«Дарагія бацькі,— сказала сястра і для пачатку ляпнула далонню па стале,— гэтак далей быць не можа. Калі вы гэтага не разумееце, дык я разумею добра. Я не хачу перад гэтай пачвараю вымаўляць імя майго брата і таму проста скажу: мы павінны паспрабаваць пазбавіцца ад яе. Мы зрабілі ўсё, што ў чалавечых сілах,— спрабавалі даглядаць і цярпець яго; мяркую, што ніхто не можа нас хоць у чым-небудзь папракнуць».
«Яе праўда, тысячу разоў»,— выказаў сваю думку бацька. Маці, якая ўсё яшчэ ніяк не магла аддыхацца, пачала з вар’яцкім выразам вачэй глуха кашляць у выстаўленую наперад далонь.
Сястра падбегла да маці і падтрымала яе лоб. Дзякуючы сестрыным словам, бацька, здавалася, набраўся больш пэўных думак, выпрастаўся ў крэсле і забаўляўся сваёй форменнай шапкаю сярод талерак, што засталіся на стале пасля кватаранцкай вячэры, прытым ён час ад часу паглядаў на прыціхлага Рыгора.
«Мы павінны прыкласці намаганні, каб пазбыцца яго,— сказала сястра, звяртаючыся цяпер выключна да бацькі, бо маці праз свой кашаль зусім нічога не чула,— ён яшчэ загоніць вас абаіх у магілу; ведаю, што так будзе. Калі ўжо даводзіцца гэтак цяжка працаваць, як мы ўсе, дык немагчыма трываць дома гэтай вечнай пакуты. Я таксама ўжо не магу гэтага вытрымліваць». I яна так моцна выбухнула плачам, што яе слезы пырснулі на матчын твар, адкуль яна іх тут жа машынальна змахнула.
«Дзіця маё,— сказаў бацька са спачуваннем і з нязвыклым, як на яго, разуменнем сітуацыі,— але што ж нам цяпер рабіць?»
Сястра толькі паціснула плячыма ў бездапаможнасці, якая агарнула яе, калі яна плакала, у процілегласць ранейшаму адчуванню ўпэўненасці ў сабе.
«Калі б ён мог нас разумець»,— сказаў бацька напалову запытальна; сястра, плачучы, толькі махнула рукою, на знак таго, што пра гэта няма чаго і думаць.
«Калі б ён мог нас разумець,— паўтарыў бацька і заплюшчыў вочы, успрымаючы перакананасць сястры ў немажлівасці гэтага,— тады, пэўна, было б магчымае нейкае пагадненне з ім. Але так...»
«Ён павінен знікнуць,— ускрыкнула сястра,— гэта адзіны сродак, тата. Ты мусіш толькі пазбыцца ўсялякае думкі пра тое, што гэта — Рыгор. Тое, што мы так доўга ў гэта верылі... гэта ж наша няшчасце. Але як жа ён можа быць Рыгорам? Калі б ён быў Рыгорам, ён бы даўно зразумеў, што сумеснае жыццё людзей з гэткай пачвараю немагчымае, і добраахвотна сышоў бы ад нас. У нас бы тады не было брата, але мы маглі б жыць далей і шанаваць яго памяць. Цяпер, аднак, гэтая жывёліна нас пераследуе, выганяе кватарантаў; відавочна, хоча захапіць сабе ўсю кватэру, а нас — змусіць начаваць на вуліцы. Зірні, зірні, тата,— ускрыкнула яна раптоўна,— ён зноў пачынае!» I ў жаху, зусім не зразумелым Рыгору, сястра пакінула нават маці, проста адштурхнулася ад яе крэслам, як быццам бы яна лепей ахвяравала роднаю маці, чым засталася б побач з Рыгорам; яна паспешліва схавалася за бацькам, які, усхваляваны толькі з прычыны яе паводзін, таксама падняўся з месца і выцягнуў рукі, нібыта баронячы сястру.
Але ж Рыгору не прыйшло нават у галаву, каб жадаць напалохаць каго-небудзь, а асабліва сястру. Ён проста пачаў адварочвацца, каб пасля вярнуцца ў свой пакой; гэта, зрэшты, выглядала дзіўна, бо з прычыны ягонага пакутлівага стану паварочвацца яму было цяжка і ён мусіў дапамагаць сабе галавою, якую ён увесь гэты час шмат разоў падымаў і якою біўся аб падлогу. Ён крыху затрымаўся на месцы і агледзеўся. Здаецца, яны зразумелі ягоныя добрыя намеры; спалох сярод сямейнікаў доўжыўся толькі кароткія хвілі. Цяпер усе паглядалі на яго ў маўчанні і са смуткам. Маці ляжала, выцягнуўшы і сціснуўшы ногі, у сваім крэсле; яе вочы ад стомы амаль запалі; бацька і сястра сядзелі адно каля аднаго; сястра абняла бацькаву шыю адной рукою.
«Зараз ужо, відаць, мне можна адвярнуцца»,— падумаў Рыгор і зноў узяўся за працу. Ён не мог не сапці ад высілкаў, што рабіў, і раз-пораз мусіў адпачываць. Ніхто, зрэшты, яго і не прыспешваў, яму была дадзеная поўная свабода. Скончыўшы свой паварот, ён адразу ж наўпрост пайшоў назад. Яму было дзіўна ад тае адлегласці, што была паміж ім і ягоным пакоем, і ён не мог уцяміць, як гэта ён, пры сваёй слабасці, за кароткі час, амаль не заўважаючы таго, прайшоў такую самую дарогу. Думаючы толькі, каб рухацца як найхутчэй, ён ледзьве зважаў на тое, што з боку сям'і не пачуваўся ніводзін вокліч, ніводнае слова, якія б маглі яму замінаць. Адно калі ён ужо быў у самых дзвярах, ён павярнуў галаву — зрэшты, не да канца, бо чуў, як шыя робіцца ўсё цвярдзейшая; але, ва ўсякім разе, ён убачыў, што за ягонай спінай нічога не памянялася, толькі сястра паднялася са свайго месца. Ягоны апошні позірк слізгануў па маці, якая ўжо заснула.
Як толькі ён апынуўся ў сваім пакоі, дзверы былі паспешліва зачыненыя на засаўку і на замок. Рыгор так перапужаўся ад нечаканага ляскату за сабою, што пад ім падкасіліся ножкі. Гэта сястра так паспяшалася. Яна ўжо стаяла напагатове і чакала, а потым борзда падскочыла. Рыгор яе нават не чуў, а яна, паварочваючы ключ у замку, крыкнула быцькам: «Нарэшце!»
«А што цяпер?» — спытаўся Рыгор у самога сябе і агледзеўся. Неўзабаве ён для сябе адкрыў, што ўжо ўвогуле не можа варушыцца. Гэта яго зусім не здзівіла: хутчэй яму здавалася ненатуральным тое, што ён дагэтуль сапраўды яшчэ мог рухацца на гэтых танюткіх ножках. У астатнім ён адчуваў сябе параўнальна ўтульна. Што праўда, ён адчуваў ва ўсім целе боль, але яму здавалася, што гэты боль слабеў і слабеў, а нарэшце і зусім сціх. Ён ужо нават не адчуваў у сваёй спіне яблык, што тым часам зусім згніў, і запаленыя тканкі вакол яго. Пра сваю сям'ю ён зноў думаў узрушана і з любоўю. Думка пра тое, што ён павінен знікнуць, умацавалася ў ім ці не болей, чым у сястры. У гэтым стане бесклапотнага і спакойнага роздуму ён заставаўся аж да таго часу, калі гадзіннік на вежы прабіў тры ночы. Ён яшчэ перажыў першыя промні раніцы, што пачыналася там, за вокнамі. Потым ягоная галава мімаволі нізка апусцілася, і з ягоных ноздраў ціха выйшаў яго апошні ўздых.
Калі з самае раніцы прыйшла прыслуга — хоць яе прасілі пазбягаць таго, яна ў спешцы ляпала ўсімі дзвярамі так моцна, што ў кватэры пасля яе прыходу немажліва ўжо было спаць спакойна,— калі яна тае раніцы прыйшла, дык напачатку, пры звычайным сваім кароткім наведванні, не заўважыла нічога асаблівага. Прыслуга падумала сабе, што ён наўмысна ляжыць гэтак нерухома і ўдае з сябе пакрыўджанага; яна была перакананая, што ён мае ўвесь магчымы розум. Выпадкова ў яе руках была мятла, і яна паспрабавала з парога паказытаць ёю Рыгора. Калі з гэтага нічога не атрымалася, яна пачала злавацца, пхнула яго наперад нагою і толькі калі зрушыла яго з месца без усялякага супраціву, гэта прыцягнула яе ўвагу. Калі ж неўзабаве яна даведалася пра сапраўдны стан рэчаў, вочы ў яе акругліліся і яна голасна загукала ў цемру: «Паглядзіце, ну; яно здохла! Ляжыць во, здохлае зусім!»
Спадарыня і спадар Замзы падскочылі ў сваім ложку і, седзячы, намагаліся пераадолець жах, які на іх нагнала прыслуга; толькі праз нейкую хвілю яны зразумелі, пра што яна ім гаварыла. А потым яны абое, кожны са свайго боку, паспешліва злезлі з ложка, спадар Замза накінуў сабе на плечы коўдру, а спадарыня Замза выбегла ў адной начной кашулі: гэтак яны ўвайшлі ў Рыгораў пакой. Між тым таксама адчыніліся дзверы ў гасцёўню, дзе ад часу, калі ў іх пасяліліся кватаранты, спала Грэта: яна была зусім ужо апранутая, нібыта і не спала зусім; здавалася, што яе бледны твар пацвярджаў гэта.
«Памер?» — спытала спадарыня Замза і няўпэўнена паглядзела на прыслугу, хоць магла ж і сама праверыць ды нават і без таго пераканацца ў гэтым. «Думаю, што так»,— адказала прыслуга і, дзеля доказу, адпіхнула мятлою Рыгораў труп яшчэ далей убок. Спадарыня Замза памкнулася была затрымаць мятлу, але не зрабіла гэтага. «Ну,— сказаў спадар Замза,— цяпер мы можам падзякаваць Богу». Ён перажагнаўся, і тры жанчыны зрабілі гэта таксама, паводле яго прыкладу. Грэта, што не зводзіла з трупа вачэй, прамовіла: «Паглядзіце вось, які ён быў худы. Бо ён жа так доўга нічога не еў. Як прыносілі яму ежу, так яе і забіралі назад». I сапраўды Рыгорава цела было зусім плоскае і высахлае; гэта можна было пасапраўднаму разгледзець толькі цяпер, калі ён не падымаўся на сваіх ножках і нішто іншае не адцягвала позірку.
«Хадзі, Грэта, да нас на хвіліначку»,— вымавіла спадарыня Замза, і Грэта, па-ранейшаму азіраючыся на труп, пайшла ўслед за бацькамі ў спальню. Прыслуга зачыніла дзверы і шырока расчыніла акно. Хоць яшчэ было зусім рана, свежае паветра патыхала ўжо летам. Быў ужо канец сакавіка.
Са свайго пакоя выйшлі тры кватаранты; яны здзіўлена азіраліся ў пошуках сняданку: пра іх проста забыліся. «Дзе снеданне?» — буркнуў, пытаючыся ў прыслугі, сярэдні з паноў. Але яна прыклала палец да вуснаў, а потым паспешліва моўчкі падала ім знак, каб зайшлі ў Рыгораў пакой. Яны ўвайшлі туды і з рукамі, засунутымі ў кішэні сваіх трохі паношаных сурдутаў, сталі ў цяпер ужо зусім пасвятлелым пакоі вакол Рыгоравага цела.
Тут адчыніліся дзверы спальні і паявіўся спадар Замза ў сваёй ліўрэі; з аднаго боку ў яго ішла жонка, з другога — дачка. Усе былі крыху заплаканыя; Грэта раз-пораз прыціскалася да бацькавага пляча.
«Зараз жа вызвальце маю кватэру!» — сказаў спадар Замза і, не адпускаючы ад сябе жанчын, паказаў на дзверы. «Як гэта можна разумець?» — спытаўся крыху збянтэжаны сярэдні пан і соладка ўсміхнуўся. Два астатнія кватаранты трымалі рукі за спінаю і безупынна паціралі іх, нібы ў вясёлым чаканні вялікай спрэчкі, якая, аднак, для іх павінна скончыцца памысна. «Я разумею гэта дакладна так, як кажу»,— адказаў спадар Замза, і адным шэрагам ён і абедзве яго спадарожніцы пайшлі проста на кватаранта. Той напачатку стаяў ціха і глядзеў на падлогу, быццам бы думкі ў ягонай галаве цяпер выстройваліся па-новаму. «Тады мы ідзём»,— сказаў ён і паглядзеў на спадара Замзу, быццам бы просячы ў пакорлівасці, якая раптам у ім з'явілася, дазволу нават і на гэтае рашэнне. Спадар Замза адно некалькі разоў прыжмурыў і расплюшчыў свае вялікія вочы, гледзячы ў іх бок. У адказ на гэта кватарант і праўда адразу ж доўгімі крокамі пайшоў у пярэдні пакой; яго абодва сябры ўжо нейкую хвілю прыслухоўваліся, трымаючы рукі спакойна, а цяпер проста кінуліся ўслед за ім, нібыта спалохаўшыся, што спадар Замза сам раней за іх зойдзе ў пакой і разлучыць іх з іхнім правадыром. У пярэднім пакоі ўсе трое паздымалі з вешака капелюшы, павыцягвалі свае кійкі са стаяка, моўчкі зрабілі паклон і пакінулі кватэру. З нейкім зусім, як высветлілася, беспадстаўным недаверам спадар Замза, разам з абедзвюма жанчынамі, выйшаў на лесвічную клетку; усе яны, абапёршыся на парэнчы, глядзелі, як трое паноў, хоць павольна, але няўхільна, сыходзілі долу доўгімі сходамі, на кожным паверсе знікаючы за пэўным паваротам сходаў і праз некалькі імгненняў паяўляючыся зноў; чым ніжэй яны сыходзілі, тым меней цікавасці яны выклікалі ў сям'і Замзаў, і калі ім насустрач выйшаў, а потым ганарліва з'явіўся высока па-над імі памочнік разніка з кашом на галаве, тады спадар Замза разам з жанчынамі адышоў ад парэнчаў, і ўсе, нібы з палёгкаю, вярнуліся ў пакой.
Разам вырашылі выкарыстаць сённяшні дзень на адпачынак і прагулкі; яны не толькі заслужылі гэтага перапынку ў працы — ён быў безумоўна ім патрэбны. Гэтак вось яны селі за стол і напісалі тры лісты з апраўданнямі: спадар Замза — у сваю дырэкцыю, спадарыня Замза — да свайго працадаўцы, а Грэта — да свайго непасрэднага шэфа. Калі яны пісалі свае лісты, увайшла прыслуга і паведаміла, што яна скончыла сваю ранішнюю працу. Трое — тыя, што пісалі,— напачатку проста, не падымаючы галавы, кіўнулі ёй на знак згоды; толькі калі прыслуга ўсё яшчэ чамусьці не хацела адыходзіць, яны раздражнёна паглядзелі на яе. «Ну?» — спытаў спадар Замза. Прыслуга стаяла ў дзвярах з усмешкаю і нібыта збіралася паведаміць сям'і пра вялікае шчасце, але хацела зрабіць гэта толькі тады, калі яе дакладна пра тое распытаюць. Уваткнутае амаль вертыкальна на яе капелюшы маленькае страусавае пяро, якое заўсёды раздражняла спадара Замзу, крыху пагойдвалася ў розныя бакі. «Ну, дык чаго вы, уласна, хацелі?» — спыталася спадарыня Замза, якую прыслуга яшчэ шанавала найболей. «Ну,— адказала тая, і дружалюбны смяшок не дазволіў ёй адразу ж гаварыць далей,— ну, вы не павінны турбавацца, як прыбраць тое з суседняга пакоя. Ужо ўсё ў парадку». Спадарыня Замза і Грэта нахіліліся над сваімі пісьмамі, як быццам бы збіраліся пісаць далей; спадар Замза, заўважыўшы, што прыслуга збіраецца зараз дакладна пра ўсё распавядаць, спыніў яе рашуча выцягнутай далонню. А раз ёй не было дазволена расказваць, яна ўспомніла, што надта спяшаецца, і — відавочна, пакрыўджаная — выгукнула: «Адзьё ўсім»,— і, рэзка павярнуўшыся і раз'юшана ляпнуўшы дзвярыма, пакінула кватэру.
«Увечары я яе звольню»,— сказаў спадар Замза, але не атрымаў ніякага адказу ні ад жонкі, ні ад дачкі, бо прыслуга, здавалася, парушыла іх толькі што здабыты спакой. Яны падняліся з месцаў, падышлі да акна і, спыніўшыся там, абняліся. Спадар Замза павярнуўся ў сваім крэсле да іх і нейкую хвілю моўчкі за імі назіраў, а потым голасна сказаў: «Ну, хадзіце ўжо сюды. Кіньце тыя старыя справы. I будзьце крыху паблажлівыя да мяне». Жанчыны тут жа паспяшаліся да яго, прыласкалі яго і хуценька скончылі пісаць свае лісты.
Потым яны, усе ўтраіх, выйшлі з дому, чаго яны не рабілі ўжо колькі месяцаў, і паехалі электрычкаю за горад. Вагон, у якім яны сядзелі адны, быў увесь асветлены цёплымі сонечнымі промнямі. Зручна адкінуўшыся на сваіх месцах, яны абмяркоўвалі свае планы на будучыню, і высветлілася, што, калі іх добра разгледзець, яны зусім не дрэнныя, бо пасады ўсіх траіх, пра што яны між сабою яшчэ ніколі не размаўлялі, былі добрыя і асабліва перспектыўныя. Найістотнейшага і найхутчэйшага паляпшэння становішча магчыма было лёгка дасягнуць праз замену кватэры; яны хацелі ўзяць цяпер меншую і таннейшую, але ў больш зручным месцы і ўвогуле болей практычную, чым сённяшняя кватэра, якую адшукаў яшчэ Рыгор. Амаль што адначасова, калі яны вялі гэткую размову, спадару і спадарыні Замзам, якім у вочы кідаўся ўсё жвавейшы выгляд дачкі, прыйшла ў галаву думка, што, нягледзячы на ўсе пакуты апошняга часу, якія зрабілі бледнымі яе шчокі, яна расквітнела, вырасла ў прыгожую відную дзяўчыну. Сцішваючыся і амаль падсвядома паразумяваючыся позіркамі, яны думалі, што надыходзіць час пашукаць ёй спраўнага мужа. І, быццам бы пацвярджаючы іх новыя мары і добрыя намеры, перад канцавым пунктам іх паездкі дачка паднялася першая і пацягнулася сваім маладым целам.
1915
«Гэта своеасаблівы апарат»,— сказаў афіцэр, звяртаючыся да падарожнага даследчыка, і з пэўным здзіўленнем паглядзеў на добра яму знаёмую спаруду. Здавалася, што падарожнік з аднае ветлівасці прыняў запрашэнне каменданта прысутнічаць пры пакаранні жаўнера, асуджанага за непадпарадкаванне і знявагу камандзіра. Праўда, і ў калоніі для асуджаных не было вялікай цікавасці да экзекуцыі. Ва ўсякім разе, тут, у глыбокай, пясчанай, з усіх бакоў аточанай голымі схіламі малой даліне, апроч афіцэра і падарожніка, былі толькі асуджаны — тупаваты мужчына з вялікім ротам, занядбанымі валасамі і памятым тварам, а таксама яшчэ жаўнер, што трымаў цяжкі ланцуг, з якога звісалі маленькія ланцужкі: імі асуджаны быў прыкуты за запясці рук і шчыкалаткі ног. Зрэшты, асуджаны быў на выгляд паслухмяны, як сабака,— гэтак, што, здавалася, можна было дазволіць яму спакойна бегаць па схілах, а на пачатку экзекуцыі досыць было б свіснуць, і ён прыйшоў бы сам.
Падарожнік не надта разбіраўся ў тым апараце і цяпер хадзіў туды і сюды за спінаю асуджанага, амаль напэўна думаючы пра штосьці іншае, у той час як афіцэр займаўся тым, што рабіў апошнія падрыхтоўчыя захады: то падпаўзаў пад глыбока ўбудаваны ў зямлю апарат, то лез уверх па драбінах, каб праверыць яго верхнія дэталі. Гэта ўсё былі работы, якія, уласна, можна было перадаручыць машыністу, але афіцэр выконваў іх з вялікай рупнасцю — ці то з тае прычыны, што быў заўзятым прыхільнікам гэтага апарата, або ён, мажліва, не меў каму іншаму гэтую работу даручыць. «Вось усё ўжо гатова!» — усклікнуў ён нарэшце і злез з драбінаў. Ён быў надзвычай стомлены, дыхаў шырока разяўленым ротам, а за каўняром ягонага кіцеля былі заткнутыя дзве далікатныя жаночыя насоўкі. «Гэтыя кіцелі як на трапічныя краіны, дык занадта цяжкія»,— сказаў падарожнік, замест таго каб — як чакаў афіцэр — зацікавіцца апаратам. «Сапраўды,— адказаў афіцэр, мыючы запэцканыя тлушчам ды машынным маслам рукі ў падрыхтаваным кубле з вадою,— але яны ёсць радзіма; мы не павінны губляць радзіму. Але ж... паглядзіце ўжо на гэты апарат,— дадаў ён адразу ж, абцёр рукі ручніком, адначасна паказваючы на спаруду.— Дагэтуль яшчэ была патрэбная ручная праца, але з гэтай хвілі апарат функцыянуе зусім самастойна». Падарожнік кіўнуў галавою і пайшоў за афіцэрам. Той, аднак, спрабуючы перастрахавацца на любы выпадак, прамовіў: «Натуральна, што часам узнікаюць памехі і перашкоды; хоць я спадзяюся, што сёння іх не будзе, але лічыцца з такой магчымасцю трэба. Апарат мусіць працаваць без супыну, дванаццаць гадзін запар. Але калі нават і трапляюцца дэфекты, дык зусім дробныя, і яны тут жа ліквідуюцца».
«Вы не хацелі б сесці?» — спытаўся ён напрыканцы, выцягнуў з кучы трысняговых крэслаў адно і прапанаваў яго падарожніку; той не палічыў магчымым адмовіцца. Цяпер, седзячы над краем рова, ён мімаходзь зазірнуў у яго. Равок гэты быў не надта глыбокім. Па адзін яго бок была валам насыпаная вырытая зямля, па другі бок стаяў апарат. «Не ведаю,— сказаў афіцэр,— ці камендант вам ужо тлумачыў гэтую машыну». Падарожнік зрабіў неакрэслены рух рукою; афіцэр і не жадаў нічога лепшага, бо зараз ён сам мог даваць тлумачэнні.
«Гэты апарат,— сказаў ён, узяўшыся рукою за шатун і абапёршыся на яго,— быў вынайдзены ранейшым камендантам. Я супрацоўнічаў з ім ужо пры самых першых выпрабаваннях, а таксама браў удзел ва ўсіх работах аж да самага заканчэння. Заслуга вынаходніцтва, зрэшты, належыць аднаму яму. Ці чулі вы што-небудзь пра ранейшага каменданта? Не? Значыць, я не перабольшу, калі скажу, што абсталяванне ўсяе калоніі — гэта вынік яго працы. Мы, ягоныя сябры, ужо ў хвілі яго смерці ведалі, што абсталяванне калоніі — справа, гэтак закончаная ў сабе, што ягоны наступнік, хай бы ён меў у галаве і тысячу новых намераў, не здолее — прынамсі, на працягу доўгіх гадоў — змяніць нічога з таго старога, што ёсць. I наша прадказанне здзейснілася; новы камендант мусіў гэта прызнаць. Шкада, што вы не ведалі папярэдняга каменданта! Але,— перапыніў сябе афіцэр,— я тут балбачу, а ягоны апарат вось стаіць перад намі. Ён складаецца, як вы бачыце, з трох частак. З цягам часу кожная з іх займела пэўным чынам папулярныя свойскія назовы. Ніжняя частка называецца «ложак», верхняя — «рысоўнік», а вось гэтая, што вісіць, сярэдняя,— «барана».— «Барана?» — перапытаў падарожнік. Ён слухаў афіцэра не зусім уважліва; сонца надта моцна праяўляла сябе ў незацененай даліне: сабрацца з думкамі было цяжка. Тым болей варта было здзіўляцца з афіцэра, які ў цесным, парадным, абцяжараным эпалетамі і ўвешаным шнурамі кіцелі гэтак старанна тлумачыў сваю справу, а, апрача таго, гаворачы, яшчэ сям і там зашрубкаю падкручваў то адну, то другую шрубу. Здавалася, у падобнай, як афіцэр, гатоўнасці быў і жаўнер. Ён абматаў сабе вакол запясцяў ланцуг асуджанага, абапёрся адной рукою аб свой карабін, звесіў галаву наперад — і нічога болей не турбавала яго. Падарожніку тое не было дзіўным, бо афіцэр гаварыў па-французску, а французскай мовы, вядома, ні жаўнер, ні асуджаны не разумелі. Тым больш кідалася ў вочы, што асуджаны намагаўся, аднак, зразумець афіцэравы тлумачэнні. З пэўным чынам санлівай упартасцю ён увесь час скіроўваў свой позірк у той бок, куды якраз паказваў афіцэр; і калі цяпер падарожнік перапыніў афіцэра пытаннем, асуджаны таксама, як і афіцэр, паглядзеў на падарожніка.
«Так, барана,— адказаў афіцэр,— і гэты назоў якраз падыходзіць. Штыры размешчаныя тут гэтаксама, як у баране, а ўсё разам рухаецца, нібы барана, хоць толькі ў адным месцы і з куды большай зграбнасцю. Зрэшты, вы зараз гэта зразумееце. Сюды, на ложак, кладуць асуджанага. Я хацеў бы найперш апісаць апарат, а толькі потым прадэманстраваць самую працэдуру. Тады вы зможаце лепш сачыць за ёю. Зрэшты, шасцярня ў рысоўніку ўжо занадта моцна сцерлася і вельмі рыпіць у час руху; тады ледзьве можна разумець адзін аднаго; на жаль, тут дужа цяжка даставаць запчасткі... Дык вось гэта, як я ўжо казаў, ложак. Ён цалкам акрыты слоем ваты; вы яшчэ даведаецеся, з якой мэтай. На гэтую вату асуджанага кладуць жыватом уніз — натуральна, голага; вось рамяні, каб прывязваць яго; тут за рукі, тут за ногі, а тут за шыю. Тут на ложку, у галавах, дзе, як я казаў, чалавека найперш кладуць тварам, знаходзіцца гэты маленькі лямцавы кляп, які можна лёгка адрэгуляваць гэтак, каб ён запіхваўся асуджанаму проста ў рот. Гэта ўсё з мэтаю перашкодзіць яму крычаць або адкусіць сабе язык. Натуральна, чалавек мусіць браць гэты лямец сабе ў рот, бо іначай рэмень, што трымае ягоную шыю, пераломіць яе.
«Ці гэта вата?» — спытаў падарожнік, нахіліўшыся ўперад. «Ну, вядома ж,— адказаў афіцэр з усмешкаю,— памацайце самі». Ён узяў руку падарожніка і правёў ёю па ложку. «Гэта адмыслова апрацаваная вата, таму яе гэтак нялёгка распазнаць; я яшчэ скажу пра яе прызначэнне». Падарожнік ужо крыху зацікавіўся тым апаратам; затуліўшы далонню вочы ад сонца, ён глядзеў уверх, на апарат. Гэта была вялікая спаруда. Ложак і рысоўнік мелі аднолькавыя памеры і былі падобныя да дзвюх цёмных скрыняў. Рысоўнік уздымаўся недзе на два метры па-над ложкам; абедзве часткі па краях былі злучаныя чатырма масянжовымі прэнтамі, якія амаль што зіхцелі на сонцы. Паміж скрыняў на сталёвай стужцы вісела барана.
Афіцэр ледзьве быў звярнуў увагу на ранейшую абыякавасць падарожніка, але цяпер зразумеў зацікаўленасць, што абуджалася ў ім; ён перапыніў свае тлумачэнні, каб даць падарожніку спакойна ўсё разгледзець. Асуджаны імітаваў рухі падарожніка; а раз ён не мог затуліць вочы далонню, то свабодна міргаў вачыма, гледзячы ўгору.
«Значыць, тут ляжыць чалавек»,— сказаў падарожнік, адхіліўся назад у крэсле і скрыжаваў ногі.
«Але,— адказаў афіцэр, потым, ссунуўшы крыху назад форменную шапку, правеў далонню па гарачым твары, — а цяпер паслухайце! Як ложак, гэтак і рысоўнік маюць свае электрычныя батарэі; ложку ён патрэбны самому, а рысоўніку — для бараны. Як толькі чалавека прывязваюць, ложак пачынае рухацца. Дробнымі і вельмі хуткімі рухамі ён торгаецца адначасна ў бакі, наперад і назад. Падобныя апараты вы, магчыма, бачылі ў лякарнях; толькі ў нашага ложка ўсе рухі дакладна разлічаныя; менавіта яны падстроеныя вельмі дакладна пад рухі бараны. А гэтая барана, уласна, і выконвае прысуд».
«А як жа гучыць прысуд?» — спытаў падарожнік. «Вы гэтага таксама не ведаеце? — спытаў афіцэр са здзіўленнем у голасе і прыкусіў губы,— даруйце, калі мае тлумачэнні беспарадкавыя; вельмі прашу мне прабачыць. Бо даўней тлумачэнні даваў якраз камендант; але новы камендант пазбавіў сябе ад гэтага ганаровага абавязку; аднак тое, што ён нават такога шаноўнага госця,— падарожнік спрабаваў абедзвюма рукамі бараніцца ад гэтых выразаў шанавання,— ... што ён нават такога шаноўнага госця не праінфармаваў пра форму нашага прысуду, гэта ўжо нейкая навацыя, якая... — У яго на губах ужо відаць быў праклён, але ён стрымаўся і адно дадаў: — Мне гэта не было паведамлена, і тут не мая віна. Зрэшты, вядома ж, я здолею як найлепей патлумачыць нашыя спосабы выканання прысуду, бо я нашу тут,— ён ляпнуў сабе па кішэнях на грудзях,— адпаведныя ўласнаручныя рысункі нашага папярэдняга каменданта».
«Уласнаручныя рысункі самога каменданта? — перапытаў падарожнік.— Ці ён быў усім у адной асобе? Ці ён быў адначасна жаўнерам, суддзёй, канструктарам, хімікам, рысавальнікам?»
«Так ёсць»,— адказаў афіцэр, ківаючы галавою, з нерухомым, задуменным паглядам. Пасля ён крытычна паглядзеў на свае рукі; яны падаліся яму не зусім чыстымі, каб імі можна было дакранацца да рысункаў; таму ён пайшоў да кубла і яшчэ раз іх вымыў, а потым, выцягнуўшы маленькую скураную папку, сказаў: «Наш прысуд гучыць не надта сурова. З дапамогаю бараны належыць выпісаць асуджанаму на целе тое правіла паводзін, якое ён парушыў. Гэтаму асуджанаму, напрыклад,— афіцэр паказаў на таго чалавека,— на целе будзе напісана: Шануй свайго камандзіра!»
Падарожнік паглядзеў мімалётным позіркам на асуджанага; калі афіцэр на яго паказваў, госць трымаў галаву нахіленаю і, здавалася, напружваў увесь свой слых, каб нечага даведацца. Ды рухі яго набрынялых, сціснутых вуснаў відавочна сведчылі, што ён нічога не мог зразумець. Падарожнік хацеў спытацца пра розныя рэчы, але, гледзячы на асуджанага чалавека, спытаў адно: «Ці ведае ён, на што асуджаны?»
«Не»,— адказаў афіцэр і хацеў адразу ж прадоўжыць свае тлумачэнні, але падарожнік перапыніў яго: «Ён не ведае свайго ўласнага прысуду?» — «Не,— зноў адказаў афіцэр і затрымаўся на хвілю, быццам бы жадаючы пачуць ад падарожніка падрабязнейшае ўдакладненне яго пытання, а потым дадаў: — Паведамляць яму пра гэта не мела б ніякае карысці. Ён жа даведаецца сваім целам, да чаго яго прысудзілі». Падарожнік хацеў ужо замаўчаць, але адчуў, што асуджаны скіраваў на яго свой пагляд; здавалася, ён пытаўся, ці ўхваляецца гэты спосаб выканання прысуду. Таму падарожнік, які быў ужо адкінуўся ў крэсле, зноў нахіліўся наперад і спытаўся яшчэ: «Але ж ён ведае хоць бы, што асуджаны?» — «Таксама не»,— адказаў афіцэр і ўсміхнуўся падарожніку, быццам бы чакаючы ад яго яшчэ нейкіх асаблівых адкрыццяў. «Не,— сказаў падарожнік і правёў сабе рукою па лбе,— дык, значыцца, гэты чалавек нават цяпер не ведае, як была ўспрынятая яго абарона?» — «У яго не было магчымасці абараняць сябе»,— сказаў афіцэр і паглядзеў убок, нібыта гаворачы да самога сябе і не жадаючы прысароміць падарожніка расказам пра тыя самыя зразумелыя яму рэчы. «Усё-такі ў яго павінна быць магчымасць абараняць сябе»,— сказаў падарожнік і падняўся з крэсла.
Афіцэр адчуў небяспеку таго, што яму давядзецца надоўга затрымацца, тлумачачы ўстройства машыны; таму ён падышоў да падарожніка, узяў яго пад руку, паказаў на асуджанага, які цяпер, калі ўвага гэтак відавочна была скіраваная на яго, стаяў выпрастаўшыся — жаўнер таксама падцягнуў ланцуг, і афіцэр сказаў: «Рэч тут у наступным. Я пастаўлены тут, у калоніі, суддзёю. Нягледзячы на мой малады ўзрост. Бо ва ўсіх справах, звязаных з пакараннямі, я дапамагаў ранейшаму каменданту і ведаю гэты апарат найлепей. Падставовы прынцып, паводле якога я суджу, гэта: віна заўсёды несумненная. Іншыя суды могуць гэтага прынцыпу не прытрымлівацца, бо ў іх уваходзіць шмат галоў і яны яшчэ маюць над сабою вышэйстаячыя суды. Тут усё зусім іначай ці, прынамсі, было іначай за часы папярэдняга каменданта. Новы ўжо, зрэшты, выяўляў жаданне ўмешвацца ў мае прысуды, але дагэтуль мне ўдавалася бараніцца, і надалей будзе ўдавацца... Вы хацелі, каб я растлумачыў вам гэты выпадак; ён гэткі самы просты, як і ўсе іншыя. Сёння ўранні адзін капітан зрабіў данясенне, што гэты чалавек, які быў прызначаны яму за ардынарца і спіць у яго пад дзвярамі, тым разам заспаў. Ягоны ж абавязак заключаецца ў тым, каб уставаць і аддаваць чэсць перад капітанавымі дзвярамі, як толькі гадзіннік праб'е чарговую гадзіну. Вядома ж, гэты абавязак зусім не цяжкі і неабходны, бо на ягоным пасту трэба быць заўсёды бадзёрым, каб прыслужваць, і пільным, каб служба ішла як трэба. Учора ноччу капітан захацеў спраўдзіць, ці выконвае ардынарац свой абавязак. Калі прабіла другую гадзіну, капітан адчыніў дзверы і ўбачыў, што жаўнер, скурчыўшыся, спіць. Ён пайшоў па нагайку, а потым выцяў ардынарца ўпоперак твару. Замест таго каб устаць і прасіць у капітана прабачэння, гэты чалавек схапіў свайго камандзіра за ногі, страсянуў і закрычаў: «Выкінь бізун, інакш я цябе зжару!», Вось сутнасць гэтае справы. Гадзіну таму капітан прыйшоў да мяне, я запісаў ягоныя паказанні і неадкладна вынес прысуд. Потым загадаў накласці на гэтага чалавека ланцугі. Усё было тут вельмі проста. Калі б я спачатку гэтага чалавека выклікаў ды ўчыніў яму допыт, у выніку было б толькі замяшанне. Ён бы хлусіў, а калі б мне ўдалося абвергнуць ягоную хлусню, ён бы замяніў яе іншай хлуснёй — і гэтак далей. Цяпер жа я яго трымаю і ўжо не адпушчу... Ці ўсё цяпер зразумела? Але час праходзіць, павінна ўжо пачынацца экзекуцыя, а я ўсё яшчэ не скончыў тлумачыць, з чаго складаецца апарат».
Ён прымусіў падарожніка сесці ў крэсла, потым зноў падышоў да апарата і пачаў: «Як бачыце, канфігурацыя бараны адпавядае канфігурацыі чалавечага цела: вось барана для тулава, а вось бароны для ног. Для галавы прызначаецца толькі гэтае маленькае вастрыё. Ці вам зразумела?» Ён прыязна нахіліўся да падарожніка, гатовы зрабіць самыя падрабязныя тлумачэнні.
Падарожнік, наморшчыўшы лоб, разглядаў барану. Яго не задаволіла інфармацыя пра спосаб ажыццяўлення судовага працэсу. Ён увесь час мусіў сабе паўтараць, што гаворка ідзе пра калонію для асуджаных, што тут патрэбныя спецыяльныя правілы ўнутранага распарадку і што да самага канца тут неабходна дзейнічаць па-вайсковаму. Але, апроч таго, ён меў пэўныя спадзяванні на новага каменданта, які, відавочна, збіраўся, хоць і памалу, уводзіць новыя працэсуальныя нормы, якія толькі што гэты афіцэр не можа ўспрымаць сваім абмежаваным розумам. Гэты ход думак змусіў падарожніка спытацца: «Ці будзе камендант прысутнічаць пры экзекуцыі?» — «Дакладна невядома,— адказаў афіцэр, балесна закрануты гэтым непасрэдным пытаннем, і ягоны прыязны выраз твару сказіўся.— Менавіта таму нам трэба паспяшацца. Я буду змушаны, хоць гэта мне і прыкра, скараціць мае тлумачэнні. Але заўтра, калі апарат будзе ачышчаны — бо ягоная адзіная хіба якраз у тым, што ён моцна пэцкаецца,— я змагу прадоўжыць больш падрабязныя тлумачэнні. А зараз скажу толькі пра самае неабходнае... Калі чалавек ляжыць на ложку, а ложак ужо робіць адпаведныя рухі — торгаецца, барана апускаецца на тулава. Яна сама становіцца такім чынам, што ледзьве дакранаецца да цела вастрыямі штыроў; калі яна зойме гэтае становішча, вось гэтая сталёвая ліна напружваецца і робіцца нібы штанга. І цяпер пачынаецца забава. Недасведчаны чалавек звонку не бачыць ніякае розніцы паміж пакараннямі. Яму здаецца, што барана функцыянуе заўжды аднолькава. Торгаючыся, яна ўцінае свае штыры ў цела, якое, апроч таго, торгаецца разам з ложкам. Каб толькі даць кожнаму магчымасць кантраляваць выкананне прысуду, барана зробленая са шкла. Праз гэта ўзніклі пэўныя тэхнічныя цяжкасці — у сувязі з умацаваннем на ёй штыроў; але пасля шматлікіх спроб гэта ўдалося зрабіць. Мы ж, бачыце, не шкадавалі ніякіх высілкаў. I цяпер кожны можа бачыць скрозь шкло, як на целе ўзнікае надпіс. Ці не жадаеце падысці бліжэй і агледзець штыры?»
Падарожнік павольна падняўся, падышоў да бараны і нахіліўся. «Бачыце,— працягваў афіцэр,— тут у розны спосаб умацаваныя штыры двух тыпаў. Каля кожнага доўгага ёсць адзін кароткі. Доўгі якраз піша, а з кароткага выпырскваецца вада, каб змываць кроў і захоўваць надпіс выразным. Вада з крывёю трапляе потым сюды, у маленькія канаўкі і сцякае ўрэшце ў гэтую галоўную рыну, адкуль праз трубаадвод сплывае ў равок». Афіцэр паказаў пальцам дакладны шлях, які павінна прарабіць вада з крывёю. Калі ён літаральна абхапіў абедзвюма рукамі выхад адвадной трубы, каб наколькі мажліва прадэманстраваць усё навочна, падарожнік падняў галаву і, мацаючы ззаду за сабою, хацеў вярнуцца да свайго крэсла. I тут ён з жахам убачыў, што гэтак жа, як і ён сам, асуджаны скарыстаўся з запрашэння афіцэра паглядзець зблізку, з чаго складаецца барана. Ён крыху смыкнуў ланцугом заспанага афіцэра і таксама нахіліўся над шклом. Было відаць, як няўпэўненым позіркам ён шукаў тое, што якраз разглядалі абодва спадары, але ў яго нічога не атрымлівалася, бо не ставала тлумачэнняў. Ён нахіляўся то туды, то сюды. Яшчэ і яшчэ раз ягоны пагляд прабягаў па шкле. Падарожнік хацеў прагнаць асуджанага, бо тое, што ён цяпер рабіў, відаць, заслугоўвала пакарання. Але афіцэр адной рукой трымаў падарожніка, другой узяў жменю зямлі з насыпу і шпурнуў ёю ў жаўнера. Той рэзка падняў вочы, убачыў, на што наважыўся асуджаны, выпусціў карабін з рук, уперся абцасамі ў зямлю, пацягнуў асуджанага назад — гэтак, што той адразу ж упаў,— і глядзеў цяпер на яго зверху, як ён круціўся і бразгаў ланцугамі. «Дапамажы яму падняцца!» — крыкнуў афіцэр, бо заўважыў, што асуджаны занадта ўжо адцягваў увагу падарожніка. Падарожнік нават перахіліўся цераз барану, зусім не турбуючыся пра яе, а жадаючы высветліць, што ж робіцца з асуджаным. «Абыходзься з ім як належыць!» — зноў крыкнуў афіцэр. Ён аббег апарат, сам падхапіў асуджанага, які слізгаў нагамі, пад рукі і з дапамогай жаўнера паставіў яго на ногі.
«Я цяпер ужо ўсё ведаю»,— сказаў падарожнік, калі афіцэр зноў вярнуўся да яго.
«Акрамя самага важнага,— адказаў афіцэр, узяў падарожніка за руку і паказаў угару.— Там, у рысоўніку, ёсць сістэма шасцерняў, якая рэгулюе рух бараны, а гэтая сістэма настройваецца ў адпаведнасці з выявай тэксту прысуду. Я выкарыстоўваю яшчэ настройку на тэксты, зробленую папярэднім камендантам. Вось яны.— Ён выцягнуў некалькі аркушаў са скураной папкі.— На жаль, я не магу даць вам іх патрымаць у руках: яны — самая дарагая рэч, што ў мяне ёсць. Сядайце, я іх вам пакажу на гэтай адлегласці — так, што вы зможаце іх добра бачыць». Ён паказаў першы аркуш. Падарожнік выказаў бы з ахвотай колькі словаў прызнання, ды ўбачыў на аркушы адно лабірынт ліній, якія шмат разоў перакрыжоўваліся і былі накрэсленыя на паперы так густа, што паміж імі толькі з цяжкасцю магчыма было разгледзець белыя пустыя месцы. «Чытайце»,— сказаў афіцэр. «Я не здолею»,— адказаў падарожнік. «Але ж тут усё выразна»,— сказаў афіцэр. «Вельмі па-мастацку выпісана,— заўважыў, выкручваючыся, падарожнік,— але я не магу гэта расшыфраваць».— «Праўда,— сказаў афіцэр, засмяяўся і засунуў папку назад.— Гэта не каліграфія для школьнікаў. Гэта трэба расчытваць доўга. I вы ў рэшце рэшт здолелі б разабрацца. Гэтае пісьмо, натуральна, не можа быць простым, яно не павінна забіваць адразу, а толькі ў сярэднім на працягу дванаццаці гадзін; на шостую гадзіну разлічаны паваротны пункт. Гэткім чынам, уласна, гэтае пісьмо павінна атачаць мноства самага рознага кшталту аздобаў; сапраўдныя літары ідуць па целе толькі вузкім паскам; рэшта тулава прызначаная на аздобы. Ці вы змаглі б зараз ацаніць работу бараны і апарата ў цэлым? Паглядзіце толькі! — Ён ускочыў на драбіны, павярнуў адну шасцярню і крыкнуў зверху: — Увага! Прашу адысці ўбок!»; пасля гэтага ўсё пачало рухацца. Калі б шасцярня не рыпела, было б зусім цудоўна. Афіцэр, як быццам бы збянтэжаны гэтым дэфектам шасцярні, пагрозліва патрос яму кулаком, пасля, апраўдваючыся, працягнуў абедзве рукі ў бок падарожніка і спешна злез з драбінаў долу, каб паназіраць за працай апарата. Штосьці, што заўважыў адзін ён, было яшчэ не ў парадку; ён зноўку залез наверх, засунуў абедзве рукі ўсярэдзіну рысоўніка, пасля — каб хутчэй апынуцца ўнізе,— замест каб выкарыстаць драбіны, саслізнуў уздоўж адной з апор і, моцна напружваючы галасавыя звязкі — каб быць зразуметым у гэтым грукаце, — крыкнуў падарожніку ў самае вуха: «Ці разумееце вы сутнасць працэсу? Барана пачынае пісаць; калі першы надпіс на чалавечай спіне гатовы, ватны слой згортваецца і павольна пераварочвае тулава на бок, каб даць баране новае вольнае месца. Адначасна месцы з выпісанымі да крыві лініямі кладуцца на вату, якая, дзякуючы спецыяльнай апрацоўцы, тут жа спыняе крывацёк і рыхтуе цела да нанясення новых, паглыбленых ліній пісьма. Вось гэтыя гачкі на канцы бараны пры далейшым пераварочванні тулава адрываюць вату ад ран, спіхваюць яе ў равок — і баране зноў ёсць што рабіць. Вось гэтак глыбей і глыбей яна піша на працягу дванаццаці гадзін. Першыя шэсць гадзін асуджаны жыве амаль гэтак жа, як і раней; ён толькі церпіць ад болю. Праз дзве гадзіны лямцавы кляп прымаецца, бо ў чалавека болей няма сіл крычаць. У гэтую, вось тут, у галовах, міску з электрападагрэвам падкладаецца цеплая рысавая каша, якую чалавек, калі ў яго ёсць жаданне, можа браць, колькі ён здолее ўхапіць языком. Ніхто гэтай магчымасці не ігнаруе. Я проста не ведаю нікога, а мой досвед вялікі. Толькі каля шостай гадзіны асуджаны ўжо траціць задавальненне ад яды. Тады я звычайна ўкленчваю вось тут, унізе, і назіраю за гэтай з'яваю. Чалавек рэдка праглынае апошні кавалак, ён адно трымае яго ў роце, соўгае туды-сюды, а потым выплёўвае проста ў равок. Я мушу своечасова нагінацца, інакш ён трапіць мне ў твар. Затое які спакойны чалавек робіцца каля тае шостае гадзіны! Самы дурны і той набывае разуменне. Гэта пачынаецца з наваколля вачэй. Адсюль яно распаўсюджваецца далей. Бачачы гэта, можна спакусіцца і таксама легчы пад барану. Далей жа нічога асаблівага не дзеецца: чалавек толькі пачынае расшыфроўваць пісьмо; ён раскрывае рот, быццам бы прыслухоўваючыся. Вы ж бачылі: не так лёгка прачытаць гэтае пісьмо вачыма; а наш чалавек расшыфроўвае яго сваімі ранамі. Тут, аднак, шмат працы; каб яе выканаць, патрабуецца шэсць гадзін. Але потым барана працінае яго наскрозь і кідае яго ў равок, куды ён з плёскатам падае на крывавую ваду ды вату.