Прысуд - Франц Кафка 11 стр.


Тады суд здзейснены, а мы з жаўнерам закопваем асуджанага».

Падарожнік нахіліўся вухам да афіцэра і, трымаючы рукі ў кішэнях сурдута, прыглядаўся да работы машыны. Асуджаны прыглядаўся таксама, але пры тым нічога не разумеў. Ён трохі схіліўся і сачыў за торганнем штыроў, калі жаўнер, на знак, пададзены афіцэрам, разрэзаў яму ззаду кашулю і нагавіцы так, што яны з яго паспадалі; асуджаны паспрабаваў падхапіць падаючую адзежу — акрыць сваю галізну,— але жаўнер падняў яе ўгору ды строс з яго апошняе рыззё. Афіцэр спыніў машыну, і ў цішыні, што пасля гэтага ўсталявалася, асуджаны быў пакладзены пад барану. Ланцугі з яго былі знятыя, а замест іх замацаваныя рамяні; асуджанаму ў першую хвілю гэта падалося ледзьве не палёгкаю. Тут барана апусцілася яшчэ крыху ніжэй, бо чалавек гэты быў худы. Калі вастрыі дакрануліся да яго цела, па скуры ў яго прабеглі дрыжыкі; у той час калі жаўнер быў заняты ягонай правай рукою, ён сам выцягнуў левую, не ведаючы, у якім накірунку; гэта быў, аднак, той накірунак, дзе стаяў падарожнік. Афіцэр няспынна глядзеў на падарожніка збоку, быццам бы спрабуючы прачытаць на ягоным твары тое ўражанне, што на яго робіць экзекуцыя, якую ён — прынамсі, у агульных рысах — толькі што апісваў.

Рэмень, прызначаны на запясце, лопнуў: відаць, жаўнер зацягнуў яго занадта моцна. Афіцэр мусіў яму дапамагчы; жаўнер паказаў яму адарваны кавалак рэменя. Афіцэр падышоў да жаўнера і сказаў, паварочваючы твар да падарожніка: «Машына вельмі складаная: сям-там нешта рвецца або ламаецца; праз гэта, аднак, не павінна скажацца яе агульная ацэнка. Рэмень, зрэшты, можна адразу ж замяніць; дзеля гэтага я буду ўжываць ланцуг; што праўда, ад таго пацерпіць далікатнасць рухаў бараны ў вобласці правай рукі.— I, накладаючы ланцуг, ён дадаў: — Сродкі, патрэбныя на ўтрыманне машыны, цяпер надта абмежаваныя. За часы былога каменданта толькі дзеля гэтай мэты і была вызначаная каса, якой я свабодна карыстаўся. Тут быў склад, дзе захоўваліся самыя розныя запчасткі. Прызнаю: я амаль што дапускаў марнатраўства з імі... маю на ўвазе даўней, не цяпер, як сцвярджае новы камендант, які толькі шукае прычын, каб знішчыць старыя прыстасаванні. Цяпер ён сам распараджаецца касай, прызначанай на ўтрыманне машыны, і калі я пасылаю па новы рэмень, ён патрабуе ў якасці доказу прад'явіць парваны; новы рэмень паступае толькі праз дзесяць дзён, ён ужо горшага гатунку і не шмат чаго варты. Але тое, як мне тым часам абслугоўваць машыну без рамянёў, нікога не хвалюе».

Падарожнік раздумваў: улазіць рашуча ў чужыя справы — гэта заўсёды рызыкоўная рэч. Ён сам не быў ані грамадзянінам калоніі для асуджаных, ані грамадзянінам дзяржавы, да якой яна належала. Калі б ён захацеў асудзіць або ўвогуле паспрабаваць перашкодзіць экзекуцыі, яму б маглі сказаць: «Ты чужынец і сядзі ціха!» Ён бы нічога не мог на гэта адказаць, а толькі дадаў бы, што ў гэтым выпадку сам не разумее свайго ўчынку, бо падарожнічае толькі дзеля таго, каб назіраць, і ні ў якім разе не дзеля таго, каб нешта мяняць у карным заканадаўстве чужой краіны. Але сітуацыя, што тут складалася, правакавала яго на гэта. Несправядлівасць судовага разбору і нялюдскасць пакарання не выклікалі сумненняў. Ніхто не змог бы абвінаваціць падарожніка ў нейкай прадузятасці, бо асуджаны быў чужым яму чалавекам, не земляком; ён нават не абуджаў ніякага спачування. Сам жа падарожнік меў рэкамендацыі ад высокіх інстанцый; яго прымалі тут з вялікай ветлівасцю і павагай; а факт яго запрашэння на экзекуцыю, здавалася, павінен быў сведчыць, што існавала жаданне пачуць ягоную думку наконт гэтага суда. Усё гэта было тым болей відавочна, бо камендант, як ён цяпер вельмі выразна пра гэта чуў, не быў прыхільнікам гэткай судовай працэдуры, а ў дачыненні да афіцэра паводзіў сябе амаль што варожа.

Тут падарожнік пачуў раз'юшаны крык афіцэра. Той якраз, не без цяжкасцяў, засунуў асуджанаму ў рот лямцавы кляп, а апошні, не могучы стрымаць інстынкту раздражнення, заплюшчыў вочы і званітаваў. Афіцэр спешна адарваў яго ад кляпа ўгору і хацеў нахіліць ягоную галаву ў равок, але было занадта позна: ваніты ўжо цяклі па машыне. «Ва ўсім вінаваты камендант! — крыкнуў афіцэр, непрытомна калоцячыся каля масянжовых апор.— Машына запаскуджаная, як свінарнік! — Дрыготкімі рукамі ён паказваў падарожнаму, што здарылася.— Хіба ж я цэлымі гадзінамі не спрабаваў даводзіць каменданту, што ў дзень перад пакараннем нельга выдаваць ніякай ежы! Ды новае ліберальнае кіраўніцтва мае іншую думку. Камендантавы жанчыны, перш чым чалавека адвядуць, панапіхваюць яго аж даверху рознымі салодкімі рэчамі. Усё сваё жыццё ён харчаваўся смярдзючай рыбай, а цяпер павінен есці слодычы! Зрэшты, хай бы сабе так і было, я не пярэчыў бы, але чаму нельга набыць новага лямцу, які я выпрошваю ўжо тры месяцы?! Як жа можна, не брыдзячыся, браць у рот гэты лямец, які ў перадсмяротнай агоніі ссала і грызла больш як сто чалавек?»

Асуджаны паклаў галаву долу і выглядаў спакойным, жаўнер быў заняты тым, што чысціў машыну ягонай кашуляю. Афіцэр падышоў да падарожніка, які, нібыта штосьці прадчуваючы, адступіў на адзін крок назад; але афіцэр схапіў яго за руку і адвярнуў убок. «Я хацеў бы канфідэнцыяльна сказаць вам колькі словаў,— прамовіў ён,— ці можна?» — «Вядома»,— адказаў падарожнік і стаў з заплюшчанымі вачыма слухаць.

«Гэтая працэдура і гэтае пакаранне, якімі вы маеце цяпер мажлівасць захапляцца, сёння не знаходзяць болей у нашай калоніі ніводнага адкрытага прыхільніка. Я адзіны іх прадстаўнік і абаронца, адначасна адзіны пераемнік спадчыны старога каменданта. Каб развіваць гэтую працэдуру далей, я не магу нават і марыць; я аддаю ўсе свае сілы на падтрымку таго, што ёсць. Калі жыў стары камендант, у калоніі было поўна ягоных прыхільнікаў; я часткова валодаю сілай аргументацыі старога каменданта, але ў мяне няма ягонай улады; з гэтай прычыны яго прыхільнікі пахаваліся; іх яшчэ ёсць нямала, але ніхто ў гэтым не прызнаецца. Калі вы сёння — гэта значыць у дзень экзекуцыі — пойдзеце ў чайны дом і паслухаеце, пра што гавораць людзі, дык вы, магчыма, пачуеце толькі двухсэнсоўныя выказванні. Гэта ўсё прыхільнікі, але пры цяперашнім каменданце і ягоных існуючых поглядах карысці для мяне ад іх ніякай няма. А зараз я спытаюся ў вас: ці мажліва, каб з-за гэтага каменданта, з-за жанчын, што маюць на яго ўплыў, гэтая справа жыцця — ён паказаў на машыну — ды загінула? Ці мажліва было б гэта дапусціць? Нават калі нехта тут чужы і знаходзіцца на нашай выспе якіх пару дзён? А часу губляць нельга: ужо нешта рыхтуецца супраць выканання мною судовай улады; у камендатуры ўжо адбываюцца нарады, на якія мяне не дапускаюць; нават ваш сённяшні візіт, здаецца, паказальны для ўсёй сітуацыі; нехта ад боязі высылае наперад вас, чужога чалавека... Як жа іначай адбываліся экзекуцыі ў даўнейшыя часы! Ужо за дзень перад стратай даліна была запоўненая людзьмі, усе прыходзілі толькі дзеля таго, каб паглядзець; рана-раненька паяўляўся камендант са сваімі жанчынамі; фанфары абуджалі ўвесь лагерны пляц; я рапартаваў, што ўсё ўжо гатова; грамада, у якой не мог адсутнічаць ніводзін высокапастаўлены службовец, выстройвалася вакол машыны; гэтая куча трысняговых крэслаў — толькі мізэрныя рэшткі былога багацця. Свежаначышчаная машына блішчала; амаль перад кожнай экзекуцыяй я атрымоўваў новыя запчасткі. Перад сотнямі вачэй — усе гледачы, аж да самых тых пагоркаў, стаялі на дыбачках — сам камендант клаў асуджанага пад барану. Тое, што сёння мае права рабіць шараговы жаўнер, тады было маёй — галавы суда — работай і маім ганаровым абавязкам. I вось пачыналася экзекуцыя! Ніводзін фальшывы гук не замінаў рабоце машыны. Некаторыя людзі ўжо нават не глядзелі, а проста ляжалі з заплюшчанымі вачыма ў пяску; усе ведалі: у гэтыя хвілі ажыццяўляецца Справядлівасць. У цішыні былі чутны толькі ўздыхі асуджанага, падаўленыя лямцам. Сёння машыне ўжо нават не ўдаецца выціскаць з асуджанага мацнейшыя ўздыхі, якія б кляп ужо не мог падаўляць; але ў тыя часы пішучыя штыры выдзялялі едкую вадкасць, якую сёння ўжываць болей не дазваляецца. Ну, а потым надыходзіла шостая гадзіна! Немагчыма было задаволіць просьбы ўсіх тых, хто жадаў за гэтым назіраць зблізку. Камендант, будучы чалавекам мудрым, загадваў, каб у першую чаргу пад увагу браліся просьбы дзяцей; я ж, у сувязі з маёй прафесіяй, заўсёды мог стаяць побач; часцяком на правай і левай руцэ я трымаў малых дзяцей. Як жа ўражваў нас выраз прасвятлення на змучаным твары, як мянялі колер нашыя шчокі ў бляску справядлівасці, што была нарэшце дасягнутая, але прамінала ўжо! Што гэта былі за часы, камрад!»

Афіцэр, відавочна, забыўся на тое, хто стаіць перад ім; ён абняў падарожніка і паклаў галаву яму на плячо. Падарожнік быў надта збянтэжаны і нецярпліва глядзеў па-над афіцэравай галавою. Жаўнер ужо скончыў чысціць машыну і цяпер яшчэ выліў з бляшанкі ў міску рысавую кашу. Заўважыўшы гэта, асуджаны, які, здавалася, ужо зусім апрытомнеў, пачаў языком хлябтаць тую кашу. Жаўнер зноў адапхнуў яго ад міскі, бо каша, відаць, прызначалася на пазнейшы час, але, у кожным разе, выглядала непрыстойна, што жаўнер улазіў у міску бруднымі рукамі і сам еў з яе на вачах у згаладалага асуджанага.

Афіцэр хутка авалодаў сабою. «Я не хацеў вас гэтак узрушваць,— сказаў ён,— я ведаю, што сёння немагчыма прышчапіць разуменне тых былых часоў. Зрэшты, машына яшчэ працуе і дзейнічае для сябе. Яна дзейнічае для сябе, нават калі стаіць у гэтай даліне адна. А цела ўсё яшчэ на заканчэнне падае ў неспасцігальна плаўным палёце ў равок, хоць вакол апошняга ўжо не збіраюцца, нібы мухі, сотні людзей. Калісьці мы мусілі паставіць над раўком моцную агароджу; яе даўно ўжо прыбралі».

Падарожнік хацеў адвярнуцца ад афіцэра і без усялякай мэты азіраўся. Афіцэр вырашыў, што ён аглядае пустэчу даліны, таму ўзяў падарожніка за рукі, павярнуўся вакол яго, каб злавіць ягоныя позіркі, і спытаў: «Ці бачыце вы гэтую ганьбу?»

Але падарожнік маўчаў. Афіцэр на хвілю адступіўся ад яго: расставіўшы ногі, рукі ў бакі, ён спакойна стаяў і глядзеў сабе пад ногі. Потым падбадзёрыў падарожніка ўсмешкаю і прамовіў: «Учора, калі вас запрашаў камендант, я знаходзіўся паблізу. Запрашэнне я чуў. Каменданта ведаю. Я адразу ж зразумеў, чаго ён хоча дасягнуць праз гэтае запрашэнне. Хоць у яго досыць улады, каб выступіць супраць мяне, але пакуль што на гэта яму не стае адвагі; але ён хоча пачуць вашую думку пра мяне, думку шаноўнага іншаземца. Ён гэта добра прыдумаў: вы другі дзень тут, на выспе, вы не ведалі ані старога каменданта, ані шырыні яго погляду; вы ва ўладзе еўрапейскіх уяўленняў; мажліва, вы прынцыповы праціўнік смяротнай кары як такой, а гэткага спосабу пакарання — у прыватнасці; акрамя таго, вы бачыце, як сумна адбываецца гэтае пакаранне: без удзелу грамадскасці, на ўжо крыху пашкоджанай машыне — хіба ж, беручы гэта ўсё пад увагу (гэтак думае сабе камендант), не было б цалкам магчымым, каб вы не прызналі мае дзеянні слушнымі? I калі б вы іх не прызналі слушнымі (я ўвесь час гавару паводле камендантавых рахубаў), вы б не прамаўчалі, бо маеце, вядома ж, давер да сваіх шматкроць спраўджаных перакананняў. Натуральна, што вам даводзілася бачыць шмат якія асаблівасці многіх народаў і вы навучыліся іх паважаць, таму вы не выказваліся б з усёй рашучасцю, як бы вы гэта, напэўна, зрабілі на вашай радзіме, супраць нашых метадаў правасуддзя. Але гэтага каменданту і не трэба. Досыць будзе аднаго мімаходзь кінутага неасцярожнага слоўца. Яно нават не павінна абавязкова адпавядаць вашаму перакананню: хай толькі вонкава супадзе з ягоным жаданнем. У тым, што ён будзе дапытваць вас з усімі хітрыкамі і падыходамі, я ўпэўнены. А ягоныя жанчыны будуць сядзець наўкола і настаўляць вушы; вы, напрыклад, скажаце: «У нас правасуддзе ажыццяўляецца іначай», або: «У нас абвінавачанага перад вынясеннем прысуду выслухоўваюць», або: «У нас асуджанаму паведамляюць пра вынесены прысуд», або: «У нас бываюць, акрамя пакарання смерцю, і іншыя кары», або: «У нас асуджаных катавалі толькі ў часы сярэднявечча». Гэта ўсё заўвагі гэтулькі слушныя, колькі яны пададуцца вам зусім натуральнымі, нявінныя заўвагі, якія не закранаюць майго метаду правасуддзя. Але як іх успрыме камендант? Я ўжо бачу яго, гэтага добрага каменданта: як ён тут жа адсоўвае ўбок крэсла і спяшаецца на балкон; бачу ягоных жанчын: як яны патокам рынаюць яму ўслед; я чую ягоны голас — дамы называюць яго грымотным,— і вось ён гаворыць: «Буйны даследчык з Захаду, якому даручана займацца вывучэннем судовай практыкі ва ўсіх краінах, сказаў менавіта, што наша працэдура, паводле старых звычаяў, нялюдская. Пасля таго як гэткая асоба выказала сваю думку, я не магу, вядома, далей цярпець гэтую працэдуру. Дзеля таго сённяшнім днём загадваю... і г. д.». Вы захочаце ўмяшацца, растлумачыць, што не казалі таго, пра што ён абвяшчае, што вы зусім не называлі мой метад нялюдскім, а, наадварот, вы лічыце — і глыбока перакананыя ў тым,— што ён найчалавечнейшы і найбольш варты чалавечай годнасці; вы скажаце, што вы таксама ў захапленні ад гэтай тэхнікі, але будзе запозна; вы не выйдзеце нават на балкон, што будзе ўжо ўвесь запоўнены жанчынамі; вы захочаце звярнуць на сябе ўвагу, захочаце закрычапь, але дамская ручка затуліць вам рот; а я, разам са справаю жыцця ранейшага каменданта, буду загублены».

Падарожнік мусіў схаваць усмешку: надта лёгкаю, значыць, была задача, якую ён уважаў за гэткую цяжкую. Ён сказаў дыпламатычна: «Вы пераацэньваеце мой уплыў; камендант прачытаў рэкамендацыйны ліст на мяне і ведае, што я ніякі не знаўца судовага працэсу. Калі б я выказаў нейкае меркаванне, гэта было б меркаванне прыватнае асобы, якое не значыць ні на каліва болей, чым меркаванне любога іншага чалавека, і, ва ўсякім разе, значыць куды менш, чым меркаванне каменданта, што мае ў гэтай калоніі, як я магу меркаваць, вельмі шырокія паўнамоцтвы. Калі ягоная думка пра гэтую працэдуру гэткая вызначаная, як вы думаеце, то баюся, што вашай працэдуры надыходзіць канец і без маёй сціплай дапамогі».

Ці афіцэр ужо уцяміў гэта? Не, яшчэ не ўцяміў. Ён жвава страсянуў галавою, коратка азірнуўся на асуджанага і на жаўнера: тыя здрыгануліся і адарваліся ад рысавай кашы; потым ён падышоў блізка-блізка да падарожніка, паглядзеў яму не ў твар, а некуды на сурдут і цішэйшым, чым раней, голасам прамовіў: «Вы не ведаеце каменданта; у дачыненні да яго і да ўсіх нас вы — прашу мне прабачыць за гэтае слова — досыць наіўны; ваш уплыў, паверце мне, няможна ацаніць дастаткова высока. Я быў шчаслівы, калі пачуў, што вы збіраецеся прысутнічаць на экзекуцыі. Гэтае распараджэнне каменданта было скіраванае супраць мяне, але цяпер я паварочваю яго на сваю карысць. Не паддаўшыся фальшывым нашэптванням і пагардлівым позіркам — чаго пры ўдзеле больш шматлікай публікі вам бы не ўдалося пазбегнуць,— вы выслухалі мае тлумачэнні, агледзелі машыну і цяпер можаце з разуменнем назіраць за экзекуцыяй. Ваша ацэнка ўжо моцна ўсталявалася; калі існуюць яшчэ нейкія дробныя сумненні, дык яны знікнуць, як толькі вы ўбачыце працэс пакарання. І цяпер я звяртаюся з настойлівай просьбаю да вас: памажыце мне супрацьстаяць каменданту!»

Падарожнік не даў яму гаварыць далей. «Як жа я магу, — выкрыкнуў ён,— гэта зусім немагчыма! Я магу вам дапамагчы гэтаксама мала, як і зрабіць вам шкоду».

«Вы гэта можаце,— сказаў афіцэр. З пэўнай занепакоенасцю падарожнік заўважыў, што той сціснуў кулакі.— Вы гэта можаце,— паўтарыў афіцэр з яшчэ большым націскам.— У мяне ёсць задума, якая павінна ажыццявіцца. Вы мяркуеце, што вашага ўплыву замала. Я ведаю, што яго дастаткова. Але, прызнаючы, што праўда ваша, хіба не варта бачыць неабходнасць выпрабаваць усё: нават, магчыма, рэчы недастатковыя? Таму паслухайце, які ў мяне план. Для яго ажыццяўлення трэба найперш, каб вы сёння ў калоніі, наколькі гэта магчыма, устрымаліся ад выказвання сваёй ацэнкі нашай працэдуры пакарання. Калі вас ніхто канкрэтна не пачне распытваць, ні ў якім разе нельга пра гэта выказвацца; а вашыя выказванні павінны быць кароткія і двухсэнсоўныя; павінна быць заўважана, што пра гэта гаварыць вам даецца цяжка, што вы робіце гэта з горыччу, што калі б вы былі шчырымі, дык выбухнулі б праклёнамі. Я не патрабую, каб вы хлусілі, ні ў якім разе; вы павінны толькі адказваць коратка, напрыклад: «Сапраўды, я бачыў экзекуцыю» або: «Ага, я выслухаў усе тлумачэнні». Толькі гэта, і нічога болей. Нагод для горычы, якая павінна заўважацца ў вашых паводзінах, маецца досыць, хоць бы нават і не ў камендантавым разуменні. Ён, натуральна, зразумее ўсё цалкам не так, як яно ёсць, і растлумачыць гэта па-свойму. На гэтым грунтуецца мой план. Заўтра пад старшынствам каменданта адбудзецца вялікае пасяджэнне ўсіх вышэйшых кіруючых асоб. Камендант, вядома ж, навучыўся рабіць з гэткіх пасяджэнняў сапраўднае шоу. Тут была пабудаваная галерэя, якую заўсёды запаўняюць гледачы. Я абавязаны браць удзел у гэтых нарадах, хоць на іх і калачуся ад агіды. Гэтым разам на пасяджэнне ў любым выпадку, вядома, запросяць і вас; калі вы сёння будзеце сябе паводзіць у адпаведнасці з маім планам, запрашэнне павінна зрабіцца настойлівай просьбай. Калі б вас, аднак, з нейкай незразумелай прычыны не запрасілі, вы павінны абавязкова запатрабаваць гэтага запрашэння; няма ніякага сумневу, што вы яго атрымаеце. I вось сядзіце вы заўтра разам з жанчынамі ў камендантавай ложы. Ён, часта паглядаючы ўгору, пераконваецца, што вы на месцы. Пасля разнастайных неістотных, смешных пунктаў абмеркавання, разлічаных толькі на гледачоў,— гэта пераважна партовыя будоўлі, увесь час гэтыя партовыя будоўлі! — пачынае абмяркоўвацца таксама наш метад правасуддзя. Калі з боку каменданта на гэты конт не будзе праяўлена або не будзе досыць хутка праяўлена ініцыятыва, дык я ўчыню так, каб гэтае абмеркаванне пачалося. Я падымуся з месца і зраблю рапарт пра сённяшнюю экзекуцыю. Вельмі коратка, толькі гэты рапарт. Звычайна там не прынята выслухоўваць такія рапарты, але ўсё-такі я зраблю яго. Камендант, як заўсёды, падзякуе мне з прыязнай усмешкаю і пасля таго ён не зможа ўтрымацца ад спакусы скарыстаць гэтую зручную нагоду. «Толькі што,— прыкладна так ён пачне гаварыць,— толькі што нам было дакладзена пра экзекуцыю. Да гэтага даклада я хацеў бы дадаць, што якраз пры гэтай экзекуцыі прысутнічаў буйны даследчык, пра візіт якога, надзвычай ганаровы для нас, вы ўсе ведаеце. Яго прысутнасць таксама падвышае значэнне нашага сённяшняга пасяджэння. Ці мы не пажадалі б задаць гэтаму слыннаму даследчыку пытанне, як ён ацэньвае дадзеную экзекуцыю, здзейсненую паводле старога спосабу, і судовае расследаванне, якое адбываецца перад ёю?» Вядома, тут паўсюды воплескі, усеагульнае адабрэнне; я паводжу сябе найгаласней. Камендант кланяецца вам і кажа: «Тады ад імя ўсіх я пытаюся». I вось вы выходзіце да бар’ера, кладзяце на яго рукі, іначай жанчыны схопяцца за вашы пальцы і будуць бавіцца імі... Ды нарэшце вы маеце слова. Не ведаю, як я вытрымаю напружанасць тых гадзін, што пройдуць да гэтай хвілі. У вашай прамове вы не павінны ставіць сабе нейкія абмежаванні; падыміце сваёю праўдаю шум, прарыкаеце... так, прарыкаеце каменданту сваю думку, сваю непахісную думку. Але, мажліва, вы гэтага не хочаце рабіць, мажліва, гэта не адпавядае вашаму характару; у вас на радзіме, пэўна, у такіх сітуацыях сябе паводзяць іначай — і гэта слушна, і гэтага цалкам будзе досыць; не падымайцеся з месца, скажыце толькі некалькі слоў, прашапчыце іх, каб іх адно пачулі службоўцы, што сядзяць пад вамі... гэтага будзе досыць; вам не трэба будзе самім казаць пра малую зацікаўленасць экзекуцыяй, пра рыпенне шасцярні, пра парваны рэмень, пра агідны лямец — не, усё гэта я ўжо бяру на сябе; і паверце, калі мая прамова не выганіць яго з залы, дык яна змусіць яго ўкленчыць — гэтак, што ён павінен будзе прызнаць: «Стары каменданце, я схіляю голаў перад табою». Вось гэта мой план; ці не захацелі б вы памагчы мне ў яго рэалізацыі? Але ж, натуральна, вы хочаце; болей нават, вы павінны!» Тут афіцэр ухапіў падарожніка за плечы і, цяжка дыхаючы, паглядзеў яму ў твар. Апошнія фразы ён выкрыкнуў так, што на гэта звярнулі ўвагу нават жаўнер і асуджаны; хоць яны і нічога не зразумелі, але перасталі есці і, жуючы, паглядалі ў бок падарожніка.

Тое, які павінен быць адказ, ад самага пачатку не выклікала ў падарожніка ніякіх сумненняў; ён меў занадта вялікі досвед у жыцці, каб пачаць вагацца ў гэтай сітуацыі; ён быў прынцыпова сумленны і нічога не баяўся. Тым не менш, гледзячы на жаўнера і асуджанага, ён нейкую хвілю марудзіў. Але нарэшце адказаў так, як трэба: «Не». Афіцэр заміргаў вачыма, але позірку ад яго не адводзіў. «Ці патрэбныя вам тлумачэнні?» — спытаў падарожнік. Афіцэр нема кіўнуў галавою. «Я праціўнік такой працэдуры,— сказаў падарожнік.— Яшчэ перш чым вы даверыліся мне (а гэтым даверам я, безумоўна, злоўжываць не буду ні пры якіх абставінах), я ўжо абдумаў, ці ёсць у мяне права выступаць супраць гэтай працэдуры і ці мог бы мой выступ мець хоць найменшы шанец на поспех. Пры гэтым мне было зразумела, да каго я павінен быў бы звярнуцца перш за ўсё: натуральна, што да каменданта. Вы ж яшчэ больш прасвятлілі для мяне становішча, не ўмацаваўшы, аднак, мяне ў маім рашэнні — наадварот, мне даспадобы ваша сумленная перакананасць, хоць яна і не можа збіць мяне з тропу».

Афіцэр, захоўваючы маўчанне, павярнуўся да машыны, узяў адну з масянжовых апор і, крыху адхіліўшыся назад, паглядзеў уверх на рысоўнік, быццам бы спраўджваючы, ці ўсё там у парадку. Жаўнер з асуджаным, здавалася, ужо пасябравалі паміж сабою; асуджаны падаў — як гэта ні было яму, прывязанаму, цяжка зрабіць — жаўнеру знак; жаўнер нахіліўся да яго; асуджаны штосьці яму шапнуў, а жаўнер кіўнуў галавою.

Падарожнік падышоў да афіцэра і сказаў: «Вы яшчэ не ведаеце, што я хачу зрабіць. Я, што праўда, скажу сваю думку каменданту пра вашу судовую працэдуру, але не на пасяджэнні, а сам-насам; я таксама не застануся тут гэтак доўга, каб мяне маглі зацягнуць на нейкае пасяджэнне; ужо заўтра рана я ад'еду альбо, прынамсі, перасялюся на карабель».

Здавалася, што афіцэр зусім не слухае. «Значыць, працэдура вас не пераканала»,— сказаў ён сам сабе і ўсміхнуўся гэтак, як пажылы чалавек пасміхаецца з дзіцячай неразумнасці, а за ўсмешкаю хавае свае сапраўдныя думкі.

«Вось і прыйшоў час»,— сказаў ён на заканчэнне і паглядзеў раптоўна на падарожніка яснымі вачыма, у якіх відзён быў нейкі выклік, нейкае заахвочванне да разумення.

«Прыйшоў час... на што?» — спытаў з непакоем у голасе падарожнік, але адказу не атрымаў.

«Ты свабодны»,— сказаў афіцэр асуджанаму на ягонай мове. Той спачатку не паверыў. «Ну, ты свабодны» — прамовіў афіцэр. Упершыню твар асуджанага па-сапраўднаму ажыў. Ці тое было праўдай? Ці проста капрызам афіцэра, які мог у яго прайсці? Ці гэта чужаніца-падарожнік выпатрабаваў яму памілаванне? Што гэта было? Гэтае пытанне, здаецца, было напісанае ў яго на твары. Але нядоўга. Як бы там яно ні было, ён хацеў, калі магчыма, сапраўды атрымаць свабоду і пачаў ірвацца з месца, наколькі дазваляла барана.

«Ты парвеш мне рамяні,— ускрыкнуў афіцэр,— супакойся! Зараз адшпілім іх». I, падаўшы знак жаўнеру, ён разам з ім узяўся за працу. Асуджаны ціха, без слоў, смяяўся сам сабе, паварочваючы твар то налева да афіцэра, то направа да жаўнера, і пры гэтым не забываўся на падарожніка.

«Выцягні яго»,— загадаў афіцэр жаўнеру. Зважаючы на барану, пры гэтым трэба было захоўваць пэўную асцярожнасць. У асуджанага, праз ягоную нецярплівасць, на спіне з’явілася некалькі невялікіх ірваных ранаў.

З гэтай хвілі афіцэр амаль што не меў клопату пра асуджанага. Ён падышоў да падарожніка, выцягнуў зноў сваю маленькую скураную папку, пакорпаўся там у лістках, нарэшце знайшоў аркуш, які шукаў, і паказаў яго падарожніку. «Чытайце»,— сказаў ён. «Я не ўмею,— адказаў падарожнік,— я ж вам казаў, што я не ўмею чытаць гэтыя лісткі».— «Прыгледзьцеся ўсё-такі ўважліва да гэтага аркуша»,— сказаў афіцэр і стаў каля падарожніка, каб чытаць разам з ім. Калі і гэта не дапамагло, ён, каб аблегчыць падарожніку чытанне, пачаў вадзіць малым пальцам вельмі высока над папераю, быццам бы да таго аркуша нельга было дакранацца ні пры якіх варунках. Падарожнік таксама пачаў рабіць пэўныя намаганні, каб, прынамсі, такім чынам выказаць сваю ветлівасць афіцэру, але выніку гэта не мела. Афіцэр пачаў чытаць надпіс па літарах, а пасля яшчэ прачытаў усё разам. «Гэта значыць: «Будзь справядлівы!» — сказаў ён,— цяпер жа вы здолееце прачытаць». Падарожнік схіліўся над папераю гэтак нізка, што афіцэр, баючыся магчымасці дотыку, адсунуў яе далей; хоць падарожнік цяпер нічога і не гаварыў, але было зразумела, што ён усё яшчэ не можа прачытаць напісанага. «Гэта значыць: «Будзь справядлівы!» — паўтарыў афіцэр. «Мажліва,— сказаў падарожнік,— веру, што тут напісана гэта».— «Ну, і добра»,— прамовіў афіцэр, прынамсі, часткова задаволены, і з аркушам у руках палез па драбінах; з вялікай асцярожнасцю ён уставіў аркуш у рысоўнік і, здавалася, грунтоўна пераналадзіў шасцярнёвы механізм: гэта была праца, што забірала шмат сіл; трэба было мець справу з вельмі малымі шасцернямі; галава афіцэра раз-пораз зусім хавалася ў рысоўніку — гэтак дакладна ён павінен быў вывучаць механізм.

Падарожнік няспынна сачыў знізу за гэтай працай; у яго здранцвела шыя, а вочы балелі ад сонечнага ззяння, якое было рассыпана па ўсім небе. Жаўнер і асуджаны былі занятыя толькі самімі сабою. Жаўнер канцом штыха выцягнуў кашулю і штаны асуджанага з рова, дзе яны ўжо ляжалі. Кашуля была страшэнна брудная, і асуджаны вымыў яе ў кубле з вадою. Калі ён пасля надзеў кашулю і штаны на сябе, і жаўнер, і сам асуджаны выбухнулі гучным смехам, бо гэтая адзежа была рассечаная на дзве часткі. Асуджаны, відаць, лічыў сваім абавязкам забаўляць жаўнера: у рассечаным адзенні ён круціўся перад жаўнерам у коле, а жаўнер на кукішках сядзеў на зямлі і, смеючыся, біў сябе кулакамі па каленях. Усё-такі, зважаючы на прысутнасць спадароў, яны папрыціхлі.

Калі афіцэр быў уверсе нарэшце гатовы, ён, усміхаючыся, яшчэ раз кінуў позірк на ўсё разам і на асобныя часткі апарата, ляпнуў цяпер кажухом рысоўніка, які да гэтага часу быў адчынены, сышоў уніз, паглядзеў у равок, а потым на асуджанага і з задавальненнем убачыў, што той выцягнуў сваю адзежу; пасля афіцэр падышоў да вядра з вадою, каб вымыць рукі, занадта позна ўгледзеў на іх паскудны бруд, засмуціўся, што ўжо не можа як след адмыць іх, урэшце ўсунуў іх у пясок — гэтая замена не была яму дастатковай, але ён мусіў ёю задаволіцца,— пасля ўстаў і пачаў расшпільваць свой кіцель. Пры гэтым у яго выпалі дзве дамскія насоўкі, якія былі ў яго засунутыя за каўнер. «Вось твае насоўкі,— сказаў ён і кінуў іх асуджанаму. А падарожніку ён растлумачыў: — Дамскія прэзенты».

Нягледзячы на відавочную паспешлівасць, з якой афіцэр сцягваў форму, а пасля раздзяваўся зусім, з кожнай часткай свае адзежы ён абыходзіўся вельмі ашчадна, наўмысна нават правёў пальцамі па срэбных шнурах на кіцелі і паправіў цемлякі. Не надта спалучалася з ягонай ашчаднасцю тое, што, разабраўшыся з чарговай часткай сваёй адзежы, ён адразу ж нядбайным рухам шпурляў яе ў равок. Апошняй рэччу, якая заставалася ў яго, быў кароткі штылет з партупеяй. Афіцэр выцягнуў штылет з похваў, пераламаў яго, потым сабраў усё разам, кавалкі штылета, похвы і партупею, ды кінуў іх гэтак рэзка, што, стукнуўшыся адно аб адно, гэтыя рэчы забразгаталі на дне раўка.

I вось цяпер ён стаяў голы. Падарожнік маўчаў, закусіўшы губы. Ён папраўдзе ведаў, што павінна адбыцца, але не меў права ў чым-небудзь перашкаджаць афіцэру. Калі нават судовая працэдура, да якой быў прывязаны афіцэр, і ў сапраўднасці чакала свайго блізкага скасавання — магчыма, у выніку ўмяшання падарожніка, да якога той, са свайго боку, адчуваў свой абавязак, — дык цяпер паводзіны афіцэра былі зусім слушныя: падарожнік на ягоным месцы не стаў бы рабіць іначай.

Жаўнер і асуджаны напачатку нічога не разумелі і ў першыя імгненні нават не глядзелі ў той бок. Асуджаны быў вельмі ўсцешаны, што атрымаў назад дамскія насоўкі, але ўцеха гэтая доўжылася няшмат часу, бо жаўнер іх хуткім і нечаканым рухам у яго забраў. Цяпер асуджаны зноў паспрабаваў выцягнуць насоўкі з-за пояса ў жаўнера, дзе той быў іх схаваў, але жаўнер быў пільны. Гэтак паўжартам яны і спрачаліся. Толькі калі афіцэр ужо зусім раздзеўся, яны звярнулі на яго ўвагу. Здавалася, асуджаным у большай ступені валодала пачуццё нейкай вялікай перамены. Тое, што здарылася з ім, цяпер напаткала афіцэра. Можа, зараз справа будзе даведзеная да канца. Напэўна, гэта іншаземны падарожнік аддаў такі загад. Значыць, гэта была помста. Ён сам не вытрываў да канца, але адпомшчана яму будзе дарэшты. Шырокая немая ўсмешка з’явілася ў асуджанага на твары і болей ужо не знікала.

Афіцэр жа павярнуўся да машыны. Ужо раней было добра відаць, што ён цудоўна яе ведаў; тым болей цяпер уражвала, як ён з ёю абыходзіўся і якая яна была яму паслухмяная. Не паспеў ён паднесці руку да бараны, а яна ўжо шмат разоў узнялася і апусцілася, пакуль не заняла належнага месца, каб прыняць афіцэра; не паспеў ён толькі ўзяцца за край ложка, як ложак пачаў ужо торгацца; лямцавы кляп падсунуўся да ягонага рота: было відаць, што афіцэр, увогуле, яго не хацеў, але вагаўся толькі нейкую хвілю, неўзабаве паддаўся і прыняў яго. Усё было гатова, адно яшчэ звісалі па баках рамяні, якія, аднак, відавочна, былі непатрэбныя: афіцэра прывязваць не было неабходнасці. Але асуджаны заўважыў расшпіленыя рамяні, а на яго думку, экзекуцыя не магла быць паўнавартаснаю без зашпіленых рамянёў; і ён жвава падаў знак жаўнеру, і яны абодва пабеглі прывязваць афіцэра. Той ужо выцягнуў быў нагу, каб пхнуць ёю рычаг, якім уключаўся рысоўнік; тут ён убачыў, што падышлі тыя двое, адставіў нагу зноў і даў зашпіліць на сабе рамяні. Зараз, аднак, ён ужо не мог дацягнуцца да рычага; ні жаўнер, ні асуджаны не разабраліся б, дзе гэты рычаг шукаць, а падарожнік цвёрда сабе вырашыў не рухацца з месца. Гэта і не было патрэбна: як толькі рамяні зацягнуліся, машына пачала ўжо працаваць сама; ложак торгаўся, штыры вытанцоўвалі на целе, барана хадзіла, калываючыся, туды і сюды. Падарожнік ужо пэўны час глядзеў на гэта, перш чым яму прыйшло ў галаву, што шасцярня рысоўніка павінна рыпець; але было зусім ціха, не чулася нават найслабейшага шуму.

Праз гэтую бясшумную працу машына літаральна не зважала ні на што. Падарожнік паглядзеў у той бок, дзе былі жаўнер з асуджаным. Асуджаны быў жвавейшы; усё ў машыне яго цікавіла: ён то нахіляўся ўперад, то выпростваўся, увесь час падымаў палец, каб нешта паказаць жаўнеру. Падарожніку ад гэтага рабілася прыкра. Ён цвёрда вырашыў заставацца тут да самага канца, але не мог трываць прысутнасці тых дзвюх асоб. «Ідзіце дадому»,— сказаў ён. Жаўнер, магчыма, быў бы гатовы пайсці, але асуджаны ўспрыняў тыя словы папросту як пакаранне. Ён, склаўшы рукі, маліў, каб яму дазволілі застацца, а калі падарожнік патрос галавою, не даючы дазволу, нават укленчыў перад ім. Падарожнік убачыў, што загады тут не дапамогуць, і хацеў перайсці на другі бок ды прагнаць тых абодвух. Але тут ён пачуў уверсе, у рысоўніку, нейкае грукатанне і зірнуў угару. Значыць, шасцярня ўсё-такі пачынала псавацца? Але тут было нешта іншае. Кажух рысоўніка павольна падняўся, а потым адваліўся зусім. З’явіліся і пачалі ўздымацца ўгару зубы шасцярні; хутка з’явілася і яна ўся; гэта выглядала як быццам бы нейкая магутная сіла сплюшчвала рысоўнік і гэтай шасцярні ў ім больш не заставалася месца; шасцярня перакруцілася аж да краю рысоўніка, звалілася долу, крыху пракацілася па пяску і ўпала. Але тым часам ужо і другая шасцярня вылазіла наверх, за ёй пайшло шмат вялікіх, малых і такіх, што амаль не розніліся паміж сабою; з усімі адбывалася тое самае: увесь час здавалася, што рысоўнік ужо зусім пусты, ды з'яўлялася новая, асабліва шматлікая група шасцерняў; яны падымаліся, потым падалі ўніз, каціліся па пяску і валіліся ў яго. У гэты час асуджаны зусім забыўся на загад падарожніка: шасцерні літаральна прыводзілі яго ў захапленне; ён увесь час хацеў схапіць каторую, змушаў жаўнера дапамагчы яму ў гэтым, але ў жаху адрываў руку, бо тут жа падала новая шасцярня, якая, прынамсі, у першае імгненне, палохала яго.

Падарожнік у той жа час быў вельмі занепакоены; машына відавочна развальвалася; яе ціхая работа была падманам; у яго ўзнікла адчуванне, што ён павінен паклапаціцца пра афіцэра, бо той ужо не мог думаць пра сябе. Але тады, калі паданне шасцерняў захапіла ўсю яго ўвагу, ён зусім забыўся на тое, каб назіраць за іншымі часткамі машыны; а калі ён цяпер, пасля таго, як апошняя шасцярня выпала з рысоўніка, схіліўся над бараною, яго чакала новая, яшчэ горшая неспадзяванка. Барана не пісала, а толькі дзяўбла; ложак не пераварочваў цела, а толькі з дрыгатаннем падымаў яго насустрач штырам. Падарожнік хацеў умяшацца, спыніць усё, калі мажліва: гэта было ўжо не катаванне, якому жадаў аддаць сябе афіцэр; гэта было звычайнае знішчэнне. Падарожнік выцягнуў рукі. Тут, аднак, барана разам з насаджаным на штыры целам паднялася і нахілілася ўбок — гэтак, як звычайна яна рабіла на дванаццатай гадзіне. Сотнямі струмянёў пацякла кроў, ужо не змяшаная з вадою, бо трубкі водападводу гэтым разам таксама не дзейнічалі. I тут перастала дзейнічаць і апошняе прыстасаванне: цела не адрывалася ад доўгіх штыроў; кроў сплывала і сплывала, а яно заставалася вісець над раўком. Барана збіралася ўжо вярнуцца ў ранейшае становішча, але, быццам бы сама адчуўшы, што не пазбавілася ад свайго цяжару, па-ранейшаму вісела на тым самым месцы. «Ну, дапамажыце ж!» — крыкнуў падарожнік жаўнеру і асуджанаму і сам ухапіўся за афіцэравы ногі. Ён хацеў націснуць зверху на ногі; тыя ж двое павінны былі з другога боку схапіць цела за галаву і такім спосабам сцягнуць яго памалу са штыроў. Але цяпер тыя ніяк не маглі наважыцца падысці; асуджаны якраз быў адвярнуўся, падарожнік мусіў перайсці да іх на другі бок і сілай папхнуць іх да афіцэравай галавы. Пры гэтым ён амаль што міжвольна ўбачыў твар нябожчыка. Ён быў гэткі самы, як пры жыцці; на ім немагчыма было заўважыць прыкметы абяцанага збавення; афіцэр не знайшоў праз машыну таго, што знаходзілі ўсе іншыя; ягоныя губы былі моцна сціснутыя, расплюшчаныя вочы мелі выраз жывых, пагляд быў спакойны і перакананы, а лоб працяты вастрыём вялікага жалезнага штыра.

Калі падарожнік, а за ім асуджаны з жаўнерам дайшлі да першых дамоў калоніі, жаўнер паказаў на адзін з іх і сказаў: «Вось гэта чайны дом».

На першым паверсе будынка было глыбокае, нізкае памяшканне, кшталту пячоры, з закурадымленымі сценамі ды столлю. З боку вуліцы яно было адкрытае на ўсю сваю шырыню. Нягледзячы на тое, што чайны дом мала чым адрозніваўся ад іншых дамоў калоніі, якія ўсе, калі не браць пад увагу палаца,— падобныя будынкі камендатуры былі ў досыць запушчаным стане,— нягледзячы на гэта, чайны дом зрабіў на падарожніка ўражанне гістарычнага помніка: ён адчуў магутную веліч былых часоў. У суправаджэнні сваіх кампаньёнаў ён падышоў бліжэй, прайшоўся паміж незанятых столікаў, што стаялі перад чайным домам; пры гэтым ён удыхаў халаднаватае затхлае паветра, што ішло з нутра будынка.

«Тут пахаваны Стары,— сказаў жаўнер,— святар адмовіўся даць яму месца на могілках. Доўга думалі, дзе яго пахаваць; нарэшце пахавалі тут. Пра гэта афіцэр, напэўна, вам не расказваў, бо менавіта гэтага, натуральна, вельмі моцна саромеўся. Ён нават колькі разоў спрабаваў уначы выкапаць цела Старога; але яго заўсёды адсюль праганялі».

«Дзе гэтая магіла?» — спытаў падарожнік, які не мог паверыць жаўнеру. Тут жа і жаўнер, і асуджаны пабеглі перад ім і, выцягнуўшы рукі, паказалі месца, дзе павінна была знаходзіцца магіла. Яны падвялі падарожніка аж да задняе сцяны, дзе пры некалькіх сталах сядзелі госці. Гэта былі, напэўна, рабочыя-партавікі, дужыя мужчыны з кароткімі, да бляску чорнымі бародамі. Усе былі без куртак, у падраных кашулях: бедны, пакорлівы люд. Калі да іх наблізіўся падарожнік, некаторыя ўсталі, папрытульваліся да сцяны, углядаючыся ў яго. «Гэта іншаземец,— пачуўся вакол яго шэпт,— ён хоча паглядзець магілу». Яны адсунулі ўбок адзін са сталоў, пад якім і праўда знаходзіўся надмагільны камень. Гэта быў просты камень, досыць нізкі, каб яго можна было хаваць пад сталом. На камені быў надпіс, зроблены вельмі малымі літарамі: каб яго прачытаць, падарожнік мусіў укленчыць. Напісана было: «Тут спачывае стары камендант. Яго прыхільнікі, якія мусяць цяпер заставацца безыменнымі, выкапалі яму магілу і паставілі гэты камень. Існуе прароцтва, што праз пэўную колькасць год камендант устане з мёртвых і з гэтага дома павядзе сваіх прыхільнікаў на бітву за адваяванне калоніі. Верце і чакайце!» Калі падарожнік прачытаў гэта і падняўся з месца, ён убачыў, што вакол яго стаяць людзі і ўсміхаюцца — быццам бы яны разам з ім прачыталі надпіс, знайшлі яго вартым смеху і запатрабавалі ад спадарожніка далучыцца да іхняе думкі. Падарожнік зрабіў выгляд, што гэтага не заўважае, раздзяліў паміж імі некалькі манет, пачакаў яшчэ, пакуль стол быў зноўку пастаўлены над магілаю, пакінуў чайны дом і пайшоў у порт.

Жаўнер і асуджаны знайшлі ў чайным доме знаёмых, якія іх затрымалі. Але абодва мусілі хутка з імі развітацца, бо падарожнік быў толькі на сярэдзіне доўгіх сходаў, што вялі да лодак, калі яны пабеглі яго даганяць. Відаць, яны хацелі ў апошнюю хвіліну змусіць падарожніка ўзяць іх з сабою. У той час як падарожнік унізе дамаўляўся з перавозчыкам пра пераезд на параход, гэтыя двое імчалі па сходах, зусім моўчкі, бо не наважваліся крычаць. Але калі яны апынуліся ўнізе, падарожнік ужо сядзеў у лодцы, а перавозчык якраз адпіхваўся вяслом ад берага. Яны хацелі яшчэ ўскочыць у лодку, але падарожнік узяў з яе дна цяжкую вузлаватую ліну, пагразіў ёю ў іхні бок і гэткім чынам змусіў іх устрымацца ад таго, каб скочыць.

1919

У нас новы адвакат, доктар Буцэфал. Знешне ён мала ў чым нагадвае пра той час, калі ён быў баявым канём Аляксандра Македонскага. Ды той, хто знаёмы з пэўнымі акалічнасцямі, сёе-тое заўважае. Усё ж днямі мне давялося бачыць, як у пад'ездзе нават адзін тупаваты судовы чыноўнік з поглядам прафесійнага і сталага наведніка скачак дзівіўся з адваката — калі той, высока падымаючы ногі, крокамі, што аддаваліся ў мармуры сходаў, ішоў, прыступка за прыступкаю, уверх.

У цэлым кантора ўхваляе прыняцце на працу спадара Буцэфала. Усе з дзіўнай памяркоўнасцю кажуць самі сабе, што Буцэфал пры сённяшнім грамадскім парадку знаходзіцца ў цяжкім становішчы і што праз гэта, а таксама з прычыны яго сусветнай вядомасці, ён, ва ўсякім разе, заслугоўвае, каб яму ішлі насустрач. Сёння — і гэтага не можа адмаўляць ніхто — няма болей вялікага Аляксандра. Але забіваць сёй-той умее; не бракуе таксама спрыту, каб працяць сябра дзідай цераз бяседны стол; і шмат каму Македонія не дае неабходнага размаху, гэтак што яны праклінаюць Філіпа, ягонага бацьку; ды ніхто не можа павесці іншых у Індыю. Ужо тады індыйскія брамы былі недасяжныя, але накірунак у іхні бок быў вызначаны царскім мячом. Сёння брамы аднесены шмат у якія іншыя месцы, далей і вышэй; ніхто не вызначае накірункаў; шмат хто трымае мячы, але толькі дзеля таго, каб імі размахваць; і позірк, які хоча назіраць за імі, бянтэжыцца.

Можа, таму і праўда было б найлепей зрабіць так, як Буцэфал: закапацца ў кнігі з законамі. Свабодны, з нясціснутымі шэнкелямі, у цішыні пры лямпе, далёка ад грукату Аляксандравай бітвы, ён перагортвае старонкі старадаўніх фаліянтаў.

1917

Я зусім збянтэжыўся: пільна, вельмі пільна трэба было ехаць, цяжкахворы чалавек чакаў мяне ў вёсцы за дзесяць міляў адсюль, непраглядная завіруха поўніла ўсю вялікую прастору паміж ім і мною; у мяне была каламажка, лёгкая, з вялізнымі коламі,— якраз тое, што трэба на нашыя вясковыя дарогі. Загорнуты ў футра, трымаючы ў руцэ сумку з інструментам, я стаяў каля хаты, гатовы ехаць; вось толькі конь быў патрэбны, патрэбны быў конь. Раней у мяне быў свой, ды ён здох учора ўначы, бо ператаміўся гэтаю сцюдзёнаю зімой, і мая пакаёўка, маладая дзяўчына, лётала цяпер па вёсцы, каб дзе знайсці каня; толькі спадзявацца нам не было на што; я ведаў гэта і стаяў проста так, без ніякай мэты; гурба снегу вакол мяне ўсё вышэла і вышэла, а я — ўсё больш нерухомеў. Замігцеў ліхтар: каля веснічак з'явілася дзяўчына; адна, вядома: хто гэткаю парою дасць свайго каня? Я зноў прайшоўся сюды-туды па двары; я не бачыў ніякага выйсця і, пакутуючы душою, пхнуў пашчапаныя дзвёры старога і даўно ўжо апусцелага хлеўчука. Дзверы адчыніліся, загайдаліся на завесах узад-уперад; з-за іх патыхнула цяплом і пахам, падобным да конскага. У хлеўчуку на тоўстым дроце загушкалася цьмяная лямпачка. Адкрыты, з блакітнымі вачыма твар чалавека, скурчанага пад мастком, узнік перада мною. «Вам запрэгчы?» — спытаўся ён, выпаўзаючы з хлява на карачках. Я не ведаў, што сказаць, і толькі нахіліўся нізка, каб паглядзець, што яшчэ там, усярэдзіне. Поруч ужо стаяла мая пакаёўка. «Няведама што яшчэ можна знайсці ў сябе каля хаты»,— сказала яна, і мы абое засмяяліся. «Гэй, браток! Гэй, сястрычка!» — крыкнуў мужчына, і два кані, дзве дужыя крутабокія жывёліны, адна за адной — капыты ў адзін рад, галовы схіленыя, нібы ў вярблюдаў,— вокамгненна ўзніклі ў дзвярах, запаўняючы сабою ўсё проймішча. А праз якую хвілю яны ўжо стаялі на двары, выпрастаныя, на высокіх зграбных нагах; ад целаў ішла густая пара. «Памажы яму»,— сказаў я дзяўчыне, і тая паслухмяна заспяшалася па збрую. Але толькі яна падышла да стайніка, як ён, схапіўшы яе за плечы, рэзка прыцягнуў твар дзяўчыны да свайго. Ускрыкнуўшы, яна адбягаецца да мяне — на шчацэ ў яе двума чырвонымі радкамі адбіліся стайнікавы зубы. «Ах ты, свалата! — крычу я раз’юшана.— Што, пугі захацеў?» Ды тут жа, схамянуўшыся, думаю: гэта ж чужы чалавек, я нават не ведаю, скуль ён узяўся, дый сам, без прынукі, дапамагае мне ў тым, у чым адмовілі іншыя. Быццам адгадаўшы, пра што я думаю, ён зусім не сярдуе на мяне за маю лаянку і, усё яшчэ завіхаючыся каля коней, толькі адзін раз паварочваецца да мяне, каб сказаць: «Сядайце!» I напраўду: я бачу, што ўсё ўжо гатова. «Такімі зграбнымі коньмі я ні разу яшчэ не ездзіў»,— мільгае ў галаве думка, і я з радасцю саджуся ў каламажку. «Толькі кіраваць буду я: ты ж не ведаеш дарогі»,— кажу я стайніку. «Ну, вядома ж,— адказвае ён,— я і не збіраюся ехаць з вамі. Я застаюся з Розай».— «Не! Нізавошта!» — крычыць дзяўчына і, ясна прадчуваючы непазбежнае, бяжыць у хату; я чую, як бразгае дзвярная клямка, бачу, як яна спачатку ў сенцах, а пасля па чарзе ў кожным пакоі тушыць святло, каб яе немагчыма было знайсці. «Ты паедзеш са мною,— кажу я стайніку,— альбо я нікуды не паеду, хоць і трэба вельмі. Мне б і ў галаву не прыйшло плаціць за коней, аддаўшы ў твае рукі дзяўчыну».— «Ну! Пайшлі!» — крычыць ён, б'е ў далоні, і каламажка ляціць з месца, нібы маленькая трэска, што трапіла ў імклівы паток. Я паспяваю яшчэ пачуць, як паддаюцца, а потым ламаюцца ад стайнікавых удараў дзверы ў хаце; пасля мае вочы і вушы запаўняе шоргат, які няўмольна роўна ўваходзіць у маю прытомнасць... Але і гэта доўжыцца толькі нейкае імгненне, бо — як быццам хата хворага стаіць адразу ж за маёю — я тут жа апынаюся каля яго двара: спыніліся мае коні, завіруха сцішылася, усё заліта маладзіковым святлом; бацькі хворага выбягаюць з хаты да мяне, за імі — яго сястра; мала што не на руках мяне выносяць з каламажкі; я не разбіраю іхняй бязладнай гамонкі... у пакоі хворага зусім няма чым дыхаць: ад закуранай печы цягне дымам; хочацца адчыніць акно, але напачатку трэба агледзець хворага. Выпетраны, без знакаў гарачкі, ні халодны, ні цёплы, з пустымі вачыма, без кашулі, хлопчык вылазіць з-пад пуховае коўдры, вісне ў мяне на шыі, шэпча мне ў вуха: «Доктар, дайце мне памерці!» Я азіраюся: ніхто нічога не ўчуў; бацькі стаяць, моўчкі нахіліўшы галовы, і чакаюць, які будзе мой прысуд; сястра падносіць зэдлік, каб пакласці маю сумку. Я адкрываю яе, шукаю патрэбныя прылады; хлопчык з пасцелі цягнецца рукамі, імкнучыся намацаць мяне і нагадаць яшчэ раз пра сваю просьбу. Я бяру пінцэт, разглядаю яго каля свечкі і зноў кладу ў сумку. «Вядома ж,— прыходзіць мне ў галаву злацешная думка,— у такіх выпадках дапамагаюць багі: падсылаюць каня, якога бракавала; а каб хутчэй было, даюць яшчэ і другога і — каб было ўжо напоўніцу — дадаюць да іх стайніка...» Цяпер толькі раптам зноў у памяці ўзнікае Роза: што рабіць? Як яе ўратаваць, як вырваць яе з чужынцавых рук, калі я вось тут, за дзесяць міляў ад яе, і ў мяне неўтаймоўныя коні? Гэтыя коні, што вунь ужо неяк паадвязваліся і цяпер няведама як адчыняюць з вуліцы вокны, лезуць галовамі ў хату і, не зважаючы на лямант хлопцавых бацькоў і сястры, уважліва разглядаюць яго. «Зараз жа ехаць назад!» — мільгае ў галаве новая думка, быццам гэта коні заклікаюць мяне ехаць адсюль; але я моўчкі падпарадкоўваюся, калі сястра хворага, думаючы, што я ледзь не самлеў у горача напаленай хаце, сцягвае футра з маіх плячэй. Перада мною ставяць шклянку з гарэлкай, стары ляпае мне па плячы: самаахвярнасць ягонага ўлюбёнага дзіцяці апраўдвае гэтае панібрацтва. Я хітаю галавою: у вузкім коле інтэлекту старога мне б зрабілася млосна, толькі з-за гэтага я адмаўляюся выпіць. Маці, стоячы каля ложка хворага, падае мне знак, каб я падышоў да яго; я раблю гэта і ў той момант, калі адзін конь, задраўшы голаў угару, пачынае гігатаць, прыкладваю вуха да хлопцавых грудзей, і яму робіцца непамысна ад дотыку маёй мокрай барады. Пацвярджаецца тое, што я ўжо і так ведаў: хлопчык здаровы, трохі ішла кроў (клапатлівая маці перапаіла кавай), але хлопчык здаровы, і найлепей было б даць яму добрага кухталя ды прагнаць з пасцелі. Але я не той чалавек, што імкнецца палепшыць свет; таму нічога не кажу. Акруга плаціць мне грошы, і я выконваю свае абавязкі дарэшты — пакуль яно не бывае аж занадта. Хоць зарабляю небагата, але заўсёды гатовы шчодра памагаць беднаму люду. Вось толькі яшчэ мушу патурбавацца пра Розу — тады няхай хлопчык мае рацыю, і я схачу памерці. Чаго трэба мне тут, гэтай бясконцай сцюдзёнай зімою? Мой конь здох, і ў вёсцы няма нікога, хто б пазычыў мне свайго. Я мусіў узяць коней з хлеўчука; каб гэта выпадкам былі не коні, я б запрог свіней! Во яно як! Я падміргваю хлопчыкавым бацькам. Яны ж ні пра што не ведаюць, а каб сказаў ім, дык яны б і не паверылі. Прапісваць лекі няцяжка, куды цяжэй знайсці паразуменне з людзьмі. Мне больш няма чаго рабіць у гэтай хаце; мяне зноў патурбавалі без патрэбы; з гэтым я звыкся: уся акруга катуе мяне з дапамогай майго прыдзвернага званочка; але каб гэтым разам яшчэ аддаць Розу — ладную дзяўчыну, якая колькі ўжо год, амаль незаўважаная мною, жыла ў маёй хаце,— гэтая ахвяра занадта вялікая; мне трэба нейкім чынам прымудрыцца ўпарадкаваць усё гэта ў сваёй галаве, каб не абурыцца ўголас на гэтую сялянскую сям’ю, якая, калі б нават хацела, не здолела б вярнуць мне Розу. Ды калі я закрываю сумку і прашу падаць мне футра, яны ўсе стаяць і маўчаць: бацька, абнюхваючы парожнюю шклянку, маці з выразам відавочнай расчараванасці мною (а чаго народ ад нас чакае?) прыкусвае губу, слёзы стаяць у яе ўваччу, сястра ж перабірае ў руках скрываўлены ручнік — вось тады я неяк ужо адчуваю сябе гатовым пры пэўных умовах пацвердзіць, што хлопчык, магчыма, і праўда хворы Я зноў падыходжу да яго; ён усміхаецца, як быццам я даў яму моцнага зелля; ах! зноў загігаталі мае коні: відаць, згодна з найвышэйшай воляй, гэта павінна палегчыць мне аглядаць хлапчука; і тут я выразна бачу: ён і сапраўды хворы. На правым сцягне адкрылася рана — вялікая, з добрую талерку, ружовая, з рознымі адценнямі, цёмная ўсярэдзіне, святлейшая па краях, уся дробна-крупчастая, з неаднолькава густымі кровападцёкамі, адкрытая, нібы вугальны кар'ер. Гэтак яно бачыцца зводдаль. Зблізку — яшчэ горш. Ці можна спакойна глядзець на гэта? Чарвякі, доўгія і тоўстыя — з мой мезенец, ружовыя самі па сабе ды яшчэ ў крыві, курчацца ўнутры ў ране, пры святле відаць іх белыя галоўкі і мноства малюпасенькіх ножак. Бедны хлопча, табе ўжо нічым не дапаможаш. Я знайшоў тваю вялікую рану. Гэты пялёстак на баку загубіць цябе. Бацька, маці і сястра цяпер радыя: бачаць, што я працую; сястра кажа шэптам пра гэта маці, тая нашэптвае бацьку, а бацька — тым людзям, што на дыбачках усё ідуць у хату і, балансуючы шырока расстаўленымі рукамі, узнікаюць у месяцавым святле, што ліецца праз адчыненыя дзверы. «Ты выратуеш мяне?» — пытаецца хлопчык, сілячыся не заплакаць. Жывы боль у ране зусім асляпіў яго. Такія вось тутэйшыя людзі. Заўсёды патрабуюць ад лекара немагчымага. Старую веру яны даўно страцілі; пастар сядзіць дома, перабірае адно за адным свае ўбранні, а доктар павінен рабіць усё сваёй далікатнаю рукой хірурга. Ды цяпер... як хочаце: я сам не папрошваўся; калі мяне выкарыстоўваюць дзеля святой мэты, я не адпіраюся: чаго ж хацеў я, стары вясковы лекар, у якога ўкралі дзяўчыну-пакаёўку! А яны вунь усе збіраюцца тут: бацька, маці, сястра, старэйшыя вясковай абшчыны; яны распранаюць, сцягваюць адзежу з мяне; школьны хор на чале з настаўнікам стаў ланцугом каля хаты і спявае вельмі простую мелодыю з такімі словамі:

Назад Дальше