Донна Анна раптоўна пазнае ў доне Джавані таго самага незнаёмца, які ўначы прабраўся ў ейны пакой і потым забіў бацьку. Дон Атавіа моцна гэтым уражаны, бо, напэўна, сапраўды лічыў Джавані сваім сябрам, хоць у свавольніка і кепская рэпутацыя.
Донна Анна пачынае распавядаць дону Атавіа пра падзеі той трагічнай ночы. Яна была ў пакоі адна, калі туды ўвайшоў нейкі мужчына, загорнуты ў плашч. Спачатку Анна прыняла яго за Атавіа, бо той жыве ў доме Камандора на правах жаніха. Але неўзабаве яна зразумела сваю памылку.
Анна пераказвае падзеі: незнаёмец моўчкі падыходзіць да яе і хоча абняць, яна вырываецца. Ён наступае — яна крычыць. Але ніхто не ідзе. Нягоднік тым часам адной рукой закрывае ёй рот, а іншай абдымае з такой сілай, што ёй робіцца блага. Атавіа дапытваецца: што потым? Анна кажа, што ўрэшце яна апрытомнела і вырвалася з рук незнаёмца.
Тады Анна стала гучней клікаць на дапамогу. Нягоднік зразумеў, што трэба ўцякаць, але яна пабегла за ім, у двары нагнала і схапіла за плашч. Ёй давялося самой і нападаць, і абараняцца. На крык Анны прыбягае бацька, адбываецца бойка на шпагах... І злачынца забівае старога Камандора.
Донна Анна цяпер прагне помсты. Імя забойцы вядомае, і ён павінен адказаць за свой учынак.
.можна меркаваць, што яны былі знаёмыя даўно, да таго, як пачалося ўласна дзеянне гэтай драмы. Можна меркаваць таксама, што Анна калісьці была захопленая Джавані, нават занадта захопленая, чаго не магла сабе дазволіць дачка Камандора дый увогуле шляхотная паненка тых часоў.
Донам Джавані былі захопленыя ўсе. Ён захапляў, бо быў захопнікам і прагнуў пэўнай манаполіі.
За гэта іншыя мужчыны яго ненавідзелі. Зрэшты, жанчыны яго ненавідзелі таксама, але гэта была нянавісць салодкай паразы. Можа быць, ён быў шляхотны, але збяднелы да крайняй ступені — бацькі не пакінулі яму нічога, апроч тытула і нейкага замка, куды можна запрасіць хіба купку сялян. Можа быць, у яго не склалася ваенная ці прыдворная кар'ера. Як мужчына, ён не мог не імкнуцца да перавагі над астатнімі хоць у нечым. Ён начапіў на сябе скандальную рэпутацыю свавольніка і выглядаў у ёй, як асуджаны інквізіцыяй ерэтык, што ідзе на вогнішча ў блазанскім каўпаку і выбіваецца з шэрагаў змарнелых капучонэс.
У гэтым вобразе ён і сустрэў Анну, якая адзіная здолела прачытаць яго як палімпсест, іншым не было ніякай справы да нейкіх там схаваных сэнсаў. Магчыма, ён меў адукацыю і ўвогуле добра ведаў
жыццё і людзей, што рабіла яго годным суразмоўцам. Магчыма, Джавані здолеў у нечым перавярнуць яе свядомасць, якая дагэтуль фармавалася ў каталіцкім кляштары. Анна рана страціла маці, але ж мела бацьку — жорсткага Камандора з дакладнымі ўяўленнямі пра тое, што ёсць добра, а што ёсць дрэнна. Джавані разбурыў гэтыя догмы. і пакінуў яе.
Анна, як тая пушкінская Таццяна, сама падсвядома чакала, што Джавані прыйдзе і разбурыць перашкоды, захопіць і падпарадкуе. Хіба толькі лістоў не пісала, бо не была гэтулькі рамантычнай. Дый увогуле, норавы былі больш строгімі. Жанчына не мела права праяўляць нейкай ініцыятывы! Асабліва калі той, кім яна трызніла, — вядомы свавольнік, а яна — дачка Камандора. Гэты статус шмат да чаго абавязваў.
Ён знік, ведаючы, што Анна ім трызніць. Ён меў над ёй інтэлектуальную і эмацыйную ўладу, а гэта для жанчыны такого кшталту прывязка, мацнейшая за сэкс. У любыя часы. Джавані ўсведамляў, што астатнія жанчыны, якія траплялі ў яго il catalogo, рана ці позна суцяшаліся, забываліся на яго існаванне і працягвалі жыць далей. Была, праўда, асабліва навязлівая донна Эльвіра, але ж хутчэй за ўсё тут ішла гаворка пра зусім свежыя раны, пра сітуацыю, калі з жанчыны толькі што сарвалі ружовыя акуляры. Рэчаіснасць выглядае змрочнай і агіднай, быццам цёмны вільготны склеп, зарослы павуціннем, з такой рэчаіснасцю не хочацца мірыцца. Эльвіра пераследуе Джавані і па сутнасці просіць вярнуць ёй ружовыя акуляры. Рана ці позна яна зразумее, што варта папросту выйсці са склепа на сонца. Але момант гэтага разумення яшчэ не надышоў, таму Эльвіра паводзіцца з Джавані стэрэатыпна, як амаль усе без вынятку жанчыны з невялікім жыццёвым досведам ці недалёкім розумам. У выніку яны знаходзяць сабе чарговага Мазэта ці ідуць у кляштар — каму што бліжэй.
Анна мусіла быць іншай, яна мусіла паводзіцца нестэрэатыпна, думаў Джавані. Яна магла зрабіць выгляд, што хутка забылася пра ўсё, але ж насамрэч захоўвала яму ўнутраную вернасць. Ён знік на працяглы час, а потым з'явіўся. Тут ён даведаўся, што Анна, аказваецца, заручаная з донам Атавіа. Гэта супярэчыла той ролі, якую Джавані адвёў гэтай жанчыне. Гэта магло азначаць інтэлектуальную і эмацыйную эмансіпацыю. Ён баяўся страціць Анну. Ён пайшоў у атаку і атрымаў адпор: то бок, яму проста сказалі, што Атавіа — гэта сур'ёзна і на ўсё жыццё. Джавані ўсё ж не быў Анегіным, каб кінуцца ў ногі да жанчыны, ён умеў толькі захопліваць. Таму ён прабраўся ў пакой да Анны сярод ночы.
Што ж адбывалася ў тым пакоі? Анна, хутчэй за ўсё, сапраўды не пазнала яго і, хутчэй за ўсё, яна сапраўды адчула вельмі моцнае сэксуальнае ўзбуджэнне, бо Джавані ўмеў яго выклікаць. І, хутчэй за ўсё, ён сапраўды ёй авалодаў. Джавані бліскуча перамог: «Sforzar la figlia, ed ammazzar il padre!». Таму істэрыка Анны ў дуэце з донам Атавіа лёгка тлумачыцца жаданнем як мага хутчэй знішчыць таго, хто бачыў яе скоранай, такой як усе. Яна яшчэ не зразумела, хто ён такі. Яна не ахвяра гвалту, якой спрабуе выставіцца потым, калі абставіны ўсё ж прымушаюць Анну нейкім чынам распавесці Атавіа пра тое, што адбылося той ноччу. Анна прагне крыві, каб не дайшло да суду, каб невядомы забойца і гвалтаўнік не паспеў распавесці, што не было ніякага гвалту.
Калі яна сустракае Джавані і пазнае ў ім таго начнога госця, Анна разумее, што ўсе ейныя стаўкі прайгралі. Яна аддалася таму, каму не мела права аддавацца. Яна зрабіла гэта нават без патрэбных рытуалаў заляцання, як гэта ўсё ж было з сялянкай Дзэрлінай. Але ж сялянка Дзэрліна выявілася хітрай і адштурхнула Джавані пасля таго, як ён выкінуў апошнія грошы на банкет. Анна не мела гэткіх навыкаў гульні ў дынама. І цяпер ёй неабходна было знішчыць Джавані, а помста за смерць бацькі была хіба што выдатным камуфляжам.
Увесь астатні час нешта ў ёй варушылася: Анна зноў спрабавала прачытаць гэты палімпсест. Яна не хацела верыць у тое, што Джавані наўмысна забіў Камандора. А яшчэ яна чыста па-жаночы хацела верыць, што ўсё ж адыграла ў ягоным жыцці нейкую выключную ролю. Усё ж ён паспрабаваў перад ёй апраўдацца, калі яго злавілі на спробе гвалту Дзэрліны. Донна Анна лічыла сябе вартай толькі выключнай ролі.
.Яна высачыла Джавані зусім выпадкова — на цёмнай начной вуліцы. Проста заўважыла здалёк самотны мужчынскі сілуэт і загадала лёкаям, што неслі ейныя насілкі, ціха ісці за ім. Непадалёк ад гарадскіх могілак яна выйшла і загадала лёкаям пачакаць. Дзіўна, але ніякага страху яна ў тыя хвіліны не адчувала. Анна ўвайшла на могілкі праз бакавую брамку — яна ведала яе, бо тут была яшчэ свежая магіла ейнага бацькі. А Джавані шпацыраваў якраз вакол помніка Камандора. І яна назірала ўсю гэту вар'яцкую сцэну запрашэння каменнай статуі на вячэру. Ёй раптам стала страшна за Джавані, і жаданне адпомсціць, знішчыць яго неяк адышло ўбок. Джавані быў выключным, выбітным — і Анна не магла дапусціць, каб ён загінуў такім вось недарэчным чынам. Анне падалося, што яна можа на нешта паўплываць. Таму яна і пайшла за Джавані, калі ён пакінуў могілкі.
На цёмнай вуліцы яна дагнала яго і гукнула. Твар Анны быў пад густым вэлюмам, фігуру хаваў чорны плашч. Джавані, вядома ж, быў заінтрыгаваны і таму загадаў Лепарэла хутчэй бегчы дадому і рыхтаваць святочную вячэру для Каменнага госця, каб лёкай не замінаў.
Безумоўна, ён быў шчыра здзіўлены, калі пазнаў Анну. Яна спрабавала яго ўгаварыць не рабіць таго, што ён задумаў. У тыя хвіліны яна была гэткай жа шчырай, як Джыльда, што першай пагрукалася ў дзверы да Спарафучыле. Але што яна пачула ў адказ?
«Даруйце, але гэта проста гульня. Гэта мая гульня, у якой вы былі прызам. Не, я не ўпісваў вас у свой il catalogo. Я не хацеў вас публічна ганьбіць і нават пасля маёй смерці ніхто не даведаецца, што вы былі тысяча чацвёртай іспанкай. Я ўвогуле не думаў з вамі вось так абыходзіцца, хоць я і жадаў вас не дзеля калекцыі: ніхто так не разумеў і не адчуваў мяне, як вы. І тут раптам з'яўляецца дон Атавіа. Я не хацеў упусціць вас і страціць. Але ж прапанаваць вам тое, што прапанаваў ён, я не магу. Я не магу вам гарантаваць такую вернасць, я іначай яе разумею. Я нездарма вярнуўся да вас, і я б вяртаўся і надалей, нават калі б вы сталі ягонай жонкай. Я разумею, што вы павінны былі за некага выйсці замуж, але.»
«Ты разумееш, што можаш не дажыць да ранку?» — абрубіла яна гэтую цынічную тыраду.
Больш не было сэнсу рысавацца. Ён спачатку нічога не адказаў, нават павярнуўся да яе ў профіль, каб Анна не бачыла ягоны твар. Зрэшты, у змроку позняга вечара гэта не мела ніякага сэнсу.
«Разумею, — нарэшце прамовіў дон Джавані. — Але я даў слова гонару твайму бацьку».
«Мяне заўсёды забаўляла, калі мужчыны твайго кшталту разважаюць пра гонар», — сказала донна Анна, і ў голасе ейным пачулася ці то іронія, ці то роспач.
Дон Джавані зноў прамаўчаў.
«Мне падавалася, дон Атавіа быў найвялікшай перашкодай. Але ж усё выяўляецца значна больш складаным. Твой бацька без асаблівай гасціннасці прымаў мяне ў сваім доме».
«А ў мяне ты калі-небудзь пытаўся, ці. Навошта ты ад мяне адмовіўся?! Ты сам усё ўскладніў!»
«У гэтым ты маеш рацыю. Але ўжо позна. Ён неўзабаве прыйдзе».
Дон Джавані раптам адчуў, што яму страшна. Банальна страшна, як маладому рэкруту, што трапіў у войска і адразу апынуўся ў баі пад стрэламі. Ён узяў Анну за плечы і прытуліў да сябе. Ад яе ішло цяпло, яно на хвілю прымусіла забыцца на тое, што развязка ўжо зусім блізкая.
«Я прашу вас толькі пра адну ласку — насіце па мне жалобу цягам года, — прашаптаў ён і пацалаваў дачку Камандора ў вусны праз вэлюм. — Няхай людзі думаюць, што справа толькі ў вашым бацьку. Вы можаце мне гэта паабяцаць?.. »
Яна прамаўчала і сышла ў цемру.
Далей адбылося тое, што адбылося, — вячэра, Каменны госць, пякельная фантасмагорыя. А потым Анна проста адмовілася прыспешваць вяселле з Атавіа: «Lascia, o caro, un anno ancora allo sfogo del mio cor». Яна адзіная з усёй гэтай кампаніі мсціўцаў даравала Джавані, хоць мела ўсе падставы яго ненавідзець.
Донна Анна сыходзіць.
Сцэна XIV
Дон Атавіа адзін.
Рэчытатыў «Come mai creder deggio...».
— Якая белая і пухнатая донна Анна ў цябе атрымалася! — з ледзь заўважнай прыкрасцю вымавіў Грынкевіч і адарваўся ад манітора ноўтбука, на якім Анна дэманстравала яму свае нататкі. — Дый увогуле, я матывацыю ўчынкаў дона Джавані тут не вельмі разумею. Неяк усё занадта складана.
Анна паціснула плячыма і падала яму пляшку віна і штопар. Сёння ейны Гюнтар з'ехаў у Нямеччыну, і невядома, ці наведае ён N да прэм'еры «Дона Джавані». І як у даўнія часы, яна сказала Грынкевічу: «Заходзь у госці». Тэатр пасяліў яе ў кватэру, якую трымалі адмыслова для розных запрошаных гастралёраў: Анна наўмысна адмовілася ад гатэля, сказаўшы, што больш любіць хатнюю атмасферу.
Пакуль госць чытаў нататкі, гаспадыня паспела прыгатаваць імправізаваную вячэру ў італьянскім стылі. Гэта была паста-пескатора, рэцэпт якой Анна сачыніла дваццаць хвілінаў таму. Яна і ў юнацтве ніколі не ведала ніякіх рэцэптаў, таму ейныя стравы заўсёды нагадвалі тэму з варыяцыямі.
Дон Атавіа ўсё яшчэ не можа паверыць у тое, што шляхотны кавалер мог здзейсніць такое чорнае злачынства.
— Май на ўвазе, што я гэта напісала даволі даўно, калі яшчэ вучылася на першым курсе, — патлумачыла яна. — У мяне тады яшчэ было жаданне ўсё ўскладняць у матывацыях. Мае выкладчыкі раілі мне больш назіраць за жывымі людзьмі, а не вычытваць нешта з папулярных кніжак па псіхалогіі. Але я дагэтуль лічу, што ў Джавані і Анны не было ніякага шанцу. Па сутнасці, яна нічога не магла змяніць у гэтай сітуацыі, — разважала Анна, беручы талерку госця, пакуль той разліваў віно па келіхах. — Джавані стварыў сабе такую рэпутацыю, што нават калі б яна з ім патаемна павянчалася, нічога добрага з гэтага б не выйшла.
— Чаму?
Грынкевіч узяў у рукі свой келіх. Звычайны келіх з белым іспанскім віном. Кватэра, у якой жыла запрошаная рэжысёрка, выглядала амаль як надзіва чысты постсавецкі гатэль недзе ў правінцыі, які вось-вось зачыняць на капітальны рамонт. Не надта зацёртая мяккая мэбля, пэўна, выпушчаная ў тыя часы, калі Анна яшчэ была піянеркай. Кухонны гарнітур з той самай эпохі, нават кілім на падлозе быў як з іхнага тынэйджарства.
— Таму што донна Анна ўсё ж была рэалісткай. І ёй зусім не хацелася быць фармальнай жонкай вядомага свавольніка, — вылучыла Анна сваю тэорыю і таксама ўзняла келіх. — За «Дона Джавані»! За юнацкія мары ды іх ажыццяўленне!