Лявон выйшаў на бераг у поўным неўразуменні. Што гэта можа быць? Міраж! Але вось у руках бутэлька. Жарт! Але хто можа цяпер разыгрываць такія дарагія жарты? Адкуль гэты стары, хуткі, як песня, карабель? Не, гэта немагчыма. Застаецца адно: можа, я пачынаю вар'яцець і ўсё гэта напісаў сам, у трансе? Таксама неверагодна. Божа мой, што ж гэта такое робіцца?
Але ён ведае адно. Гісторыя гэтая цалкам незразумелая, дзіўная, небывалая ніколі на зямлі. Калі ён сапраўды не хоча звар'яцець, ён павінен пайсці пa гэтаму старажытнаму адрасу, паглядзець, ці не захаваўся той дом. Яму, нарэшце, проста цікава.
Але што гэта, што гэта такое, што?
Ён пакутліва думаў пра гэта ўвесь час, пакуль ехаў цалкам сучасным аўтобусам да горада. Не пераставаў думаць і тады, калі ў старым горадзе сапраўды адшукаў вуліцу Літасцівых Юзафітаў.
Гэта быў старажытны заімшэлы горад, пабудаваны, вядома, яшчэ ў часы нямецкага панавання. Круглыя і квадратныя вежы, муры, вулачкі такія блытаныя, што можна было, пакруціўшыся па іх, самога сябе пабачыць у спіну. Аўтамабілі тут не з'яўляліся, бо нават два чалавекі ледзь маглі тут размінуцца.
"Чорт пабяры, а раптам і праўда?" - варухнулася ў галаве Касачэўскага неспадзяваная думка.
Адагнаўшы яе, ён блытаў вулкай Юзафітаў яшчэ з паўгадзіны, пакуль не натрапіў на Старую Вежу, або Вежу Германа, як яе называлі.
Сапраўды, вуліца тут канчалася, і да самай вежы прыляпіўся домік, ад якога так і веяла старасветчынай. Маленькі, шэры другі паверх выступае над першым, дах стромы. І спічастая вежа прыляпілася на ім - проста хоць малюй.
Напэўна, выгляд у Касачэўскага быў такі дзіўны, што нейкі малады чалавек у стракатым гальштуку паглядзеў на яго і ўсміхнуўся на поўны рот. Але Лявону было не да яго. Ён хутка перасек вуліцу і, нырнуўшы ў дзверы, пачаў павольна лезці кудысь па вінтавых сходах. Было цёмна. Пахла цвіллю.
Вось і другі паверх, а на ім адзіныя, абабітыя самай празаічнай цыратаю дзверы. Званка няма. "Добра хоць гэта", - падумаў Касачэўскі.
Ён стукнуў у дзверы раз, пасля другі - ніхто не адказвае. Злёгку штурхануў іх - падаліся. Уціснуўся ў цёмную прыхожую і адразу пабачыў прамень дзённага святла, што падаў з прачыненых дзвярэй. Ён сабраўся ўжо крыкнуць, ці ёсць хто-небудзь, калі раптам пачуў жаночы голас і аслупянеў.
Голас зазвінеў тугою. Такая маладая, моцная горыч была ў iм, такі боль, што ў Касачэўскага зашчымела ў горле.
А голас пытаў, клікаў. Слёзы чуліся ў ім. А пасля ярасць:
Такой задушэўнасцю гучаў гэты невядомы голас, што ў Касачэўскага слёзы прасіліся на вочы. Што гэта было? Казка?
Голас сарваўся ад хвалявання, ад відавочнага болю.
Голас заміраў. Адначасова пачулася шапаценне i стук ад падзення цела. Не памятаючы сябе, Касачэўскі кінуўся ў пакой:
- Што вы робіце?! Супыніцеся!
І асекся, разумеючы, што зрабіў вялікае глупства і недалікатнасць.
У пакоі на падлозе ляжала дзяўчына. Касачэўскі не паспеў заўважыць, прыгожая яна цi не. Ён заўважыў толькі яе ўбор, аксамітную вішнёвую сукню старажытнага крою i сярэбраны, тканы "караблік" на доўгіх косах.
Дзяўчына павольна ўстала з падлогі.
- Што гэта такое?
Ніхто не мог бы сказаць гэта больш годным тонам, i Касачэўскі мармытнуў:
- Прабачце, я стукаў. Але вы не адказалі. Пасля я пачуў... і кінуўся...
- Я зyсiм яшчэ не збіраюся паміраць.
Касачэўскі быў гатовы праваліцца праз зямлю. Ён стаяў нязграбны, вялікі, пераступаў з нагі на нагу. Бялявыя валасы, як страха, падалі ў яго на сінія, як неба, вочы.
- Даруйце, я проста не ведаю, у якое стагоддзе я трапіў.
Яна замест адказу сказала горка, наступаючы на яго:
Лявон не заўважыў дзіўнага агеньчыка ў яе вачах i збянтэжана пакланіўся. Пасля падаўся задам да дзвярэй.
- Д-добра. Я... пайду. Прабачце. Я перашкодзіў з гэтай атрутай...
I тут яна разрагаталася.
- Чакайце, куды вы? Раз вы зайшлі, дык растлумачце хоць, нашто я вам.
I тут Касачэўскі выпаліў:
- Слухайце, калі вы пакінеце дурыць мне галаву? Што тут, уласна кажучы, адбываецца? Ці, можа, усе людзі звар'яцелі, ці я адзін вар'ят? Дзе я, нарэшце?
Яна зноў стала сур'ёзнай.
- Вядома, у... наццатым стагоддзі. Чуеце, коні грукаюць капытамі. Бачыце, у гэтым пакоі адна толькі люстра; а там, за сцяной, зала і зброя на сценах... І мой жаніх загінуў у моры.
Касачэўскі зажмурыў вочы i скалануў галавою:
- Хто ж вы, нарэшце? Марыя?
- Так. Нашто завітаў сюды вандроўны рыцар? Я сапраўды Марыя.
- Тады гэта вам, - сказаў Лявон, канчаткова адмаўляючыся зразумець што-небудзь у гэтай фантасмагорыі.
Яна ўзяла ліст i пачала чытаць. Вочы яе сталі вялікімі.
- Прабачце, я дрэнна ведаю нямецкую мову. Адкуль у вас гэта? Можа, я не так зразумела?
Касачэўскі пераклаў.
- Адкуль? Што гэта такое?
- Я сёння атрымаў гэты ліст непасрэдна з "Лятучага Галандца", у моры.