Гораў убачыў, што Сымон задаволена хмыкнуў.
- Ідзіце, Сымон, - сказаў ён, гледзячы ў акно.
Сымон выйшаў. Гораў павярнуўся да субяседніка і з дакорам сказаў:
- Як вам не сорамна. Пры салдаце паказалі сябе дурнейшым за яго. Аблаялі народ. Вы ж беларус. Старога роду.
Па шчоках Леановіча папаўзлі чырвоныя плямы. І раптам ён зацікаўлена спытаў у Горава:
- Што мне, есці гэта? І што такое наогул беларус? Каго тут не было? Немцы былі, палякі былі, літва была. І раптам... бе-ла-рус. Сеў сабе з дурной мордай і - сікась-накась - пальцам у носе калупае...
Пры апошніх словах зрэнкі Леановіча папаўзлі да пераносся. Твар стаў такі дурны, што Гораў са сваім легкаважным і вясёлым характарам не вытрымаў, засмяяўся.
- Няма нічога смешнага, - вызверыўся Леановіч. - І ў вас і ў нас адна хвароба. Усю сваю гісторыю мы задніцай думалі. І наконт будучага ў гэтым сэнсе я аптымістам быць не магу... Чаго ад нас чакаць? Святаслаў забі Яраслава, Яраслаў забі Ізяслава, Ізяслаў забі Святаполка, а Святаполк коцнуў Барыса ды яшчэ і Глеба... туды ж яго матары. А тыя да пакутніцкай канчыны ўходалі двух братоў і трох сватоў і за гэта хрысталюбівай праваслаўнай царквою прылічаны да хеўры святых...
Вераб'іная ноч за акном ужо ўступіла ў свае правы. Неяк вельмі хутка. Дождж сцябаў так, што, здавалася, паветра было менш, чым вады. Маланкі крэслілі неба. Так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім непатрэбным. У сінім агні бліскавіц Гораў бачыў мярцвяны твар, пакрыты кропелькамі поту.
- І заўсёды на наш вялікі народ палка знойдзецца, часцей за ўсё чужая. Цар, псар - гэта нам усё адно, абы кумпякі магутныя былі, ды барада венікам, ды вусы пажахлівей. І ўжо тут мы ў вернападданасці сваёй усяго яго абліжам, аж да цяжкага гузна. Іх вялікасць у ложы сядзяць, гімн, створаны вялікім паэтам, яму спяваюць, а бараны ў лікаванні да яго ўсім натоўпам кідаюцца... А блакітныя мундзіры іх - па мордзе, па мордзе: «Сядзіце на нумарных месцах. Чорт вас ведае, а раптам у вас гармата ў каго ў кішэні...» А ў тых па мордах і юшка цячэ, і слёзы замілавання. І не разбярэш, чаго яны галосяць - ці ад болю, ці ад захаплення... А назаўтра - «За цара, за веру, з намі бог! Бязбожныя французішкі караля свайго да смерці забілі. Бі іх, пакуль смяротнай ікаўкай не загікаюць». Патрыятызм.
Юрыю і шкада было гэтага чалавека, і абурэнне разбірала. І ўсё ж згадзіцца з ім было нельга. Гэта азначала, што ўвесь ягоны свет: універсітэт, дзе прафесары чыталі пра мікракосм, Nadine, якая захапляецца Тургеневым, чынны, велічны, дзяржаўны спакой Неўскай набярэжнай, маці, якая просіць аб веры для сына і хрысціцца з любоўю на крыж Міколы на Курыных ножках, - усё мана, усё міраж.
Казаць Леановічу аб гэтых няўлоўных прыкметах, бадай што, і няварта было. Ён, просталінейны, мог і не зразумець. Таму Гораў даволі бездапаможна - ён і сам адчуў гэта і пачырванеў - сказаў яму:
- Вы дваранін, капітан Леановіч, вы павінны паважаць традыцыі...
Леановіч ускіпеў:
- А адкуль маё дваранства ідзе, вы ведаеце? Чаму ў мяне да прозвішча прыдомак «Пора», ці, па-простаму, «Пара»?
- Не, не ведаю.
- Таму што ад бандзюкоў паходзім, міл-свет Юрый Аляксандравіч... У цараванне, здаецца, цара-цяляці горад Магілеў аддаўся ва ўладу баганоснага маскоўскага воінства. Заўважце, сам. Ну, на знак удзячнасці жыхароў уганорылі трымаць гарнізон коштам самога ж вялікага града. І сталі тут нашы лабідуды думу думаці. «Гэта каб яшчэ батагамі, дык згода была б - усё жыццё з-пад батагоў не вылазім. А грошыкі - тут ужо не. Дудкі».
Стук у дзверы прымусіў Леановіча змоўкнуць. І Гораў сказаў холадна:
- Заходзь.
Увайшоў Іван, той самы, з якім Гораў размаўляў на пароме. Грубы, чырвоны твар Івана, твар сапраўднага салдафона, быў мокры. З-пад салдацкай бесказыркі спадала пасма рэдкіх сівеючых валасоў. І нягледзячы на тое, што ён быў мокры, хоць выціскай, што з шыняля капала, - кожны пазнаў бы ў ім старога, бывалага салдата. Выраз твару казаў сам за сябе, выраз афіцыйнай адданасці і пачцівасці, праз які відавочна праглядала лёгкая пагарда і свая, незамаскаваная, думка аб усім.
- Чаго табе? - спытаў Леановіч.
- Ваша высакароддзе, вада прыбывае. Рака пайшла старыкам.
Гораў мог бы пабажыцца, што на твары Леановіча мільганула радасць.
- Брашы больш, - з недапушчальнай фамільярнасцю сказаў капітан. - Што ж, за гадзіну залівені магло так раку наліць?
- Пэўна, у вярхоўях некалькі гадзін ліло, ваша высакароддзе. Вадамерная рэйка пад вадой.
- Ну і добра. Дні два можам не чакаць мяцежнікаў... Ідзі да д'ябла.
І, пабачыўшы, што салдат усё яшчэ стаіць, спытаў:
- Ну, чаго табе яшчэ?
- Прахожыя могуць сунуцца ў ваду на звычайным пераездзе цераз старык... Дазвольце мне каравул паставіць... Могуць патопнуць.
- Твая якая справа? - спытаў капітан. - Няхай не соваюцца ў ваду, няхай вяртаюцца ў Збароў і там начуюць... Ніякіх каравулаў.
- Слухаюся - ніякіх каравулаў, - сказаў Іван і выйшаў.
Леановіч яшчэ хвіліну маўчаў, гледзячы за акно, дзе ў сінім святле маланак буйна скакалі па зямлі вадзяныя бізуны. Потым казаў далей:
- І вырашылі рэзаць кроўных братоў. Калі ваш продак сярод іх быў, дык я яму не пазайздрошчу. Таму што некалькі тысяч іх было, і ніхто не ўцёк... Пачалося з таго, што нехта са стральцоў на кірмашы пірог у бабы ўхапіў. І тут мой продак, як хрысціянін, не вытрымаў, выбег з ратушы з крыкам «Пара!..».
...Увесь Мікалаеўскі спуск касцямі закідалі - адсюль і пайшла новая назва: Касцярня... Колькі стральчыхі па іх пагаласілі, колькі дзеці! Нічога не зробіш, любоў да брата... А з-за чаго? З-за пірага ўсё, родненькі, з-за пірага...
...З пірага і дваранства наша пачалося. Кароль польскі - бац, прывілей: даць Леановічам прыдомак «пара», а як на іхняй мове гэта дрэнна гучыць, то перарабіць яго на «пора». Весяліся, Марцэля! А потым у горад польскае войска, ды кожнага дваццатага - на слуп: няма чаго зламысныя змовы з Масквою заводзіць. Э-ех, павесяліліся.
- У вас ёсць народ, - ціха сказаў Гораў. - Ёсць павага да чалавека, любоў да яго. Хіба гэтага мала? Я ведаю, многа дрэннага рабілі і робяць улады, але ж людзі не вінны.
- Мы вельмі любім народ, - сказаў Леановіч, усміхаючыся кутком прыгожых губ. - Каб зручней залазіць яму ў кішэнь... Не-е, вы, Юрый Аляксандравіч, з вашай слінявай вераю ў чалавека ідзіце - ведаеце куды? Гэта быдла па галаве трэба біць. І ваша, і наша, і польскае, і ўсякае. Іншага яны не варты... Шкадаваць? Каго? За што? За тое, што яны мэкаюць і бобам сыплюць? За тое, што ў іх спіна прыстасавана для сядла? За тое, што іхнія зады самі пэндаляў просяць?.. Не-е, Юрый Аляксандравіч, будзем шчырымі... Ёсць мой мозг і мая рука, што кожнага здолее ўзяць за глотку. Я іду! Хіліся?.. І нікога не шкадуй для сваёй мэты... Пакуль у сілачку не ўваб'ешся, - маўчы, падпарадкоўвайся і паступова прывучай усіх баяцца цябе... А там - не шкадуй. Ні жанчын, ні дзяцей. Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма... І не трэба саромецца. Я не саромлюся. На прыгожыя словы - пляваць. Я такіх брыдот нараблю, што ўсіх ванітаваць будзе. Вас будзе ванітаваць, а я тым часам на кожнага пятлю накіну. І зацягну...
Дзіўны чалавек сядзеў перад Горавым. Страшны, як шалёная рысь. І Гораў няшчыра пазяхнуў і спытаў:
- Вы французскай хваробай ніколі не хварэлі, капітан? Бо нешта мне здаецца, што такія словы сведчаць аб размякчэнні спіннога мозгу.
- Нават слоў маіх баіцёся, - жорстка засмяяўся Пора-Леановіч. - Не, капітан, я не хварэў французскай хваробай. Ніколі. І продкі мае не хварэлі. Зберагалі для мяне сваю сілу.
- Ішлі б вы лепей спаць, капітан.
- А вы што?
- Я не хачу вас слухаць. Я афіцэр. Што б я ні думаў, я звязаны прысягай і законам гонару.
- Псу пад хвост, - сказаў Леановіч.