Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - Юлия Шарова 6 стр.


Грынкевічу патрэбны быў дыялог, хоць так, хоць на такую тэму. І ён радаваўся, бо зноў злавіў Ірыну, як матылька за крылцы. Ён ад самай першай сустрэчы ведаў, што не здолее яе адпусціць. Тады ён адчуў сябе маньякам-скрыпачом, якому толькі далі патрымаць у руках інструмент старога італьянскага майстра — і тут жа адабралі. Але ж як хацелася граць на ім, як хацелася цешыцца ім, бо інструмент падышоў якраз па руцэ, нібы на ягоную замову зроблены! І Грынкевіч пачаў думаць пра Ірыну, як той маньяк-скрыпач, што таемна ад усіх выношвае дзёрзкі план выкрадання рэдкай скрыпкі.

Першая сустрэча была аднабаковай: Ірына была на сцэне — сярод тых, хто слухаўся ў стажорскую групу, а ён сядзеў у зале — сярод тых, хто прыйшоў шчыра пасцябацца з прэтэндэнтаў. Спявалі будучыя стажоры з аркестрам, акампанаваў ім дырыгент Каршакоў. Былі там, зразумела, і харошыя, і розныя. І вось выйшла дзяўчо, свежае, светлае, пяшчотнае. Грынкевіч, зразумела, за колькі секундаў ацаніў і ладнасць фігуркі, і абаяльнасць аблічча. Але яна ўся была як першы цёплы сакавіцкі дзень, як першая пралеска, як свежы парыў ветрыку, як сонечны зайчык, як першы ў жыцці пацалунак. Галасок яе быў адпаведны: высокае сапрана, звонкае, серабрыстае, невялікае, але вельмі чыстае, як кроплі першага вясновага дажджу. Дый арыю яна спявала адпаведную — са «Снягуркі».

Грынкевіч быў па-мужчынску ўзрушаны, і адначасова гэтае дзяўчо яго нечым кранала. Жарсць і замілаванне. У скрыпача-маньяка, пэўна, таксама дрыжэлі рукі і перасыхала ў горле, калі ён бачыў сваю скрыпку, зробленую нібыта для яго. Ён выйшаў з залы, як толькі вакалістка скончыла выступ. Трэба было рабіць уражанне ўжо за­раз, не адкладаючы справу на потым. На чацвёртым дзясятку звычайна страчваеш імпэт і ўжо не хочаш дамагацца красуняў так, як у дваццаць гадоў, — так ён думаў раней. Але ў выпадку з Ірынай ён гатовы быў пралезці ў замочную шчыліну.

Зрабіць уражанне ў той дзень не ўдалося, бо за кулісамі дзяўчыну чакаў адзін з афіцыйных спонсараў тэатра і прыяцель дырэктара бізнэсмэн Собалеў. Зрэшты, пазней Грынкевіча гэта не спыніла, хутчэй зрабіла хітрэйшым. У стажорскую групу Ірыну ўзялі, — яе і так узялі б з такімі знаёмствамі, але ж трэба было дзеля фармальнасці праслухацца. І, зразумела, для пачатку яна атрымала маленькія партыі ў дзіцячых спектаклях, а Грынкевіч у той сезон быў зусім не ў пашане ў начальства, і яму дасталіся ўсе ранішнікі. Браць дзяўчыну кавалерыйскім наскокам ён не збіраўся, ёй бы такое ў любым выпадку не спадабалася, нават калі б Собалева не існавала ў прыродзе.

І хай сабе ўсе казалі пра яго, што ён асабліва цынічны бабнік, — кепская рэклама таксама рэклама, можа нават эфектыўнейшая за добрую. Трэба сказаць, калі Ірына з'явілася ў тэатры, Грынкевіч неяк непрыкметна пазгортваў свае дробныя інтрыжкі, якія ў яго на той момант вадзіліся, нават спыніў сяброўскі сэкс з Таццянай, тутэйшай салісткай, якая перажывала стрэс ад разводу з мужам. Таму здабыць доказы яго бабніцтва было праблематычна, прынамсі тут, у горадзе N. А прыгоды ў Маскве, куды ён ездзіў ці не кожны тыдзень, Грынкевіч не афішаваў. Ды яму і самому не дужа хацелася глядзець у бок іншых кабет, калі побач быў такі цуд, хай сабе і недасяжны.

З Ірынай ён паводзіўся падкрэслена карэктна, чыста мужчынскія знакі ўвагі старанна перамешваў з прафесійнымі. Калі за разборам партытуры раптам сказаць пра прыгожую блузку ці фрызуру, гэта будзе ўспрымацца як дваццаць пяты кадр, разлічваў ён. Фарсіраваць падзеі было небяспечна яшчэ і праз яе спонсара. Ды яна і сама пачала рабіць невялічкія апаслівыя крокі насустрач. Ягоныя ж позіркі ў бок Ірыны рабіліся такімі, што ад іх можна было атрымаць апёк, калі не адвесці вочы.

Яна ішла да яго, але не так хутка, як хацелася б. Калі ж ён сам спрабаваў скараціць адлегласць, Ірына адскоквала назад. Грынкевіч пачаў думаць, што нічога не выйдзе і гульню трэба спыняць, пакуль не загуляўся да запамарокі. Па адчуваннях гэта нагадвала яму адно вельмі даўняе і вельмі балючае... Там былі іншыя абставіны, але ж знайсці, а потым страціць было б невыносна. Ён не хацеў больш такога паспытаць. Можа і таму, што яна была сапраўднай прыгажуняй, і адмова магла ў дадатак моцна рубануць па самалюбстве.

Тым не менш Грынкевіч перастаў звяртаць на яе ўвагу, пазбягаў і амаль цураўся яе. Тут ён не пралічваў нічога: калі ён вельмі захапляўся жанчынай (такое з ім рэдка, але здаралася), то рабіўся кепскім аналітыкам і не заўсёды мог ацаніць уласныя шанцы на ўзаемнасць. Таму ён проста адышоў убок, каб самому не зрабілася балюча. Але такое ігнараванне раптам дало жаданы вынік: Ірына страціла пільнасць. Яна пачала выпытваць, што ж здарылася і чаму ён так паводзіцца, чаму ён толькі вітаецца, мы ж сябры, і г. д. На гэта дырыгент сказаў, што не можа проста сябраваць з маладой і прыгожай спявачкай. І ён распавёў, як гэта — пачувацца маньякам-скрыпачом, якому ніколі не атрымаць бясцэнны і прыўкрасны ў сваім гучанні інструмент.

— Калі я ведаю, у які дзень і час пабачу цябе ў тэатры, мяне загадзя пачынае ламаць, — сказаў ён. — Я ведаю, што будзе балюча, і ўсё адно чакаю сустрэчы. І так ужо колькі месяцаў запар. Жыццё зрабілася як чорна-белая кінастужка, якую расфарбавалі толькі ў асобных эпізодах. Вось і цяпер такі эпізод, увесь у пяшчотных фарбах, у сонечных бліках. А выйду з гэтага класа — і зноў паўсюль шэрань...

Размова адбывалася ў пустым класе, які Ірына ўзяла, каб распецца перад спектаклем. Яе ў той дзень акурат уводзілі ў «Сільву»: кар'ера ейная імкліва набірала абароты. Спяваць Стасі ў аперэтцы Кальмана было ўсё ж больш адказным, чым выходзіць на сцэну ў дзіцячых операх. Яна хвалявалася перад спектаклем, а тут яшчэ і гэтыя прызнанні. Пэўна ж, яна разумела, што рана ці позна такое ад яго пачуе, але не цяпер, не ў гэты момант. Калі Аляксей дакрануўся даланёю да яе валасоў, яна толькі і здолела прашаптаць: «Не трэба», — але па сутнасці гэта было згодай, і тут да Грынкевіча вярнулася яго ўпэўненасць. Пацалунак быў як спужаная птушка, што ўзмывае кудысьці ў неба.

Ён пайшоў з класа адразу ж, бо сам ужо быў на мяжы шаленства. Цяпер ён перастаў думаць, што гульня зайшла далёка. Ну і што з таго? Ён сказаў праўду пра чорна-белае жыццё. Як яшчэ можна было перажыць гэтыя колькі месяцаў апалы ў тэатры, калі табе паўсюль чыняць перашкоды і ты пачуваешся невядома кім? У гэтыя месяцы ён, засынаючы штовечар, думаў пра ейныя грудзі, ногі, клубы, вочы і рукі, пра ейны смех і голас, пра ейную парфуму ды бразготкі. І гэтыя думкі былі лепшыя за роздумы пра кар'еру, якую на­чальства закопвае ў зямельку і ставіць над ёй крыжык. А што далей?.. Ён з'едзе ў Маскву, гэта вырашана, Ірына застанецца тут са сваім Собалевым, хадзячым тоўстым мяхом, набіткаваным лайном і грашыма. Можа быць, яна таксама, кладучыся пад гэты мех, уяўляе сабе рукі і вусны іншага мужчыны і толькі з гэтай прычыны не вар'яцее?

Ірына была цалкам агаломшаная тым, што здарылася. Яна выйшла на сцэну, і яе ледзь не знялі з ролі Стасі, бо спявачка нічога не магла зрабіць як трэба. Яна нават тэкст забывала, а ў дуэце з Эдвінам накруціла такога, што Кальман у труне перавярнуўся. Грынкевіч, седзячы ў зале, лаяў сябе за тое, што выбраў нязручны момант. Навошта разгойдваць яе, хай сабе жыве як можа, яна няблага ўладкавалася, прыгожыя жанчыны павінны няблага ўладкоўвацца. Яна проста не паспела скурвіцца, каб продаж самой сябе Собалеву стаў для яе натуральнай справай. Ці варта ламаць ёй жыццё?

Пасля гэтага спектакля яны зноў амаль перасталі размаўляць. Грынкевіч проста хадзіў на працу і лічыў дні да заканчэння сезона, бо заставалася зусім мала. Ірына прыходзіла ў тэатр не ў гуморы, і ўсе адзначалі, што яна заўважна змянілася, стала нервовай і нават злоснай. Казалі, што ў дзяўчыны зарана пачынаецца зорная хвароба. Аднойчы яна на вачах ва ўсіх пасварылася са сваім каханкам-алігархам. Гэта выглядала амаль як сцэна з другога акта «Багемы». Грынкевіч быў сведкам гэтай сцэны і сказаў тады, што, напэўна, гэта стомленасць і сіндром канца сезона.

У чэрвені была прэм'ера «Эліксіра кахання». Ірына там спявала Адзіну другім складам, таму яе паставілі адпрацоўваць здачу, каб не напружваць перад прэм'ерай тутэйшую прымадонну Рашэтнікаву. Як ні дзіўна, алігарх у той вечар за ёй не прыехаў: магчыма, выконваў нейкі маральны абавязак перад сваёй жонкай, з якой пакуль афіцыйна не развёўся. Грынкевіч сядзеў у зале на здачы, ён перад гэтым выпіў, і далёка не куфаль піва. Дырыгаваў запрошаны маэстра, потым спек­такль мусілі перадаць Каршакову, тутэйшаму чарговаму. За музыкай Грынкевіч не сачыў, ён глядзеў толькі на Ірыну. У думках ён абкладваў сябе мацюкамі за тое, што паводзіцца з ёй як інтэлігентны імпатэнт, а пачуваецца — як здаровы дзікун, якому трэба колькі разоў на дзень у розных карцінах і позах.

Пасля здачы Ірыну доўга віншавалі за кулісамі і казалі, якая яна малайчына. Дырэктар тады абвясціў, што з наступнага сезона яе са стажорскай групы пераводзіць у салісты, і гэта справа вырашаная. Потым, натуральна, Ірына затрымалася ў грымёрцы адна, бо сышла пераапранацца пазней за ўсіх. Яна прычэсвала валасы, седзячы перад люстэркам, і ўжо збіралася сыходзіць, калі пагрукаўся Грынкевіч. Ён прамовіў глухім голасам дзяжурныя словы віншавання. Дзяўчына аднымі толькі вуснамі, бязгучна прашаптала: «Дзякуй». Яна хацела ўзняцца, схапіць торбачку і бегчы адсюль, пакуль плане­ты яшчэ не змянілі сваіх арбіт, пакуль зоркі не спалілі адна адну, а на Зямлі яшчэ дзейнічаў за­кон прыцягнення.

Ён добра памятаў той момант, як укленчыў перад Ірынай і паклаў ёй галаву на калені.

— Ты што робіш? — з ціхім здзіўленнем прашаптала яна.

А Грынкевіч маўчаў, цалуючы дрыготкія паль­цы, якія перабіралі яго вал асы.

— Я неўзабаве з'еду, — нарэшце сказаў ён. — Але сёння... Хадзем са мной!

Ірына рэзка ўзнялася, страсаючы з сябе насланнё. Аляксей узняўся таксама і злавіў яе за руку, амаль да болю сціскаючы запясце. Яна не ўскрыкнула і не паспрабавала вызваліць руку, толькі замружыла вочы і прыкусіла вусны.

— Я таксоўку выклікаў. Чакаю цябе на вуліцы, на рагу, там, дзе крама.

І ён пайшоў, адпусціўшы яе. Ён чамусьці быў упэўнены, што яна пойдзе за ім, як Эўрыдыка з падземнага свету. Але ў яго не было спакусы азірнуцца.

Донна Анна патрабуе ад дона Атавіа, каб ён прысягнуў знайсці невядомага злачынцу і адпомсціць яму за смерць бацькі. Дон Атавіа кажа: «Клянуся!».

Яму паспакайнела: ад Ірыны прыйшло паведамленне. Калі яна змаўкала і нібыта аддалялася, Грынкевічу пачынала здавацца, што ўсё скончыцца.

«А што ты хацела, сцэна — цяжкі наркотык. Калі не выпадае на яе выходзіць, былыя вакалісты хочуць хоць неяк спрычыніцца да працэсу», — напісаў ён паведамленне ў адказ.

«Я б лепей пайшла месці вуліцы, чым лезці ў тэатр хоць як-небудзь!» — настойвала маладое сапрана.

«Не ўсім шанцуе. Хтосьці застаецца за бортам, нават маючы сапраўдны голас. А хтосьці свядома сыходзіць, нават не безгалосы», — пярэчыў дырыгент, таксама яшчэ малады для сваёй прафесіі, але які на сваім вяку пабачыў болей.

«Я ў гэта не веру!»

«Не будзь гэткім катэгарычным дзяўчом».

Грынкевічу часам падабалася адчуваць розніцу ва ўзросце і ў жыццёвым досведзе. Асабліва з улікам таго, што ў ложку ён мог даць фору не толькі алігарху Собалеву, але і шмат каму з больш маладых і гарачых. Ён цяпер ужо амаль свядома разгойдваў камфартабельны човен Ірыніных адносінаў з заможным і жанатым каханкам. Навошта — ён пакуль не ведаў. Дакладней, не адважваўся пра гэта думаць.

Ірына болей не адказвала. Ён пачакаў з паўгадзіны. Вандроўка ў цягніку была, як заўсёды, нудотнай справай, таму ён вырашыў пазабавіцца тым, што выйшаў праз мабільнік у інтэрнэт. Праверыўшы пошту, ён раптам згадаў, што яму трэба сёе-тое пашукаць. Можа быць, ЯНА будзе недзе ў сацыяльных сетках. Яна мае рэдкае прозвішча, а яшчэ яна любіць чым-небудзь вылучацца. Наўрад ці яна змяніла яго, нават калі пабралася з кімсьці. А можа, і праўда пабралася? Была ж яна два ме­сяцы таму на тым спектаклі з нейкім... Бляклая моль, а не мужык. Стоп!.. А навошта яму гэта праз. о Божухна, ажно восем гадоў... нават восем з паловай!.. Ну, як навошта?.. Цікава проста, што ды як, усё ж нешта яна для яго значыла тады, калі ён быў вельмі маладым і яшчэ спрабаваў жыць сляпымі надзеямі.

Аднак у сацыяльных сетках знайшлася далёка не адзіная Анна Рупель, і ніводзін акаўнт не належаў менавіта ёй. Тым не менш ён праглядзеў усе анкеты. У адной з іх не было фота і даты нараджэння, але астатняе выглядала праўдападобным: жыве ў Санкт-Пецярбургу, перакладчыца, музы­ка і балет сярод захапленняў, замужам, ёсць дач­ка пяці гадоў. Напэўна, гэта і было адказам на пытанне, ці варта рэанімаваць мінулае. Выпадковыя і кароткія сустрэчы з усімі могуць здарыцца, і калі кожную разглядаць як знак, то можна страціць адчуванне рэальнасці.

І ўсё ж яму зрабілася крыху сумна, і ён нават не стаў адказваць на СМС ад Ірыны, якая зноў напісала. Паведамленне было такім, што можна было і не адпісваць. Грынкевіч зноў залез у інтэрнэт і паглядзеў анкету Анны Рупель, па мужу Зайцавай, якая працавала перакладчыцай і мела пяцігадовую дачку.

У анлайне ўбачыў брата, які, відаць, ці то зарана прачнуўся, ці то яшчэ не клаўся спаць, калі ўлічыць розніцу ў часе з яго амерыканскім шта­там. У Віцькі цяпер было магчымае і адно, і дру­гое: у іх ідуць зубы. Як чалавек з багатай фантазіяй, Грынкевіч адразу ўяўляў, што ягоны пляменнік, з якім ён быў знаёмы толькі па фотках, мае нейкую чарадзейную моц. І гэтая моц дазваляе яму завабліваць у хату страшных монстраў, імя якім — зубы. Гэтыя монстры грукаюцца ў вокны і ломяцца ў дзверы, і таму няшчасныя бацькі малечы не могуць заснуць. Можа, і няблага жыць без сям'і і дзяцей.

«Ну дык што, у лістападзе пабачымся?» — запытаўся ён у брата.

«Волька не хоча мяне адпускаць, скандаліць. А калі да бацькі на юбілей не злётаеш, дык там будзе істэрыка».

«Забі».

«На каго?»

«На ўсіх. Але найперш на сваю Вольку. Ужо які тыдзень без цябе пражыве. А з бацькам не чапайся. Ён мне тыдзень таму на цябе скардзіўся. Дуры яму галаву. Абяцай, што гадоў праз пяць, як падзаробіш грошай, вернешся і адчыніш уласную камп'ютарную фірму. Ці ўладкуешся праграмістам у адміністрацыю прэзідэнта. Ці пойдзеш выкладаць ва ўніверсітэт. Ну, яму ж гэта бальсан на раны!»

«Угу. Сыны раз'ехаліся, нават пахаваць не бу­дзе каму. Стаміўся я ад гэтай песні».

«Будзь хітрэйшым».

«Ок. Я на працу, потым як-небудзь пагутарым».

Брат выпаў у афлайн, Грынкевіч таксама вырашыў выбірацца з глабальнага павуціння і не марнаваць болей грошы на мабільніку. Прыйшла СМС ад ведзьмы, як заўсёды звышэратычная. Ён павагаўся і вырашыў не афішаваць гэты свой прыезд. Як толькі ў яго наладзілася з Ірынай, памкненне пабачыцца з Алёнай аслабла. І ён не стаў пісаць, што будзе ў Маскве літаральна праз пару гадзін.

Донна Анна і дон Атавіа сыходзяць.

Назад Дальше