У шалашы - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 5 стр.


Яны вырашылі расстацца. Якія цяжкія былі апошнія дні! Утрапёная пяшчота, рукі, якія абдымаюць так, што, здаецца, можна вырваць з іх чалавека толькі з жыццём…

Яны яшчэ казалі, што ўсё не скончана, што яны ў кожную вольную хвіліну будуць ляцець адно да аднаго, што будуць пісаць, але кожны ў глыбіні душы ведаў — гэта канец. Таму што яны не даруюць адзін аднаму гэтага нежадання ахвяраваць у імя друга сваёю дарогай.

Горкія дзіцячыя вусны, пасмачка валасоў, рух цела, як быццам дзяўчына гуляе ў лапту.

Што вам трэба? Чаго вы кожную ноч плывяце з цемры?

Міхал не змог вярнуцца на старое месца працы, адкуль ён ехаў насустрач шчасцю толькі два месяцы назад, а узяў разлік і раздаў рэчы, вырашыўшы перабрацца ў другі запаведнік.

І вось у дарозе дождж. Да станцыі пяць кіламетраў. І дзве дарогі. Адна з іх на ўсход: там Мар'яна раскопвае гарадзішча…

Але ён на паедзе на захад. У пушчу.

Дождж шалеў. Ён паласаваў зямлю, як градам, біў па лісцях, бушаваў у лужынах. І з гэтых лужын, з паветра, з лісцяў — адусюль даносіўся нізкі, нібы ўсхліпы, несамавіты гук. Бледныя далёкія маланкі распаўзаліся па дрэвах чырвоным агнём.

І зноў стаў чуваць голас з пунькі. Міхал лёг на жывот, нацягнуў пінжак на галаву. Яму не хацелася слухаць. Усё адно канец, усё адно нічога не патрэбна, усё адно не будзе шчасця ні заўтра, ні паслязаўтра.

Ніколі! Дарогі ляжаць у розныя бакі. Яна не кахае…

Але недалёкі голас пажылой не так лёгка было заглушыць:

— Кажаш, не кахае. А ты чакай. Глупства… Ты вось паслухай, што ў мяне было з маім Алесем. У Паволжы голад быў — елі траву. А нам, бежанцам, і таго горш. І тады Алесевы бацькі і мае паехалі на радзіму. А тут такая завіруха пайшла, ніхто нічога не разумее. Апынілася я ў сваёй вёсцы, у Літве, а ён у сваёй, у Польшчы. Паміж намі — мяжа. Толькі і можна глядзець, як ён каровы ганяе па ржэўніку. Зусім блізка.

Ён мне не падабаўся з дзяцінства. Вечна такі, быццам яго сабакі шкамуталі, вечна зубы выскаляе. Яршысты нейкі, злы. Аднойчы, ну зусім так, як твой, біўся адзін з чатырма… Гады праходзілі. І часта бывала: ён на адным баку рачулкі пасе, а я на другім. Прабіла аднойчы нагу на ржэўніку, сяджу, плачу. Чую, гукае ён: "Гэй, трыпутніку прыкладзі". Праз некалькі дзён прыйшла на пашу — матляецца на лазовай галіне белая анучка. Я падышла — пад кустом лапцікі ляжаць, акуратненькія такія. А ён з таго боку зубы выскаляе. Пераплываў, чортаў сын. А маглі ж падстрэліць… І так добра сплёў, хоць ты квас імі пі.

Я тым часам добрая дзеўка выгадавалася, хоць снапы вазі. І ўвесь час заўважаю: вылуплівае ён на мяне вочы. Так і пайшло.

Калі ведаем, што нікога няма блізка — часам словам перакінемся.

Потым ён стаў гаварыць, што я вельмі яму падабаюся. А я ў адказ толькі пасмейваюся:

— Што ж з таго? Хіба з табою на гулянку пойдзеш?

У вас паны, у нас "попасы". І вось яна — мяжа.

Узімку адночы сабраліся на папрадухі, спяваем. І раптам ён — шусь у хату.

Хлопцы хацелі былі яго набіць. Няма чаго нам, маўляў, "палякаў" гэтых літаваць. Ды я ім так сказала, што яны адразу змоўклі.

— Дурань, — кажу Алесю, — цябе ж заб'юць.

— А я назнарок такую ноч выбраў, - і смяецца. Зубы прадае. — Дуйка мяце. Дулю яны сляды заўважаць.

Танцавалі. Я яму шчыра сказала, што ён мне не патрэбен, што мне такімі хоць платы падпірай. Не верыць.

— Ты, — кажа, — усё маніш. Не можа гэтага быць, каб я не падабаўся.

І сказаў, што прыйдзе за мною, што няма яму ад мяне дарогі. Прызначыў ноч.

І толькі пайшоў, узнялася страляніна.

Так мы і згубілі адно аднаго. Потым — вайна. Я сувязной была.

Ну і закруцілася карусель. Немцы ганяюцца за партызанамі, партызаны за немцамі. І вось аднойчы прыходзіць перад світаннем чалавек. Глядзіць, усміхаецца.

— Не пазнаеш? — кажа.

Я глянула — божа мой, Алесь. Зарослы, жорсткі ўвесь нейкі. Але глядзіць з-пад калматых броваў весела. Выявілася, што ён таксама сувязны. І даведалася я, што нічога ён не забыў, што па-ранейшаму ажаніўся б, калі я не супроць.

А мяне як чорт які за язык торгае. Не хачу, і ўсё. І так цягнулася ўсё з год. Як ён ні прасіў мяне, якіх слоў ні казаў — не хачу. Кошчыны гульні — мышчыны слёзкі.

І вось аднойчы з'явіўся ён да мяне позна і не паспеў да раніцы пайсці. Вырашыла я схаваць яго ў старой бульбяной яме на гародзе. Там не знойдуць.

Я пажартавала яшчэ:

— Не крыўдна табе будзе цэлы дзень хату і мяне бачыць?

— Самы смак, — кажа.

І нанёс чорт у гэты дзень немцаў. Пачалі лавіць людзей для адпраўкі ў Германію.

Мяне ўжо і ў калону былі загналі, ды я неяк вырвалася і канавай, канавай, а потым ля платоў да сваёй хаты. Але заўважылі мяне здалёк — і за мной. Я скочыла на двор — і на гару.

А ён з ямы ўсё гэта бачыць.

На гары ў нас салома ляжала. Зашылася я ў салому за комінам і сяджу.

Чую — шукаюць. Ператраслі ўсё ў хаце. Рыпяць прыступкі, - лезе нехта па лесвіцы. Стаў, дыхае цяжка.

— Вайбе, — кажа выходзь.

Я сяджу як мыш пад венікам. І раптам аўтаматная чарга проста па саломе. Каб не комін…

А тут нехта на двары заліўся, як ганчак на зайца.

— Ай-я-я-яй, ай-я-яй. Вось ён! Вось ён!..

Назад Дальше