Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - Юлия Шарова 3 стр.


— Лёша! На цябе аднаго спадзеў! — скуголіў дырэктар пасля таго, як пляшка каньяку скончылася. — Ну, ты ж чалавек разумны, рацыянальны, ты ў гэтую дурату не верыш... Я ўсё лета на гэта забіў, хоць каго-небудзь хацеў запрасіць на пастаноўку — як на злосць, сарвалася. Таго не адпускаюць, у таго кантракт, таму грошай мала.

Грынкевіч сказаў, што яму трэба падумаць, і пайшоў дадому. «Дон Джавані» быў марай, але ж ён ужо нацэліўся на Маскву. У той вечар да яго прыйшла Ірына, якая таксама была марай. І на наступны дзень ён патэлефанаваў дырэктару і сказаў, што згодны на ўсе ўмовы. Нельга праганяць мару, калі яна сама да цябе прыходзіць.

Донна Анна чуе голас Камандора і ўцякае на­зад у дом.

— Нельга праганяць мару, калі яна сама да цябе прыходзіць, — задуменна прамовіў ён і пацалаваў запясце дзявочай рукі, якая гулялася з непаслухмянымі пасмачкамі ягоных валасоў. — Таму я нічога не баюся. Дарэчы, вазьмі ноты і павучы донну Анну.

— Я?!

У голасе маладой спявачкі было здзіўленне, а ў вачах — наіўная ганарлівасць. Яна не была нагэтулькі добрай акторкай, каб схаваць тое, што насамрэч адчувала. А выглядала яна ў той момант, як зусім маленькая дзяўчынка з дзіцячага хору, якой нечакана далі спяваць сола.

— Ты, ты, — адказаў Грынкевіч, якому падабалася, калі Ірына вось так губляла танальнасць і рабілася той, кім яна насамрэч была — неразумнай малой дзяўчынкай. — Калі што, гэта ўзгоднена з дырэкцыяй. Возьмеш ноты, паглядзіш... Не дык не. Але ж гэта і табе карысна, і мне прыемна: ты хутка вучыш... А яшчэ я буду часцей цябе бачыць. Нездарма ж я цябе сніў.

— І называў у сне Аннай!

Ірына ўзнялася і выпрасталася. Высокая, лад­на падабраная, як мадэлька, з абсалютна дасканалымі грудзямі і дупкай-сардэчкам, якія ўпісваліся ў модныя памеры дарагой вопраткі. А яшчэ — вузкая талія, ногі ад вушэй, далікатныя рукі.

Натуральная доўгавалосая бландынка з блакітнымі вачыма, ахайным носікам і крыху прыпухлым невялічкім роцікам. Яна была напраўду цудам і ўсведамляла гэта — безумоўная прывабнасць не патрабуе сертыфікатаў. Мужчыны абарочваліся на яе, нават калі Ірына была ў прасторным швэдры, джынсах і красоўках.

— І ты ў сне нешта казаў гэтай Анне, — працягвала яна пачатую тыраду. — Мне ажно няёмка зрабілася. Яна з Масквы, так?

— О Божухна...

Грынкевіч таксама ўзняўся і выпрастаўся. Сён­ня Ірына была ў абутку на высокіх абцасах, а таму магла глядзець на яго звысоку, як маладая настаўніца на старшакласніка. Позірк быў камічнастрогі, позірк сапраўднай вучыцелькі. Як быццам на занятках яна злавіла хлопчыка з порначасопісам пад партай.

— Можаш не расказваць. Тваё жыццё — гэта тваё жыццё, а маё жыццё — гэта маё жыццё, я сама не святая, — прамовіла Ірына, калі Грынкевіч толькі збіраўся сказаць нешта ў сваё апраўданне.

— Іра.

Ён паспрабаваў зноў пацалаваць дзяўчыну, але яна пачула галасы людзей і адсунулася: у залу, пэўна, ішлі прыбіральшчыкі. Каханкі моўчкі выбраліся з ложы ў калідор і прыгатаваліся зрабіць выгляд, быццам нічога, апроч працы, іх не звязвае.

— Я ўсё ж за цябе баюся, — загаварыла спявачка, знянацку мяняючы тэму. — Навошта гуляць у гульню, вынік якой вядомы? Мне казалі, што павер 'е заўсёды спраўджваецца.

— Хто табе такое казаў? Цёця Тоня? — рассмяяўся дырыгент. — Што за глупствы?! Спачатку ты мяне нейкай Аннай папракаеш, потым пераказваеш мне гэтыя забабоны. Ты ж разумная дзяўчына.

— З табой я раблюся неразумнай. — Яна ўсміхнулася, але не дужа весела. — Бландынкай.

— Ты абсалютна нестэрэатыпная бландынка,

— прамовіў Грынкевіч, вачыма прабягаючыся па яе скульптурна дасканалых сцёгнах.

Каб жа ўгаварыць красуню не чакаць цэлы тыдзень, а рвануць да яго сёння. Пагатоў, ён якраз думаў паехаць на два тыдні па справах у Маскву. Чакаць сустрэчы столькі часу невыносна, нават калі ты ўдвая старэйшы за Рамэа. Патрэба захоўваць таямніцу адно прышпорвала Грынкевіча. Яны мелі ўсяго толькі два спатканні, іхні раман — які, што дзіўна для тэатра, мала хто западозрыў — толькі пачынаўся. Аляксеевы пачуцці пакуль трымаліся на арганным пункце тэстастэрону, і таму хацелася бачыцца як мага часцей.

Камандор са здзекам пытаецца ў дона Джавані: ці не вырашыў ён уцячы, пазбегнуць двубою? Дон Джавані адказвае, што ніколі не быў баязліўцам, і прымае выклік.

Зрэшты, Ірына не была настроеная на спатканне. І на нязмушаную размову яна настроеная не была. Больш за тое, ёй хацелася далей абмяркоўваць гэтыя тэатральныя забабоны, нічым не спраўджаныя і не пацверджаныя.

— Лёша. Ёсць рэчы, якія нельга памацаць рукамі і пабачыць вачыма. І нельга заўжды быць выключна рацыянальным. Ты ўвогуле ў што-небудзь верыш?

Грынкевіч замест адказу прыабняў яе за талію, але дзяўчына тут жа скінула ягоную руку: яны былі ў вестыбюлі тэатра, у глядацкай частцы, дзе ў такі час можна было нарвацца на сведку ў асобе самотнай прыбіральшчыцы са швабрай.

— Я за цябе баюся, — паўтарыла Ірына.

Грынкевічу гэта пачынала не падабацца.

— І што са мной здарыцца? Згару на тэатральным пажары? Жырандоля на мяне зваліцца? — забурчэў ён. — Незадаволеная публіка закідае мяне памідорамі? Нават калі вынік гульні вядомы, я ўнясу ў яе хаду элемент непрадказальнасці, гэта я ўмею.

Дон Джавані б'ецца з Камандорам. Камандор, паранены ў бойцы, падае. Ён слабым голасам кліча на дапамогу. Джавані і Лепарэла ў разгубленасці.

Размова перарвалася нечакана, бо ў Ірынінай торбе зазваніў тэлефон. Тэлефон у торбе турбаваўся, дзе яна і з кім. Дакладней, гэта турбаваўся мясцовы алігарх з прозвішчам Собалеў. Без усялякіх тлумачэнняў і развітанняў Ірына, размаўляючы па сотавым, паскорыла хаду і пайшла з вестыбюля. Грынкевіча накрыла адчуваннем, вельмі падобным да рэўнасці, хоць насамрэч ён ведаў, што не раўнуе гэтую дзяўчыну да ейнага афіцыйнага спонсара і каханка. Найхутчэй гэта было абурэнне: толькі што яна была жывой, жаданай і цёплай, а тут раптам ператварылася ў марыянетку, бо яе паклікаў лялькавод. Былі ў яго жанчыны, якіх ён дзяліў з іх сталымі мужчынамі. І што такога? Але тут. Тут было нешта іншае. Раней ён ведаў, што рана ці позна сэксуальна-рамантычная гісторыя скончыцца, ну хіба былі рэдкія выняткі, калі хацелася верыць — гэта назаўсёды. З Ірынай ён жадаў працягу і яго ўсё меней задавальняла тое, як дысцыплінавана яна зрываецца і бяжыць да свайго гаспадара. Ён ніколі не меў адносінаў з жанчынамі, якія мелі гаспадара, — можа, праблема ў гэтым?

Зрэшты, якая яму справа? Асабліва пасля таго, як у сне ён клікаў зусім іншую. Добра, што хаця б назваў яе Аннай, а не тым імём, якім заўсёды называў у жыцці. (Але ж і рамантык вы, Herr Kapellmeister. Чаго толькі не зробіць з чалавекам абстынентны сіндром!)

Камандор памірае.

Сцэна ІІ

Дон Джавані і Лепарэла ля цела забітага Камандора. Размаўляюць сцішана. Лёкай папракае гаспадара ў тым, што той нарабіў: збэсціў дачку і яшчэ забіў бацьку. Дон Джавані разюшаны і загадвае лёкаю маўчаць.

Рэчытатыў «Leporello, ove sei?».

Нясцерпна хацелася піва. Была ўжо палова на першую дня, і Грынкевіч пачуваўся, як выкінутая на марскі бераг медуза. Надзвычай атрутная ме­дуза. Такая павольна плавіцца пад сонечнымі промнямі і марыць толькі пра дзве рэчы: або трапіць назад у мора, або паспець угрызці на развітанне якую-небудзь чалавечую асобіну, пакінуўшы на скуры моцны апёк. Але ж яго яшчэ чакаў візіт у дырэктарскі кабінет.

Дырэктар не пасаваў на ролю бяскрыўднага пляжніка, якога можна атруціць, таму Грынкевіч вырашыў ахвяраваць сабой. Сёння ўгаворваць будзе ён, і дырэктар наўрад ці пачастуе яго каньяком, як тыдзень таму.

Грынкевічу хацелася ў Маскву ажно на два тыдні, да верасня, і ён павінен быў пераканаць адміністрацыю, каб яго адпусцілі. Тэарэтычна без яго тэатр на кавалкі не разваліцца, бо спектакляў пакуль няма. Праўда, галоўны чамусьці вырашыў паставіць яго другім дырыгентам на «Хаваншчыну». Яна будзе ісці ў канцэртным выкананні ўсяго адзін раз. Грынкевіч абавязаны хадзіць на рэпетыцыі шэфа, але ён там нічога не робіць, да аркестра яго не падпускаюць. Яшчэ адным дырыгентам прызначылі Каршакова, дый Вася там прысутнічае. У выніку ўсе штатныя дырыгенцкія адзінкі гадзінамі сядзяць у рэпетыцыйнай зале і адно назіраюць за тым, як працуе Маэстра. Які сэнс?! (Увогуле, калі шэф пачынае нешта ваяць, то гэта аўрал для ўсяго тэатра. Нават на такі разавы праект, як «Хаваншчына», ён выпісаў некалькі складаў салістаў, ім таксама гэта мала падабаецца. Галоўны вязе ў N нейкіх трох зорак, таму хоча, каб усё было ідэальна. Зрэшты, пра гэта Грынкевіч ужо не казаў дырэктару.) Што тычыцца «Дона Джавані», дык салістам могуць паціху прызначаць заняткі з канцэртмайстрамі, а праца з аркестрам — гэта два-тры тыдні. Яшчэ столькі ж — на збор усёй музычнай часткі.

— Бач ты, які шпаркі.

Дырэктар, да якога Грынкевіч прыйшоў з заявай на адпачынак за свой кошт, быў нечым незадаволены. Можа быць, ён таксама пачуваўся выкінутай на бераг медузай? Ці, што яшчэ дакладней, алігатарам, якога вылавілі з ракі, прывезлі ў цэнтр мегаполіса і кінулі недзе ў парку. Там ёсць адзін фантан, у якім плёскаюцца людзі. Вось яму, алігатару, цяпер туды. Пэўна ж, быць кракадзілам выгодней.

— Калі ўлез у дугу, не кажы «не магу», — прамовіў Грынкевіч у адказ і потым з далікатнасцю харошага хлопчыка дадаў: — Мікалай Сцяпанавіч, ну папрасіце яго, каб мяне адпусціў. Я ж там усё адно дзеля мэблі.

— Папрасіце. Ты якой хваробы зноў з Маэстра грызануўся?! Гуза на галаву шукаеш? Ты што, пацан малы, каб я цябе розуму вучыў?

Грынкевіч сядзеў у скураным фатэлі і слухаў дырэктарскія пропаведзі. Дзень быў сонечны, хацелася ўжо нават не піва, а хоць бы якой вадкасці. Дырэктар, зразумела, прайдзісвет, і яго даўно трэба пасадзіць разам з Іркіным Собалевым. Колькі ж яны грошай намылі і накралі? Гісторыя з офіснай мэбляй гэта так, санаціна Клеменці для дзіцячай музычнай школы. А яны тут канцэрты Ліста граюць. Зрэшты, дырэктар часам рабіўся чалавекам і менавіта ён прыкрываў Грынкевіча, калі Маэстра кідаўся ў чарговую істэрыку.

Назад Дальше