- Паспадзяваўся занадта на французскую школу, - з жахлівай іроніяй сказаў Леановіч, - у славутага, бачыце, Мерсье вучыўся.
Гораў ведаў, што чалавек, з якім звёў яго лёс, карыстаецца славаю першага ў палку - і не толькі ў палку - брэцёра, што ён ужывае толькі дуэльныя пісталеты, але за такім заняткам, як сёння, заставаў Леановіча ўпершыню.
- Руку набіваў, - сказаў Пора-Леановіч з паблажлівай ласкавасцю, - адвучвацца нельга.
Сымон, быццам жадаючы пахваліцца поспехамі пана, аддзёр ад шула карту і здалёк паказаў яе Юрыю.
- Ат, глупства, - пагардліва сказаў Леановіч.
- Нічога не разумею, - сказаў Гораў, - звычайны туз... Жалудовы.
- А вы паглядзіце лепей, - раўнадушна сказаў капітан.
Гораў падышоў, схіліўся над картай і мімаволі пацягнуў ротам паветра.
Туз быў віновы. Тры кулі, пасаджаныя амаль адна ў адну, зрабілі з віней жолудзі.
- Капітан, - сказаў Гораў, - гэта лепшае, што я калі-небудзь бачыў.
- Лухта, - сказаў капітан, - хадзем лепей вып'ем...
...Гэта была звычайная вясковая хата, толькі што з бакоўкаю. Ды яшчэ палілі яе «па-беламу», так што хоць у гэтым сэнсе афіцэрам пашанцавала. Вялізны негабляваны стол, шырокія лавы, цемнаваты «Спас» у куце.
На вокнах у гаршках «алёнчыны слёзы». Сухія слёзы, бо зямля ўся ў тытунёвым попеле. Аж шэрая.
Адзінай украсай пацямнелых сцен былі два лубкі. На адным святы Елісей з тварам хітрага ідыёта насылаў на отракаў мядзведзіцу. Фарба ад німба расплылася ў Елісея па галаве, і невядома было, чаму ён з такой раскошнай шавялюрай пакрыўдзіўся на мянушку «лысы».
На другім лубку тры татарыны дзялілі палон.
Пакуль Сымон ставіў на стол гарэлку, гуркі ў смятане, міску з варанымі кіяхамі і патэльню, на якой клекаталі ў кіпячым масле смажаныя гусцёркі, Пора-Леановіч сядзеў на лаве ля акна, чысціў пісталеты і размаўляў сам з сабою.
- Зброю, міл-свет Юрый Аляксандравіч, трэба даглядаць толькі самому. Гэта адзіная машына, годная двараніна. Масла для зброі - арыстакрат сярод маслаў для ўсіх машын... Толькі самому. Мой сябра аднойчы загінуў з-за таго, што крэмень у дуэльным пісталеце быў тлусты... Нават не брудны, проста тлусты, ад пальцаў.
Гораў глядзеў, як пальцы Пора-Леановіча з незвычайнай пяшчотай мацалі сталь, і здзіўляўся, чаму нешматслоўны, заўсёды іранічны калега сягоння такі гаваркі, быццам баіцца пакінуць язык хоць на хвіліну без працы.
А Леановіч ужо скончыў з пісталетамі, паклаў іх у футляр і сеў да засланага стала.
- Сёння я нап'юся, - вельмі сур'ёзна сказаў ён.
Юрый сеў за стол з другога боку. Ён толькі прыгубіў першую чарку: піць не хацелася.
Спякота за акном стала, відаць, зусім нясцерпнай. Грозны Дняпро ледзь рухаў у разамлелых берагах цяжкія, як расплаўленае волава, плыні. Пярун бурчаў ужо зусім блізка, замрэяна, амаль без перапынку.
Гэта чаканне жахлівага, разлітае ў знемагаючай прыродзе, гняло нервы. Кроў здавалася густой і цяжкай, як ртуць. Яна цякла павольна, нараджаючы панура-злосныя, амаль ліхаманкавыя думкі. І Леановіч да таго ж ляскаў чарку за чаркай, як быццам жадаў што б там ні было выканаць свой добры намер: напіцца да моцы божай.
Уважаючы на сённяшні настрой Леановіча, ад гэтай «моцы божай» можна было чакаць чагось цікавага. І таму Гораў бадай не здзівіўся, калі Пора-Леановіч раптам адсунуў чарку.
- Вайна называецца, - з лютай весялосцю сказаў ён. - Сумна, Юрачка. Мне б тады ваяваць, калі рабавалі, за косы валілі пад сябе дзяўчат. А тут замест усяго гэтага - капеечны віст і бацькоўскае пасячэнне пейзанаў. Абас... мы з расейскай гісторыяй.
Проста перад сабою, на фоне акна, Гораў бачыў яго сілуэт, рэзкі, прыгожы профіль з прамым носам і ссунутымі бровамі.
- Ты кажаш «людзі», - сказаў Леановіч, хоць Гораў нічога не казаў. - Вось калі не ўходаюць цябе мае суайчыннікі і ты дажывеш да нейкага там часу, - ты ўбачыш дажджы Леанід. Гэта зорны дождж. Зямля пападае ў яго кожныя трыццаць тры гады. І тады лятуць Леаніды. Зялёныя. Фасфарычныя. Быццам пан-бог, здзяцінеўшы, шморгае тысячамі запалак і глядзіць, ці ўсё яшчэ людзі льюць кроў... Так яны лятуць тысячагоддзі. І кожны раз, як прылятаюць, бачаць на зямлі тое самае: п'юць кроў, гвалцяць, круцяць хвастом добрыя людзі.
За акном - Юрый з трывогай сачыў за гэтым - хмары пачалі наплываць аднекуль і зацягваць неба. Яны накіпалі з амаль неверагоднай хуткасцю, грувасціліся адна на адну, пасоўваючыся туды, да Дняпра, у бок горада, дзе вісела яшчэ бялёсая смуга на невялічкім лапіку блакітнага неба.
Задуха стала нясцерпнай. І нясцерпным стала чаканне.
Толькі Леановіч, здавалася, не адчуваў нічога. Яго нахабныя і страшныя вочы гарэлі вясёлым шаленствам. І Гораў, успомніўшы яго сённяшнюю забаўку, зразумеў, што чалавек, які сядзіць насупраць яго, - страшны чалавек, вельмі небяспечны чалавек, драпежнік, у якога, пэўна, зусім няма ў душы месца для так званых пакут сумлення.
Леановіч торкнуў пальцам у адзін з лубкоў.
- Мы вось... як гэтыя тры татарыны. Адзін татарын - Філька (так ён зваў генерала Фікельмонта), другі татарын - я, а трэці - вы, вельмі шаноўны Юрый Аляксандравіч... Дзелім цноту прыдняпроўскай зямлі. Занятак з сэнсам. Таму што яна пад каго толькі не клалася. І выяўляецца, што ўсё гэта па меншай меры непатрэбна-с.
І тут пачалося. За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу.
Шаленства пераднавальнічнага ветру не скончылася на гэтым. Ён вырашыў, відаць, наведацца ў госці да людзей у хаце. Раптоўна грукнулі дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы, дзьмухнула ў чалеснікі, задзёрла па дарозе абрус, ледзь не сарвала яго са стала разам з наедкам і вылецела ў комін, сказаўшы выразным фальцэтам:
- Аоў.
Гораў убачыў у акно, як гэты парыў проймы выкінуў з напаўразбуранага коміна галчынае гняздо і жагнаў яго, як кола, па пыльнай траве.
- Сымон, чортаў сын, - крыкнуў Гораў, - каглу забыў зачыніць.
І сам кінуўся да печы, зачыніў каглу, падторкнуў яе анучай.
Сымон скочыў у хату як апантаны, паправіў абрус, зачыніў дзверы, шуснуў у бакоўку і борздзенька выскачыў адтуль з запаленай свечкай.
Гораў убачыў, што Леановіч сядзіць, успёршыся скронню на кулак, вельмі бледны, з заплюшчанымі вачыма. Вусны яго варухнуліся:
Стаіць певень над кручаю,
Заторкнута с... анучаю.
І растлумачыў:
- Разгадка гэтай загадкі - «кагла». Катэхізіс народнай мудрасці ўвесь складаецца з такіх выслоўяў.