Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - Юлия Шарова 25 стр.


Яны выпілі. Грынкевіч на некалькі хвілінаў забыўся пра оперна-псіхалагічную дыскусію і пачаў шчыра хваліць кулінарнае майстэрства Анны. Гэта было зусім як дзесяць гадоў таму. Праўда, стравы тады былі больш дабротныя, прыгатаваныя так, як вучыла бабуля-немка. Пытанне «Ты што-небудзь еў?» гучала заўсёды, калі Грынкевіч заходзіў у госці. Анна не была педантычнай гаспадыняй, але ж ніколі не харчавалася паўфабрыкатамі, нават калі не мела часу і ўмоваў, каб прыгатаваць штосьці «сапраўднае». У першыя гады ў Маскве яна жыла ў студэнцкім інтэрнаце і штодня сумленна прыходзіла на кухню.

Атавіа хоча ва ўсім разабрацца. Ён пачуваецца і мужам, і сябрам Анны, таму шчыра хоча дапамагчы.

— У мяне ў гэтым сэнсе комплекс харошай дзяўчынкі, — засмяялася яна, згадваючы гады вучэння на рэжысуры. — Я не магу абедаць «Ралтонам», а вячэраць чыпсамі і крабавымі палачкамі. Напэўна, гэта адна з нешматлікіх маіх цнотаў. На першым курсе ні на што не было часу. Я перакладала. Сустракала замежнікаў з самалёта або цягніка. Працавала ўначы альбо ў нядзелю. Працавала, ясна, няшмат дый зарабляла няшмат. Часта ела кашу з сякеры. На другім курсе бацька прыехаў да мяне мірыцца і прывёз у падарунак новы ноўтбук. Мой стары якраз шчасліва накрыўся, і я засталася без замоў на пісьмовыя пераклады. Ну, вось так і жыла. Праўда, калі я пайшла працаваць у тэатр, то стала нашмат прасцей. А потым скончыла інстытут ды перабралася ў Маскву канчаткова, ужо ў сваё жытло.

— Значыцца, прадала піцерскую кватэру?

— Угу. Увогуле хацелася абрубіць з Піцерам сувязі. Піцер — гэта цяпер толькі горад, дзе жыве бацька.

Грынкевіч прамаўчаў. Яму было крыху сумна зразумець, што ён больш не ўвойдзе ў кватэру, з якой было звязана столькі і добрага, і горкага ў ягоным з Аннай агульным мінулым. Усё яго піцерскае жыццё прайшло ў інтэрнатах, і Анніна жытло чамусьці ўялялася нечым падобным да сапраўднага дому, у які хацелася прыходзіць часцей. Прынамсі напачатку. Потым ён ужо іначай адчуваў гэтую кватэру. Гэта была багна.

Цяпер яму чамусьці згадалася, як аднойчы летнім вечарам, які плаўна пераходзіў у белую ноч, яны сядзелі на гаўбцы ды размаўлялі. Яму было сямнаццаць, і ён рыхтаваўся паступаць у вучэльню на харавое. А яшчэ яму вельмі не хацелася ехаць да бацькоў у Мінск, бо тата ні з пушчы ні з поля выкінуў тое, чаго ад яго ніхто не чакаў, — сустрэў студэнцкае каханне, якое калісьці выйшла замуж за іншага.

Ён тады быў злосны на бацьку, вельмі яго асуджаў і ўсё гэта прагаворваў Нюце. Яна слухала з нібыта адчужаным выглядам і амаль нічога не казала, апроч таго, што ўсё ў свеце мае завяршэнне. «Як ты можаш такое казаць?!» — выбухнуў хлопец. «Я — магу, бо ведаю», — адказала дзяўчына. Ён тады раззлаваўся на яе і сапраўды хацеў сысці, але дзяўчына яго затрымала. Прасіла прабачыць яе, казала, што потым як-небудзь распавядзе, што яна мела на ўвазе. Гладзіла яго па шчаках, па непаслухмяных валасах. Яна пацалавала яго першая, і гэты пацалунак агаломшыў хлопца, бо не меў нічога агульнага з ранейшым досведам падлеткавай гульні ў «бутэлечку» з іншымі дзяўчатамі. Калі б не гэткая спантанная ініцыятыва, ён бы яшчэ працяглы час не ведаў, што Нюціны грудзі, клубы ды ногі заслугоўваюць больш пільнай увагі. А магчыма, увогуле б лічыў яе проста сваім зэ бэст фрэнд.

Атавіа няпроста быць і мсціўцам, і суцяшальнікам.

Яна ж нашмат пазней прызналася, што хацела яго ў той момант хоць чым-небудзь супакоіць, і толькі.

— Дарэчы, як твой тата маецца? — запытаўся Грынкевіч.

— Фантастычна! У мяне неўзабаве будзе яшчэ адзін брат, недзе пад новы год.

— Чакай. Тваёй мачасе, як я памятаю, гадоў не так ужо і мала для такіх рэчаў.

— Тая мне ўжо не мачаха! — хмыкнула Анна. — Яна проста трэцяя жонка Антона Рупеля. А маёй новай мачасе ўсяго дваццаць пяць.

№ 10а: Арыя «Dalla sua pace.».

Анна паклала сабе ў талерку салату і знакам папрасіла яшчэ віна. Грынкевіч спрабаваў перастрававаць навіну пра Рупеля і адначасова назіраў за дзяўчынай. Яе сапраўды цяжка было назваць жанчынай, маладой жанчынай. Толькі дзяўчынай. На ейным твары былі адно слабыя намёкі на мімічныя зморшчыны. Анна захавала пэўную свежасць і чысціню аблічча. У дваццаць гадоў ёй здалёк можна было даць дваццаць пяць: прыкладна ў такім узросце кабета пачынае страчваць юнац­кую наіўнасць рысаў і нават твар з пухлымі ад прыроды шчакамі набывае нейкую драматычнасць. Аднак Анна і ў дваццаць гадоў мела тое, што Грынкевіч мог назваць «драматычнасцю рысаў». А вось цяпер яна таксама выглядала гадоў на дваццаць пяць. Вечная Беатрычэ.

Ён падумаў, што непрыстойна ўсё ж вось так сядзець, утаропіўшыся на чужую дзяўчыну. Цяпер не тыя часы і не той момант. Таму Грынкевіч і вярнуўся да абмеркавання асабістага жыцця Рупеля.

— Жвавы ў цябе татачка!

Іронія, відаць, была такой канцэнтраванай, што перарадзілася ў сарказм. Анна запытальна на яго зірнула.

— Зрэшты, у нашым асяродку ўсялякае бывае. — працягнуў Грынкевіч, дадаючы свайму выказванню талерантнасці.

— Мне, паміж намі, дзевачкамі, так прасцей, — сказала Анна, адпіваючы віно з келіха. — З трэцяй жонкай праблемы былі даўно, яшчэ калі я ў школе вучылася. Потым пачаліся непрыемнасці з маім брацікам. Яму цяпер амаль дваццаць, а ён нідзе не вучыцца, не працуе і сядзіць у камп'ютарным клубе на «стралялках». І яшчэ яго пару разоў бралі за распаўсюд сам здагадайся чаго. Бацька ўжо тады адчуваў, што на ім прырода адпачне, яшчэ калі я ва ўніверсітэт паступіла. Вось ён і займаўся мной, як больш перспектыўным нашчадкам, пакуль я не сказала: усё, тата, досыць з мяне. Два гады не размаўлялі, нават са святамі адно аднаго не віншавалі. Я тады не пашкадавала нерваў, каб памяняць прозвішча, ты сабе не ўяўляеш, што там было. А тры гады таму ён знайшоў сабе студэнтку, якая глядзела на яго як на айца, сына і святога духа ў адной асобе. І цяпер у нас з бацькам адносіны проста цудоўныя. Ён увесь заклапочаны чацвёртай сям'ёй і перыядычна бегае ў міліцыю адмазваць сына ад трэцяга шлюбу. З найстарэйшым там свая гісторыя, я толькі ведаю, што мой краснаярскі брат калі ажаніўся, то ўзяў жончына прозвішча. Там канцы абрубленыя. На мяне ў яго хапае часу, толькі каб раз на два тыдні пагутарыць па тэлефоне пра справы і запытацца пра жыццё і здароўе. А мне толькі таго і трэба.

— Але ж чацвёртая жонка. Маладая жонка і ў такім веку.

— Ён добра выглядае, дарэчы, як на свае шэсцьдзясят. А наконт маладой жонкі, дык ты яго павінен зразумець.

— Каханка і жонка — гэта рознае, — запярэчыў Грынкевіч.

— Ты стаў кансерватыўным?

Дон Атавіа напраўду кахае сваю нявесту дон­ну Анну. Ягоны мір і спакой у душы залежыць ад таго, наколькі спакойная і шчаслівая яна.

Грынкевіч зноў прамаўчаў. І Анна змоўкла так­сама. Навошта яна запрасіла яго ў госці, для Грынкевіча было загадкай. Яна, вядома ж, спрабавала паводзіцца з ім так, нібыта яны зэ бэст фрэндз і нічога большага. Але цяпер у яе быў прыкладна такі самы выраз твару, як тады, калі ў тэатры яна атрымала СМС пра самую вялікую недарэчнасць.

— А твае бацькі так і засталіся разам?

— Засталіся, — адказаў Грынкевіч. — Амаль дзесяць гадоў так пражылі, а потым. Потым у бацькі здарыўся другі інфаркт, і ён зразумеў, што толькі наша мама яго не кіне ў нядолі. Так ён з той жанчынай і парваў. А маці маўчала ўсе дзесяць гадоў.

— Я б не здолела так, напэўна, — сказала Анна, вагаючыся.

— Я б таксама. Але я чамусьці пачаў шанаваць іх за тое, што ўсё ж не разбегліся. Нешта ёсць у гэтым правільнае.

І зноў была паўза. Гутарка «пра ўсё», якую нібыта абяцала яму Анна, не склейвалася. Напэўна, яна перадумала размаўляць на асабістыя тэмы. «Наколькі ў цябе сур'ёзна з Гюнтарам?» — запытаўся ён позіркам, але ўголас прамовіў:

— Ты сапраўды лічыш, што дон Джавані не мог змяніцца? Ну, стаць палімпсестам для ўсіх, не толькі для донны Анны, — пачаў Грынкевіч.

— Я лічу, што ён у вечным пошуку. І ў такім даўнім, што паспеў забыцца — а што ж я шукаю? Ну, гэта нібы чалавек, які прыйшоў у гіпермаркет, бо чуў, што там распродаж макаронаў, напрыклад. Шукаў, шукаў. Макаронаў з пазнакай «акцыя» не знайшоў, затое накідаў поўны вазок усякага лайна, яшчэ і кіпу грошай заплаціў, як гэта бывае ў гіперы. Вось і ён. Шукаў некага, а знайшоў донну Анну, для якой ён па ўсіх парамет­рах не пара. Не змог на гэтым супакоіцца і зрабіў усё, каб зламаць жыццё і ёй, і сабе. Закранутае самалюбства. Як гэта так: для тысячы трох іспанак ён нішто сабе пара, а для адной Анны — не пара. Не, у ім можна знайсці сімпатычныя рысы. Але ж я не такая рамантычная асоба, каб іх раздзьмухваць. Я не хачу рабіць спектакль пра сімпатычныя рысы дона Джавані.

— Нюта, а ты ўпэўненая, што не карыстаешся цяпер псіхалагічнымі штампамі?

Яна вытрымала паўзу, ужо -наццатую за гэты вечар, і пачала казаць павольна, узважваючы кожнае слова:

— Не думаю. У яго ўвайшло ў звычку калекцыянаваць жанчын, ён іначай не ўмее. А яшчэ ён пераключаецца з адной на адну таму, што баіцца: жанчыны разглядзяць яго рэальнага і самі кінуць. Яму не патрэбныя трывалыя адносіны, яму трэба стварыць уражанне, нават калі яно адмоўнае.

Тое, што радуе каханую,напаўняе радасцю і сэрца Атавіа.

Аргументацыя была слабай, але ён не стаў нічога даводзіць сваёй суразмоўцы. Ён моўчкі ўзняўся і прайшоўся па пакоі, у якім яны сядзелі за вячэрай. Тут было фартэпіяна, нашмат лепшае за тое, што стаяла ў жытле Грынкевіча. Ён ацаніў яго, прабегшыся па клавіятуры: добрае фартэпіяна для гасцявых артыстаў.

— Дык пра што будзе спектакль? — пацікавіўся ён, апускаючы века інструмента.

— Стылізацыя, але хітрая. Спроба цалкам рэканструяваць той тып арганікі, які быў уласцівы оперным спевакам два стагоддзі таму. Калі гэта ўвогуле можна назваць арганікай. Хутчэй манерай паводзінаў на сцэне. Так, я хачу не толькі касцюмы як на тую эпоху, не толькі кранальнапрымітыўныя дэкарацыі, не толькі сціплае асвятленне, як быццам на рампе стаяць свечкі, і гэтак далей. Я хачу ненатуральных жэстаў, тупых мізансцэн, неадэкватных рэакцый, падвышанай афектацыі. Я хачу «граду з артышокамі» ў фінале! Абавязкова хачу!

— Гэта вельмі несучасны сцёб.

— Я думала пра тое, што ты называеш «сучасным сцёбам», — адказала Анна, якую цяпер ужо немагчыма было спыніць, бо ўвесь ейны сапраўдны тэмперамент у такія моманты прарываўся вонкі. — Я спачатку нават накідала дзве канцэпцыі, але ж я не маю столькі часу, каб зрабіць нешта канцэптуальнае. Я ж не мэтр, каб мець з дзясятак хатніх нарыхтовак. Дый увогуле, я не ведаю, ці будзе ў мяне іншая магчымасць паставіць нешта ў оперы.

— А хацела б? Оперу ставіць хацела б? А не мюзіклы ці сацыяльную драму разам з Гюнтарам? Стаць сапраўдным оперным рэжысёрам са сваім стылем, абліччам.

Назад Дальше