Мой дзядзька Лунеш - Кацярына Мядзведзева



Кацярына МЯДЗВЕДЗЕВА

МОЙ ДЗЯДЗЬКА ЛУНЕШ

Мой дзядзька Лунеш жыве далёка за горадам. Ад чыгуначнай станцыі вядзе сцяжынка, што зарасла кудлатай папараццю. Увосень над галавой шумяць дубы i каштаны. А часам гэта платаны ды клёны. Усё залежыць ад таго, хочацца вам збіраць бліскучыя новенькія каштаны, якія толькі што на вашых вачах выпалі з калючай шкарлупіны, ці шамацець залатым і барвовым пяціканцовым лісцем. Увесну ж тут абавязкова глог і бэз, і цёмныя ландышавыя затокі пад дрэвамі, і ўсё напоена водарам квецені i маладога моцнага жыцця.

На павароце да сядзібы ружавее стары абрыкос. Уздоўж сцяжынкі ў ярка-зялёнай траве ўспыхваюць выпадковыя валошкі і познія жоўтыя крокусы. Ніводзін востры каменьчык не трапіць вам у сандалі, такая ўжо гэта прыязная сцяжынка. Драўляны замшэлы масток цераз глыбокі раўчук з ледзяной смачнай вадой прыводзіць амаль адразу да брамкі. Далей — неабсяжны сад, і сцяжынка разбягаецца, жадаючы паспець адразу і ў асабняк, i да студні, і ў куратнік, дзе куры нясуць яйкі з двума жаўткамі, і на сажалку, і ў альтанку, і, вядома, у ружоўнік, дзе звычайна зранку бывае дзядзька Лунеш, і да разложыстых акацый, дзе ў цяньку стаіць сіняя лаўка з прамой спінкай.

Там часцяком можна знайсці забытыя пальчаткі, кнігу са старонкамі, закладзенымі пахкай кветкай, ці шаўковы белы шалік з лёгкім салодкім водарам ванілі. Часам саламяны капялюш ці вя­заны, з кутасамі і пацеркамі, шаль чакаюць безуважлівую гаспадыню. Менавіта там, на ўтульнай драўлянай лаўцы, часта бавіць час да сняданку Іза, танкарукая і капрызлівая жонка дзядзькі Лунеша.

Там я ўбачыў яе ўпершыню, з самага ранку, калі, прыехаўшы начным цягніком, цягнуўся па лесе. Над сцяжынкай гарэлі ліхтарыкі з чырвонай, зялёнай, блакітнай паперы, схаваныя ў галінах пахучых квітнеючых ліп, — дзядзька чакаў майго прыбыцця. Я пераблытаў напрамак — ці мо сцяжын­ка назнарок збочыла, каб паказаць мне галоўную адметнасць сядзібы. На ружовых і белых півонях зіхацела раса, сонца ўзышло зусім нядаўна, я злёгку змёрз.

Іза сядзела на лаўцы, захутаная ў тоўсты руды шаль. Побач стаяў кошык з дробнай пунсовай трускалкай, на зямлі валяліся зялёныя клубнічныя хвосцікі. Дзяўчына ела нямытыя трускалкі ды чытала кніжку, а пантофлікі яе былі наскрозь мокрыя, увабралі ў сябе расу з градак, па якіх яна блукала, зазіраючы пад зорчатае лісце ў пошуках саспелых ягад.

— Добрай раніцы, — сказала яна, убачыўшы мяне. — Хочаш трускалкі?

— Так, дзякуй.

— Гэты ты — абяцаны мне таленавіты пляменнік Петэр?

— Так, — я разгубіўся. Дзядзька не пісаў, што ў сядзібе жыве жанчына. Хто яна і як мне сябе паводзіць? Няўжо дзядзька Лунеш ажаніўся? Але для жонкі яна здавалася занадта юнай, не больш за шаснаццаць-сямнаццаць гадоў. Тады хто? Пляменніца? Дачка блізкіх сяброў? Служанка? Госця, якая вандруе без багажу?

Пад шалем бялела тонкая празрыстая кашуля, аблямаваная пацешнымі фестончыкамі. На плячах ляжалі тоўстымі залатымі змеямі дзве доўгія касы. Не звязаныя стужкамі, яны амаль распляліся. Валасы ў Ізы віліся буйнымі кольцамі і блішчалі. Вусны, калі не расцягваліся ва ўсмешцы, складаліся ў пульхнае вільготнае сэрцайка. Даволі шырокі нос не прэтэндаваў на высакароднае паходжанне, нявышчыпаныя бровы раслі, як ім уздумаецца.

Словам, рысы яе твару кожная паасобку не былі занадта вытанчаныя, аднак усе разам стваралі вельмі прывабны малюначак. 3 такой сяброўкай добра ўзяцца за рукі і прабегчыся пад дажджом ці здзейсніць набег на чужы яблыневы сад, а потым уладкавацца побач на даху, храбусцець яблыкамі і балбатаць пра ўсякую ўсячыну.

— Я табе падабаюся? — спытала Іза. Я апамятаўся і адвёў погляд. Яна засмяялася.

— Лунеш яшчэ спіць. Хадзем яго будзіць!

— Можа, хай сабе спіць? — мне хацелася пагуляць з ёй удваіх, я так даўно не вадзіўся з аднагодкамі.

— Добра, — лёгка пагадзілася яна. — Тады пакажу табе сядзібу. Тут шмат цікавых месцаў.

I мы пайшлі блукаць па заблытаных сцяжынках. Змяіны камень і пабітае навальніцай дрэва. Сад камянёў і зараснік ядлоўцу. Арэлі і гамак з дзвюма памяранцавымі падушкамі ды пледам. Ратангавыя столік і крэслы на беразе сажалкі, дзе вадзіліся трытоны і п'яўкі і раслі белыя гарлачыкі, якія дазвалялася рваць з лодкі. Драўляная хатка на дубе. Буслава гняздо і мурашнік. I свежанькая, прывабная Іза, з ружовымі шчочкамі ды водарам ванільнай вады. Яна нязмушана ўзяла мяне за руку, калі мы праходзілі міма пузатых гарбузоў і градак з кукурузай.

— Люблю гарод! Паненкі абавязаныя захапляцца ружамі ды рамантычнымі заходамі. А я больш задавальнення атрымліваю, калі прыходжу сюды нарваць пятрушкі і цыбулі. Кветкі бульбачкі і парасонікі кропу — чым не букет? Глядзі, маленькія агурочкі! — яна прыўзняла з зямлі доўгую плець з жоўтымі кветкамі і з мезенец велічынёй агуркамі, паказала мне і асцярожна паклала на­зад.

— Ты даўно тут жывеш? — няўзнак пацікавіўся я.

— Даволі, — нявызначана працягнула дзяўчына. — Паглядзі, радыска! Як павабна тырчыць з градкі, так і просіць пацягнуць за хвосцік!

Іза вырвала пучок радыскі, прыхапіла пару буйных памідораў і ўручыла мне ахапак духмянай зеляніны.

— На кухню! — выгукнула яна. — Паміраю ад голаду!

Нас чакаў накрыты стол. Велізарная патэльня амлету па-сялянску: з бульбачкай, сырам, каўбаскамі, салодкім перцам і зелянінай. Збанкі з гусіным паштэтам, салёным сырам, сметанковым маслам, варэннем і мёдам. Плеценая хлебніца, поўная гарачых булачак.

— Гэта, вядома, не сняданак, але трошкі пад'есці можна, — заявіла Іза, раскладваючы амлет. — Ты не саромейся, еш. Хлопчыкам трэба сілкавацца як след, ты ж яшчэ расцеш!

Словы пра хлопчыка я вырашыў недачуць, хоць, шчыра кажучы, стала крыўдна. Я ж спадзяваўся, што здаюся ёй вялікім ды моцным мужчынам, а не малечай, што «яшчэ расце».

Калі мы прыкончвалі апошнія булачкі, запіваючы іх гарбатай, кухонныя дзверы адкрыліся, і ў белым купальным халаце ўвайшоў дзядзька Лунеш.

— Петэр! — ён шырока раскінуў рукі, нібы збіраўся абняць нас абаіх. — Дзеці, чаму вы не пабудзілі мяне? Добра хоць я не прапусціў сняданак. Давайце пакуль пройдземся трохі. Ці ты стаміўся і хочаш прылегчы?

Вядома, пры Ізе я не прызнаўся, што сапраўды хацеў бы адпачыць, i мы пайшлі ў сад, атрымліваць эстэтычнае задавальненне ад знакамітых руж дзядзькі Лунеша. Іза дэманстратыўна пазяхала i хутка ўцякла.

— Збегла на гарод, — усміхнуўся дзядзька. — Ну, як табе гэта дзівоснае стварэнне?

— Ты не пісаў мне, што ажаніўся, — папракнуў я.

— Не спадабалася неспадзеўка? Ах, Петэр! Калі б ты ведаў загадзя, то ўявіў бы немаведама што! Непрыступную прыгажуню з пярсцёнкамі на дзесяці пальцах і з чароўным люстэркам у кішэні. Ці сварлівую цётку ў зашмальцаваным каптуры, з галавой пагружаную ў кухонныя клопаты. А без падрыхтоўкі тваё ўспрыманне было чыстым, i ты ўбачыў Ізу такой, якая яна насамрэч i ёсць. Яна дастойная захаплення, i я хацеў, каб ты першы раз зірнуў на яе як на прывабную юную незнаёмку, якая выклікае жаданне i каханне, а не як на маю жонку.

— Але навошта?

— Так больш займальна, ты не згодны?

— Я ледзь у яе не закахаўся! — абурыўся я.

Ледзь? — дзядзька здаваўся расчараваным. — Я разлічваў, што ты закахаешся з першага позірку.

— Чаму? — я нічога не разумеў.

— Яна здаецца табе брыдкай?

— Што ты, не! Яна цудоўная, проста... яна твая жонка.

— Добра, — дзядзька махнуў рукой. — Хадзем снедаць.

У сталовай я прыемна здзівіўся таму, як часта i смачна елі ў гэтым доме. У параўнанні з бедным школьным рацыёнам, якім я здавольваўся сем гадоў, тут квітнеў культ празмернасці ў ежы і піцці. Макароны з марынаванымі артышокамі i цёртым сырам, агурочная салатка, круглыя пасыпаныя пятрушкай тэфтэлі, запечаная курыца, кменавыя аладкі з вэнджанай стронгай, фрыкасэ з крэветак, бульбяныя катлеткі, а на салодкае аб'ёмістая міска трускалак са смятанай i цукрам.

Першыя некалькі хвілін я адчайна баяўся здацца Ізе абжорам, браў ежу маленькімі кавалачкамі і павольна, старанна жаваў. Але потым паглядзеў, як драпежна распраўляецца са сняданкам дзядзька, як смачна Іза ўгрызаецца ў курыную ножку, — і спакойна пачаў нагружаць на талерку горы, узгорачкі і астраўкі ежы. Падобным апетытам могуць пахваліцца толькі людзі, што не маюць праблем і нячыстага сумлення. Пахваліўся, такім чынам, i я, бо здолеў дабрацца да дэсерту, пакаштаваўшы ўсе стравы, i нават не расшпіліў пояс.

Выпіўшы два кубкі кавы з малаком, дзядзька Лунеш паскардзіўся:

— Мне трэба ад'ехаць. Паспрабую вярнуцца да абеду, але не чакайце, магчыма, затрымаюся. Калі з'явяцца наведвальнікі, Іза, прымі. А ты, Петэр, забаўляйся, у цябе ж вакацыі. Чытай кнігі, шпацыруй. Схадзі на рэчку выкупацца, вада цудоўная.

Дальше