Чалавек узрадаваўся, як малы, што прыдбаў зманлівую цацку, і хуценька азнаёміўся з квелым ад часу «дакументам».
— О, якраз — «дана для прад’яўлення ў домакіраўніцтва». Цудоўна. Зараз, зараз — знімем толькі пару копій, заверым, запішам — і ўсё ў парадку.
Ён зноў выбег у суседні пакой, разгоніста ляпнуўшы за сабою дзвярыма. Не было яго даволі доўга, і захожы бесклапотна пазяхнуў, пацягнуўся на стуле. Справа амаль скончылася, думалася, што турбавацца, уласна, і не было чаго.
Але супакойвацца, відаць, было рана: калі Іван Іванавіч зноў з’явіўся на парозе, ранейшы клопат засмучаў яго ружовы твар.
— На, зірні, брат, што гэта за лічба?
Ён тыцнуў пад нос захожаму ягоную паперку, той уважліва агледзеў яе: на пацёртым згібе дакумента цьмяна вырысоўвалася машынапісная дзевятка, падобная на васьмёрку.
— Ну, вядома, павінна быць дзевяць.
— Гэ, павінна! Я сам ведаю, што павінна, але ж загвоздка ў тым, што значыцца. А значыцца восем.
— Ну якая ж васьмёрка! — здзівіўся захожы. — Гэта ж ад згібу так здаецца. Не можа ж быць, каб значыўся тут 1847 год.
— Ах жа, каб ты спарахнела! — у роспачы зноў ляснуў сябе гаспадар кабінета і, ухапіўшыся за галаву, забегаў па пакоі. — Ну і задаў ты, брат, задачу… Трэ’ параіцца…
Ён зноў выслізнуў у другія дзверы і, з’явіўшыся праз нейкі час безнадзейна сумны і маркотны, падышоў да стала.
— Нічога, брат, не зробіш. Мусім засведчыць тое, што значыцца ў дакуменце.
— Іван Іванавіч, ну што вы на самай справе! — узмаліўся захожы і ўскочыў са стула. — Навошта ж мне такая даведка?!
Твар гаспадара пакоя ўжо згубіў усе жывыя фарбы, асунуўся, вочы яго не ўзнімаліся ад долу і не пазіралі на наведвальніка.
— Ах, ты, божа мой! Ну што я зраблю, што зраблю? Калі б былі архівы…
Усялякія добрыя намеры, відаць, канчаткова пакінулі яго. З кіслай мінай Іван Іванавіч заверыў копіі, падпісаў даведку, запісаў нумары гэтых папер у нейкі сшытак, зрабіў адзнаку ў сваім кішэнным блакноціку і, прымусіўшы захожага распісацца ў чатырох месцах, уручыў яму новенькі дакумент.
— Вось, паважаны. Мо’ як прынадабіцца. А наконт года, дык што ж паробіш: у мяне ў самога ёсць адзін дакумент са скажонай датай. Хіба вось што магу параіць. Схадзі да таварыша Арапава, папрасі — ён чалавек смелы і, пэўна, згадзіцца паправіць. А калі зробіць гэта і паставіць свой подпіс, дык я ўжо заверу пячаткай. Так і быць!
Захожы змрочна выслухаў і, няўцямна паціснуўшы плячыма, з паперкай у руках паплёўся да дзвярэй.
Невясёлы Іван Іванавіч застаўся адзін. Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала яго настрой. Але што зробіш: затое ён пазбег рызыкі, як заўсёды, вытрымаў прынцыповасць.
[1956 г.]
У вялікім пакоі за адзіным сталом сядзелі двое. У крэсле — грузны мужчына з азызлым тварам, старшыня праўлення арцелі «Вострая шпілька», а таксама гаспадар гэтага пакоя — сам Кузьма Кузьміч. Насупраць яго — непрыкметны, хлюсткі чалавек у шэрым гарнітуры. Гэта таварыш Лямзікаў, папяровы шашаль І арцельны знаўца розных складаных спраў. Яны гулялі ў шахматы. У пакоі, апроч іх, не было нікога. Стаяла цішыня.
На клятчастай дошцы мала ўжо засталося фігур, і гульня набліжалася да канца. Раптам пасля чарговага ходу Лямзікаў аберуч схапіўся за голаў і гучна заенчыў:
— Ох, ох, што я нарабіў! Прапаў, прапаў!..
Ягоны ж партнёр грукнуў канём, ставячы яго на новае месца, і задаволена адкінуўся на спінку крэсла.
— Мат! Га-га-га… — ускалыхнуў кабінетную цішу магутны раскат шчаслівага смеху, ад якога тоненька затрымцела шклянка, надзетая на рыльца графіна. Кузьміч закінуў сваю яршыстую галаву і абхапіў рукамі важкі жывот. — Гы-гы… Ну і дурань ты, Лямзікаў, а яшчэ пнешся гуляць са мною!
Лямзікаў, маркотна разглядаючы небаракукараля, які трапіў у пастку, чухаў лысую патыліцу і думаў: «Скулу б ты даў, а не мат, каб я знарок не падставіў табе!». Але ўслых ён заўважыў з прытворным уздыхам:
— Вы, вядома, мастак, што і казаць… Гросмайстар!
— Ну, а ты сумняваўся. Вось гэта мат: ходам каня! Так-так, гм… Ну добра, — змяніў, нарэшце, свой гарэзлівы тон старшыня. Ён усклаў важкія кулакі на стол і, прыняўшы паставу ўладарнага кіраўніка, абвясціў Лямзікаву, які, пачціва схіліўшыся, ужо стаяў ля стала:
— Значыць, як дамовіліся. Пасля выступлення Сербяка і Вадалейкіна скажаш ты. Але ўжо будзеш гаварыць адно добрае: пра тое, што начэй не сплю, што турбуюся і дбаю, здароўя не шкадую, ну і яшчэ там што. Ты прыдумаеш, на гэта цябе не вучыць.
— Будзе зроблена, Кузьма Кузьміч. Пастараемся ўжо.
— Вядома, трэба старацца. Інакш вы ведаеце, што можа быць?.. Дарэчы, Паніковіч не вярнуўся яшчэ? — запытаўся старшыня.
— Не, яшчэ не. Але падвечар чакаем.
— Прыехаў бы хаця, усё падмога нашаму лагеру.
Ціхенька прычыніўшы дубовыя дзверы, нібы яны былі шкляныя, Лямзікаў выйшаў з пакоя.
Застаўшыся адзін, Кузьма Кузьміч страціў незалежна рашучы выраз, і яго твар, нібы ад зубнога болю, зморшчыўся ў пакутлівай грымасе.
Што і казаць, становішча сур’ёзнае. Рабочыя наракаюць, пішуць скаргі. Як жа: старшыня праўлення — рвач, нячысты на руку, заціскае крытыку, самаўпраўны дыктатар, акружаны падлізамі. Сёетое ўжо і выплыла. Сёння справаздачны сход. Прыехаў кіруючы таварыш з вобласці. Нездаволеныя радуюцца: зляціць старшыня. Але старшыня не прападзе. Ён узняў на штурм сваю «гвардыю», сваіх верных паплечнікаў, якія за яго і ў агонь і ў ваду… Сёння ён пакажа кіруючаму таварышу, што зусім не такі ён паганы, як яго малююць. Хай слухае, хай цяміць гэты таварыш! Кузьма Кузьміч зробіць сёння сапраўдны ход канём.
…з-за цеснаты вытворчых памяшканняў арцелі і камфартабельнай прасторы старшынёвага кабінета сход арцельшчыкаў адбываўся ў апошнім. За сталом, ля акна, сядзеў прэзідыум, і цэнтральнае месца там займала важная постаць Кузьмы Кузьміча ў паўвайсковай гімнасцёрцы з адкладным каўняром. Побач сядзелі кіруючы таварыш і старшыня сходу, іншыя члены прэзідыума размясціліся ззаду, у другім радзе крэслаў.
Справаздачны даклад быў скончаны. Ішлі спрэчкі.
Засяроджаны настрой арцельшчыкаў, з якім яны слухалі даклад, таяў, як спазнелы сакавіцкі снег. Выпрабаваныя старшынёй дружбакі згодна крытыкавалі Кузьму Кузьміча, прыпамінаючы розныя ягоныя хібы, а той надзіва спакойна пазіраў на прамоўцаў, нібы і не чуў, што казалі яны.
— Таварышы! — сыпаў нядаўні старшынёў хаўруснік прараб Вадалейкін. — Старшыня наш, трэба прама сказаць, не зважаючы на асобы, мае, знацца, недахопы, ну, і, вядома, розныя там махі-прамахі ў нашай слаўнай арцельнай гаспадарцы. Узяць хоць бы такі факт, таварышочкі: ці ветлівы ён? Калі задаць гэтае актуальнае пытанне, то, не зважаючы на асобы, трэба прама сказаць — не заўсёды! Зноў жа чуласць…
Кузьма Кузьміч тым часам усміхаўся ў душы. Усё ішло ладна, як і было задумана.
Вадалейкін нездарма славіўся майстрам публічных выступленняў. Кожную, нават самую простую думку ён гэтак заблытваў мноствам слоў, што неспрактыкаваныя ў красамоўстве шаўцы моршчыліся і ледзьве разумелі яго.
— Гэта не дробязь, таварышочкі, гэта — радзімыя плямы сусветнага капіталу, яны ганьбяць і гэтак далей… З усёй прынцыповай рашучасцю мы павінны сёння ўказаць і найстражэйшым чынам асудзіць!..
Якраз у той час, калі Вадалейкін дасяг найвышэйшага запалу, дзверы ціхенька адчыніліся, і ў пакой улез здарожаны чалавек у чорным кажушку. Ён сцягнуў з галавы рудую шапку і прыпнуўся плячыма да дзвярнога вушака. Гэта і быў Паніковіч, якога ўвесь дзень чакаў Кузьма Кузьміч і які толькі цяпер з’явіўся са станцыі. Зыркімі, насцярожанымі вачыма акінуў ён сход, прэзідыум і ўслухаўся ў гаворку прамоўцы. У той жа момант нешта сталася з гэтым чалавекам, бо бровы яго ўскінуліся на лоб, на ўсю шырыню расплюшчыліся вочы, і твар выцягся, як у здзіўленага англічаніна. Тое, што ён пачуў, уразіла Паніковіча, збіла зпанталыку, і страшная здагадка аб выкрыцці шыбанула ў голаў.