Пастка на рыцара - Валерий Гапеев 2 стр.


Школа зашумела, як вулей. Усе разгубіліся, бо лічылі, што ордэн гэты — чарговая ініцыятыва актыву школы і Генадзя, вядома. Хоць і не вельмі пасавалі тут словы пра бойкі і кроў.

Не вельмі каб, але ўзрушыўся і адзінаццаты. Трохі паспрачаліся — чыя гэта справа, потым — сапраўды ёсць такі ордэн ці гэта толькі так, дзеля смеху. І калі спрэчкі ўжо заціхлі, Косця, запіваючы з’едзены коржык ліманадам, раптам выдаў:

— Не ведаю, хто там, у гэтым ордэне, а я лічу — добрыя хлопцы! Шкада, што адрасу не пакінулі.

— О! У рыцары захацеў?

— І захацеў! — працягнуў Косця, распрамляючы і так шырокія плечы. — Дайце мне латы і меч!

— Ой, трымаце мяне, людцы! Рыцар! Манах Тук! — залямантаваў Лёшка, і клас выбухнуў рогатам.

Гарэзлівая суседка Косці, Галінка, падляцела, абшчаперыла за шыю.

— О, мой рыцар! Ратуй мяне! Абарані! Мяне хочуць сілком выдаць замуж за Прафесара!

І зноў рогат, бо Прафесар — Мішка, вунь сядзіць, усчырванелы, разгублены. Галя — яго даўняя сімпатыя, гэта ўсе ведаюць. Але Мішка гэтакі ўжо няўклюда, што толькі і ўмее паглядваць крадком ды чырванець так, што і рабацінак не відаць. Вучыцца добра, фізіку і інфарматыку ведае лепей за настаўніка, той сам так гаворыць. Вось і мянушка — Прафесар.

— Ат, кіньце вы, — адмахнуўся Косця. — Усё роўна яны малайцы.

— Пісклявы ты хлопец, Косця, — з напускным жалем заўважыў Генадзь, які ў гэты момант зайшоў у клас.

— Гэта чаму? — шчыра здзівіўся той, насцярожыўся.

— Таму. Вусы прабіваюцца, а табе ў дзяцінства пагуляць захацелася.

Косця разгубіўся, і тут на абарону сябра стаў Лёшка:

— Ты, Генадзь! Лепей быць дарослым і калі-некалі гуляць у дзяцінства, чым быць дзіцем і корчыць з сябе вельмі дарослага! — выкрыкнуў ён у твар Генадзя.

Генадзь пабялеў ад пачутага, спытаў патрабавальна, ледзь стрымліваючыся:

— Ты што, мяне маеш на ўвазе?

— Што маю, тое і на ўвазе!

Клас заціх. Не з-за таго, што спужаліся спрэчкі, былі падобныя і раней, і юшка чырвоная з насоў капала, але з Генадзем ніхто, мабыць, з класа пятага не спрачаўся вось так, як зараз.

І тут прагучаў ціхі памяркоўны голас:

— А што дрэннага ці смешнага ў рыцарстве?

Азірнуліся ўсе на яго, як на стрэл. Бо гаварыла Курыца — Насця кульгавая. Гэта было нечакана, але для Генадзя — адзінае выйсце, бо як адказаць Лёшку, ён не ведаў. І таму ўся злосць вылілася на дзяўчыну:

— Па-першае, я з табой не размаўляю. Па-другое...

— А ты паразмаўляй і са мной, — спакойна, не адводзячы позірка ўбок, перабіла Генадзя Насця. — Дык што дрэннага ў тым, што нехта захацеў стаць на абарону слабых, стаць рыцарам?

— Ён прыедзе некалі да яе — рыцар на белым, як снег, кані, падхопіць з зямлі і лёгка пасадзіць прад сабой, падніме забрала ў сваім шлеме, наблізіць да яе свой твар...— загучаў тэатральна летуценны голас Галінкі.

Відавочна, яна ўсё хацела перавесці ў жарт, але Додзік не даў ёй закончыць, выгукнуў са зларадствам:

— І ўпрэцца ў курыны нос!

Насця сядзела спіной да ўсіх, і настаўнік літаратуры, Мікалай Антонавіч, адчыніўшы дзверы, убачыў на яе твары, як і заўсёды, легкую, трохі вінаватую ўсмешку. Здавалася, што рогату за спіной яна не чула.

3
Пра рыцараў пагаварылі дні два ды і забыліся.

А праз тыдзень, пасля кароткіх дажджлівых канікул загула ўсхвалявана і вёска, і школа.

Навіну прынеслі зарэчанскія хлапчукі з пятага класа. А Додзік прынес і важкі доказ пагалосак — след ад бізуна на твары.

Было так.

Як і заўсёды, Додзік выйшаў са школы са сваімі целаахоўнікамі, як ён сам іх называў. Хлапчукі павінны былі чакаць Додзіка цэлы ўрок, каб ісці разам два кіламетры ў зарэчанскі паселак. За тое, што ён вадзіў малечу ў цёмныя восеньскія і зімовыя ранкі праз бярозавы гай, тыя павінны былі яму аддзячваць. Па-першае, кожны тыдзень збіраць грошы на пачку цыгарэт, бо сваіх грошай Додзік не меў — бацька не даваў. Па-другое, насіць яго не дужа поўную сумку. Ну, а трэцяе хлапчукі самі наклікалі сабе на галаву, калі зрабілі каляску, каб усім адразу можна было з’ехаць з пакатай дарогі праз гай. Додзіку даспадобы прышлася гэтая скрыня на колах, і зараз хлапчукі кожны дзень, як толькі заходзілі ў гай, цягнулі яго ў калясцы па дарозе ўгару, потым (як Додзік дазваляў) садзіліся самі і несліся ўніз.

У той дзень настрой у Додзіка быў дрэнны — адхапіў першую “двойку” ў чвэрці, і хлапчукоў ён падганяў зламанай галінай. З гары з’язджаў адзін, хлапчукі беглі ўслед.

Унізе, дзе дарога рабіла паварот, стаяў коннік. Скуль ён узяўся — невядома. Самы сапраўдны рыцар. Блішчалі латы, быў пакрыты пунсовым конь, аздоблена кружкамі з бляхі вуздэчка. Рыцар быў высокі і шырокі ў плячах, твар і галаву закрываў прыгожы, хоць і падобны нечым на вядро, шлем, а палову постаці — вялікі шчыт. На шчыце быў намаляваны чырвоны крыж. З-пад шчыта далёка ўперад тырчала вялікае кап’ё з вострым наканечнікам. А калі рыцар нетаропка ўзняў другую руку, хлапчукі ўбачылі ў ёй бізун.

Додзік вытрашчыў вочы, пачаў таропка і нязграбна вылазіць з глыбокай скрыні, якая яшчэ не спынілася. Скрыня завалілася на бок разам з Додзікам. Коннік крануўся да яго.

Додзік і разагнуцца не паспеў, як першы ляск бізуна па спіне апек скуру праз куртку. Потым яшчэ і яшчэ. І ўсе гэта моўчкі, толькі гучна соп конь.

Додзік крутнуўся, каб схапіцца за вуздэчку, але наляцеў проста тварам на хлёсткі бізун. Кінуўся з лямантам уцякаць. Коннік лёгка даганяў яго, біў па спіне, плячах, трапляла і па галаве. Додзік з енкам упаў. І тады пачуўся голас.

Што сказаў рыцар, хлапчукі не расчулі, сам Додзік толькі злосна мацюкаўся, калі яго аб гэтым пасля пыталі.

Закончылася тым, што Додзік прывалок каляску на гару, клікнуў прыціхлых у чэзлым малінніку хлапчукоў і вез іх не толькі праз гай, але і да першых хат паселка.

Назаўтра Додзік маўчаў, толькі выціснуў праз зубы:

— Я даведаюся, што там за рыцары. І тады...

Што будзе тады — здагадваліся ўсе. Хоць Додзіка не шкадаваў ніхто — у класе добра ведалі аб яго здзеках над малымі.

4
Прайшоў тыдзень, размовы змоўклі, а адзінаццаты і зусім забыўся пра рыцарскі ордэн. Захварэла класная, Лідзія Пятроўна. Адвезлі ў мястэчка. Казалі — будуць рабіць аперацыю.

Назад Дальше