Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Васіль Быкаў 25 стр.


Так і жывём. Нарадзілася дачка Нюрка, пахаваў маці. Я ўсё ў МТС, а жонка пад восень на ферму даяркай уладкавалася. Гляджу — дрэнь справа. I днюе, і начуе там, а тут прыбяжыш з працы — на дзвярах замок. Вячэры няма, дачка ў суседзяў ці ў цешчы. А ведаеш, як гэта прыкра, калі ў дом позна вернешся, а жонкі няма. Гэта, браце, адна злосць ды нерваванне. Бегай па вёсцы, як пабіраха, збірай сям’ю, палі ў печы. Надакучыла мне гэта, уз’еўся я на Фросю, кажу: кінь к сабакам тую ферму — мне жонка патрэбна, гаспадыня, а не даярка. Дрэнь жывецца, а тут яшчэ радня, асабліва цётка Яналіха — ведзьма-баба, скажу табе, — шапоча ўсё пры сустрэчы: на каго ты падобны стаў, рубашка брудная, схуднеў, навошта, браў такую — негаспадарлівая, неруплівая, каровіна паслугачка. ЦІ такая табе трэба, сам мужык такі відны, — муціць чорт душу. Ужо хацеў быў кінуць, развясціся, ды дачка ўтрымала. Іншы раз сваруся, сваруся, кулаком аб стол грымну, якую міску жалезную аб падлогу бразну, а жонка ўсё маўчыць — хоць ёй што. Маўчыць, а потым, нібы нічога і не чула, гэтак спакойна: «А Красаўка сёння ацялілася — бычок во які ладны». Эх, ты, гора сяміногае, думаю, што ты з ёй зробіш? Калі б хоць яна сварылася, даказвала, ужо я даў бы ёй, а то ціхманая такая, маўклівая. Ну і адлегла пакрысе маё сэрца. Прывык. Кінуў у яе справы мяшацца, стаў і печ паліць, і сняданак сабе гатаваць, а болей без снедання абыходзіцца. Думаю: хай! ві свае жылы, можа, сама сабе дакажаш, калі я не даказаў.

— Ну, а як жа тады: кахалі яе ці не? — стрымана запытаўся Юзік. Сядок, не чакаючы, відаць, гэтага пытання, памаўчаў крыху, бы ўспамінаючы штосьці.

— Ды ну: кахаў… Не ведаю, ці кахаў, ці не. Так, шкадаваў, гэта было. Як пагляджу на яе рукі, распухлыя, парэпаныя, гэткія балгочыя, шкада робіцца. Аднойчы ўвечары мыла яна бялізну, а я ўсё бурчаў, бурчаў ды не вытрымаў. Ці ведаеш, адабраў у яе начоўкі ды ўзяўся сам. Не рукі, а гора адно. Не жарты — дзесяць кароў і дагледзець, і накарміць, і выдаіць — і ўсё ў макраце, у холадзе — немінучы раматус. Ды яшчэ з гэткім яе характарам — сябе не пашкадуе, здароўе паложыць, а зробіць як трэба. I зрабіла. Спачатку на Дошцы гонару апынулася, потым — на выстаўцы ў Маскве. Ну, думаю: давай, давай, баба. А сам, папраўдзе, гляджу на гэтыя яе поспехі, як на забаўку якую. Падумаеш там — за малако медаль нейкі бронзавы. У людзей срэбных ды залатых колькі, ды за якія справы! Пасля сталі да яе з вобласці ездзіць — усё на ферме глядзелі нешта, выпытвалі, вымяралі. Яна ўсё расказвае, часам дома каго прымае, якога карэспандэнта. Я не звяртаю ўвагі. Аддзяліўся, так сказаць, ад яе службы — свая шыю пілуе.

Над дарогай плыве зорная, мігатлівая ноч. Маладзічок усё лезе на неба вышэй і вышэй, у полі панурыліся, сціхлі заснежаныя дрэвы, хмызняк. Хоць і ноч, а відно далёка, ледзь не да самага краявіду. Гасцінец бяжыць роўны, доўгі і далёка наперадзе, бы агромністы полаз, загінаецца на ўзгорак. Раптам над тым узгоркам бліснулі і ўперліся ў неба стромкія промні сустрэчнай машыны. Праз момант, стрыгануўшы ў густой нябеснай сіні, яны падаюць ніжэй і ўрэшце бліскучай плямай кладуцца на дарогу. Машына хутка набліжаецца, асляпляе седакоў, залівае дарогу густым святлом фар.

Незнаёмец хуценька саскаквае з саней, каб скіраваць убок свой вазок, Юзік прытрымлівае каня, углядаючыся з-пад далоні ў грукатлівы рухавы сілуэт. Нехта адтуль, з машыны, гучна крычыць:

— Прывет, Нядзвецкі! Віншаванне! Заўтра твая ў нас выступае…

Юзіка абдае снежнай віхурай, і машына мінае іх. Спадарожнік бліжэй падганяе свайго каня і зноў валіцца ў Юзікавы сані.

— Андрэй з «Кастрычніка», — паведамляе ён. — Ваявалі разам. Пазнаў, глядзі. А ўжо даўно не бачыліся. I пра жонку ведае, — з усмешкай кажа чалавек і з хвіліну задуменна пазірае на дарогу, дзе яшчэ гудзе машына.

— Гэта, брат, так, — кажа ён далей хлопцу. — Другая жонка за мужавай спіной, як за печчу, жыве, а мая вось, як бачыш, на мяне сваю славу наводзіць. Вось табе і баба… Дык дзе гэта мы спыніліся? Ага, значыць, прышылася мая Фроська да фермы, як гузік да світкі. Там бы і спала, і ела, калі б сям’і не было. Мала што ўвесь дзень працуе, яшчэ розных кніжак напрыносіла — чытае ўсё па вечарах, нешта выпісвае ў сшытак. Тут ужо я зноў не ўтрываў, кажу: не дужа зарывайся, не лезь на чужое седала. Робіш, ну і рабі сабе, а навошта па начах яшчэ сляпіцца? Прызнацца, я да кніжак не дужа ахвочы. Ну там «Дапаможнік аўтамеханіку» ці «Кіраўніцтва па рамонце» — гэта вартыя кніжкі. А другія там што — лухта адна. I вось прачнуся сярод ночы — святло гарыць, і яна над сталом гнецца. Я тады ўстану ды кніжку — у кут, і лямпу патушу. Патушу, а яна запаліць, зноў патушу — зноў запаліць. I маўчыць, не сварыцца, але ўпартая, як той мядзведзь ля вулля. Кажа: без навукі і карову не падоіш. Ну і сядзіць да другіх пеўняў, вылічвае на паперцы тыя свае рацыёны. I праўда, ці ад таго, ці па якой іншай прычыне, а кароўкі яе болей сталі малака даваць. Адна дык нават па пяцьдзесят літраў у дзень давала — во як! Ферме — слава, калгасу — пашана, і даяркам, вядома, добрае слова. Тут ужо я трохі змякчэў, стаў прыглядацца да свае жонкі. Што, думаю, за такая: дзесяць год жыву, а што ў яе душы — толкам не ведаю. Гляджу калі — гэткая невялічкая і не надта прыгожая з аздобы — пастарэла ўжо — нос кірпаты, нічога няма ў ёй — звычайная баба. Адкуль, думаю, упартасць тая? I ведаеш, даўмеўся. Аднойчы ўжо засынаю ўначы, думаю ўсё. Яна за сталом сядзіць над паперамі, і мне раптам стукнула ў голаў: ад працы ўсё ў яе, бо змалку яна смак да працы мае. Сапраўды: навукі не дужа многа — сем класаў, і ўсё жыццё — у працы. Вось так мазалём і дайшла да плёну. I слухай, брат, самае галоўнае вось будзе.

Аднойчы пасля новага года прыходжу з МТС — на дзвярах замок. Ну гэта справа не новая, — дастаў з-за шула ключ, адчыняю. У хаце ўсё прыбрана, вячэра згатавана і на стале — запіска. Сэрца ў мяне так і ёкнула — першы раз за ўсё жыццё. Думаю, ці не кінула часам, аж злякаўся. Чытаю: дарагі Хвядоска, паехала ў Мінск на нараду. Скараспешна выклікалі. Есці — там і там, Нюрка — у бабы. Вось, думаю, і дачакаўся. I тады ўпершыню, браце, зразумеў я, што мая Фрося пераскочыла мяне, перарасла неўзаметку, цесна ўжо ёй у мужавай хаце. А хіба стрымаеш? Не стрымаеш. I я, ведаеш, прыціх і скарыўся. Ну вось і вяртаецца — і што думаеш? З Залатой Зоркай і ордэнам Леніна. У калгасе дзіва, людзей поўна хата, прыязджаюць, прыходзяць, адбою няма. Роспыты, віншаванні. Аказваецца, сам таварыш Хрушчоў уручыў тую ўзнагароду і руку паціснуў і казаў штось маёй Фросьцы, толькі яна ўжо не памятае што — з радасці забылася ўсё чыста. Паглядзеў я на гэтую справу ды і зняў са сцяны свой вайсковы кіцель з медалямі: павесіў у шафу. Якія ўжо там медалі, калі такая ўзнагарода ў хаце завялася — і ў каго, падумаць, — у маёй ціхманай жонкі Фросі. Вось, брат, як выйшла! А цяпер яшчэ і кандыдатам у Вярхоўны Савет вылучылі, афішы расклеілі з партрэтамі і біяграфіяй. Вунь выступаць будзе, паехала ў вобласць.

Чалавек памаўчаў крыху і, усміхнуўшыся, зноў хапаецца за свой партабак у кішэні.

— Вось, браце, як выйшла, — бадзёра дадае ён і смяецца. Радасць і ціхае захапленне блізкім чалавекам зноў пануе ў яго настроі, і калі ёсць там доля зайздрасці, дык зайздрасці добразычлівай і зважлівай, а болей — гонару і стрыманага мужчынскага шчасця.

Неўзабаве Юзіку трэба зварочваць з гасцінца на вузенькую дарожку, і Нядзвецкі саскаквае з саней. Ён дзякуе за ўвагу, адвязвае ад перадка лейцы і апынаецца на вузенькім сядзенні ў вазку.

— Вось, браце, жэнішся — пазнаеш фунт ліха. Але будзе і шчасце, чакай.

Маўчун Юзік не адказаў нічога. Над прыціхлымі соннымі прасторамі загадкава і няспынна варушацца зоры: бы разумеючы што, жмурыць блішчастае вока месяц. Хлопец уздыхае і доўга думае пра сваё будучае і, папраўдзе, вельмі хочацца яму хоць і труднага, але вялікага шчасця, такога, як у гэтага нечаканага начнога спадарожніка.

1957 г.

Вадзім добры, клапатлівы, вясёлы.

Мінула паўгода, як яны пажаніліся, але Ірынка ні ў чым не можа папракнуць яго. Кожны дзень яны разам — на працы ў будаўнічым трэсце, дзе ён — інжынер-планавік, а яна — лабарантка, у вольную часіну — у кіно, на бульвары ці ў сваёй маленькай кватэры на чацвёртым паверсе новага дома. Здавалася б, усё ў жыцці ўладкавана добра, гэтулькі падстаў для ціхага першага шчасця замуства, але яна стала нейкай панылай і вялай.

Яна і сама яшчэ не разумее, адкуль такое адчуванне. Яно то прыходзіць зусім беспрычынна, то мінае, уступіўшы месца радаснаму і светламу. Ей падабаецца, калі яны, узяўшыся падручкі, ідуць цераз двор у горад ці вяртаюцца дадому і суседзі з замілаванымі ўсмешкамі лагодна пазіраюць услед. «Якая слаўная пара», — чуе Ірынка ззаду і забываецца тады на свае цьмяныя жаданні, ёй трошкі няёмка перад мужам, і дзяўчына адчувае палёгку і задаволенасць у душы. Але так бывае нядоўга.

Вадзім яшчэ гаспадарлівы, практычны, умелы. Калі яна скончыла лясны тэхнікум і атрымала назначэнне на Далёкі Усход, ён нямала патурбаваўся, і ўсё ж уладкаваў яе, праўда, хоць лабаранткай, у іх будтрэст. Пасля яны пажаніліся, і ён выстараўся гэтую кватэру, нанава абсталяваў ванную, здабыўшы недзе цудоўнай малочна-белай кафлі. Ён ведае, як вывесці чарнільную пляму на адзежыне, чым чысціць люстры, як спячы яблычны пудзінг і замарынаваць на зіму лісічкі. А яна?.. Усе гэтыя цікавыя драбніцы побыту неяк прайшлі міма яе дзявочай маладосці — яна шмат чаго не ўмее — у яе не дужа ладны выходзіць абед, прыгарае каша, дрэнна пякуцца аладкі. Праўда, Вадзім ніколі не папракае яе — шмат што ён робіць і перарабляе сам і ўсё вучыць, вучыць яе. Але неяк дрэнна ідзе ёй тая навука. Часцяком яна пазбягае бясконцых хатніх клопатаў і садзіцца за кніжку свайго любімага Джэка Лондана, героі якога з дзяцінства прывучылі яе марыць пра зманлівае — турботнае, змястоўнае жыццё.

Вадзім шмат што ўмее. Калі ён не заняты сваімі разлікамі, што прыносіць з работы, дык часта выпілоўвае ўвечары розныя выкрутаслівыя крывулякі ў фанерыне, з якой майструе потым прыгожыя настольныя штуковіны. Ірынка ў такі час сядзіць насупроць на канапцы, у руках яе — кніжка, але Вадзім просіць не чытаць, ён што-небудзь расказвае, і яна, заклаўшы пальцам старонку, сцішана пазірае на мужа, на яго ледзь ссутуленыя плечы, хударлявыя шчокі. У яго руках спрытна гойсае пружыністы лобзік і ціхенька матляецца на вузкім з залысінамі ілбе апаўшая пасма валасоў. Ён усё гаворыць, гаворыць, зрэдку пазіраючы на жонку, а яна маўчыць. Спачатку ён крыўдаваў на яе за гэтую маўклівасць, часам спыняў працу і пытаўся, што з ёй, але яна і сама не ведала што — проста ёй хацелася маўчаць, слухаць і думаць.

У той чэрвеньскі адвячорак яны гэтак сама сядзелі ўдваіх у сваім пакойчыку, ён ужо выпілаваў, што трэба было, і цяпер смярдзючым сталярным клеем змацоўваў фанерныя ўзоры — атрымлівалася прыгожая скрыначка для драбніц. Займаючыся справай, ён успамінаў пра сяброў свайго маленства, расказваў, а яна слухала і, аблакаціўшыся на падаконнік, пазірала ў расчыненае акно.

Унізе за невялікім і пыльным, не дужа яшчэ ўпарадкаваным дваром раскінуўся горад. Адсюль, з вышыні, ён выглядаў без аніякай прыгажосці — адны шэрыя, рудыя, чорныя дахі з безліччу закураных каміноў і разнахілых антэн. У прамежках дамоў варушыліся, хісталіся верхавіны дрэў, было ветрана, і ў небе, бы сняжынкі ў зазімак, мітусіліся, ападалі к зямлі і зноў узнімаліся шэрыя пушынкі таполяў. Іх было незлічонае мноства, яны напаўнялі прастор, мітусіліся, бліскалі на сонцы ў недасяжнай высі летняга неба і ўсё плылі і плылі кудысьці. Ірынка слухала мужа, і чамусьці ягонае апавяданне здавалася ўжо некалі чутым і не даходзіла да свядомасці, а ў адчуванні міжвольна заставаўся толькі гэты бязладны, устрывожаны лёт.

— Анатоль наогул нішто сабе быў хлопец, — казаў тым часам Вадзім, намазваючы клеем берагі фанерак. Ён сядзеў на табурэтцы за круглым сталом на сярэдзіне пакоя, абрус быў зняты, на стале, на каленях майстра і на падлозе ляжала па газеціне. — Хлопец нядрэнны, толькі безгаловы. Калі ўжо што ўлезе ў голаў, ніхто не выб’е. Павагі да навукі, безумоўна, не меў. Кажа, бывала, люблю канкрэтную справу, ненавіджу папяровую, і што ты думаеш? На другім курсе кінуў наш інстытут. Другія стараюцца, каб хоць як-небудзь атрымаць дыплом, выйсці ў людзі, а ён і вучыўся лёгка, а кінуў і паехаў некуды — ці ў Архангельск, ці яшчэ куды — забыўся ўжо. А ўчора, ведаеш, іду ва УНР месячную справаздачу звяраць, гляджу — шыбуе ўпоперак вуліцы. Пазнаў мяне. Дзе, пытаюся, як і што? О, кажа, не пытай: доўга казаць. У водпуск прыехаў, заходзь, кажа.

Вадзім пастукаў маленькім малаточкам, забіваючы маленькія цвічкі ў бакавінкі, і прыладзіў маленькае вечка. Любуючыся, ён адставіў скрыначку на сярэдзіну стала, прыжмурыўся:

— От і ўсё. Глянь, Іра, на мой твор мастацтва.

Ірынка павярнулася, няўцямна зірнула на стракатую ад узораў штуковіну. Яна ўжо бачыла гэтую шкатулку на чарцяжы, што прысылалі з часопісам, і не адчула цяпер ніякай цікавасці да яе.

— От яшчэ адпаліруем, лакам пацягнем, і будзе цуда. А можа, нават не лакам, а пафарбаваць бронзай — будзе як літая, — задаволена казаў Вадзім, адкінуўшыся на табурэтцы. — Ну, але гэта другі раз. Добрага патрошку. Праўда, Ірынка?

Ён гарэзліва падскочыў, абняў жонку за талію, яна трошкі скаланулася, абуджаная ад сваіх думак, але прыветна паглядзела на яго і чамусьці хуценька прамовіла, скіроўваючы яго ўвагу на іншае:

— Глянь, глянь, як ляцяць. Як лебедзі, маленькія такія, перамяшаліся, быццам згубілі што, важака страцілі…

— Што? А-а, таполі… Ну, глупства адно, якія там лебедзі! Проста адзін са спосабаў размнажэння. Батанічны варыянт, закон прыроды, — абыякава праказаў ён, раскінуўшы ў бакі натруджаныя працай рукі — высокі, хударлявы, трохі сутулы, у гладка нацягненай на грудзях сетцы-безрукаўцы. Ірынка неўпрыцям закусіла губу, на яе чыстым ілбе пралегла танюсенькая няроўная зморшчынка.

— Ведаеш, давай прагуляемся, — пасля паўзы сказаў Вадзім. — Што сядзець? Давай сходзім да Анатоля. Паглядзім, што ён за тыпус стаў.

Узяўшыся падручкі, яны паволі ішлі ў густой засені прысадаў па ціхай ускраіннай вуліцы.

Яна апранула свой новы гарнітур — шэры, з недарагога, але вельмі прыгожага каверкоту, якога яны набралі неўзабаве пасля вяселля. Гэта была Вадзімава ініцыятыва, ён адразу прыкінуў, як гэта нядорага і выгадна. І цяпер у аднолькавых гарнітурах яны выглядалі, нібы блізняты — маладыя, прыгожыя, статныя.

Яны маўчалі. Ён стараўся трапляць у нагу з жонкай і, задаволены сабой, вуліцай, надвор’ем, добразычліва пазіраў на сустрэчных, на гаманкую дзетвару ля платоў, выглядаў патрэбны нумар Анатолевай хаты. Збоч цягнуліся чыстыя цесныя дворыкі, адгароджаныя ад вуліцы пашарэлымі дашчанымі платамі, месцамі з дротам наверсе. У зацішнай цеснаце стрымана шумелі садкі, гучала з вокан радыё і ўсё ляталі скрозь беспрытульныя пушынкі таполяў.

— Ось жывуць жа людзі: садок, агародчык, музыка — любата, — казаў Вадзім.

Іра чамусьці не прыкмячала прыгажосці адгароджанага платамі жыцця; апроч тапалёвага лёту, у яе душы ўжо колькі дзён жыў, не слабеючы, незвычайны, страшэннай сілы вобраз далёкага Мексіканца.

Калі яна ўпершыню прачытала гэтае апавяданне, то, нібы аглушаная перуном, з паўгадзіны нерухома сядзела, нічога не чуючы і не бачачы навокал. З апошняй старонкі кніжкі на яе пазіралі страшныя чорныя вочы Рыверы, знясіленага, спакучанага, але перамогшага ў імя вышэйшай ідэі, у імя рэвалюцыі. Уначы ёй сніўся страшэнны баксёрскі бой і ўсё тыя зацятыя ў сваёй нечалавечай нянавісці вочы Рыверы. Упершыню тады яна невыразна яшчэ адчула, што нешта надламалася ў яе жыцці, знік зусім былы кароткі спакой — яна штосьці згубіла.

Урэшце Вадзім спыніўся перад рэдкімі садовымі весніцамі, бразнуў клямкай. У суседнім двары над нізенькім плотам высунулася цікаўная белавалосая хлапчукова галоўка, ён угледзеўся ў прахожых і зычна гукнуў у расчыненыя вокны абвітага зелянінай дома:

— Бабка Фрося, да вас прыйшлі!

У акне з’явілася старэнькая бабулька з акулярамі на носе і кніжкай у руках. Яна запытальна бліснула старамоднымі маленькімі шкельцамі, аберуч адчапіла ад вушэй дужкі і гасцінна запрасіла:

— Заходзьце, заходзьце, дзеткі, там не зашчэплена. Заходзьце.

— Анатоль дома? — запытаў Вадзім, расчыняючы дзверцы.

— Га? — прыклала да вуха руку старая. — Тут, дзеткі, тут Мерзляковы. Заходзьце, калі ласка.

Назад Дальше