— Дзядзька Толя ў катлаване, — растлумачыў за бабульку белагаловы хлапчук. — Там скалу выпальваюць.
— Гэта дзе? На Пустцы?
— Ага, дзе камбінат будуюць.
Вадзім адступіўся назад, зачыніў весніцы, ужо не зважаючы на глухую бабульку, якая ўсё запрашала зайсці. Ён ведаў, куды ісці, і падаўся тратуарам, а Ірына, цярэбячы ў руках галінку, трохі адстала ад мужа, і ён, прыпыніўшыся, пачакаў яе.
— Такі добры домік, сімпатычная бабка, чаго перціся немаведама куды, — казаў ён, заглядваючы ў шэрыя, задуменныя вочы жонкі. Ірынка патупілася, каб не глядзець на мужа, маўчала і бязвольна ішла за Вадзімам.
Ціхі зялёны свет абжытага людскога ўтулку хутка скончыўся, упёршыся ў так званую Пустку, дзе разлеглася самае сапраўднае царства хаоса. Здавалася, не было тут ніводнага кавалачка зямлі, які б не быў раскапаны экскаватарамі, здратаваны тугімі скатамі самазвалаў — усюды высіліся штабялі дошак, цэглы, ляжалі груды бетонных блокаў і горы ссунутай бульдозерамі зямлі. Крыху далей паважна і нетаропка паводзілі стрэламі вежавыя краны, а побач ужо бялелі фасадамі гатовыя будынкі. Ля нейкай, відаць, немалой выемкі тоўпіліся людзі, усе пазіралі ўніз, адкуль патыхала ў неба вялізнае полымя і клубамі валіў густы чорны дым.
Пералазячы цераз штабялі цэглы, кучы шпалбэлек, арматуры, пераскакваючы з перашкоды на перашкоду, абмінаючы ямы і скрыні з рошчынай, Вадзім з Ірынай прабіраліся да гэтага незвычайнага пажарышча. Такі цяжкі шлях неяк ажывіў дзяўчыну, надаў ёй рухавасці і сілы, яна разы два войкнула, баючыся страціць раўнавагу на бетоннай бэльцы, па якой пераходзіла выемку. Вадзім хацеў памагчы ёй, але і сам спатыкнуўся і ўдарыў калена. Ірына гучна рассмяялася.
— Ідзі, ідзі — я сама, — сказала яна, узмахнуўшы рукамі, і спрытна саскочыла з бэлькі. Ён паціраў далонню пабітае месца, нешта бурчаў, а яна ўсё гэтак жа лёгка ўзбегла на земляную горку ля абрыву, дзе тоўпіліся будаўнікі, і зазірнула ўніз.
І з той гіганцкай катлавіны-выемкі патыхнула на дзяўчыну ўладарным духам чалавечай сілы, якая пераўзыходзіла яе ўяўленне. Не верылася нават, што такую глыб і шыр зямных нетраў раскапалі тыя маленькія людскія постаці, што выглядалі цяпер мурашкамі ў гэтай яме-даліне. Такімі ж слабымі і нерэальнымі ля вынікаў свае працы здаваліся і два экскаватары, што ўжо нерухома стаялі на сярэдзіне катлавана, таксама як і скасабочаныя на адхоне некалькі самазвалаў.
У Ірынкі заўзятымі агеньчыкамі загарэліся яе сумныя вочы, заружавелі шчокі, вецер зацярушыў яе лоб заблытанымі кудзеркамі валасоў — яна стаяла тут трохі вышэй і ззаду іншых людзей і дзівілася, дзівілася з чалавечых сіл і магчымасцей.
— А што гэта там паляць? — запыталася Ірынка, пазіраючы на агромністыя клубы дыму і на людзей, што таўкліся ў адным куце катлавана. На яе пытанне азірнуўся нейкі чарнявы хлапец у запэцканым камбінезоне — узняўшы бровы, ён акінуў яе цікаўным позіркам.
— Скалу паляць. Скала ў грунце, экскаватары не бяруць, а рваць нельга — дамы блізка. Ну і паляць, каб трэснула, — вытлумачыў ён і, пакаўзнуўшыся на касагоры, падаўся назад, стаў побач з дзяўчынай.
Ірынка, бы зачараваная, стаяла і ўсё пазірала на гэтую будаўнічую веліч. Яна не чула, як ззаду падышоў Вадзім; на нейкі час ён перастаў існаваць для яе.
— Глядзі: ды гэта ж Анатоль, — паказаў Вадзім уніз. — Вунь у чырвонай рубашцы. Завіхаецца, як прараб. Глядзі ты!
— Той, без шапкі? — перапытаў будаўнік у камбінезоне. — Гэта ж ён надумаў — нагрэць, а пасля вадой. Нашы рваць хацелі, ды вокнаў шкада. Вунь ужо шланг цягнуць, — махнуў ён на выезд з катлавана.
Сапраўды, некалькі рабочых, згінаючыся ледзь не да зямлі, валаклі ў катлаван тоўсты брызентавы шланг. Ён, відаць, быў вельмі доўгі і ледзьве паддаваўся людзям. Вогнішча тым часам пачало слабець, чырвоныя языкі паменшалі, толькі валіў чорны дым ад нафты, якой аблілі скалу. Але ўжо дагарала і нафта.
Шланг, урэшце, падцягнулі, і да рабочых падскочыў той хлопец у клятчастай чырвонай кашулі. Ён схапіў канец шланга і закрычаў некаму ўгору:
— Вады давай! Вады!
Ён увесь разгарачыўся, кашуля шырока расшпілілася на яго грудзях, валасы разварушыліся на галаве. Хлопец нецярпліва тузануў шланг, ямчэй перахапіў яго і скіраваў канец у агонь. Нарэшце, відаць, пусцілі ваду — шланг, наліваючыся ёю, варушыўся на зямлі, бы гіганцкая жывая вужака, набрак, надуўся, і хутка з яго хлынуў бліскучы шырокі струмень вады. Хлопец засцярожліва крыкнуў на людзей, што заміналі яму ля вогнішча — тыя паслухмяна падаліся назад, а ён, ледзьве спраўляючыся з тугім пругкім шлангам, упіраўся ў зямлю шырока расстаўленымі нагамі і ліў у агонь ваду. Адтуль разам з чорным дымам нафты заклубіліся ў неба шэрыя воблакі пары, густы туман папоўз па катлаване. У схаваным парай вогнішчы шумна сквірчала, шыпела, і ў гэтым шуме прападалі людскія галасы і крыкі таго зухаватага хлопца.
Тым часам з другога боку катлавана на абрыве з’явіліся яшчэ людзі — яны валаклі другі шланг, і хутка зверху ў дым і пару паліўся яшчэ адзін шырокі вадзяны струмень. Людзі ў катлаване і на абрыве адышліся далей, зблізку засталіся толькі гэты хлопец у чырвонай кашулі і яшчэ двое, што памагалі яму. Побач на абрыве таксама падаліся назад, будаўнік у камбінезоне сказаў:
— Хутка лопацца пачне. Вы глядзіце, а то асколкі…
Вадзім нерашуча пацягнуў жонку за локаць, але тая вызваліла руку — яна чамусьці нічуць не баялася асколкаў. Уся яе ўвага, яе пачуцці сканцэнтраваліся на гэтым незвычайным відовішчы — напружыўшыся ад захаплення, яна неадрыўна сачыла за тым, што рабілася ў катлаване. Невыказнай асалодай поўнілася яе душа ад адчування чалавечай сілы і смеласці.
І вось, нарэшце, пачуўся глухі, быццам з-пад зямлі, стрэл і ў бакі з дыму шуганулі нейкія абломкі — кавалкі зямлі ці каменя — людзі на абрыве адступілі назад. Вадзім ужо настойлівей пацягнуў Ірынку за руку, яна трохі падалася за ім, але страху так і не было — яна хацела ўсё глядзець туды, на гэтае адзінаборства стыхіі з чалавекам — тым смелым хлопцам у чырвонай кашулі.
Яна, пэўна, не адышлася б ад таго месца, але ў гэты час прагучала яшчэ некалькі глухіх стрэлаў, і нейкія людзі пачалі адганяць гледачоў ад абрыву. Тады яны адышлі да кучы бетонных блокаў і там спыніліся, усё ўглядаючыся ў клубы пары і дыму, што валілі ў ветранае чэрвеньскае неба.
Ён выйшаў з катлавана ў мокрай сваёй чырвонай кашулі, гэткіх жа мокрых залепленых граззю штанах і, абціраючы адна аб адну далоні і весела смеючыся, казаў нешта Вадзіму. Той, няспрытна пераскакваючы цераз параскіданую арматуру, вёў яго да Ірынкі, якая, стоячы ля бетонных блокаў, нецярпліва чакала іх, хвалявалася чамусьці і ад таго хвалявання перабірала худыя тонкія пальцы.
— Вось знаёмся, — казаў Вадзім уласцівым яму тонам старэйшага і разумнейшага. — Анатоль, той валацуга, што і ў водпуску без працы не ўседзіць. А гэта мая благаверная Ірына Пятроўна.
— Не стрымаў,— быццам у нечым вінавацячы сябе, смеючыся шчыра і проста, бы даўні сябра, сказаў Анатоль. — Гляджу, людзі таўкуцца, а ніхто толкам не ўмее — вядома, справа новая. А я ўжо гэтага наглядзеўся, ну і тут навязаўся, нарабіў дыму…
Ён засмяяўся — ды так заўзята, што на твары не засталося ніводнай маленькай жылкі, якая б не смяялася разам з ім. Увесь ён аж прамяніўся ад нейкай унутранай радасці, задаволенасці, ад уласнай сілы і зухаватасці. Паддаючыся яго бадзёрасці, Ірынка таксама ўсміхнулася, і яны, трымаючы дзяўчыну ў сярэдзіне, падаліся ў вуліцу.
Ірынчына хваляванне хутка мінулася — новы знаёмы быў на дзіва просты, прыемны і адкрыты чалавек, і з ім дзяўчыне неяк адразу стала бяздумна весела. Ён усё гаварыў і гаварыў, смеючыся і пабліскваючы сваімі чыста-белымі моцнымі зубамі.
— У нас, у Сібіры, гэта звычайная справа. Скалаў там безліч. Летась мы вялі дарогу на Брацк, дык у дзень па пяць скал узрывалі. Тры тоны аманіту — і гары як не было. Ну, але, праўда, пакуль рваць — папрацаваць трэба.
— Вы ў Сібіры працуеце? — запытала Ірынка, стрымана зазіраючы ў хлопцавыя вочы.
— У Сібіры, Забайкаллі, на Далёкім Усходзе — усюды быў патроху.
— Ой, гэта ж, відаць, вельмі цікава? Праўда?
— Што цікава? — уставіў сваё Вадзім. — Цікава там, дзе нас няма, — старая ісціна. Яшчэ Герадот пісаў…
— Як каму, — заўважыў Анатоль, звяртаючыся да Ірынкі. — Некаторым самота — культуры мала, яблыкі дарагія. А каму міла-дорага, хто прастор любіць, размах, вялікую работу.
— Які ўжо там размах, калі садавіны няма. У выніку таго «размаху» рана ці позна — гастрыт або язва. Ведаю я, — пярэчыў Вадзім.
Анатоль толькі рассмяяўся сваім дзіцячым залівістым смехам, і Ірынка зразумела, што Вадзім сказаў нейкае наіўнае глупства.
«Якія ў яго прыгожыя зубы», — міжвольна падумалася Ірынцы, — яна ўжо не мела сілы адарваць позірку ад гэтага загарэлага, абсіверанага, вясёлага твару. І тады, як цень невыразнага, забытага суму, згадалася ёй, што Вадзім ніколі не смяяўся так шчыра, што ў яго гнілыя, хворыя зубы, што ён залішне любіць лячыцца і занадта асцярожна пераходзіць вуліцу. Ад гэтага ўспаміну Ірынка балюча паморшчылася, панурылася і аж здзівілася, як гэта яна раней не заўважала гэткіх выразных заган чалавека.
Вадзім, аднак, нічога не прыкмячаючы ў настроі жонкі, узяў яе за руку і прытуліў да сябе. Яна пакорліва пайшла побач, а ў душы яе ўжо, відаць, канчаткова міналася тая кароткая першая радасць, невыразным жаданнем зашчымела сэрца, зноў стала чагосьці шкада і балюча, але ўжо куды мацней і нясцерпней, чым усе ранейшыя разы.
Анатоль расказваў, якая смачная і карысная на Далёкім Усходзе вясновая чарамша, што яна не горш за тутэйшую цыбулю і расце сама — нясеяная і неараная, адразу ж з-пад снегу; якія вялізныя і тлустыя тамашнія ласосі: у нераст яны лезуць у ручаі і рэчкі, і тыя аж не могуць змясціць вялізных іх касякоў. А колькі велічных будоўляў разгарнулася ў раней не кранутых чалавекам краях, і як усё гэта захапляюча і цікава! Ірынка слухала і ўсё хмурылася з твару, яе сэрца захлыналася ад нясцерпнай усеабдымнай жальбы. Яна прыгадала, як некалі была так блізка да таго незвычайнага, амаль гераічнага жыцця, і гэты ўспамін тупым болем засеў у яе душы.
Вербы і клёны слалі ў доле касыя частыя цені, парэзаныя палосамі сонца, у якіх мільгалі прахожыя. Цераз вуліцу важна і нетаропка прайшла белая рахманая каза, за ёй цягнулася доўгая вяроўка з калком на канцы. Від гэтай казы і ўвесь дрымотны малюнак ускраіннай вуліцы адгукнуліся ў сэрцы дзяўчыны новай горыччу, але яна ўсё маўчала, хаваючы ў сабе пакутлівыя перажыванні.
Вадзім далікатна прытрымліваў жонку, бы аберагаў ад якой небяспекі, Анатоль лёгка ішоў поруч. Плячысты, дужы, коратка падстрыжаны, патрэсваючы густой чупрынай, ён усё смяяўся і апавядаў пра далёкае, невядомае і зманлівае жыццё.
— Гэтую зіму здорава наляглі. Асабліва пад Усць-Ку-там. Тайга. Вы ведаеце, што такое тайга? — тоячы на пульхных вуснах радасную усмешку, пытаўся ён у Ірынкі. — Не, гэта не лес. Звычайны лес супраць тайгі — што сад супраць пушчы. Тайга — гэта падзі і сопкі і такі завал дрэў, што — ні на кані, ні пехатой. Чалавек там нішто — кузурка, але тэхніка — сіла. А гэтай тэхнікі там болей, чым яе было на фронце, на ўчастку прарыву. Яна ўсё крышыць — і лес, і горы, і скалы. А чалавек — толькі камандзір. Праўда, трэба 1 рукі, але болей галава і вочы. Ну, там ёсць на што паглядзець. Такі камень, як сёння, — ён махнуў рукой у бок Пусткі, — там глупства. Яго тры чалавекі прыбяруць. Пару тон аманіту — і чыста.
— А звяры? — ні то ўсур’ёз, ні то з прытоеным жартам спытаў Вадзім.