Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - Юлия Шарова 5 стр.


— У Гнесінцы на аркестравым факультэце. Яна з Масквы.

Чужая доля пад бокам коле. Міша пачаў распытваць, як гэтая дзяўчына наконт танга ўтраіх. Гэта была даўняя фантазія. Трэба сказаць, што Міша меў немалы рост, нішто сабе фігуру, цэлую шапку русых хвалістых валасоў, жарсны позірк блакітных вачэй і не абы-які голас. Такога можна было выпускаць на сцэну ў партыі Руслана нават без грыму. Кабеты па ім шалелі. Самыя сціплыя з іх цягалі яму на спектаклі кветкі і шакаладкі, самыя адчайныя хадзілі да ягонай жонкі на працу ў школу мастацтваў і прасілі, каб яна дала мужу свабоду.

І ўсё адно ён чамусьці зайздросціў не такому высокаму і не такому атлетычнаму Грынкевічу, да якога зляталіся рудыя ведзьмы.

— Я танга ўтраіх не вельмі. Люблю атрымліваць усё, — адказаў Грынкевіч. — Добра, Міша, пасунуся я бліжэй да хаты, а потым да вакзала. Мне ў Маскву якраз трэба. Магу ведзьмачцы ад цябе перадаць прывітанне.

Дон Джавані і Лепарэла ўцякаюць.

Сцэна ІІІ

Дон Атавіа, донна Анна і служкі з паходнямі. Яны спачатку не разумеюць, што адбылося, на­ват калі знаходзяць нежывое цела Камандора.

№ 2: Рэчытатыў і дуэт «Ma qual mai s'offre, oh Dei...».

У цягніку да Масквы Грынкевіча заспелі сямейныя справы: маці тэлефанавала, каб сказаць, што Віцька ў лістападзе прыедзе ў Мінск. Не зашкодзіць і Аляксею быць там, бо ў бацькі якраз тады дзень народзінаў. Юбілей. Будзе вельмі добра, калі збярэцца ўся сям'я. Грынкевіч адказаў, што нічога абяцаць не можа. Калі б не пастаноўка, то дакладна змог бы прыехаць, а так у яго ў лістападзе справа будзе ісці да здачы «Дона Джавані», таму.

— Лёша, я ўсё разумею. Але ж Віцечку з-за акіяна прыляцець складаней, чым табе з Расіі прыехаць. А я яго бачу часцей, чым цябе. Ён раз на паўгода прыязджае, а ты.

Калі маці пераходзіла ў контрнаступ, Грынкевіч заўсёды выяўляўся бездапаможным. Ён ніколі не ведаў, што сказаць у адказ. Дакладней, ведаў, але не мог падабраць словаў, каб не змусіць маці расплакацца. Вось зараз яго чорт цягнуў за язык адказаць нешта такое: мама, а ці не хочаш ты мяне павіншаваць з першай у жыцці пастаноўкай? Але што такое першая ў жыцці пастаноўка? Віцька прылятае са Штатаў, каб усім разам адзначыць бацькаў юбілей. А тата з ягонымі двума інфарктамі ў анамнезе мае патрэбу ў станоўчых эмоцыях — вось гэта важна.

— Я ўжо хутка пачну забываць, як твой голас гучыць. Як з'явіліся гэтыя камп'ютары, дык ты і званіць перастаў.

Плакала Данута Фларыянаўна вельмі часта, але з пачуццём уласнай годнасці. Прычым пры бацьку яна гэтага не рабіла, усе слёзы даставаліся старэйшаму сыну.

Насамрэч ён з самага дзяцінства не адчуваў з боку маці асаблівай цеплыні. Можа, таму сказаў ёй на злосць: так, пакідайце мяне ў школе-інтэрнаце, я буду вучыцца ў дзесяцігодцы. Яму тады было ўсяго восем. Звычайна дзіця ў такім узросце просіцца ў бацькоў, каб забралі з сабой. А ён добраахвотна застаўся ў Піцеры і ператварыўся ў сына на вакацыі. Проста перад ад'ездам сям'і ў Мінск ён пакрыўдзіўся на маці і не змог гэтага выказаць. Ну, а яна, натуральна, не зразумела гэтай помсты, якая стала для яго яшчэ і лёсавызначальнай.

Крыху пазней ён прывозіў маці дыпломы і фотаздымкі з розных конкурсаў юных піяністаў, і Данута Фларыянаўна вывешвала іх на бачным месцы ў кватэры. У іх у Мінску дагэтуль вісіць павялічаная фотка, дзе яму, Аляксею, гадоў трынаццаць і ён грае з аркестрам нейкі з канцэртаў

Моцарта. Там у яго не па-дзіцячаму натхнёны твар, рамантычная, крыху хвалістая грыва наўмысна нястрыжаных валасоў і першы ў жыцці гальштук-мятлік, які яму дазволілі навязаць замест піянерскага гальштука. Для маці гэтая фот­ка доўгі час выконвала функцыю абраза.

Донна Анна бачыць забітага Камандора і, непрытомная, падае на яго цела. Дон Атавіа загадвае лёкаям знесці нябожчыка і спрабуе вярнуць Анну ў прытомнасць.

Калі Аляксей падмануў матчыны надзеі і не стаў вялікім канцэртным піяністам, фотку былі прыбралі зусім і схавалі недзе ў секцыі. Потым яе рэабілітавалі, але павесілі ў пакоі, што дагэтуль зваўся «дзіцячым», — каб не так кідалася ў вочы. Праўду сказаць, ён падмануў не толькі надзеі, ён увогуле падмануў бацькоў, праз што і выбухнуў вялікі скандал. Пэўны час ён увогуле не кантактаваў са сваёй сям'ёй, пакуль бацька не прыехаў да яго ў Піцер «скурыць люльку міру». Але ж адносіны са сваякамі былі халаднаватымі. Юнага піяністычнага паўбога больш не было, а вось яго самога ні бацька, ні маці пакуль не прымалі. Прынамсі, тады маці не наракала, што сын рэдка яе наведвае.

Але дзесяць гадоў таму яго малодшы брат Віктар упершыню заначаваў у міліцэйскім пастарунку. Не, ён ні з кім не біўся і не піў гарэлку ў грамадскім месцы. У пратаколе запісалі, што ён аказваў супраціў міліцыянтам і ўдзельнічаў у няправільным мерапрыемстве ў цэнтры горада.

Спачатку ён адно начаваў у турме і потым выходзіў, як непаўналетні. Потым яго сталі пакідаць за кратамі на дзесяць-пятнаццаць сутак. І вось тут маці згадала пра старэйшага сына, бо ён цяпер быў адзінай больш-менш цярплівай аўдыторыяй.

Донна Анна апрытомнела і ціха кліча бацьку. Дон Атавіа спрабуе яе суцешыць.

Абмяркоўваць гэтую тэму з бацькам было бессэнсоўна: ён вельмі парадаксальна ўспрымаў прыгоды малодшага сына. Дакладней, ніяк на іх не рэагаваў, як быццам нічога не адбывалася ў сям'і, як быццам Віцька не на суткі садзіцца, а едзе ў санаторый ці на якую важную канферэнцыю праграмістаў. Нават калі сына ледзь не адлічылі з універсітэта, Андрэй Аляксандравіч не сказаў яму нічога, а маці мітусілася па кватэры, як сука, у якой адбіраюць шчаня, і прамаўляла: «Ой, што ж гэта будзе?!». Бацька маўчаў і не звяртаў на ейную мітусню ўвагі. Толькі калі яго гэта зусім дапякала, ён абрываў жонку выгукам: «Ну годзе ўжо, ён дарослы, сам разбярэцца, што ж гэта будзе!». Тады маці званіла старэйшаму, Аляксею, і скідвала на яго ўсе свае хваляванні.

Донна Анна нечакана адштурхоўвае дона Атавіа і ў паўтрызненні патрабуе, каб яе пакінулі і далі ёй памерці.

Нельга сказаць, што бацька быў на Віцькавым баку. Калі сын на нейкіх сямейных сходках увязваўся ў палітычныя дыскусіі, бацька імкнуўся яго асадзіць і выпраўляў «займацца агітацыяй у іншае месца». Палітыка ва ўсіх яе колерах і адценнях была ў сям'і табу, а чаму ён не хоча яе абмяркоўваць, бацька не прызнаваўся. Можа, таму, што меў у свой час праблемы праз уласнага старэйшага брата, якога на некаторы час нават накіроўвалі на пасяленне. Можа, таму, што з надыходам гістарычных часоў брат з савецкага дысідэнта імгненна ператварыўся ў нацыянальнага патрыёта і грузіў яго сваімі ідэямі. Дзядзька, дарэчы, стаў для Віктара сапраўдным гуру.

Бацька з малодшым сынам часта сварыліся, але не праз адрозныя палітычныя погляды. Сын спрабаваў зразумець, чым дыхае ягоны татуля, але ж татуля пазбягаў любой размовы такога кшталту, тоячы словы і думкі свае. Маўляў, я не з табой, але і не супраць цябе. Ідэйна прасунутаму хлопцу кшталту Віктара Грынкевіча прасцей было б мець бацьку, які штодня прачынаецца з думкай пра сваю добрую пенсію ды тое, што няма вайны і гэта добра. На такога, прынамсі, было б за што злавацца. Але ж Андрэй Аляксандравіч Грынкевіч успрымаў захапленні свайго малодшага нашчадка з абыякавасцю сценкі, па якой б'юць на трэніроўцы тэніснымі мячыкамі.

І так доўжылася пяць гадоў, пакуль Віцька не скончыў універсітэт і не выйграў грын-кард. Ён тады перажываў тое, што сам назваў «экзістэнцыяльным крызісам». Да восені 2001 года брат яшчэ на нешта спадзяваўся, а недзе ў верасні вельмі спантанна вырашыў скарыстацца сваім выйгрышам і падаўся за акіян.

Амаль адразу пасля яго ад'езду ў Андрэя Аляксандравіча здарыўся другі інфаркт, пасля якога ён стаў больш эмацыйным. Можна нават сказаць, што бацьку нібы падмянілі. Цяпер яму хацелася як мага болей камунікаваць з дзецьмі, пра нешта з імі спрачацца, нешта ім даводзіць. І такая ўвага для дзяцей была невыноснай. На бяду сваіх сыноў, бацька з ягоным інжынерскім мінулым выявіўся надзвычай здольным да вывучэння камп'ютара і хутка пасябраваў з інтэрнэтам. Цяпер ён ці не штодня выхопліваў дзяцей з глабальнага павуціння — усяго толькі каб загрузіць іх сваімі філасофскімі развагамі. Пасля браты часта абмяркоўвалі гэтыя развагі міжсобку і так і не маглі прыйсці да пэўнага разумення, што бацька хацеў ім сказаць. Што тут паробіш — наступствы інфаркту.

Калі дзеці ігнаравалі бацьку, іх пачынала дапякаць маці. Праўда, яна баялася камп'ютарных мышэй горай за жывых: яна мела музычнае мінулае. Перыядычна бацька трапляў у лякарню са стэнакардыяй, і тады маці, пераляканая, нібы яе пакінулі на бязлюднай выспе, абрывала тэлефон старэйшага сына. Званіць у Расію было танней, чым у Амерыку, і менавіта з гэтай прычыны Аляксей стаў для маці сямейным псіхолагам.

Ён яе шкадаваў і таму вельмі часта завісаў з ёй на тэлефоне на гадзінкі дзве. І гэтыя дзве гадзінкі заўсёды былі прысвечаныя ейным страхам за бацьку, а пасля — навінам пра сваякоў і суседзяў. Нарэшце, калі маці амаль цалкам супакойвалася, яна пачынала цікавіцца справамі сына. Але і тут яна абмяжоўвалася дзвюма асноўнымі тэмамі: «калі ты ўжо ажэнішся» і «як шкада, што ты кінуў тады фартэпіяннае».

На першую тэму Грынкевіч заўсёды разважаў лёгка і з гумарам. Другая тэма яго раздражняла болей за гук ад крышэння пенапласту. Але ён трымаў сябе на аброці, пакуль мама марыла пра тое, чаго ўжо ніколі не можа быць. З тым жа поспехам можна пісаць мэйлы да нябожчыка без спавешчання аб прачытанні ды прызначаць яму спатканне на тым самым месцы ў той самы час. Ёй патрэбныя былі такія мары: Данута Фларыянаўна была вельмі рамантычнай жанчынай.

Грынкевіч увогуле даўно замірыўся з усімі дзівацтвамі сваіх таты і мамы, бо меў рацыю той, хто сказаў: любоў да бацькоў вымяраецца ў кіламетрах. А што яны абое крыху дзеўбанутыя, дык гэта нават і добра. Як сам бываеш на добрым падпітку, то з бацькам нават і прыкольна бывае паразважаць у скайпе пра родную зямлю. Пад старасць у Андрэя Аляксандравіча прачнуўся вельмі спецыфічны патрыятызм, які немагчыма было зразумець.

— Сынок, ты павінен прыехаць. Ён вельмі хоча бачыць вас абодвух. Вельмі. Ведаеш, яму напраўду складана. Ён такі знерваваны стаў. Мне кардыёлаг кажа, што не ведае, на чым тое сэрца трымаецца. Па вялікім рахунку, яму трэба рабіць аперацыю. Сур'ёзную аперацыю. Але ён упёрся і не хоча ісці пад нож. Можа, вы з Віцем прыедзеце, пагутарыце з ім. Мужык жа ж яшчэ нестары, толькі шэсцьдзясят спаўняецца.

Грынкевіч чуў у слухаўцы напружанае дыханне, у якім хаваліся ўсхліпы. Таму ён прамовіў:

— Добра, мама, я прыеду. Як вы там увогуле?

Увогуле яны былі нішто сабе. У аднаго са свая-

коў нарадзіўся сын, а другая сваячка будуе кватэру. Бульбу на лецішчы сёлета пажэрлі каларады, а камплект плытак з Рыхтарам прыйшоўся маці да сэрца. Прэм'ера... Ой, ну зразумела ж, мама віншуе сына з пастаноўкай. Можа быць, яны з бацькам прыедуць у N.

— Ты беражы сябе, сынок, не загружайся працай. І не куры так шмат. Здароўе ж у цябе, сам ведаеш. Цябе ж у войска не бралі нават тады, калі бралі ўсіх без разбору.

— Карацей, буду выдзіраць пару дзён у лістападзе, можа атрымаецца, — зусім вырачаным тонам рэзюмаваў сын.

— Лёша!..

— Усё добра, мама.

Размову ён сяк-так скончыў, супакоіўшы маці і нагаварыўшы ёй шмат цёплых словаў. Проста выдатна, падумаў ён, што мама не карыстаецца камп'ютарам. А то лазіла б у пошту ды ў скайп, паку ль бацька гуляе з сабакам.

Донна Анна ў амаль апантаным стане, дон Атавіа зноў яе супакойвае, тады яна нарэшце цалкам вяртаецца ў свядомасць і просіць у жаніха прабачэння. Яна кажа, што цяжка пакутуе праз смерць бацькі. Тады дон Атавіа кажа, што цяпер ён будзе ёй апірышчам і заменіць бацьку.

Грынкевіч дастаў з заплечніка партытуру: яго асабліва зацікавіў танальны план оперы. Дуэт донны Анны і дона Атавіа напісаны ў рэ міноры, як і тэма Камандора з уверцюры. Прысягаючы помсціць, яны як быццам апелююць да той самай халодна-аб'ектыўнай усясветнай справядлівасці. Гэта танальнасць лёсу, танальнасць Ананкэ.

Ірына тым часам нарэшце ўсцешыла яго адзінай СМС у адказ на цэлы пачак паведамленняў: «Былая вакалістка? Барані нас Бог ад чарговай безгалосай дуры. Будзе разводзіць дзікія мізансцэны і потым казаць: я ж сама вучылася, я ве­даю, што так спяваць зручна!».

Назад Дальше