І бацька замест таго, каб папракаць і вінаваціць іх, вымушаны быў разам абмяркоўваць, што ім усім рабіць.
Жонцы не цяжка было даказаць яму, што нічога іншага не застаецца, як ім самім гадаваць гэтае дзіця.
— Несці няма куды, а выкідаць не будзеш.
— Я, татачка, буду яму за маці, — дадала Ліза. — Я пастараюся, каб ён табе не перашкаджаў.
Бацька ўсміхнуўся і махнуў рукой:
— Ну, якая з цябе маці? Цябе саму яшчэ трэба даглядаць.
Меў голас у гэтай нарадзе і сам герой дня. Ён крычаў мацней за ўсіх. Часам хапаўся за хлебную соску, а потым зноў крычаў.
— Хутчэй бяжы па соску, — сказала маці Лізе; тая хутка сабралася і выйшла.
— А я атрымаў работу на станцыі пры складзе, — панура сказаў бацька. — Прыйшоў дадому, а тут новая бяда. Каб быў другі час, я нічога не сказаў бы, а цяпер...
Жонка пачала супакойваць яго:
— А гэта ўжо будзе наш клопат. Пацярпець прыйдзецца якіх месяцаў пяць-шэсць, а потым, можа, і сам будзеш рады.
— Ды што я? — усклікнуў муж. — Цябе я шкадую. На цябе ляжа ўвесь гэты цяжар.
— Нічога, наша жаночая справа ўжо такая! — дабрадушна сказала яна. — Ды іншага мы і зрабіць не можам, значыцца, не варта аб гэтым і думаць.
— Як не думаць? — не сціхаў бацька. — У такі час нават для родных бацькоў дзіця не шчасце, а тут... Глядзі, як заходзіцца, — спыніўся ён ад новага крыку дзіцяці.
Соска звалілася на падлогу. Стары, крэкчучы, падняў яе, пакруціў у руках і сказаў:
— Абмыць цяпер трэба.
— Дай спаласну, — сказала жонка.
— Дзе табе з адной рукой? Я сам. Ёсць згатаваная вада?
— У чайніку.
Ён спаласнуў соску і вярнуўся да дзіцяці. Яно схапіла яе і сцішылася.
— Пэўна яўрэйскае, — заўважыў бацька.
— Цяпер яно проста савецкае, — адказала маці.
— Колькі гіне цяпер такіх дзяцей! — уздыхнуў бацька. — Ды не толькі дзяцей... Я часам адчуваю сябе нібы вінаватым, што з нашай сям’і нікога на вайне няма.
Жонка ўбачыла, што надыходзіць момант, калі можна зрабіць наступны крок — раскрыць мужу ўсё. Яна зусім не збіралася падманьваць свайго друга і хаваць ад яго праўду.
— А калі мы не ваюем, — сказала яна, — то можам зрабіць карысць іншым спосабам: выратуем і выгадуем чалавека на змену загінуўшым.
Муж ціха засмяяўся і, паклаўшы руку на плячо жонкі, сказаў:
— А я і не ведаў, што ты ў мяне такая палітычна свядомая.
— А-м, якая тут палітыка! — адказала яна. — Проста чалавечае сумленне.
...Ліза тым часам прыбегла ў аптэку. Але сосак там не было. Яна ледзь не
заплакала ад гора. Тады нейкая жанчына сказала, што можна купіць на рынку. Ліза пабегла на рынак і натрапіла там на нямецкага салдата, які прадаваў цэлы грос (144) сосак. Але адну ці дзве нізавошта не хацей прадаць. На шчасце, знайшлася жанчына, якая купіла ўсю каробку і тут жа прадала Лізе некалькі сосак па цане ў два разы большай.
Запыхаўшыся, прыбегла Ліза дадому і, калі ўвайшла ў хату, то здзівілася не менш, як перад тым здзівіўся бацька: маткі дома не было, а дзіця гушкаў на руках... сам бацька!
— Чаго вочы вылупіла? — буркнуў бацька. — Праз цябе ж усё гэта.
— Татачка, ты ведаеш усё? — са страхам спытала Ліза.
— Ды ведаю ўжо.
— І не злуеш?
— Каб мог бы злосцю паправіць бяду, то, пэўна, злаваў бы, — бурчаў бацька. — На, бяры сваё дзіця!
— Татачка, любы! — кінулася яму на шыю Ліза і пачала цалаваць, як тады маці.
— Ну, добра, добра, — бурчаў бацька. — Глядзі толькі, каб болей дзяцей не насіла, а то цяпер так многа сірот.
Увайшла маці і прынесла шклянку малака, якое яна пазычыла ў суседзяў. Пачалі раскладаць агонь, каб згатаваць гэтае малако; затым трэба было знайсці і падрыхтаваць бутэльку. Не менш важна было памыць дзіця. Бацька палез на гарышча даставаць начоўку, потым пайшоў па ваду. Ліза ўсяляк супакойвала дзіця, якое крычала на ўсю кватэру. Уся сям’я была загружана работай.
Ліза адчувала сябе вінаватай за ўвесь гэты хатні пераварот і, як магла, старалася памагчы, але ўсё неўпапад. Калі раздзела дзіця класці ў ваду, маці сказала, што трэба класці не голым, а загорнутым у пялёнку. Калі апусціла руку ў ваду паглядзець, ці не гарачая яна або халодная, маці сказала, што трэба спрабаваць не рукой, а локцем. А якой складанай справай аказалася само мыццё.
Калі Ліза стала спавіваць дзіця, то выявілася, што гэта таксама цэлая навука: трэба не проста загортваць, а спачатку абкручваць паасобку кожную ножку. Калі памкнулася наліваць малако ў бутэльку, маці ўскрыкнула:
— Што ты робіш? Хіба можна такому дзіцяці даваць цэльнае малако? Трэба дадаць палову засалоджанай вады.
І так на кожным кроку. А Ліза думала, што яна возьме сабе дзіця і будзе гадаваць, як коціка. Апрача таго, маці яшчэ вельмі непакоілася, як пройдзе гэты несвоечасовы пераход ад грудзей да штучнага кармлення, ды наогул, як удасца ўберагчыся ад розных дзіцячых хвароб. Адным словам, радасці нешта не відаць.
Памытае і накормленае дзіця, нарэшце, заснула з пустой соскай у роце. Бацькі глядзелі на яго спачувальна, але кожны з іх думаў, што ўсё ж такі лепей было б без яго.