Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Васіль Быкаў 10 стр.


Ён з маланкавай хуткасцю чалавека, які трапіў у бяду, сцяміў небяспеку, што навісла над ім, патуральнікам і ўдзельнікам злачынных спраў Кузьмы Кузьміча, і ўмомант у галаве яго з’явілася адзінае выратавальнае выйсце.

Вадалейкін яшчэ не скончыў заклікаць сход пакараць старшыню (за няветлівасць і нячуласць), як Паніковіч ускінуў руку. Сход загуў, нібы курасадня ўначы, патрывожаная тхорам. Ускінуліся над галовамі рукі, патрабуючы слова.

І тады пачалося няшчасце. Усе тыя беды, што запісаны ў падручніках гісторыі, не больш, як дзіцячыя крыўды ў параўнанні з катастрофай Кузьмы Кузьміча.

Паніковіч, нібы сляпы, чапляючыся за крэслы, прабраўся наперад і амаль залемантаваў:

— Таварышочкі, даражэнькія, па несвядомасці ўсё, па цемнаце сваей рабілі мы гэта. Старшыня загадваў, а мы і выконвалі. Бо як жа не выканаеш? Хіба ж Кузьма Кузьміч даруе непаслушэнства? Ну мы і таго… рабілі памылкі, значыцца, цягнулі з арцелі. І цэмент сплавілі Лямзікаў з Вадалейкіным, ну, рахункі падрабілі, дагаворы з падрадцамі завысілі дзеля ўзятак. Кузьма Кузьміч усім распараджаўся, а мы, што ж, мы выконвалі… Але цяпер, таварышочкі, я шчыра, значыцца, прызнаю памылкі, а віна яго галоўная, старшыні нашага…

Кузьма Кузьміч адразу пачуў небяспеку ў паніковічавых словах, ірвануўся з крэсла, як заяц з-пад стрэльбы, але куды было дзецца! Нібы вада ў адчынены шлюз, хлынуў паніковічаў страх на галовы людзей, а Кузьме Кузьмічу здалося, што ён разам з крэслам кудысьці праваліўся і шалёна ляціць скрозь усю тоўшчу зямлі.

Гэта была катастрофа!

Крыху ачуняўшы ад першага перапуду, Кузьма Кузьміч успомніў пра апошнюю сваю апору, ад якой можна было чакаць нейкага паратунку, — пра таварыша Лямзікава. Таму, калі Паніковіч, гучна смаркаючыся, выенчыў пяцігадовы запас старшынёвых злачынстваў, Кузьма Кузьміч амаль закрычаў:

— Выдумкі! Мана! Слова — Лямзікаву! Лямзікаву! Лямзікаў хай скажа!

Старшынствуючы неяк раптам страціўшы голас, прамармытаў, што слова мае Лямзікаў, але той, відаць, не спяшаўся выступаць.

— Ну, дзе ж Лямзікаў? — загаманілі нецярплівыя галасы. — Давай хутчэй.

— Няма Лямзікава, — адказаў нехта з парогу. — Лямзікаў выйшаў.

Тады старшыня арцелі — уладарны і выкрутлівы Кузьма Кузьміч — зразумеў, што апошняя надзея на паратунак прапала і добрыя мары канчаткова пакінулі яго.

А сход гаманіў, рагатаў, абураўся. Непрадугледжаныя прамоўцы выкрывалі непрадугледжаныя да таго справы старшыні, а Кузьма Кузьміч, абхапіўшы голаў рукамі, нібы адгароджаны ад сходу сцяною, ніяк не мог адкараскацца ад няўцямнай блытаніны ўласных думак аб тым, якія непрадбачана злосныя людзі ў гэтай арцелі «Вострая шпілька» і які гібельны ход зрабіў ён сёння.

[1956 г.]

У нізкім мураваным пад’ездзе старога будынка-інтэрната стаялі два хлопцы. Адзін — Піліп Лапата — прысадзісты, дужы дзяцюк у чорным пінжаку, які туга напяўся на яго шырокіх плячах — нецярпліва пазіраў маленькімі вочкамі на двор, — відаць, кагосьці чакаў. Другі — Алесь Вострыкаў — здаваўся абыякавым да непакою таварыша і задуменна калупаў заплямленую, даўно не фарбаваную сцяну пад’езду. Быў ён невялічкі, тонкі, у старэнькай, аблезлай і мытай-перамытай фэзээнаўскай форме; на твары яго з драбнаватымі рысамі ляжала паныласць. Калі, нарэшце, са двара паказаўся трэці, той, каго чакалі, Піліп загаварыў, і яго басавіты голас, нібы ў дзежцы, забумкаў пад нізкім скляпеннем пад’езду.

— Ну, чаго ты так доўга, Сёмка?

— Ат! — махнуў рукою Сёмка. — Няма кім падмяніць. Пайшлі!

Юнак быў відавочна раззлаваны нечым, і яны ўдвух з Піліпам падаліся на вуліцу. Алесь пачакаў, пакуль яны мінуць яго, і нетаропкай, сумнай хадой пабрыў следам.

Сонца схавалася за дахамі, але яго няяркія промні яшчэ поўнілі спакойны блакіт нізкім святлом адвячорка. Там, угары, было светла, цёпла і ўтульна, і ў самым зеніце, быццам ладкуючыся на адпачынак, спыніла свой дзённы рух белая хмурынка. На зямлі ад нагрэтых камяніц патыхала духатой, пахла пылам; як звычайна ў суботу, на тратуарах тоўпіліся пешаходы; запозненыя аўтамабілі пакідалі за сабой устойлівы ў цішы пах бензіну.

Алесь паныла ішоў за таварышамі і моцна крыўдзіўся. I як было не крыўдзіцца, калі тыя хлопцы, з якімі ён працаваў на адных рыштаваннях, жыў у адным інтэрнаце, сёння так пагардліва паставіліся да яго?

Уся справа пачалася адвячоркам, калі ад іхняй брыгады садзеяння міліцыі вылучаўся камсамольскі патруль. На гэта як заўсёды прызначылі двух: Піліпа Лапату і Сёмку Зубрыцкага, трэцім упершыню сёння наказалі збірацца Вострыкаву. Алесь пачысціў свой старэнькі фэзээнаўскі гарнітур, прышыў белы каўнерык, наваксаваў туфлі і, крыху ўзрушаны, чакаў, калі выходзіць. Але тут выявілася, што Сёмка і Піліп незадаволены трэцім супольнікам і не хочуць разам з ім ісці ў патрулі. Алесь, папраўдзе кажучы, разумеў іх: для такой справы патрэбны быў бойкі, рухавы хлопец. Ён жа сціплы, не дужа смелы і не дужа моцны, і ў такой справе гатовы быў уступіць сваё месца больш вартаму. Але вось больш вартага не знайшлося сёння ў іхнім інтэрнаце. Пасля работы ўсе разышліся хто куды, і Алесь мусіў збірацца з Піліпам і Сёмкам, якія злавалі, што ў іхнюю кампанію трапіў нежаданы чалавек.

Праўда, яны хутка забыліся на сваю злосць. Жвавы чарнавокі Сёмка шпарка сігаў па тратуары і, цікуючы між сустрэчных прыгожых дзяўчат, апавядаў нешта вясёлае. Лапата слухаў і ляніва ўхмыляўся вузенькімі вочкамі на дабрадушным санлівым твары. На Алеся яны махнулі рукой — ат, маўляў, няхай ідзе, калі хоча, а не хоча, няхай вяртаецца: бяда невялікая.

Але Вострыкаў не вярнуўся, а з самотнымі думкамі ішоў следам. Ды і чаго было вяртацца, калі ў інтэрнаце пуста і сумна, блізкага сябра ў Алеся яшчэ не было, і ніхто яго не чакаў там. Другія неяк зыходзіліся, разам працавалі, разам гулялі, а ён, ціхі, сціплы і непрыкметны, ад усіх заставаўся ўбаку. У сяброўства да яго ніхто не набіваўся, ды і ён асабліва не лез да іншых.

Хлопцы прайшлі люднай вуліцай, мінулі ўжо агорнуты вячэрняй цішынёю парк і падышлі да гаркомаўскага дома. Толькі тады, адчыняючы зялёныя дзверы ў мураванай браме, Лапата азірнуўся і ўбачыў Алеся, які ўпарта цягнуўся ззаду. Піліп знарок моцна грукнуў дзвярыма і ўвайшоў у двор.

Там ужо было шмат народу — навучэнцы школ ФЗН, студэнты педінстытута, чыгуначнікі і маладыя рабочыя заводаў, — яны сабраліся сюды і чакалі інструктажу. Трымаліся ўсе купкамі, сядзелі на ганку ўздоўж сцяны і нават на нізенькім шчыкетніку ля брамы. Увайшоўшы сюды, Алесь разгубіўся, не ведаючы, куды падацца. Хутка ён убачыў сваіх, Сёмку і Лапату, якія ўжо размаўлялі з нейкім віхрастым у акулярах хлопцам. Алесь здалёк ваўкавата паглядзеў у іх бок, але не пайшоў туды, а, уздыхнуўшы, прыткнуўся ля загародкі побач з групай гаваркіх студэнтаў.

Блізка за брамай гаманіла вуліца, шорхалі ногі па асфальце, і ў двор даносіліся ўрыўкі чужых вясёлых размоў. У двары таксама шумелі галасы, адчуванне нязведанай новай справы ўзнесла хлапечы настрой. Студэнты ўжо, відаць, не ўпершыню выпраўляліся ў патрулі і цяпер дасціпна фантазіравалі на тэму начных прыгод. Усе навокал гаманілі і смяяліся, прадчуваючы забаўныя падзеі, адзін толькі Алесь Вострыкаў, маўклівы і насуплены, сядзеў тут, на мулкай загародцы, і дзёўб абцасам упартую да жыцця мураўку.

Але вось той віхрасты ў акулярах, з якім размаўлялі хлопцы, выйшаў на сярэдзіну і сказаў, што трэба пастроіцца. З жартамі і вясёлымі кпінамі наконт свайго вайсковага спрыту моладзь падалася да яго і пачала нязграбна станавіцца ў шарэнгу. Алесь таксама ўстаў і, не ведаючы, дзе прыступіцца, стаяў зусім разгублены і чамусьці ніякавата моршчыў кароценькі, амаль дзіцячы нос. Ён пэўна стаў бы дзе-небудзь на левым фланзе, калі б не пачуў басавіты голас Піліпа Лапаты:

— Вострыкаў, давай сюды!

I дзіўная справа — душа чалавечая! Знаёмы Лапатаў голас прагучаў сярод гоману, як нешта сваё, блізкае і роднае. Алесь адразу адчуў, што трымацца замкнёна і воддаль у яго не стае моцы. Адчуваючы, як пацяплела ў душы, ён знарок паволі падышоў да хлопцаў і дзікавата яшчэ стаў у шарэнгу побач з Лапатам. Выроўніваючыся, хлопцы спачатку штурхаліся і сціскалі яго, паводзячы з боку ў бок, а потым неяк выпхнулі ў першы рад, дзе было вальней, і ён такім чынам апынуўся ля Сёмкі, які нядобра паглядзеў на яго.

Калі шум крыху ўгаманіўся і шарэнга яккольвечы ўладкавалася на двары, віхрасты ў акулярах аб’явіў, што ён — начальнік штаба камсамольскіх патрулёў, і пачаў інструктаж. Ён сказаў, што ў горадзе здараецца шмат хуліганскіх учынкаў, што камсамол павінен выкараняць іх, і для таго прызначаюцца патрулі, у задачу якіх уваходзіць выяўляць хуліганаў і папярэджваць хуліганства. Дзесяткі з тры хлопцаў уважліва слухалі яго, потым віхрасты разгарнуў спіс, што трымаў у руцэ, і пачаў размяркоўваць патрулёў па аб’ектах.

Пакуль называліся незнаёмыя прозвішчы і вызначаліся месцы, Алесь пазіраў на начальніка штаба і паціху слухаў, як варушыўся збоку яго сусед Сёмка. Ён усё перашэптваўся нешта з Лапатам і хіхікаў немаведама чаго, аднак Алесь не паварочваўся і не ўнікаў у іхнюю весялосць.

Нарэшце дайшла чарга і да іх. Віхрасты выйшаў на сярэдзіну шэрага і зачытаў:

— Дзесяты будтрэст: Лапата, Вострыкаў, Зубрыцкі. Будзеце патруляваць па вуліцы Пясчанай і ля інтэрната цагельнага завода. Звернеце асаблівую ўвагу на клуб завода. А хто старшы ў вас?

Начальнік павёў акулярамі, нібы стараючыся ўбачыць у шэрагу будаўнікоў старшага, але тыя стаялі маўклівыя і не ведалі, хто ў іх старшы.

— Што, няма старшага? — перапытаў ён. — Ну, вось… Вострыкаў і будзе ім.

Алесь збянтэжана зірнуў на начальніка штаба, не ведаючы яшчэ, жартуе той, ці сапраўды загадвае яму. Але пакуль хлопец гадаў, віхрасты ўжо зрабіў адзнаку ў сваім спісе.

— Я не старшы, — запярэчыў Алесь. — Я не ўмею…

Начальнік штаба толькі ўсміхнуўся.

— Ну, што вы? Зможаце, гэта нескладаная справа.

Алесю зноў стала ніякавата, праўда, ужо з нейкай іншай прычыны, чым раней. Лапата ззаду прыціх, а Сёмка неяк адразу насцярожыўся — Алесь не бачыў, але, стоячы побач, адчуў гэта. Начальнік тым часам падаў яму чырвоную нарукаўную павязку старшага патруля і зноў паўтарыў, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

Так нечакана для сябе Алесь зрабіўся старшым, і, толькі калі віхрасты перайшоў да іншых, паверыў, што ўсё гэта адбылося ўсур’ёз і канчаткова.

Нарэшце ўсе справы былі скончаны. Хлопцы ў двары парушылі строй, з гамонкай і мітуснёй збіраючыся разысціся па сваіх вуліцах, але віхрасты зноў узняў руку:

— Адну хвіліну, таварышы! На мінулым тыдні ў горадзе з’явіўся рэцыдывіст, нехта па мянушцы Фараон. Калі дзе хто заўважыць гэтага бандзюгу, то даць сігнал абавязкова. Міліцыя на яго ўжо мае справу.

Назад Дальше