Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Васіль Быкаў 23 стр.


— Ды вось стрэліся, — трохі ўжо авалодаўшы сабой, казаў Андрэй Андрэевіч. — Ты едзеш куды?

— Я? Ага, еду… Ці яшчэ не, але трэба… Сёння паеду.

Тады ён далікатна ўзяў яе за локаць і, патроху перамагаючы хваляванне, павёў між людзей у цесным праходзе.

— А я, ведаеш, на плошчы зірнуў у таксі, гляджу; ты! Ну, я на другое, даганяць. Ледзь-ледзь не згубіў… Вось…

Здарылася ж як! — ужо без ценю былых пакут і сумненняў радасна казаў Андрэй Андрэевіч.

— А як жа гэта ты? Адкуль? — пыталася яна, паслухмяна ідучы поруч і пільна ўглядаючыся ў яго твар, які ўсміхаўся збянтэжанай, трохі сарамлівай усмешкай…

— Я жыву тут… Ужо тры гады… Працую ў трэсце інжынерам.

Яны прабраліся ў самы кут пачакальнай залы, прыселі на ўскрайку дубовай з высокай спінкай канапы. Побач, узваліўшыся на чамадан і захінуўшы твар каўняром, ляжаў нейкі здарожаны пасажыр. Яны, аднак, не зважалі ні на кога.

— Ой, якая сустрэча!.. Якая сустрэча! — ад здзіўлення ці ад радасці, усё ўзіраючыся ў яго, казала Ніна. — А ты не змяніўся, Андрэйка. Усё такі, як быў. А колькі ўжо год мінула!..

Яна нялёгка ўздыхнула. Ён таксама з замілаваннем, з незразумелай тугой і бязмерным шчасцем глядзеў у яе прыемны, маладжавы, крануты сумнай усмешкай твар з падведзенымі тонкімі брывамі і па — ранейшаму доўгімі вейкамі. Яна зняла з галавы намоклы капюшон і апынулася ў модным зялёным бярэціку на кароткіх ільняных завітках. На Андрэя Андрэевіча адразу дыхнула ўспамінамі пра іх незабыўнае былое. Здавалася, усё, што было ў ягоным жыцці без яе, было сном, хворым трызненнем, а цяпер прадаўжаецца тое, ранейшае. Але трохі ўгледзеўшыся ў яе падпудраны твар, Андрэй Андрэевіч улавіў у ім нешта новае, невядомае яму, набытае, відаць, у тыя доўгія гады іхняй ростані. Аднак ён яшчэ не хацеў заўважаць гэтага і сказаў шчыра;

— I ты ўсё такая ж, Ніна…

Нешта, пэўна, большае, чым трэба было, вымавіў ён у апошнім слове, бо ў яе вачах бліснулі на момант іскрынкі нейкай здагадкі, але яна хутка пагасіла іх і спытала;

— Ну, як жа ты маешся?

Ён не хацеў ні думаць, ні гаварыць пра сябе, ён глядзеў, глядзеў у яе любыя вочы, трымаў у сваіх далонях яе руку, і вочы яго струменілі перамешаныя хваляваннем пачуцці. Але яна спытала яшчэ;

— Як ты жывеш? Ці шчаслівы?

— Я? — чамусьці здзівіўся Андрэй Андрэевіч. Так, ён быў цяпер шчаслівы, і ўсё іншае не датычыла яго, знікла з адчуванняў, унутры чалавека бурліла хмельная радасць. — Я так, нішто, — казаў ён. — Працую. А ты? Дзе ты? Як ты? Хто ў цябе?

Яна неяк трошкі журботна ўсміхнулася куточкамі вуснаў.

— Позна ж ты цікавішся, — папракнула Ніна і коратка ўздыхнула.

Ён адчуў тады, што сапраўды вінаваты перад ёй і аж здзівіўся цяпер, як гэта ён мог гэтулькі чакаць, маўчаць, нічога не зрабіць, каб адшукаць яе, сустрэцца, убачыцца. Але ён быў шчыры з ёю, і яго радасць, яго відавочнае шчасце сустрэчы сказала ёй больш за ўсе словы.

— Андрэйка, — пазіраючы ў глыб яго ўважлівых вачэй, сказала Ніна. — А я памылілася тады… памятаеш?.. — яна апусціла вочы. Боль яе смутку кальнуў у душы Андрэя Андрэевіча. — Я замужам, у мяне дзіця, але… мне нявесела…

— Ніна! — перабіваючы яе такі знаёмы па сабе сум і боль, загаварыў Андрэй Андрэевіч. — Не трэба цяпер пра гэта… Не трэба… Ведаеш, і мне… нявесела.

Яна яшчэ маркотна, бы з недавер’ем, зірнула на яго і зноў уздыхнула. Ён змоўк, і тады ўпершыню патухла радасць і ў яго стомленых цёмных вачах.

Нейкі час яны задуменна маўчалі. Паволі ўлягалася ўзрушанасць, новыя, засмучоныя ноты напаўнялі перажыванні абоіх. У ёй гэтая засмучонасць таксама была новая, незнаёмая яму: нейкае капрызнае раздражненне на кароткі час з’явілася на яе твары. Яна крыху задумалася — можа, што ўспамінала, — рукі яе у намоклых рукавах плашча нервова варушыліся на каленях, пальцы няўцямна церабілі пальчатку. Але так працягвалася нядоўга, хутка яна зноў, ужо весялей, зірнула на Андрэя Андрэевіча, відаць, перамагла нешта ў сабе і спытала:

— Як жа гэта ты, аднак, уздумаў даганяць мяне?

Мноства гарачых пакутных слоў узнялося тады, перамяшалася ў яго галаве, ад перажытага ўзрушання зблыталіся яго думкі і намеры, і ён кусаў толькі свае засмяглыя вусны. Трэба было сказаць самае галоўнае, самае важнае, аб чым марыў ён доўгія гады. Жанчына нібы разумела гэта і чакала, не ў стане згасіць у вачах нямое трывожнае пытанне.

— Ніначка, каб ты толькі ведала! — натужна сказаў ён, глынуўшы ў горле пакутны камяк.

Яна павесялела ад яго невясёлых слоў, зноў, як калісьці ў далёкія гады, прыхінулася плячом да яго, узяла ў свае яго вялікую з набраклымі жыламі руку.

— У цябе сям’я.

— Так, сям’я, — сумна сказаў Андрэй Андрэевіч. — Двое малых…

— У мяне дачка… Вялікая ўжо… Муж маёр. Прыехалі вось з Далёкага Усходу. Ведаеш, як я апынулася тут? Ты мне сніўся ўчора, — стрымана бліснуўшы вачыма, паведаміла Ніна. — Я кінула ўсё і паехала… Шукаць цябе, — даверліва прызналася яна.

Побач за высокай спінкай канапы гаманіў вакзал, снавалі людзі, глуха хроп сусед, падкурчыўшы на сядзенні ногі. У цьмяным вялізным акне гулялі вулічныя водсветы, раўлі, лязгалі цягнікі за сцяной. Яны ж забыліся на свае справы і турботы, сядзелі, прыпаўшы адзін да аднаго, і слухалі пакутную споведзь сэрцаў.

Але ўляглося першае хваляванне сустрэчы, і неяк нечакана хутка мінулася яе чароўнае замілаванне, нешта куды больш простае і звычайнае ўваходзіла ў душу. Андрэй Андрэевіч усё глядзеў на жанчыну — збоку ён бачыў яе маленькае мяккае вушка, напалову схаванае ў завітках валасоў, далікатны, бы ў дзіцяці, пушок на шыі, і чамусьці гэтае суседства каханай усё меней кранала яго. Незразумела, чаму так хутка ў гэтай сустрэчы зніклі і хваляванне, і боль, і нават радасць, і ўнутры ў ім усё выразней расла незразумелая прыкрая няёмкасць. Прыгарнуўшыся да яго, сядзела любая жанчына, яго колішняя Ніна, а ў вачах чалавека праз туман гадоў выплываў іншы вобраз — вобраз той смяшлівай дзяўчыны, што засталася некалі ў далёкім горадзе на ўзбярэжжы славутай ракі… Андрэй Андрэевіч, крыху збянтэжаны ад такога здрадлівага пачуцця, душыў у сабе тую прыкрасць — ён не хацеў разлучацца са сваім выпеставаным у марах шчасцем.

— Разумееш, я ўжо думала розум страчу. Так прыкра, так сумна… А муж вечна заняты, нічога не бачыць, апроч сваёй справы… не цэніць. Спіць і ўсё мармыча пра нейкія свае клопаты. А я… а мне надакучыла гэта, я жыць хачу… Навошта гіне маё хараство?.. Думаю: прападзі яно ўсё пропадам, купіла білет і — сюды. Але хіба знойдзеш, не ведаючы! I вось ты — нібы сам бог паслаў.

Яна кінула на яго смяшлівы позірк і ніякавата, нібы засаромеўшыся, пачала церабіць пальчаткі, пасля, прывычна прыхарошваючыся, папраўляла валасы, бярэцік, полы плашча, і гаварыла, гаварыла… Ён маўчаў, слухаў пра яе жыццё з нялюбым, занятым службаю мужам і жахаўся, думаючы, што, бадай, гэтак сама сказала б пра яго самога ягоная жонка. Ён шчыра намагаўся выклікаць у сабе спагаду да жанчыны, але ў глыбіні душы ўсё настойлівей раздзімаўся яшчэ не ўсвядомлены да канца агеньчык незадаволенасці, прыкрасці ад яе апавядання. Нечага іншага карцела яму, нечага былога і каханага неставала ў ёй, і здавалася, быццам побач сядзіць нейкая незнаёмая, чужая жанчына.

Аднак яны доўга сядзелі прыгарнуўшыся і не чулі, як ішоў час. Сусед, што спаў побач, раптам прахапіўся, спачатку ўскінуў галаву, потым спусціў на падлогу ногі і запытаўся сіплым заспаным голасам:

— Колькі часу, не скажаце?

— Дваццаць хвілін на першую, — сказала Ніна і сама войкнула. Яна спазнялася на цягнік, да яго адыходу заставаліся апошнія хвіліны. Толькі зараз, узняўшыся з канапы, заўважылі яны, што ў зале прыкметна пацішала — людзі павыходзілі на пасадку — то быў апошні цягнік уначы. Сусед-пасажыр, сонна сапучы, знік недзе ў дзвярах, побач болей не было нікога, толькі на жаўтаватым узорным паркеце ляжалі нерухомыя цені канап.

Ніна збянтэжана замітусілася, зашпільваючы плашч. Мімаволі Андрэю Андрэевічу кінулася ў вочы сытая паўната яе некалі тонкага дзявочага стану. Жанчына была вельмі ўсхваляваная, белыя шчокі яе нервова ружавелі, вочы блішчалі трывогай. Андрэй Андрэевіч стаяў маўклівы і сумны.

— Андрэйка! — умольна сказала яна, горнучыся да яго і закідваючы голаў, каб зазірнуць у яго невясёлы твар. — Андрэйка, што нам рабіць?

Андрэй Андрэевіч маўчаў. Колькі гадзін назад, даганяючы яе, ён не ведаў яшчэ, што мог бы зрабіць дзеля гэтай жанчыны. Цяпер ён адчуваў, што, бадай, ужо нічога не вырашыць і нічога не скажа ёй.

— Андрэйка, шчасце, шчасце мінаецца… Гады ідуць… Што будзе потым, Андрэйка?.. Я чакала цябе… Ну, скажы мне што-небудзь…

Ён чакаў таго і баяўся. Баяўся, бо гэта было вялікае, складанае пытанне, незразумелае, загадкавае, і цяпер, калі ў яго адчуваннях перамяшалася ўсё, ён не ведаў, як паставіцца да здарэння. За гэтую нерашучасць і няўцямнасць ён праклінаў сябе ў думках, але маўчаў і разгублена глядзеў на жанчыну.

Яна абхапіла яго за плечы, утуліла твар у вільготныя складкі плашча, прыціснулася да яго ў роспачным дрыготкім парыве.

— Давай сыйдземся, будзем жыць, будзем кахаць адно аднаго, паважаць, шанаваць… Давай, Андруша!

Назад Дальше