- Ну ты дзівак. Запусці сярод ночы - хто гэта ўбачыць. А пасля кіна мальцы з клуба выкуляцца, а па небе немаведама што ляціць ды агнямі зыркае.
Мішка хацеў яшчэ нешта сказаць, але тут ад весніц пачуўся зычны Нюрчын голас:
- Мішка, дзе ты? Мама на абед кліча!
- Ледзь паспелі, - незадаволена мармыча сябар, і мы збягаем па драбінах на зямлю.
Душным суботнім вечарам, калі ўжо падаілі кароў і сонца схавалася за лесам, мы з Мішкам ідзем агародамі, а потым хмызамі ў бок Дабранскай гары. Гара тая падпірае вёску з паўднёвага боку, і з яе вяршыні бачна ўсё наваколле. Схаваўшыся пад кустом, стоена пераводзім дых.
Лагодны ветрык то абуджаецца, то аціхае, павяваючы ў спіны.
Сёння ў клубе круцяць «Ніхто не хацеў паміраць», і нам добра чуваць раскацістыя галасы, стрэлы і жаночы лямант - фільм, відаць, пра вайну. Сэрца маё парывіста грукае, рвецца з грудзіны, а калі ў клубе, стрэльнуўшы наастачу, адчыняюцца дзверы і ў прастакутніку жоўтай яснасці пачынаюць мітусіцца людзі, і зусім замірае. Зараз будзем запускаць! Але Мішка, глянуўшы на неба, прамаўляе:
- Не, хай зусім сцямнее.
Мяне пачынаюць даймаць дрыжыкі - ці то ад хвалявання, ці то ад прахалоднага ветрыку, што рабіцца ўсё больш зябкім. У клубе пачаліся танцы, і калі там пятым разам завялі Абадзінскага, Мішка, нарэшце, выдыхае:
- Запускаем!
Сябрук нягнуткімі пальцамі выцягвае з кішэні пушку запалак.
- Трымай мех, і як мага вышэй, - стаўшы вокрач, сябар чыркае запалкай.
Мне праз паперу бачна, як таблеціны засвяціліся кволым сінім агнём,
потым нібыта патухлі і нечакана загарэліся дружна і зырка. І, што самае дзіўнае, мех у маіх руках пачаў раздзімацца, і Мішка, ускочыўшы на ногі, гракнуў:
- Адпускай!
Мех здрыгануўся, праляцеў колькі метраў над самай зямлёй, а потым імкліва ўзляцеў у неба. Мы з Мішкам ад захаплення нават раты разявілі. І было з чаго. Вялізны, асветлены знутры шар, ляцеў у цемрыве ночы і быў падобны на нешта казачнае і неверагоднае. Лёгкі ветрык гнаў яго дакладна ў бок клуба.
Я парываюся бегчы за шарам, але сябар хапае за рукаво:
- Стой, нам там не варта з’яўляцца.
Цяпер мы ўжо папераменна глядзім то на шар, то на асветлены клубны ганак, дзе, як гэта заўсёды бывае падчас танцаў, віруе невялічкі натоўп. Нечакана музыка ў клубе аціхае, хтосьці нема гарлае, потым свішча і людскі збой на клубным ганку пачынае варушыцца. Шар між тым завісае ў вышыні, а потым, гнаны ветрыкам, ляціць управа, уздоўж нашай вуліцы. У цьмяным святле, што цэдзіцца з проймы клубных дзвярэй, увішнымі мурашамі завіхаюцца людзі. Гамузам, з падвываннем, брэшуць сабакі, гергечуць гусі, а ў цёмных хатах адно за адным запальваецца святло.
Мы з Мішкам бяжым па схіле гары, уздоўж агародаў, не адрываючы вачэй ад шара, а таму раз-пораз спатыкаючыся і налятаючы адзін на другога. У натоўпе, які бяжыць ад клуба, відаць, таксама спатыкаюцца ды падаюць, бо чутныя кароткія мацюкі і вісклівыя воклічы. Бягуць за шарам не толькі мальцы, але і дзеўкі.
Шар між тым пачынае зніжацца.
- Трэба было... больш... таблецін пакласці! - задыхана гукае сябрук і, зачапіўшыся за нешта, ляціць у яму.
Пакуль дапамагаў Мішку падняцца, шар апусціўся яшчэ ніжэй. Нечакана, каля Авадзішынай хаты, ён змяніў кірунак, паляцеў у канец агарода, і бязладны лямант і тупаценне пакрыў трэск сухога дрэва. Гэта трашчаў падгнілы штыкетнік.
- А людцы мае добрыя, а што ж гэта робіцца-а! - прарваў ноч жаночы лямант, які быў заглушаны роспачным гусіным гаганнем.
Нечакана агарод Авадзіхі, па якім бегла чалавечая гурма, асвяціўся зыркім святлом. Мы з Мішкам нават не зразумелі, што здарылася, і застылі на месцы, і толькі, перавёўшы дых, зразумелі, што гэта занялася агнём капешка сена, якая стаяла ў канцы агарода.
Калі мы да яе падбеглі, яна ўжо дагарала, пускаючы ў цёмнае неба вогненныя завітушкі.
- Нічога не чапаць! - крыкнуў нехта пагрозлівым голасам. - Павінна пажарная інспекцыя прыехаць.
Згарэлая капешка патыхала гарачынёй, таму людзі блізка да яе не падыходзілі, і толькі Мішка, закрыўшы рукой твар, пасунуўся да кола агністага прыску, але быў схоплены за каршэнь і адсунуты ўбок.
Мы з сябруком выслізгваем з натоўпу, бяжым прэч ад вогнішча, і Мішка. пры гэтым прыкметна накульгвае.
- Што, нагу вывіхнуў? - пытаюся я.
Мішка зладзеявата азіраецца, узнімае нагу, спрабуе падхапіць пачэплены на мысок чаравіка абадок з рэшткамі згарэлых нітак, і дзьме на апечаныя пальцы. Абадок яшчэ гарачы.
- Усё, разбягаемся, - рашуча загадвае сябар, і дадае: - Калі хто будзе пытацца - кажы, што ў арэхі хадзілі!
Раніцай мяне абуджае бразгат вёдзер у двары і зычны голас Мішкавай маці.
- Ці бачыла ты тое дзіва?
- Не, я ўжо спала. Пачула толькі: бягуць па вуліцы, гарлаюць як ашалелыя. Выскачыла ў адной сарочцы. Думала, хата нечая гарыць, - азвалася маці.
У нашым двары стаіць калодзеж, і ад самага ранку каля яго бразгаюць вёдрамі ды балбочуць жанчыны.
- У Авадзіхі агароджу павалілі, бульбу вытапталі і яблыкі абтрэслі. А яшчэ і капешка згарэла. Авадзіха ўсю ноч галасіла. А карга гэтая клубная як тое ўбачыла ў небе, пабегла да старшыні ў раён званіць. Крычала ў трубку: «Прыязджайце, да нас марсіяне прыляцелі!» Зусім з глузду з’ехала.
- Дык а што там было, у небе?
- А халера яго ведае. Кажуць, шаравая маланка ляцела.
Я салодка, на поўную губу пазяхаю, куляюся на бок і абуджаюся ад абрывістага свісту. Сонца свеціць ва ўсе шчыліны, на даху цвыркаюць вераб’і, а на двары зацята кудахча курыца.
- Ну ты і дрыхнеш, - з дакорам кажа Мішка Канапелька, калі я адчыніў дзверцы гарышча. - Заварылі кашу, - ужо стоена шэпча сябар, узбіраючыся па драбінах. - Юрка Гуль малако прывёз у Азярышча, дык да яго ўвесь малаказавод збегся. Пыталіся: ці бачыў ён марсіянаў? Адваротным рэйсам карэспандэнта прывёз, з раённай газеты. А яшчэ раней участковы прыехаў на матацыкле. Сядзяць зараз у клубе і людзей па чарзе выклікаюць. Пытаюцца - што там ды як. І Мандрычыха каля іх круціцца. Нюрку маю таксама выклікалі. Пра нас з табой пыталіся: дзе мы ўчора ўвечары б^ілі ды што рабілі. Сказала: у арэхі хадзілі. Во... дарэчы... - Мішка піхнуў руку ў кішэнь, - я тут надоечы залез у ляшчыннік, набраў крыху ды схаваў ад Нюркі.
Мішка сыпануў мне ў прыгаршчы арэхаў.
- І Авадзіха ў клубе сядзіць. Сказала, што ёй шкоду аж на сто рублёў нанеслі. Мальцы вунь, чуеш, новы паркан ставяць, - знадворку і сапраўды далятала ляскатанне малатка.
- Прыходзь ўвечары пад аўтобус. Паслухаем - што людзі кажуць. А мы з Нюркай ідзем канюшыну за хатай варушыць - маці загадала.