- Ну, распавядай, што ты там надумаў, - кажу Мішку, не зганяючы з твару іранічнай усмешкі.
- А вось і не скажу. Пасмейваешся. За дурня мяне прымаеш.
- Ну Мі-іш, - гамзаю з Нюрчынай інтанацыя, і сябар прымірэнча выдыхае:
- Заўтра распавяду. Бачыш, маці ўжо чакае.
Наперадзе, ля весніц, сапраўды стаяла Мішкава маці і махала рукой.
Паўночы круціўся на калючай пасцелі - сплю на гарышчы, забітым сяголетнім сенам, - разважаючы: што гэта такое Мішка. надумаў, і як можна з дапамогай сухога спірту і папяроснай паперы ўчыніць вэрхал з прыездам навукоўцаў і карэспандэнтаў? Можа, хоча зрабіць з паперы летавец ды запусціць над вёскай? Але што тут дзіўнага? Вунь, у ваенным гарадку, які месціцца непадалёку, увесь час летаўцы пускаюць - з намаляванымі пысамі, з даўгімі хвастамі, і нікога гэта асабліва не цікавіць. Змучаны такімі развагамі, я заснуў пад самую раніцу, а прадзёршы вочы, нават не паснедаўшы, пабег да сябра.
Мішка сядзеў на лаве каля хаты і еў булку, густа намазаную павідлам.
- Пачакай, - каротка мовіў Мішка, пабачыўшы мяне, падаўся ў хату і неўзабаве выбег з вялікім кавалкам булкі са шчодрым слоем павідла.
- На, падмацуйся. 3 Неўля прывёз.
Пачастунак страшэнна смакуе. У наш сельмаг такіх булак не завозяць. Ды і такога павідла не прадаюць.
- Галоўнае... каб Нюрка... нічога... не бачыла, - няўцямна, з набітым ротам, прамаўляе сябар і, праглынуўшы смакошу, з трывогаю ў вачах пазірае на бокі. - Так што ідзем зараз да цябе, а я ўсё што трэба з сабой вазьму.
З’ядаем яшчэ па адным кавалку, запіваем калодзежнай вадой, і рушым да мяне. Мішка прыхапіў з хаты торбу, але што ў ёй - мне невядома, і гэта яшчэ больш распаляе цікаўнасць.
Маці такім часам на ферме, так што ніхто нічога не ўбачыць. Аднак на выпадак, калі прыбяжыць Нюрка, зачыняю дзверы на завалу. Пакуль завіхаўся з дзвярамі, Мішка скруціў з тонкага трансфарматарнага дроціка абадок і перавязваў яго ўпоперак суворай ніткай. Потым перавязаў яшчэ раз - так, што пасярэдзіне ўтварыўся крыж.
- Ведаеш, што гэта? - Мішка. махае перад маім носам нейкай белай пласцінкай. - Азбест! Братан з хімкабінета спёр.
Сябар прывязвае пласцінку да сярэдзіны крыжа, махае абадком у паветры.
- Усё, палова справы зроблена. Але застаецца самае складанае, - заклапочана мармыча сябрук.
Я сачу за Мішкавымі завіханнямі і дагэтуль не магу дапяць: якім чынам кавалак азбесціны можа зацікавіць навукоўцаў ды карэспандэнтаў.
- У Неўлі купіў, на апошнія капейкі, - у руках Мішкавых прадаўгаваты цюбік. - Ацэтатны клей. Усё склейвае.
Сябар заклапочана азіраецца.
- Цягні нажніцы. Будзем з паперы мех рабіць.
Цэлых паўгадзіны сябрук поўзае па падлозе, кроячы палосы папяроснай паперы, потым склейвае з тых палос вялізны мяшок, а я яму, як магу, дапамагаю. Урэшце мех, даволі нехлямяжы з выгляду і спрэс у латках - пакуль склейвалі, падзерлі паперу ў некалькіх мясцінах, - быў гатовы, і Мішка з павольнай урачыстасцю прыклеіў да таго месца, дзе завязваюць мяхі, абадок з азбеставай пласцінай.
Цяпер мне зразумела: сябрук хоча запусціць летаўца. Але ж надта кволую паперу падабраў для такой мэты.
- Ну добра... прывяжам, запусцім, а яго адразу ж ветрам парве, - кажу, не прыхоўваючы іранічнай усмешкі.
- Па-першае, нічога прывязваць не будзем. А па-другое, запускаць будзем, калі ветру не будзе.
- Дык а як жа ён паляціць? - пытаюся ўсё з той жа ёлкай усмешкай на вуснах і, Мішка, ляпнуўшы сябе па лбе, адчайдушна выдыхае:
- Сапраўды... спірт забыліся прыляпіць!
Мішка намазвае клеем таблеціну сухога спірту, лепіць да пласціны - з боку меха, - потым яшчэ тры, а падумаўшы лепіць і пятую.
- І што... падпальваем - і ён уздымаецца? - пытаюся ўжо сур’ёзным голасам.
- Мы з братанам у Неўлі ўжо такі мех запускалі. Праўда, узняўся невысока, за дрэва зачапіўся. Таму што дрот быў таўставаты, ды ўсяго дзве таблеціны прыляпілі. А гэты, - сябрук дзьмухнуў у мяшок і той злёгку калыхнуўся, - не меней, чым на кіламетр павінен узняцца.
Я захоплена гляджу на сябра і, не ведаючы, даваць ці не даваць ягоным словам веры, з хваляваннем паціраю рукі.
- Ну дык пайшлі, запусцім, - гукаю акрыялым голасам, - якраз ветру няма.
- Ноччу будзем запускаць, зараз няма сэнсу, - адказвае сябар і торгае галавой, - дзе тут можна яго прыхаваць?
Моўчкі ківаю на столь, і мы выкульваемся з хаты, пакінуўшы разнасцежанымі дзверы. Ацэтатны клей аказаўся надта смярдзючым, і ім навылёт прасмярдзела хата.
- Ну, дык увечары запускаем? - пытаюся, узлазячы па драбінах на гарышча.
- Не, - гукае з-за спіны сябрук, - сёння кіна няма.
Заміраю на імгненне, спрабуючы адшукаць сувязь паміж мехам з папяроснай паперы і кіном, і сябар ляпае мяне па азадку:
- Хутчэй давай, а то нас могуць убачыць!
Хаваем мяшок за комінам ды яшчэ і прыцярушваем сенам.
- Ты калі-небудзь пра НЛА чуў?
- А? - выдыхаю я, і сябар асуджана махае рукой.
Уладкаваўшыся на драбінах, - я вышэй, ля дзверцаў на гарышча, Мішка.
- ля маіх ног, - зморана аддыхваемся. Усё ж такі давялося папрацаваць. Ды і ўсё рабілі спехам, бо вось-вось павінна прыйсці маці з фермы.
- У братана ў Неўлі падшыўка часопіса «Тэхніка - моладзі» за мінулы год. Усю яе прачытаў. Там у двух нумарах пра НЛА напісана. Гэта значыць: неапазнаны лятаючы аб’ект. Уяўляеш, пасярод неба раптам узнікае талерка, ці вялізны шар, які свеціцца знутры. І ніхто не можа дапяць - што гэта такое. Шмат ужо было такіх выпадкаў. Цэлы навуковы інстытут вывучае гэтую праблему. Там у адным з нумароў нават адрас пададзены, куды можна паведамляць, калі пабачыш нешта такое. У нас таксама НЛА атрымаецца. Мяшок жа знутры свяціцца будзе. Толькі б на вочы Мандрычысе патрапіў. А тая потым па ўсім белым свеце раззвоніць.
- А чаму падчас кіна запускаць трэба?