Лятучы Галандзец - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 4 стр.


Настала яе чарга аслупянець.

- Што гэта, жарты? Хіба гэта магчыма?

- Нічуць не больш, чым у цэнтры сучаснага города сустрэць здань, якой амаль трыста год, жывую здань.

Яна задумалася, пасля цixa сказала:

- Так, гэта не менш дзіўна. Гэта... як лёс. I ўсё ж гэта толькі непаразуменне.

Касачэўскі толькі тут разгледзеў яе твар. Добры прамы нос, рот цвёрды, з гумарыстычнай складкаю, у агромністых шэрых вачах скачуць вясёлыя чорцікі. Вейкі доўгія, загнутыя бровы стрэламі, свае, нявышчыпаныя. І гордая пасадка галавы. Відаць, што дзяўчына з характарам. Дзіўна толькі, чаму такі знаёмы-знаёмы твар, такія да апошняга знаёмыя прыгожыя pyхi.

- Недзе я вас бачыў... І ведаю, што не знаёмы.

- Напэўна, у мінулым жыцці.

Касачэўскі пакрыўдзіўся. У яго таксама быў характар, хоць сам ён выгляд меў вельмі вясковы, немудрагелісты, - як рубель для сена.

Магчыма, гэта i прывяло да наступнага. Адчуваючы, што жарты завялі надта далёка, яна сказала:

- Там вы біліся за мяне на турніры.

- Які ў мяне тады, быў, аднак, дрэнны густ, - злосна сказаў Касачэўскі.

- Oгo! Гэта пачынае мяне цікавіць. - Яна нахіліла набок галаву. I раптам дадала вельмі проста i шчыра:

- Ведаеце што, раз ужо так атрымалася, дык пасядзіце тут. Мне хочацца выявіць усё да канца. Я зараз

згатую чай.

Касачэўскі зняможана сеў на крэсла ля стала. Яна выйшла. Чортава асоба! Штохвілінна новы характар, новы чалавек. Глупства, вядома, сядзець тут і пасля такой прэлюдыі папіваць чаёк, але ж цікава ведаць, чым гэта скончыцца.

За чаем яна тым самым спакойным i даверлівым тонам спытала:

- Што ж гэта такое было? Раскажыце мне падрабязна.

Лявон нічога не ўтаіў.

- I вы адразу пайшлі сюды? - Яна глянула на яго з цікавасцю, як быццам упершыню пабачыла.

- А вы што зрабілі б на маім месцы?

Яна задумалася, паціраючы пальцамі скроні:

- Таксама пайшла б. Адразу ж. Такое бывае раз у жыцці... Але напэўна ніхто больш не пайшоў бы. Гэта рэдкасць. Для гэтага трэба вельмі верыць у жыццё, у тое, што яно не падманіць.

Яна ўсё больш цікавіла Лявона.

- Хто ж вы такая?

- Я Марыя, - сказала яна, глянуўшы на яго глыбокімі вачыма. - Я сапраўды Марыя. Шкода толькі, што не тая. Я артыстка Марыя Якубовіч. Вы рэдка бываеце ў тэатры?

- Дык вось дзе я мог вас бачыць! Я толькі ніяк не думаў, што вы тут.

- О, справа простая. Няўжо вы не чулі, што Чарада напісаў новую гістарычную п'есу?

- Баюся, што я апошні год быў надта заняты сваімі справамі. Чуў нешта такое. Назва, здаецца, "Краiна палае"?

- Так, з часоў пасля паўстання Вашчылы. Цудоўная рэч! Вы колькі тут ужо?

- Амаль тры месяцы.

- Ну дык вы тады i ведаць не можаце. Вырашылі круціць па п'есе фільм. А там палова сцэн тут, ля балтыйскіх берагоў, куды ўцякае герой. Ён вязе морам зброю.... Простыя людзі дапамагаюць яму. Пасля ён знікае на доўгі час. Нявесту яго прымушаюць выйсці за другога, і яна выпівае атруту. Вось гэтую сцэну вы і чулі выпадкова.

- Чакайце, няўжо сцэнарый у вершах?

- Што вы. П'есу пакуль што не ўзяліся ставіць. Але я маю звычай чытаць усё, што датычыцца героя. Дакументы, успаміны, іншыя творы пра яго. Ну i ролю гэтую цалкам вывучыла. Так мне лягчэй. Да таго ж, я думаю, што пасля таго як фільм выйдзе на экраны, п'есу будзе ставіць наш тэатр. Спахопіцца...

- Я думаю, што гэта будзе здорава, - шчыра сказаў Касачэўскі. - Роля ў вашых магчымасцях. Добрая будзе штука.

І калі яна раптам глянула на яго падазрона, ён шчыра разрагатаўся.

- А я... а я, дурань, ледзь не паверыў немажліваму. Чорт яго ведае, думаю, калі лісты перадаюць з "Лятучага Галандца", калi захаваўся гэты дом ля старой вежы, - чаму, думаю, не жыць у ім ценю былога, які пражыў тры стагоддзі i якраз збіраецца атруціцца.

Яна глянула на яго сур'ёзна:

- Не трэба смяяцца з гэтага. Каб я не бачыла, што вы на хвіліну ўсур'ёз паверылі, я адразу выгнала б вас за дзверы. Можа, вы i не такі чалавек, але за гэтую хвіліну вам многае даруецца.

- Ваша праўда, - пасур'ёзнеў Лявон. - Але ж гэты карабель...

- І гэта проста, вельмі проста. Калі ехалі сюды, многа гаварылі пра тое, што патрэбен карабель. Напэўна адшукалі недзе старую пасудзіну, адрамантавалі, падгрыміравалі пад старажытнасць - i вось яно ўсё i адбылося.

Лявон пасуравеў:

- Дык, значыцца, гэта ўсё нечы жарт. Дурны жарт, няварты сапраўднага чалавека. Я, вядома, не верыў, але ўсё ж...

- Але ўсё ж у глыбіні душы вашай жыла вера. І гэта добра.

Назад Дальше