныя карпусы цагельнага завода.

Высокае, цёмнае неба заззяла безліччу мігатлівых іскрынак. Няроўнай паласой праз зорныя абшары рассыпаўся Млечны шлях. Пасля гарадскога тлуму тут, на ўскраіне, было неяк незвычайна ціха і глуха. Здалёк даносіліся гудкі паравозаў на станцыі, на людных вуліцах бліскалі аўтамабільныя фары — іх далёкае святло палахліва блукала па сценах будынкаў.

Хлопцы прайшлі між змрочных нямых карпусоў цагельнага завода, мінулі інтэрнат. Усюды было спакойна. Вокны ў будынках ярка свяціліся, часам бразгалі дзверы, і з фортак выляталі гукі радыё. У прысадзістым доўгім будынку клуба ішло кіно. Сіняватыя промні, быццам нацягнутыя трапяткія струны, снавалі ў цемнаце над галовамі гледачоў. Патрулі спыніліся перад вокнамі, зазірнулі на экран, і Сёмка раптам загарэўся жаданнем:

— Давайце паглядзім, — прапанаваў ён Піліпу. Алесь прыкмеціў, што Сёмка чамусьці не размаўляў з ім і звяртаўся да аднаго Лапаты. Разважыўшы, што гэта благая справа — глядзець кіно, калі яны прызначаны патруляваць, старшы запярэчыў:

— Ну, нельга так. Трэба хадзіць.

— Вось мне яшчэ камандзір знайшоўся! — злосна асек яго Сёмка. — Нельга, нельга!.. Хадзем, Піліп, нас пусцяць.

Але Піліп таксама адмовіўся, і яны зноў пайшлі назад ранейшым шляхам. Цяпер ужо ззаду ішоў Сёмка. Ён пакрыўдзіўся ці раззлаваўся і не размаўляў ні з кім.

Так яны апынуліся зноў на Пясчанай — у пачатковым пункце свайго маршруту. Час набліжаўся к поўначы, вокны ў дамах ужо гаслі патроху, і ўскраіну ўсё болей апаноўвала начная ціша. Патрульства канчалася, і Алесь нават пашкадаваў, што нічога так і не здарылася ў гэты вечар.

Пакрысе ён ужо асвоіўся з новымі абавязкамі і хацеў, каб яшчэ што-небудзь здарылася і каб была якая карысць ад яго намаганняў.

У канцы вуліцы яны спыніліся ля воданапорнай калонкі. З яе загнутай трубы ціхенька цурчэў у цемры тоненькі струменьчык, хлопцы па чарзе напіліся сцюдзёнай вады, потым моўчкі пастаялі крыху.

— Ну што, бадай, хопіць на сёння? Пайшлі дамоў, — сказаў Сёмка, і кінуў у цемру акурак.

— Яшчэ трэба было б на цагельны наведацца, — запярэчыў Алесь.

— Ат, што там хадзіць! Усюды спакойна.

— Але ж там сеанс хутка скончыцца.

— Мне ўжо надакучыла бадзяцца, — стаяў на сваім Сёмка. — Пайшлі, Піліп!

Ля Піліпавага твару разгарэўся і згас у цемры агеньчык цыгаркі, і Піліп сказаў з нечаканай прыкрасцю ў голасе:

— Што ж, аднаго Алеся пакідаць, ці што? Трэба патруляваць, калі прызначылі.

Сёмка крута павярнуўся да яго і ўраз насцярожыўся, пэўна, пакрыўджаны адказам.

— Што, мо’ хочаш падзяку з ім зарабіць? — з’едліва сказаў ён, гатовы, відаць, пасварыцца.

— Нашто падзяку, — спакойна адказаў Піліп. — Проста трэба прайсці.

— Ну і ідзі! — са злосцю кінуў Сёмка і хутка пайшоў ад іх.

Назад Дальше