З малых гадоў, калі я бачыў цягнікі, як хадзіў да бабы (яна жыве ад нас па той бок чыгункі), унутры мяне нешта сціскалася. Падалося так захапляльна: ехаць у вялікім вагоне, сядзець ля акна, піць гарбату ці колу, есці. Я зайздросціў тым людзям, якія праносіліся міма ў цягніках. Іх чакае нешта новае. Вось зараз яны некуды прыедуць, будуць змены, ды яны, па сутнасці, жывуць у тых зменах. Мне гэтаксама карцела сесці аднойчы ў цягнік, ехаць далёка-далёка, туды, дзе будзе ўсё інакш. Ну, няхай будуць і тыя самыя дрэвы і дамы, і людзі, і крамы. Але там будзе ўсё напраўду. Недзе там, далёка, павінна быць усё напраўду. Па-даросламу. Без падману.
Чаго я прыпёрся сёння на гэты ўзгорак?
Праз напамін пра бацьку? З-за Ядвісі?
Надакучыла. Юрась кажа, мы жывём у катле з дзярмом. Ну так, з ім не паспрачаешся, ён разумны. Ды больш агідна тое, што кожны сваё дзярмо выдае за золата. І імкнецца цябе самога яшчэ таўхануць туды, каб нырнуў з галавой. Ненавіджу школу, ненавіджу горад. Усё несапраўднае. Паказуха. Падробка. І Ядвіся вось. Чаму не быць простай і шчырай? Хоць бы адна дзяўчына была без гэтых прыдуркаватых найгрышаў, без жадання звіць вакол сябе таямніцу цікавасці.
З'ехаць бы хутчэй.
Маці дома не было — яна прыходзіць позна, бо падпрацоўвае. На адну зарплату нам цяжка пражыць. Добра, баба дапамагае — яшчэ працуе, хоць які там у яе заробак, у бібліятэцы? Але маці нягледзячы на гэта ніколі не шкадавала грошай на мае патрэбы. І новы комп ёсць, і на сеціва грошы дае, і на смартфон добры нядаўна вось перад тым, як у школу ісці, дала. Яна ніколі асабліва не жалілася, што грошай не стае, так, абмовіцца іншы раз, што з тым ці іншым пакуль пачакаем. Аднаго разу пайшлі з ёй на рынак, даўно ўжо, каб купіць мне джынсы. Маці ўздыхала, гледзячы на цэны. А я пабачыў шыльду сэканд-хэнда і пацягнуў маці туды. Там сабе выбраў джынсы, батнік, балахон. Маці не пярэчыла, толькі ніякаватая была, пыталася, ці добра мне ў такім. Вось жа: клёвыя рэчы, тое, што мне акурат і трэба! З таго часу я апранаюся сам: маці дае грошы, я іду і купляю, што мне даспадобы. Адно абутак — красоўкі — купляем добрыя, дарагія, бо танны адстой рвецца праз два месяцы, распаўзаецца, як блін.
Уключыў комп, каб зайсці ў сваю групу «УКантакце» — там мы абмяркоўваем, што ёсць цікавае паглядзець з новых серыялаў. «Гульня тронаў» мне не пайшла, паглядзеў колькі серый з аднаго сезона — не маё. Не люблю я бясконцы працяг. Мне каб адна серыя — адна завершаная гісторыя. Вось як той «Менталіст» ці «Х-файлы».
У групоўку нашага класа амаль ніколі не заходжу: лажаюць адзін аднаго бясконца. У школе дык мала хто з кім паразмаўляе, а тут як пачнуцца гамонкі — адкуль імпэт бярэцца. Вядома ж, пісаць лягчэй, чым казаць у вочы.
Мяне чакала запрашэнне да сяброўства. Ёкнула, калі пабачыў — ад Ядвісі Лелькі. Прыняў. Яна была анлайн, адразу напісала ў прыват: «Выбачай яшчэ раз. Я не хацела нічога дрэннага табе зрабіць». Адказаў: «Фігня, не пераймайся. Усё норм». Яна адказала смайлікам, а пасля дадала: «Мне спадабалася ваша кампанія — ты, Юрась і Уладзя.»
Мне не хацелася працягваць размову, не люблю я такіх вось прызнанняў праз сеціва, але і карцела пабыць на нябачнай сувязі з Ядвісяй.
«Я не аматар балакаць па маніторы. Хочаш, сустрэнемся ў рэале, пабазарым».
Напісаў і замёр у чаканні, назіраў, як доўга піша Ядвіся радкі.
«Выбачай — іншым разам. Адно пераехалі, гармідар поўны, рэчы не разабраныя, мэбля не сабраная. Не ведаю, калі мы рады дамо з мамай. Дарэчы, каб ты ведаў: мы з мамай таксама адны». Апошні сказ быў падобны на яшчэ адно прабачэнне і пасвячэннем у асабістае, ад чаго я сапраўды прабачыў Ядвісю.
Сам не чакаў, што вырвецца гэта прапанова, напісаў хутчэй, чым падумаў:
«Дык, можа, дапамагчы? Ну, мэблю там расставіць, рэчы пацягаць? Давай, кажы — прыйдзем утрох))».
«Праўда? Зараз спытаю маму. Калі можаце — самае неабходнае хоць. Бо мама змагла дамовіцца са зборшчыкам мэблі не раней за паслязаўтра».
«О'кей, кажы адрас!»
«Юрась і Уладзя ведаюць, яны мяне праводзілі дадому».
Я выключыў на пліце боршч, які паспеў закіпець, патэлефанаваў Юрасю.
— Няма праблем! Патэль Уладзю!
Мне падалося, Юрась нават узрадаваўся. Не, дакладна, ён запаў на новенькую.
Яшчэ таму я адчуваю, што Уладзя і Юрась — сапраўдныя, бо не помню выпадку, каб нехта з нас каму адмовіў, калі патрэбна была дапамога.
Маці Ядвісі аказалася надзвычай прыгожай жанчынай. У яе такія вочы — цёмныя, глыбокія, позірк і цёплы, і добразычлівы. Усмешка прыязная, шчырая, кончыкі роўных зубоў вільготна пабліскваюць. Вельмі яны з Ядвісяй падобныя: і ростам не дужа розняцца, і паставай, і нават валасы амаль аднолькава заколваюць ля скроняў. Адно што ў цёткі Ірыны няўлоўная плаўнасць у рухах, яна крочыць — а плечы не варухнуцца.
— Ну, спрабуйце, хлопчыкі, як атрымаецца — тое і добра. Нам бы найперш на кухні большменш прыбрацца.
Разабраная мэбля была паўсюль, грувасціліся скруткі, мяхі, кардонкі, шафкі. На кухні мыйка і газ былі падключаны, у сцяне засталіся крукі, каб навесіць шафкі — падышлі, у нас паўсюль стандарты.
На другі дзень мы накіраваліся да Ядвісі адразу са школы — і сабралі вялікую сценку, хоць Уладзя пры гэтым і прышчыкнуў сабе далонь — запяклася кроў пад скурай. Трэцім вечарам мы хутка (вопыт жа набылі!) сабралі другую шафу ў пакоі Ядвісі. Цётка Ірына запрасіла нас на кухню, дзе ўжо была згатавана вячэра.
А напрыканцы — пірог з малінавым сочывам толькі з духоўкі, такі смачны!
Гэта былі тры клёвыя, сапраўдныя дні. Тады мне ўспомніліся словы Уладзі пра тое, як файна адчуваць сябе некаму патрэбным.
3
Тыдзень мінуў — Ядвіся як быццам вучылася разам з намі колькі гадоў, у школе усталяваліся звычайныя сум і нуда. Мая незразумелая ўстрывожанасць пакрысе знікла, хоць раз-пораз, сустракаючы раніцай Ядвісін позірк, на нейкае імгненне мне рабілася вусцішна. На адно кароткае імгненне, а потым усё знікала. Неяк лёгка Ядвіся і мы трое сышліся, пачалі разумець адзін аднаго без ідыёцкіх тлумачэнняў, кшталту «прабач, я хацеў, а ты не зразумела.» ці наадварот. Уладзя рэальна ажывіўся, іншы раз выдаваў слоўцы да месца, не тужачыся, не жарты-самасмейкі, але, відаць, Віялета яго прыструніла — у апошнія дні на перапынках ён амаль не выходзіў з-за стала ці быў поруч са сваёй каралеўнай.
Дзясяты клас — самая вольніца. Ніхто над душой не стаіць, маўляў, апошні год, варта думаць пра атэстат, кантрольныя, тэставанні. Шэрая будзённасць. Адзіная прадуха для ўсіх — лёгкі тролінг аднакласнікаў у школе і наезды без тармазоў з прасаваннем у сеціве. Папраўдзе, абмяркоўваць не было чаго: настаўнікі засталіся тыя самыя, нейкія змены ў іх паводзінах, адзенні ды звычках абсмакталі ў групе яшчэ за першы тыдзень, новых фічаў заўважана не было. Уладзя аднойчы сказаў: запісы ў групе пра настаўнікаў можна скарыстоўваць для тых самых настаўнікаў як тэст на вынослівасць — там такі трэш сустракаецца, не кожны вытрымае пра сябе падобнае чытаць.
Пакуль яшчэ цёплымі вечарамі ці не ўсе былі на флэтах. На хатах пакуль не збіраліся, у кожнай тусы сваё месца ў горадзе, зазвычай не перакрыжоўваліся, каму патрэбныя лішнія цёркі? Пару разоў мы ўчатырох — Юрась, Ядвіся, Уладзя і я — хадзілі на маю горку. З грашыма пакуль ва ўсіх назіраліся траблы, таму міналі кавярню, не згадваючы пра абяцанае.
Была нядзеля, першая гадзіна дня. Я яшчэ валяўся ў ложку — завіс на новым серыяле да чатырох раніцы. І яшчэ б паваляўся, але папоўз па падлозе на вібрасігнале тэлефон. Здзівіўся, бо маці, Уладзя і Юрась ведаюць, што ў нядзелю мяне лепей не чапаць да гадзіны трэцяй дня. Але нумар быў незнаёмы, у сэнсе, у адраснай кнізе такога не было, і нібыта знаёмы. Я не адказаў, хацеў забіць, але выклік паўтарыўся.
— Вяргейчык, ты дзе?!
Тут я адразу згадаў нумар. Класуха верашчала. Яна пыталася так, быццам зараз я павінен прысутнічаць на нейкім дзяржаўным экзамене, дзе сядзіць камісія з самім міністрам і ўсе чакаюць мяне аднаго.
— Дзе-дзе? Дома! — амаль схаміў я і яшчэ павітаўся, каб падначыць: — Добры дзень, Зінаіда Мартынаўна!
Не люблю класуху. І такіх, як я — палова ці болей. Вісклівая іншым разам, знерваваная цётка трыццаці гадоў. Юрась, кпліва пасмейваючыся, казаў: у яе сіндром дзеўкі-векавухі. Замуж не выйшла, дзіцяці не нарадзіла, вось і прэ з яе раздражнёнасць на жыццё наўпроставым залпам на нас. Яе нервовасць і выгляд яе псуе, а то была б нічога сабе жанчына: сярэдняга росту, статная, апранаецца стыльна. А пабачыш твар з вечнай насцярогай у вачах, апушчанымі долу куточкамі вуснаў. Такі пакутніцкі выраз з відавочным дакорам — усё адно як ты толькі што зламаў яе жыццё і зруйнаваў яе будучыню. Яна ў нас другі год класным кіраўніком. Не шанцуе нам. Год пабудзе нехта — і знікае: то выйшла замуж і пераехала, то зацяжарыла-нарадзіла... Зіначка (так клічам мы класуху за спінай) выкладае біялогію, таму, дзякуй Богу, бачымся мы нячаста. Хоць, шчыра кажучы, настаўніца яна неблагая: на ўроках нясумна, наўмысна нікога не гнобіць адзнакамі, незлапамятлівая, ды і досыць паблажлівая — каму з нас праз два гады неабходна будзе нешта ведаць пра нейкія там гены? То і не пытае надта строга. А вось на класных гадзінах яна так можа мазгі вынесці сваімі пропаведзямі з заломваннем рук — хопіць разу на тыдзень.
— Вяргейчык, кажы: дзе вы ўчора былі?
Вяргейчык — маё прозвішча. Не самае прыгожае, згодзен. Вяргейчык — па маці. Яна, калі бацьку афіцыйна прызналі невядома дзе адсутным, вярнула сабе назад сваё прозвішча. А калі мне надышоў час атрымліваць пашпарт, сказала — выбірай. У сэнсе, ці заставайся на прозвішчы бацькі (якога няма), ці на маці. Было б з чаго выбіраць! Прозвішча ў бацькі — Калінка. Як для дзяўчыны дык самае тое, а хлопцу? Хоць бы Каліна.
Але крыху зацыкліўся. Ну, здаецца, пытанняў быць не павінна. Я ж — сын бацькі. А чаму маці вярнула сабе дзявочае? І я спытаў пра тое.
Маці прысела ля стала (на кухні былі), чамусьці пацерла рука аб руку і доўга маўчала, паглыбленая ў сябе, ці то ўспамінала, ці то думала: казаць не казаць. Зірнула ў вочы — у яе быў сумны, дужа сумны позірк, я такога і не бачыў раней. Пачала гаварыць...
— Не ведаю, мо і няправільна раблю. Але ж, сказаць мушу, калі пытаешся, а маніць табе ўжо нельга, ты не дзіцятка, не даруеш. Ды і ніколі я цябе не падманвала, хіба не дагаворвала.— маці ўздыхнула, прыгладзіла свае густыя, бліскучыя валасы. — Расія ў многіх жанчын мужыкоў адняла, не ў адной мяне. Так, нехта ад рук бандытаў загінуў, нехта перап'е ды куды ўлезе, з даху зваліцца, між сабой бойкі былі, забіваліся. Я, калі да следчых пайшла, гэтулькі розных гісторый пачула. Каб раней пра тое ведала, дык і не пусціла б больш яго на заробкі. Хіба пераступіў бы ды паехаў. Дык вось, адны гінуць, а іншыя проста не вяртаюцца. Жанчын жа і там стае. Ды яшчэ шмат такіх, хто кар'еру будаваў, пра сям'ю не думаў, а вось з узростам захацелася пазбыцца самоты. І з гэтай прычыны нашы мужчыны не вярталіся. Нехта і па дзве сямі'і вось так заводзіў. Тут жонка і дзеці, і там жанчына і дзеці. Але ж колькі так ні катаешся між дзвюма, а выбіраць некалі мусіш. Калі я мужа свайго шукала, то мне следчыя і параілі распытаць мужчын, якія з ім былі, каб расказалі шчыра. Паўгода мінула, як Аляксей не вярнуўся, мне адзін мужчына і прызнаўся, што была ў яго там жанчына, апошнія гады ў яе ён і жыў увесь час. То я тады і супакоілася — значыць, жывы, не забілі, няма ні на мне, ні на табе ніякай віны. Хоць, я, канечне, вінаватая: не змагла ўтрымаць. Ды як ужо склалася. Хто ведае, можа, сустрэў ён там сваё сапраўднае каханне, там яго лёс. Хай будзе шчаслівы. Ты выбачай, сынок. Агулам цябе Аляксей як сына бачыў гады з два. такі вось бацька. Сам цяпер вырашай.
Вядома, тут не было чаго вырашаць. Значыць, я — Вяргейчык паводле пашпарта. У школе трохі насамі пакруцілі — маўляў, нешта ім там перапісваць прыйдзецца, а мне што? Ваша праца, дык рабіце.
Не люблю, калі на мяне крычаць. Маці ніколі голас не павысіць, з маленства памятаю дакладна. Уладзя вычытаў недзе, што мужчына не ўспрымае крык. Да прыкладу, калі яму сказаць роўным голасам нейкую навіну і калі са злосцю гыркнуць яе ж, дык мужчына ўспрыме інфармацыю роўна процілегла. А ёсць тыя, хто чуе пры гэтым адно рык, а сэнс слоў не разумее. Мабыць, з мяне вырас менавіта такі. Таму я са злосцю агрызнуўся на пытанне класухі: