Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 - Васіль Быкаў 6 стр.


Але Галкiн маўчаў, i гэтая маўклiвасць усё больш не падабалася Матузку. Ён пачаў здагадвацца, што кулямётчык сваёй негаварлiвасцю хоча трымаць яго воддаль, маўклiва напамiнаючы маладому салдату, што не час яшчэ iм раўняцца. I сапраўды, Галкiн, якi быў ад прыроды не лёгкi на слова, гэты раз i зусiм не меў жадання пачынаць размовы. З ранiцы яго дапякала незразумелая трывога.

Ён ведаў, што з правага боку няма больш нiкога, усе сiлы паходнай заставы згрупаваны на тым баку вёскi. Праўда, дагэтуль тут было спакойна, гiтлераўцы паказалiся недзе на левым фланзе, спрабуючы, вiдаць, ударыць па дарозе, але хто ведае iх сапраўдныя намеры? На вайне трэба быць асаблiва пiльным, каб не даць ашукаць сябе, i Галкiн, ладзячы пазiцыю, увесь час пазiраў у нiзiну i прыкмячаў усё, што рабiлася ў баку ворага.

Ад лазнi на ўвесь прасцяг праглядалася нешырокая травянiстая лагчына, якая падступала да вёскi. Справа, уздоўж лугавiны, цягнуўся па адхону ельнiк, зараснiкамi шырокага ўзлеску амаль даходзячы за ўпадзiны. Там, дзе палоска маладога алешнiку заходзiць далёка ў нiзiну, гiтлераўцы могуць паспрабаваць прабрацца ў лес, каб абысцi вёску з яе безабароннага боку. Кулямётчык ужо заўважыў у тым кiрунку некалькi постацей, занятых невядома чым, i таму байцу было зусiм не да размовы.

Прыцiснуўшыся да халаднаватай сцяны акопа, Матузка таксама пачаў углядацца ў гэты небяспечны ўчастак. Вiнтоўку ён паклаў на бруствер побач з кулямётам, але ў гэты час за вёскай затрашчалi рэдкiя стрэлы, i баец падцягнуў яе да сябе. Галкiн не зварухнуўся. Схiлiўшы набок галаву, ён прыслухоўваўся да гукаў бою i сiлiўся зразумець па iх, што адбываецца ў вёсцы. На яго заклапочаным твары не шмат адбiвалася думак, аднак нiводная праява яго пачуцця не заставалася непрыкмечанай яго напарнiкам.

Тым часам стралянiна ў вёсцы мацнела, i мiны пачалi рвацца часцей i блiжэй. Матузка ў акопе хоць i не вельмi баяўся, але, не ўмеючы яшчэ валодаць сабою, уздрыгваў пасля кожнага выбуху. Толькi ўпэўнiўшыся, што мiны не наблiжаюцца больш да лазнi, ён перастаў турбавацца. Хлопец з радасцю адзначыў гэтую перамену ў сабе i падумаў, што прывыкае.

Праз якую гадзiну бой за вёску пачаў сцiхаць. Аўтаматы i вiнтоўкi змоўклi, толькi кулямёты яшчэ пускалi доўгiя чэргi па далёкiх цэлях. Вiдаць, першая атака гiтлераўцам не ўдалася, i цяпер трэба было чакаць другой.

Трымаючы кулямётны прыклад ля пляча, Галкiн не зводзiў вачэй з нiзiны — i не дарма. Накапiўшыся ў раўчуку злева, гiтлераўцы высыпалi ў нiзiну i, выстройваючыся на хаду ў няроўны блытаны ланцуг, кiнулiся да лесу. Галкiн пачакаў, пакуль усе высыплюць на адкрытую мясцовасць, i пусцiў доўгую чаргу.

Ад першых стрэлаў кулямёта Матузка ўздрыгнуў, мацней сцiснуў сваю вiнтоўку, але стрэлiць не здолеў. У яго зашчымела ў грудзях, млосць разлiлася па целе. Цяпер толькi ён адчуў i зразумеў упершыню, што вось пачалося тое, да чаго ён рыхтаваўся гэтулькi часу. Узрушанасць была моцная, яна хваляй уварвалася ў душу маладога салдата, але хутка i прайшла. Барацьба, у якую ўжо ўступiў юнак, патрабавала яго непасрэднага ўдзелу, не лiчачыся з настроем, i Матузка зразумеў гэта. Прыклаўшыся да вiнтоўкi, ён убачыў ля мушкi многа маленькiх фiгур, якiя паднiмалiся, беглi i падалi. Побач страляў кулямёт, i неяк у такт яго стрэлам цi мо ў такт сэрцу, сцiснутаму ў грудзях, ва ўсе бакi хадзiў ствол вiнтоўкi, не даючы прыцэлiцца. I ўсё ж Матузка выбраў момант, зацяў дыханне i стрэлiў. Потым яшчэ i яшчэ…

Нечакана сустрэтыя кулямётным агнём з фланга, гiтлераўцы спачатку кiнулiся наперад, а потым прыцiшылi бег. Многiя з iх пападалi на лугавiну, iншыя, змяшаўшыся, пачалi бязладна бегчы назад у раўчук, адкуль толькi што выйшлi. Наўздагон iм Галкiн апаражнiў дыск i вылаяўся, не стрымаўшы злоснай радасцi.

Матузка ўслед за кулямётчыкам з прыкметнай неахвотай пакiнуў страляць i паклаў на бруствер вiнтоўку. На яго твары ззяла такое шчырае захапленне першым поспехам, што Галкiн не ўтрымаўся ад усмешкi i, мiмаволi паддаючыся настрою памочнiка, амаль весела запытаў:

— Ну, як?

— Адбiлi, — проста адказаў Матузка. Кулямётчык выцер пiлоткай узмакрэлы лоб i, нiбы скiнуўшы з плячэй якi цяжар, зморана ўздыхнуў.

— Нiчога, братка, — цёпла сказаў ён, адклiкаючыся, вiдаць, на нейкiя свае думкi. — Як-небудзь. Давай папоўнiм дыскi.

Ён узяў з-пад ног рэчавы мяшок, наладаваны патронамi, i развязаў лямкi.

— Патронаў, здаецца, хопiць, а вось хлеба няма. Прыйдзецца патрываць пакуль што.

— У мяне ёсць крыху, — азваўся Матузка, узрадаваўшыся, што чым-небудзь можа ўслужыць старэйшаму таварышу.

— Давай тады заадно падмацуем i жываты, каб весялей жылося. Цябе як завуць?

— Мiкалай, — паведамiў Матузка.

— А мяне — Змiтрок.

Матузка выняў з кiшэнi загорнуты ў паперу кавалак усохлага хлеба, разламаў на дзве паловы i большую аддаў таварышу. У гэты час ён быў перакананы, што Галкiн зусiм някепскi хлопец, з iм можна сябраваць, i пашкадаваў, што яны не пазнаёмiлiся раней. А Галкiн, смачна хрумстаючы яблык з хлебам, пiхаў у дыск патроны i думаў, што з маладога байца, пэўна, будзе толк.

Так яны паснедалi несамавiтым харчам, павесялелi ў адносiнах мiж сабой i, задаволеныя добрым пачаткам справы, мала думалi, што яшчэ iх чакае.

Апоўднi над вёскай i полем запанавала нудная няпэўная цiшыня. Прасторы, размораныя спёкай, цiха драмалi, адпачываючы ад шматгадзiнных трывог барацьбы, ахапiўшай наваколле.

Галкiн i Матузка ў дзве пары вачэй сачылi за лагчынай, каб у час заўважыць новыя спробы немцаў абысцi вёску. Але ў нiзiне i ў полi было зусiм пуста. Нiводнай жывой iстоты, нiводнага руху не назiралася ўдалечынi, толькi над чаротам, пэўна, на добрае надвор’е, дрыжала гарачае марыва.

Можна было меркаваць, што немцы кiнулi намер авалодаць вёскай i адышлi на iншы рубеж цi змянiлi кiрунак наступу. Аднак да хлопцаў нiхто не прыходзiў, i Галкiн, як баец з вопытам, ведаў, што ў такiх выпадках трэба выконваць ранейшы загад.

Разам са спакоем прыйшлi i новыя клопаты. Пасля сухога снедання нясцерпна хацелася пiць, а спёка яшчэ больш узмацняла смагу. Нейкi час хлопцы моўчкi змагалiся з ёю, але нарэшце Галкiн не вытрымаў.

— Ты з кулямёта страляць умееш? — запытаў ён у таварыша.

— Ага.

— Тады папiльнуй тут, а я пашукаю вады.

Ён дастаў з рэчавага мяшка пагнуты кацялок i павольнай хадою падаўся за лазню.

Застаўшыся гаспадаром у акопе, Матузка агледзеў дыскi, пацiкавiўся, якi прыцэл стаiць на калодцы, i, паклаўшы палец на спуск, прымерыўся да кулямёта. Ён адчуваў сябе рашучым i моцным у гэты час, i на момант у яго нават з’явiлася жаданне, каб у лагчыне паказалiся немцы. Ужо ён даў бы iм перцу! Толькi да звароту Галкiна нiчога не здарылася. Матузка ўволю напiўся смачнай сцюдзёнай вады, а рэшту паставiў пад куст, каб не грэлася на сонцы.

Сонца тым часам пасунулася ў небе i павярнула цень ад куста, якi дагэтуль крыху хаваў iх. Стала вельмi горача, i Матузка, пазiраючы на рудыя плечы сябра, параiў:

— Ты б апрануўся, а то спячэшся.

Галкiн паслухаў i, пераклаўшы дыскi на дзядоўнiкаў лiст, апрануў заношаную i засаленую гiмнасцёрку з двума медалямi «За адвагу».

Уладкаваўшы свае справы, хлопцы зноў сталi пiльнаваць лагчыну.

Галкiн, мала адпачыўшы ноччу i змораны напружаннем ранiцы, адразу пачаў дзёўбаць носам, стоячы за кулямётам. Не давяраючы яшчэ аднаму Матузку, ён iмкнуўся назiраць сам, але ўваччу непрыкметна наплываў туман, галава марудна хiлiлася долу i павiсала, амаль кранаючы зямлi. Тады кулямётчык усхоплiваўся i як мага шырэй расплюшчваў пачырванелыя вочы, аднак праз хвiлiну цiшыня, зморанасць i спёка зноў бралi сваё. Матузка трымаўся болей бадзёра. Хоць i на яго дзейнiчала нерухомасць i спакой у полi, але ён не думаў пра адпачынак. Наадварот, бачачы, як стамiўся таварыш, ён яшчэ пiльней у соты раз аглядаў поле, якое вывучаў да апошняй драбнiцы.

Так прайшло некалькi расцягненых бяздзейнасцю гадзiн, i ў паўдзённай цiшынi выспела нарыхтаваная ворагам бяда.

Спачатку нi Галкiн, нi Матузка не звярнулi ўвагi на тое, што дзесьцi за лесам нiбы чмыхнула нешта раз i другi. Гукi гэтыя былi слабыя i амаль не нагадвалi стрэлаў. I тым не менш з-за лесу ўзяў пачатак i наблiжаўся востры прарэзлiвы вiск. Матузка на нейкую секунду разгубiўся, а потым iнстынктыўна ўцяў галаву ў плечы i прыцiснуўся да бруствера. У гэты ж момант з аглушальным крэктам цяжка здрыганулася зямля, i блiзкi выбух амаль болем аддаўся ў целе. Матузка ўчапiўся за Галкiна, а той, мiгам адолеўшы сон, падаўся да кулямёта. Калi ж хлопец глянуў наперад, дык убачыў непадалёку ад акопа дзве свежыя чорныя варонкi, над якiмi ў цiшынi курылася сухая зямля.

Зрабiлася надзвычай цiха, толькi ненадоўга. Зноў — тыя ж глухiя гукi з-за лесу, i цераз паднябессе з прарэзлiвым скрыгатам паляцелi мiны. Галкiн схапiў кулямёт i, тузануўшы Матузку, прысеў на дно ячэйкi. Магутныя выбухi ўскалыхнулi зямлю, апалiўшы алешнiк на ўзлеску, якраз ззаду iхняга акопчыка.

— Эге, братка, — зiрнуўшы са сховiшча, сказаў кулямётчык. — Гэта па нас вiлку ўзялi. Ну, цяпер трымайся!

I сапраўды, не паспелi хлопцы што — кольвечы падумаць, як зноў угары заверашчала ў шмат галасоў, i шумна ды жудасна панеслiся на iх серыi цяжкiх, буйнакалiберных мiн. Матузка адчуваў, як з кожным iмгненнем, непадуладнае цяпер яму, напружвалася яго цела, а сэрца, пэўна, спынялася, ахопленае прадчуваннем пагiбелi. Выбухi грымелi зусiм побач i так моцна, што здавалася, пад iх ударамi шчапалася зямля, на ўсю глыбiню працятая страшнай трацiлавай сiлай. Адзiн гучней за другi, як лютыя перуны, бiлi яны знямеўшыя ў роспачы нетры, i грымотнае рэха калыхала лясныя абшары.

Так цягнулася, здаецца, вельмi доўга. З бруствера на спiны байцоў сыпалася зямля, пахла пылам i нейкiм паленым смуродам, а яны, прыпаўшы да самага дна, нi разу не варухнулiся. Амаль фiзiчны боль пранiзваў iстоту, i хоць не было ран, Матузка дрэнна адчуваў, жывы ён цi ўжо мёртвы.

Галкiн чакаў, калi скончыцца агнявы шквал, ды чакаць давялося доўга. Калi ж выбухi крыху аддалiлiся, ён, адчуўшы нядобрае, хуценька падняўся ў акопе i ўскрыкнуў. Карыстаючыся агнявым прыкрыццём, цераз лагчыну ў лес бегла некалькi дзесяткаў ворагаў. Пярэднiя дасягнулi ўжо сярэдзiны лужка, i баец схапiў кулямёт.

За таварышам падняўся з акопа i Матузка. Кусты на ўзмежку парадзелi, нiбы скiнулi лiсце; лазня з выбiтым вуглом i раскiданай сцяною павалiлася на бок. У вёсцы нешта гарэла, i дым рудымi клубамi валiў угору. Травянiсты дол наўкола быў перамешаны з зямлёю, а ад багатай раслiннасцi не засталося i следу.

Зноў трапiўшы пад флангавы агонь, гiтлераўцы збянтэжылiся i заляглi. Злосна засакаталi ўдалечынi iх лёгкiя кулямёты, i недзе побач у паветры пачулася нядобрае «ф’ю-ф’ю». Хлопцам, аднак, не было калi прыслухоўвацца да новай небяспекi: яны выконвалi загад. Галкiн, упёршы прыклад у дужае плячо, разам з кулямётам тросся ўсiм целам. Ён баяўся прапусцiць хоць бы адзiн рух ворага i бiў частымi кароткiмi чэргамi. Побач, спяшаючыся i хвалюючыся, страляў Матузка, ад перажытага страху яшчэ дрэнна валодаючы сабой.

Назад Дальше