Андрэй Андрэевіч балюча сцяў сківіцы.
— А дзеці? — спытаў ён сіпатым, тугім голасам, бы яго хто ўзяў за горла.
— Дзеці? — здзівілася яна і ўскінула ўгору заплаканы мокры твар. — Дзеці? У мяне добрая дзяўчынка, ты будзеш любіць яе як бацька… Ты будзеш рады… Яна паслухмяная такая, прыгожанькая… Андруша!!!
Яму зрабілася крыўдна, балюча ад таго, што яна не зразумела яго ці прыкінулася, што зразумела не так. I тады нешта новае з’явілася ў яго адчуванні — ён ужо ведаў, што ў нечым доўга памыляўся ў жыцці.
— А як жа мае дзеці? — разгублена спытаўся ён і нахмурыўся.
Яна адразу змоўкла, насцярожылася. Андрэй Андрэевіч адчуў, як звялі на яго плячах яе рукі — неўзабаве яна зусім прыняла іх. Потым жанчына пільна паглядзела ў схаладзелыя вочы Андрэя Андрэевіча і, відаць, не знайшоўшы таго, што шукала, моўчкі ўздыхнула.
А Андрэя Андрэевіча апаноўвала прыкрасць. Яна ўжо прарвалася ў душу шырокім струменем і засмучала яго міжвольна, але няўхільна, усё болей аддаляючы гэтую нядаўна жаданую жанчыну. I чамусьці ў тыя хвіліны Андрэй Андрэевіч забыўся на свае мары, на сваю няўтольную прагнасць да ціхага шчасця, яму стала ніякавата ад гэтай сустрэчы, ён шкадаваў ужо нечага, што адбылося сёння, злаваў на сябе за супярэчлівасць пачуцця да Ніны і зноў пакутаваў. Але ён усё ж прыцяў у сабе незадаволенасць і раздражнёнасць, выкліканую яе дамаганнямі, і сказаў ціха:
— Не, так нельга, Ніна…
Тады яна ўзяла свой чамаданчык і, разважыўшы нешта, паціху пайшла па праходзе. Ён падаўся следам.
Чыгуначнік з чырвонай павязкай выпусціў іх на перон. Уздоўж вузкай апусцелай платформы стаяў цягнік. Дождж перастаў, усюды ў лужынах ззяла адлюстраванне агнёў.
Ён вёў яе па доўгай платформе паўз уважлівыя позіркі нерухомых правадніц, і здавалася чалавеку: чужыя вочы з дакорам, бы ведаючы што, пазіралі на іх. А ў галаве Андрэя Андрэевіча настойліва чамусьці стукала неадчэпная думка: «Як жа гэта?.. Як жа гэта?..»
Недзе ў зіхатлівай цемры станцыі працяжна зароў паравоз. Ніна, разгубіўшыся, кінулася да свайго вагона, потым спынілася, падалася да Андрэя Андрэевіча, ухапіла яго за рукі.
— Андрэйка, падумай… Пішы, я чакаю… Чуеш?
— Куды ж пісаць? — усміхнуўся ён, згладжваючы ўсмешкай няёмкасць ад такой ростані. Яна выхапіла з сумачкі кавалак паперы, нешта чыркнула алоўкам і падала яму.
Калі цягнік крануўся, яна ўсё стаяла на прыступках і з-за спіны правадніцы махала яму. Ён трохі прайшоў следам, але цягнік усё набіраў імпэт, і вагоны, бліскаючы вокнамі, неўзабаве абагналі яго.
Тады Андрэй Андрэевіч спыніўся, не разумеючы добра, што адбылося. Нешта ціха, маўкліва і пуста стала на душы, і ён не ведаў яшчэ, радавацца ці бедаваць ад гэтага. То яму здавалася, што ён другі раз пакрыўдзіў яе, то сам пачынаў крыўдзіцца на Ніну. Пастаяўшы так, ён сунуў у кішэню паперку з яе адрасам — рука абмацала там шакаладкі, купленыя ў «Гастраноме», і чалавек нібы вярнуўся да будзённай свае рэчаіснасці. Ён неяк усміхнуўся, думаючы, што дзеці, пэўна, паснулі ўжо, не дачакаўшыся сёння яго гасцінцаў, і нешта цёплае, замілаванае ўвайшло ў яго пачуццё.
А ў небе тым часам зусім зніклі хмары, і над горадам высыпалі мігатлівыя зоры. «Пэўна, распагодзіцца», — машынальна падумаў Андрэй Андрэевіч, зірнуўшы ўгору, і ўздыхнуў, як уздыхаюць, пазбавіўшыся нялёгкіх турбот. Пасля ён шпарка пайшоў па платформе…
1957 г.
Зімовы дзень кароткі, як зайцаў хвосцік. Не паспее развіднецца, і ўжо хіліць на адвячорак. А калі мала часу, заўжды знойдзецца шмат спраў, і тады ўжо не мінуць ночы.
У Юзіка Паддубка спраў было многа. Пакуль атрымаў трыерныя сіты на базе Сельгасзбыту ды купіў сёе-тое ў крамах, дык ужо на вуліцах загарэліся агні. У прыцемках хлопец выехаў з горада, узбіўся на гасцінец і паціху падаўся ў сваё Зарэчча.
…Конік рухава бяжыць па знаёмай дарозе, візгоча, рыпіць снег пад палазамі, плывуць, паварочваюцца па баках бялявыя, далікатна ахінутыя змрокам палі. Мароз нанач патроху ўбіраецца ў сілу, пашчыпвае Юзіка за вушы, але той цярпліва трымае форс і не развязвае шапкі. Дый што той мароз, калі ў душы хлопца столькі мараў-летуценняў, такіх далёкіх ад гэтай зімовай дарогі! Нездарма ж ён паехаў у горад за тымі сітамі — былі і яшчэ клопаты. I як ім не быць, калі ў хлопца праз тыдзень вяселле, а там… А там гэткае шчасце, што аж не верыцца, не ўяўляецца нават…
I раптам над Юзікавай галавой — бесцырымонны конскі храп, ажно цёплай парай патыхнула за сцюдзёны каўнер. Амаль налезшы на хлопцавы сані, конь так і не збіраецца збочыць, абмінуць, а толькі бразгае цуглямі ды шумна пыхкае ў воз. Неўзабаве, аднак, з фасоннага вазка саскаквае на дарогу сядок — спрытны мужчына ў расшпіленым чорным кажушку і валёнках. Паляпаўшы рукавіцамі, ён крычыць спадарожніку;
— Гэй, закурым, браток?
Ён даганяе Юзікавы сані і, па-качынаму валюхаючыся ў бакі, спорна крочыць побач.
— А я выехаў поначы, гляджу — нідзе нікога. Во, думаю, самота будзе аднаму. Ды вось дагнаў цябе, — жвавым тонам гаваркога, шчырага чалавека кажа незнаёмец. Ён на хаду прыпальвае папяросу, пстрыкае ў снег агеньчык запалкі. Юзік насупіўся, маўчыць, не дужа задаволены ўтаржэннем у яго мары.
— Ты адкуль будзеш? — проста пытаецца чалавек.
— З Зарэчча.
— З Зарэчча? А чый там? А, Петрусёў. Ну, ну, ведаў калісь. Бацьку, вядома, не цябе. Што, ужо сямейны ці нежанатым ходзіш?
— Ды не яшчэ, нежанаты, — сарамяжліва ўсміхаецца Юзік і па нейкіх няўлоўных рухах душы спадарожніка адчувае, што таго поўніць добрае, лёгкае пачуццё, якое і прывяло яго да Юзікавых саней. I сапраўды, чалавек, як да знаёмага, адразу прыладжваецца да хлопца. Конік яго рупліва тупае ззаду, а чалавеку карціць усё гаманіць, выказаць сваё.
— А я, браце, вунь жонку адвёз… У горад — на вазку, а там у «Победзе» паехала — на сустрэчы выступаць. Кандыдат, брат, жонка, — з прытоеным гонарам паведамляе незнаёмец, і Юзік здагадваецца, што гэта і ёсць прычына яго радасці.
Юзік — маўчун, ціхманы, нетаропкі. З такім цяжка весці размову, але затое ён скарб для тых, хто сам любіць расказваць, успомніць ці проста падзяліцца сваім. Незнаёмец, відаць, адчувае гэтую рысу ў хлапечым характары і ўжо не можа ўтрымаць у сабе таго, што так поўніць яго цяпер.
— Ось, браце, каб ты ведаў, і нарабіла мне жонка клопату — і клопату і дзіва — усё адно да аднаго. Быў гаспадар, муж, галава сям’і, так сказаць, а стаў чорт ведае хто.
— А што? — зацікавіўшыся, пытаецца Юзік. Чалавекаў кажушок матляецца поламі ля Юзікавага твару, пахрумствае снег пад валёнкамі. Чалавек ступае спорна, ёмка і ў такт кроку сюды — туды паводзіць плячыма.
— Ды вы сядайце, чаго там, — прапануе Юзік.
— От, браце, і сам дзіўлюся, як усё выйшла, — кажа новы сядок, размашыста ўвальваючыся ў Юзікавы сані.
Хлопец трохі пасунуўся на край, побач адразу моцна запахла аўчынай і духмянасцю папяроснага дыму. Зблізку Юзіку добра відаць чалавекаў твар — паголены, ужо немалады, пасівераны і скуласты — рухавы твар бойкага, недурнога чалавека.
— Ведаеш, я нават атарапеў крыху. Думаю, мо’ які недагляд, непаразуменне, вельмі ўжо крута ўсё. Была жонка, баба, значыць, ну там даярка — гэта зразумела, як і мае быць. А цяпер — хто ведае што? I як усё атрымалася — падумаць толькі! — Ён з задавальненнем смяецца і рухава ляпае сябе па сцягне рукавіцай. — Мая Фроська — і на табе: ардэнаносец — раз, герой — два, кандыдат — тры! Во як.
У словах чалавека — здзіўленне, павага і нястрымная, няўрымслівая радасць, — тая светлая добрая радасць за жонку, якая часцяком хаваецца ў мужчын за зухаватай знешняй грубаватасцю. Але радасць — не гора, яе не схаваеш у душы, радасць імкнецца к людзям.
Юзік сціпла ўсміхаецца ў паўзмроку ночы, але незнаёмец не бачыць таго. Адкінуўшыся на локаць, ён патыхае ў марознае паветра пахучым дымком і ўсё апавядае пра тое, што рвецца цяпер з яго душы.
— Ведаеш, я і сам не які-небудзь доўбень. У вайну ў войску служыў — вярнуўся з ордэнам і трыма медалямі. Вярнуўся — дома пашана і павага. Усе, ведаеш, з роспытамі: што і як? Многа ў каго ў вачах — сам бачу — завідкі гараць, усё мае ўзнагароды мацаюць. Ну, гарэлкі папілі, значыць, павесяліліся — трэба і за працу брацца. А ў калгасе, брат, блага — ні коней, ні хлеба, паўвёскі спалена. Кажуць прыяцелі: што ты тут будзеш пэцкацца — ты ж заслужаны чалавек, гэта мы ўжо нікудыкі, дзе дзявацца? I праўда, думаю, хіба я раўня гэтым дамаседам: Берлін браў, паранены, узнагароджаны. Ну, і падаўся я ў МТС, па тэхнічнай, значыць, лініі. МТС недалёка, вярсты тры. Кожнага ранку сняданак у кішэню — і на працу. Кіцель з медалямі на відным месцы ў хаце павесіў, каб бачна было, што за гаспадар тут. А дома маці адна старая. Цяжка ёй, вядома. Кажа аднойчы: жаніўся б — пара ўжо. Думаю: сапраўды пара. Але вось толькі з кім тут ажэнішся? Дзевак-то многа, а адной, той самай, якой трэба, і няма. Але ўжо, як кажуць, калі парупіць, дык мусіш. Прыгледзеўся я — у эмтээсе ў нас рахункаводка Жэня, зграбная такая дзеўка, і апрануцца і язык пачасаць — во якая хвацкая. Ну і ў вёсцы яшчэ была ў мяне, да вайны калісь вадзіліся трохі — Фрося. Гэта, брат ты мой, якраз супраціўніца той, эмтээсаўскай. Такая сарамяжная, ціхманая, у калгасе робіць, і больш нічога аб ёй не скажаш. Думаў я, думаў і не ўцямлю, да якой больш сэрца цягне. Хацеў ужо быў да Жэні прыставаць — байчэйшыя яны хутчэй галаву ачмураць. Ды гляджу аднойчы — наш Сёмка-шафёр неяк дужа блізка ля яе круціцца, і яна яму, увакурат, як і мне, вочкі закочвае. Узяла мяне злосць — я ж табе пакажу. Раз-два з Фроськай згаварыўся, і акурат на Дзень танкістаў — у загс, распісаліся.
Над заснежанымі палямі ў зорным мігатлівым небе аднекуль з’явіўся ўжо вузенькі сярпок месяца. Ён не свеціць, а толькі пазірае ў цьмянае зімовае наваколле і ўсё бяжыць, бяжыць кудысьці навыперадкі з двума фурманкамі на дарозе, нібы таксама слухае, зацікаўлены разважнай чужой радасцю. Юзік усё маўчыць, але слухае чуйна — яго сэрца вунь як убірае ў сябе тыя незнаёмыя справы чалавека.
— Давай закурым, — зноў прапануе сядок, шчоўкаючы ў руках самаробным дзюралевым партабакам. — Не курыш? Ну, ты, браце, зусім як дзеўка. Дык слухай тады, спатрэбіцца можа…
Ён прыкурвае з прыгаршчаў, асвяціўшы пасівераны нос і натапыраныя бровы, гойкае на свайго коніка, які трохі адстаў ад саней, і смачна зацягваецца.
— I вось, браце, стаў я, значыць, жанатым чалавекам. Спачатку дзіўна гэта з непрывычкі — жанатым зрабіцца. На працы — нейкая новая сур’ёзнасць, бы гадоў прыбавілася ці на пасадзе павысілі. Жонка здаецца гэткай ладнай, добрай, успамінаеш што-кольвечы, ну і марыш пра рознае. Але зноў жа і нязручнасць — дзеўкі ўжо без увагі да цябе, бы ты які вышчарблены стаў. Пажартуеш ці ўшчыпнеш там — адразу адвод — не для цябе, кажуць: жонка ёсць. I вось прыйдзеш дадому, а там — новы чалавек у хаце, глядзіш, цікавішся: што, як. Дагэтуль жа не бачыў так зблізку ў жыцці, ды мо’ не звяртаў увагі, а цяпер у адной хаце ўсё відно. А трэба табе сказаць, чалавек я не злосны, але строгасць паважаю. Бацька быў строгі, потым сам я ў войску сяржантам служыў, там ужо камандзірская строгасць у кроў уелася — не люблю зважаць. Ну, і да жонкі я таксама без паблажкі. Што дзе не так — кажу напрамкі: вучыся, слухай — на тое й муж, каб дагаджаць яму. Спачатку яна — слязу на вочы, а потым нішто, прывыкла. Вядома ж, хто яна? Вясковае дзяўчо, а я ўсё ж аўтаслесар, тэхнічны чалавек, дый на людзях пабыў, пабачыў сёе-тое.