Прысуд - Франц Кафка 4 стр.


Але мой суразмоўца па-ранейшаму стаяў, абапіраючыся на руку, ды ўсё яшчэ лічыў сябе махляром, і ягоная шчака, не затуленая рукою, зарумянілася ад задаволенасці сваім лёсам.

— Я цябе пазнаў! — сказаў я і ціхенька паляпаў яго па плячы. Потым борзда ўзбег наверх, і бязмежна адданыя гаспадарам служкі ў пярэднім пакоі цудоўнай неспадзяванкаю ўсцешылі мяне. Я разглядаў іх усіх па чарзе, калі яны здымалі з мяне паліто і змахвалі пыл з ботаў. Потым, свабодна ўздыхнуўшы і выпрастаўшыся, я зайшоў у салон.

Калі табе здаецца, што ты вырашыў канчаткова ўвечары застацца дома, калі ты надзеў шлафрок, пасля вячэры сядзіш за асветленым сталом, заняўшыся нейкай працай або гульней, пасля заканчэння якой ты звычайна ідзеш класціся спаць; калі на дварэ сапсавалася надвор'е і заставацца дома здаецца зусім натуральным, калі, акрамя таго, ты ўжо так доўга сядзіш за сталом, што калі раптам збярэшся пайсці, гэта выкліча ўсеагульнае здзіўленне; калі патушана ўжо святло і зачынена брама — і калі ты, нягледзячы ні на што, устанеш, ахоплены раптоўным неспакоем, пойдзеш пераапрануцца, праз хвілю з'явішся, апрануты для прагулкі, і абвесціш, што табе трэба прайсціся па вуліцы, і пасля некалькіх словаў развітання сапраўды гэта зробіш; а ў залежнасці ад тае сілы, з якою ляснеш уваходнымі дзвярыма, ты можаш быць перакананы, што выклікаў у астатніх большае або меншае абурэнне; калі ты, аднак, на вуліцы супакоішся, а твае рукі і ногі, нечакана атрымаўшы свабоду, выявяць надзвычайную рухомасць; калі ты адчуеш, што адным гэтым рашэннем ты аб'яднаў у сабе ўсю сваю здольнасць прымаць новыя рашэнні; калі з большай, чымся звычайна, выразнасцю ты ўсвядоміш, што маеш болей сілы, чым патрэбы як найхутчэй рабіць перамены ды прызвычайвацца да іх; і калі ў гэткім гуморы ты будзеш прабягаць па вуліцах — вось тады на гэты вечар ты цалкам выходзіш са складу сваёй сям’і, якая для цябе сыходзіць на нішто; у той час як ты, надзвычай цвёрды духам, з акрэсленымі да чарнаты абрысамі, моцна ляпнуўшы сябе ззаду па сцёгнах, узносішся да сваёй сапраўднай існасці.

Гэта ўсё зробіцца яшчэ мацнейшым, калі ты гэткай позняй парою наведаеш сябра, каб даведацца, як ён маецца.

1922

Выбірацца са стану дэпрэсіі павінна быць лёгка нават з дапамогай жаданай энергіі. Я зрываюся з крэсла, аббягаю стол, раблю рухі галавой і шыяй, распальваю ў сваіх вачах агонь, напінаю цягліцы вакол іх. Выходжу насустрач любому пачуццю, эмацыйна павітаю спадара А., калі ён зараз паявіцца, дружалюбна стрываю прысутнасць спадара В. у сваім пакоі; усё, што будзе сказана ў спадара С., буду на ўсю моц убіраць у сябе, нягледзячы на боль, які будзе мне прычынены праз гэта.

Але нават тады, пры кожнай памылцы, якой не ўдасца пазбегнуць, усё — і лёгкае, і цяжкое — застыне на мёртвай кропцы, і я павінен буду павярнуцца, пайсці па коле назад.

Таму найлепшым сродкам будзе ўспрымаць усё гэтак, як узаемадачыняюцца цяжкія целы; і нават калі б мы адчулі, што нас здзьмухвае ветрам прэч, што нам трэба не рабіць ніякага непатрэбнага кроку, глядзець на іншых са звярыным спакоем, не раскайвацца — карацей кажучы, тую рэшту жыцця, што яшчэ, нібы прывід, існуе, прыдушыць сваёй рукою; гэта значыць памножыць апошні, падобны да замагільнага, спачынак і нічога, апроч яго, у сабе ўнутры не пакінуць.

Характэрны для гэтага стану рух — гэта калі малым пальцам правесці сабе па брыве.

1912

«Не ведаю,— сказаў я бязгучна,— я ж не ведаю. Калі ніхто не прыходзіць, значыць, менавіта ніхто не прыходзіць. Я нікому не зрабіў нічога кепскага, ніхто не зрабіў мне нічога кепскага, але ж таксама ніхто не хоча мне дапамагчы. Абсалютна ніхто. Але ж гэта не так. Толькі каб мне ніхто не дапамагаў... іначай абсалютна ніхто не быў бы сімпатычны. Я з вялікай ахвотаю — а чаму ж бы і не? — выправіўся б у вандроўку ў горы з кампаніяй тых Абсалютна-Ніхто. Вядома, у горы; куды ж яшчэ? Як гэтыя Ніхто тоўпяцца, гэтыя шматлікія і пераплеценыя крыжнакрыж рукі, гэтыя шматлікія ногі, аддзеленыя адна ад адной зусім маленькімі крокамі! Зразумела, усе ў фраках. Мы ідзём так сабе; вецер вее праз тыя адтуліны, што пакідаем мы ды нашыя рукі і ногі. У гарах нашы горлы вызваляюцца, робяцца вольнымі! Проста дзіва, што мы не спяваем».

1903 або 1904

Гэта, відаць, вельмі дрэнна — застацца кавалерам старому чалавеку, напрошвацца, з цяжкасцю захоўваючы сваю годнасць, у госці, калі хочацца пабыць вечарам з людзьмі, хварэць і тыднямі з куточка сваёй пасцелі глядзець на пусты пакой, заўсёды развітвацца з усімі перад дзвярыма свайго дома, ніколі не ісці па сходах разам са сваёй жонкаю, мець ва ўласным пакоі толькі бакавыя дзверы, што вядуць да чужых кватэр, насіць дадому сваю вячэру ў адной руцэ, быць вымушаным захапляцца чужымі дзецьмі і не заўсёды магчы паўтарыць: «У мяне іх няма»,— нагадваць сабе сваім выглядам і паводзінамі вядомых з юначых успамінаў аднаго ці двух старых кавалераў.

I так яно будзе, што ты і сёння і пазней будзеш адзін — з целам і сапраўднай галавою, а значыць, і з ілбом: каб раптам ляпнуць па ім далонню.

1911

Магчыма, сёй-той мае спачуванне да мяне, ды я, на жаль, увогуле ніяк таго не адчуваю. Мая маленькая крама прыносіць мне турботы, ад якіх баліць галава каля лба і ў наваколлі скроняў; пры гэтым, аднак, не ствараецца перспектыва лепшай будучыні, бо крама мая зусім не вялікая.

Загадзя, на цэлыя гадзіны наперад я павінен рабіць распараджэнні, пільнаваць, каб служка ні пра што не забыўся, засцерагаць ад небяспечных памылак і прадбачыць кожнаю парою года моды наступных сезонаў, але не тыя, што будуць панаваць сярод людзей майго кола, а тыя, што дойдуць да непрыступных вяскоўцаў.

Мае грошы — у руках у чужых людзей; я не магу дакладна зразумець іх магчымасці; я не здольны прадчуваць няшчасці, што могуць абрынуцца на іх; як мне іх абараніць? Можа, яны зрабіліся марнатраўцамі і цяпер ладзяць урачысты фэст у садзе пры карчме; а іншыя, што ўцякаюць у Амерыку, на хвіліну-другую затрымліваюцца на гэтым фэсце.

А калі ўвечары, па заканчэнні працоўнага дня, крама зачыняецца і ў мяне ўваччу раптоўна ўзнікаюць тыя гадзіны, у якія я нічога не здолею зрабіць дзеля задавальнення сталых патрэб майго прадпрыемства,— тады мой неспакой, які ўранні сягае далёка ў будучыню, пачынае ўва мне бурліць патокам, што вяртаецца назад, не можа больш трываць унутры мяне і без усялякай мэты рвецца вонкі.

I ўсё-такі я зусім не магу выкарыстаць гэты настрой і здольны адно пайсці дадому, бо твар мой брудны і спацелы, вопратка ў плямах ды пыле, на галаве шапка, якую я нашу на працу, боты, падрапаныя мэблевымі цвікамі. Хада мая плаўная, у пальцах дрыжыкі, а дзецям, што ідуць мне насустрач, я праводжу рукою па валасах.

Але шлях занадта кароткі. Неўзабаве я ўжо дома: адчыняю дзверы ліфта, заходжу ў яго.

Раптоўна ў гэтую хвілю я пачынаю адчуваць сябе самотным. Іншыя, вымушаныя падымацца па лесвіцы, пры гэтым крыху стамляюцца і, задыханыя, мусяць чакаць каго-небудзь, каб прыйшоў ды адчыніў дзверы ў кватэру; пры гэтым яны знаходзяць якую-небудзь прычыну, каб раззлавацца або выказаць нецярплівасць; потым яны ўвойдуць у пярэдні пакой, павесяць там капелюшы і застануцца сам-насам з сабою адно тады, калі, прамінуўшы ў калідоры некалькі шкляных дзвярэй, апынуцца ў сваім уласным пакоі.

Але я ў сваім пакоі ўжо адразу адзін і, абапёршыся на калені, гляджу ў вузкае люстэрка. Калі ліфт пачынае падымацца, я кажу: «Будзьце спакойныя, ідзіце сабе; можа, вы хочаце схавацца ў цяні дрэваў, за драпіроўкай вокнаў, пад скляпеннем лістоты?»

Я гавару цераз зубы, а лесвічныя парэнчы імчаць уздоўж матавых шыбаў долу, нібы водны паток.

«Ляціце сабе; няхай вашыя крылы, якіх я ніколі не бачыў, занясуць вас у вясковую даліну або ў Парыж, калі вас вабіць гэты горад.

Але цешцеся тым, што бачыце з акна: калі працэсіі з трох вуліц увойдуць на скрыжаванне і ніводная з іх не саступіць дарогі, а будзе праходзіць шэрагамі адна цераз адну, і паміж апошнімі шэрагамі зноў створыцца вольная прастора. Махайце хусцінкамі, палохайцеся, хвалюйцеся, усхваляйце прыўкрасную даму, што праязджае міма вас.

Перайдзіце драўляным мастком цераз ручай, паківайце галавой дзецям, што купаюцца, са здзіўленнем выслухайце воклічы «ўра!» тысяч матросаў з далёкага браняносца.

Пераследуйце толькі непрыкметнага чалавека, і калі вы ўжо загоніце яго пад цёмную браму, абрабуйце яго, і потым усе, трымаючы рукі ў кішэнях, паглядзіце, як ён, засмучоны, паварочвае налева, у бакавую вулачку.

Паліцыя, сям-там едучы галопам на конях, утаймуе іх і адцясніць нас назад. Пакіньце яе ў спакоі, пустыя вуліцы зробяць яе нешчаслівай, я гэта ведаю. I вось, калі ласка, яна ўжо скача адтуль парамі, павольна абмінаючы рагі вуліц, імкліва пралятаючы цераз пляцы».

Потым я выходжу з ліфта, адпраўляю яго назад, званю ў дзверы; а калі пакаёўка адчыняе, вітаю яе.

1907(?)

Што будзем мы рабіць у тыя веснавыя дні, якія неўзабаве прыйдуць? Сёння з раніцы неба было шэрае, але калі цяпер падыдзеш да акна, дык мусіш здзівіцца і прытуліцца да рамы шчакою.

Унізе бачыш святло сонца, якое, напэўна, ужо заходзіць, на твары дзяўчынкі-падлетка, што вунь ідзе і азіраецца; адразу ж бачыш на гэтым твары і цень мужчыны, які ідзе хутка следам. Вось мужчына прайшоў — і твар дзіцяці ўвесь зрабіўся светлы.

1907(?)

Трэба бачыць, якую сілу пераконвання мае паветра пасля навальніцы! Перада мною з'яўляюцца ўсе мае заслугі і папросту кладуць мяне на лапаткі, хоць я, што праўда, і не надта гэтаму супраціўляюся.

Я сабе шыбую, і тэмп маёй хады — гэта адначасна тэмп гэтага боку вуліцы, усёй гэтай вуліцы, гэтай часткі горада. Я справядліва нясу адказнасць за кожны стук у дзверы, за ляпанне па сталах, за ўсе тосты, за закаханыя парачкі ў ложках, сярод каркасаў новых будоўляў, прыціснутыя да сцен дамоў, на лежаках у публічных дамах.

Я ацэньваю сваё мінулае і, параўноўваючы яго з будучыняй, раблю выснову, што і тое, і другое ў мяне выдатныя, што я не магу ні таму, ні другому аддаць перавагу і гáню Наканаванне, якое мне гэтак спрыяе.

I толькі калі я заходжу ў свой пакой, я крыху задумваюся, хоць, падымаючыся па сходах, я і не заўважыў нічога, вартага роздуму. I не надта дапамагае мне тое, што я разнасцежваю акно і што з нейкага саду яшчэ даносіцца музыка.

1907

Калі мы ўначы прагульваемся па вуліцы і ў наш бок бяжыць нейкі чалавек, відочны ўжо здалёк, бо вуліца перад намі ідзе ўгару, а ў небе поўня,— мы не будзем спрабаваць яго схапіць, нават калі ён слабы і ўвесь у рызманах, нават калі за ім, галёкаючы, бяжыць нехта яшчэ, а дазволім яму бесперашкодна бегчы далей.

Бо цяпер жа ноч, і не з нашае віны вуліца ў ззянні поўні ідзе перад намі ўгару; ну і, апроч таго, мажліва, што абодва гэтыя чалавекі ганяюцца адзін за адным дзеля сваёй забавы; а можа, абодва яны гоняцца за некім трэцім; мажліва, што за першым гоняцца, а ён і не вінаваты; мажліва, што другі хоча забіць першага — і тады мы зробімся саўдзельнікамі злачынства; мажліва таксама, што гэтыя двое нічога адзін пра аднаго і не ведаюць і кожны бяжыць сам сабе, каб адно хутчэй дабрацца да свайго ложка; а можа, гэта лунацікі; можа, той першы — узброены.

А ўрэшце, ці не маем мы права адчуваць стому, ці не выпілі мы зашмат віна? Нам усцешна, што ўжо і той другі чалавек знік з нашых вачэй.

1907

Я стаю на пляцоўцы трамвая і не маю ніякай упэўненасці што да майго становішча ў гэтым свеце, у гэтым горадзе, у сваёй сям'і. Я, нават мімаходзь, не здолеў бы назваць, якія прэтэнзіі я магу выказаць каму б там ні было. Я не змог бы нават абараніць ды абгрунтаваць тое, што стаю на гэтай пляцоўцы, трымаюся за гэтую пятлю, дазваляю гэтаму вагону везці сябе, што людзі адыходзяць перад гэтым вагонам убок альбо ідуць сабе спакойна, альбо, нарэшце, застываюць каля вітрын.

Назад Дальше