— Ніколькі, — адказаў Грышка. — Я не сумняваюся, хоць і нечаканы ў нечым атрымаўся для мяне адказ. Усё так і ёсць.
— Дык чаму не рады? Не хочаш расказваць?
— Я не дзеля таго рыцара шукаў, каб усім расказаць. Для сябе, як і ты вось праграму складаў.
— Дык жа ўсё знайшоў… — не разумеў Міхась.
— Я зразумеў адну простую рэч, — задуменна сказаў Грышка. — Раней чытаў той выраз з Бібліі, не мог дацяміць. А цяпер разумею, што значаць словы: "Той, хто множыць веды, множыць скруху". Мне сорамна. Проста сорамна.
Грышка выйшаў з кабінета, не падзякаваўшы Міхасю за дапамогу.
Міхась сцёр праграму, не зазіраючы ў яе. Яго і на самой справе ніколечкі не хвалявала таямніца рыцара.
11
Мінуў месяц, другі. Рыцарскі ордэн: “Зніч” тады-сяды абвяшчаў аб сабе.Саўкоў з восьмага “Б” зняважыў аднойчы на школьным вечары адпачынку дзяўчыну. І ўвесь наступны тыдзень то яму солі ў шклянку з чаем хтось сыпне, то цукру ў боршч. “РОЗ” у лістоўцы паведаміў, што заморыць яго голадам, калі не папросіць прабачэння. Саўкоў фанабэрыўся, але калі пачаў прыліпаць да зэдліка і хадзіць з плямамі мелу на спіне — здаўся. Прыціхлі задзіры — двое ўжо атрымалі “цемную”. І малых не надта асмельваліся цяпер крыўдзіць. Ордэн і на самай справе на кулак адказваў кулаком. Але галоўнай яго сілай была яго цяперашняя таямнічасць. Хто ў ім — ніхто не ведаў.
Ды ўсе дагэтуль здавалася драбязой, аж пакуль зноў не выбухнула ў адзінаццатым.
Алена Радзько, дачка старшыні калгаса, марыла аб інстытуце. Але з матэматыкай... Вышэй “трох” у яе за чвэрць ніколі не было. І то — ледзь-ледзь. Пасля чарговай кантрольнай Шаноўны раздаў правераныя лісткі з адзнакамі. Радзько пакруцілася і спытала:
— А дзе мая, Зіновій Пятровіч?
Той неяк скрывіўся і нехаця адказаў:
— Я, відаць, яе згубіў. Але добра памятаю, што табе я паставіў “чацвёрку”.
Алена шмыгнула задаволена носам, і насупраць яе прозвішча з’явілася ўжо другая “чацвёрка”. Першая была за вусны адказ з месца.
У класе зразумела заўсміхаліся.
А назаўтра кантрольная Радзько знайшлася. На тым самым месцы, дзе заўсёды прышпільваліся аб’явы і паведамленні ордэна. Нічога зроблена ў ёй не было, хіба што ўмовы задач перапісаны, ды сяк-так намаляваны трохвугольнікі. І стаяў знізу вялікі запытальнік чырвонага колеру. А квіток ордэна паведамляў, што за гэтую кантрольную Радзько атрымала “чатыры”.
З настаўніцкай чуліся прыглушаныя галасы...
— Я казаў! Я казаў, што гэта — ідыятызм! Рамантыкі! У справядлівасць пагуляць захацелі! Каго вы ганіце? І што з вашай ганьбы? — крычаў раз’юшана Генадзь.
Большасць была за Генадзя, добрая частка ставілася да ўсяго з абыякавай цікавасцю, але былі і супраць. Супраць быў і Грышка-філосаф.
— Мы — дзеці. Хоць і лічым сябе дарослымі. Адзін чалавек ведае жыццё лепей за нас. І ён імкнецца даць нам адзін урок за другім. Зрабіць за нас тое, што мы павінны рабіць самі. Не ведаю як вам, а мне зараз сорамна! — ён нават акуляры зняў і цёр, цёр чыстыя шкельцы насоўкай.
— Пачакай, пачакай, — ажывіўся нечакана Додзік. — Ты кажаш — адзін?
— Адзін, — цвёрда запэўніў Грышка. — Малеча не ў лік.
— Чаму так?
— Бо я ведаю, хто гэта. Раней здагадваўся, а цяпер — ведаю.
Усе, як па камандзе, утаропіліся на яго. Усталявалася цішыня, было чуваць, як Грышка паціху перагортвае старонкі.
— Хто гэта, Грышачка? — спытала нарэшце Галінка.
Як прарвала астатніх:
— Хто, гавары!
— Хутчэй!
— Не цягні!
— А ці не ён сам?!
— Не, гэта не я, — адказаў Грышка, адзеў акуляры. — І як калісьці шкадаваў Косця, так зараз шкадую і я. Зараз я ведаю гэтага невядомага, і ад гэтага ведання мне толькі сорамна. Але вам яго імя я называць не буду.
— Чаму? — ледзь не за грудкі схапіў яго Генадзь. — Чаму?
— Бо не хачу. І я лічу, што не маю права выдаваць чужыя сакрэты. Гэта ўсё.
— А-а, вось як?! Ну тады, калі ён смелы такі, гэты рыцар, няхай прызнаецца сам! Ты ж усё роўна яго таямніцу ведаеш, які сэнс далей хавацца? Ці ў яго смеласці толькі на старых вартаўнікоў хапае? Ну, хто з вас рыцар адзінокі? — Генадзь пакусваў вусны, узбуджана аглядзеў клас.
Зноў падняўся Грышка.
— Я прашу рыцара ордэна “Зніч” верыць мне. Я нікому без яго дазволу не раскрыю яго сакрэт. Даю слова гонару!
— Ты ідзеш насуперак класу! Усе хочуць ведаць яго імя!
— Хто хоча?
— Я, напрыклад! — усхапіўся Лёшка.
— Паспрабуй адказаць пераканаўча — навошта?
— Каб... Каб паглядзець яму ў вочы!
— Глядзі, усе прад табой, а ён тут.