Ладдзя Роспачы - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 7 стр.


А потым з апраметнай прагучаў, нібы ў бочку, замагільны голас:

– Братцы рагачоўцы, выпіце колькі хто можа за нас!!!

Магістрат кінуўся ў паніку. З гэтай прычыны каталікі ўчынілі пагром праваслаўных, а праваслаўныя падпалілі замкавы касцёл. Усё, што здарылася, аднеслі за кошт падкопаў Сатаны.

І, аднак, пераважная большасць жыхароў скарысталася з гэтай парады, дарма што яна паходзіла з вуснаў д’ябла. А “маглі“ яны нямала.

Летапісец, сузіраючы агульную п’янку, шмат бедаваў аб маральнай недасканаласці людзей і запоўніў цэлыя тры старонкі летапісу самай абрыдлівай дыдактыкай.

– Вышэй нос, хлопцы! – крыкнуў Выліваха. – Яны вып’юць. Я іх ведаю.

– Цёмна, – сказаў нехта. – Дзе яна, тая зямля?

І тады Гервасій заспяваў. Сам не ведаючы чаму. Можа, таму, што ягоная зямля заўсёды была з ім.

Дробненькі дожджык

Скача ля тына,

Дзе чырванее

Дзеўка-шыпшына.

Нехта войкнуў. І не таму, што яго здзівіла песня... Выліваха раптам убачыў слабы чырвоны адбітак на цьмяных тварах. Адбітак на цьмяных тварах. Адбітак наліваўся барваю, гусцеў, асвятляў ужо амаль усю ладдзю.

Распраўляючы звялыя пялёсткі, чырвонай кропляй разгаралася на грудзях Гервасія кветка шыпшыны. Адзіная ва ўсім свеце, яна не баялася цемры апраметнай і скрыгату зубоўнага.

Сонца-шыпшына,

Дай абдыму я,

Лапкі-пялёсткі

Табе пацалую.

Палачанін нясмела падхапіў:

Лапкі-пялёсткі

Табе пацалую.

Цяпер ужо не толькі насцярожаныя твары весляроў, але і ўсё вакол было заліта святлом. Пад нізкім – рукой дастаць – небам хадзілі бурыя, цьмяна-ржавыя і нібы асветленыя чорным сонцам хвалі бязмежнага мора. І гэта было так не падобна на тое, аб чым казала песня, што весляры апусцілі галовы на вёслы.

Калі памру я,

Згіну са свету,

Дай на тым свеце,

Што і на гэтым.

Выліваха зірнуў на Перавозчыка і ўбачыў, што той слухае яго напружана, а вочы...

...Вачэй не было. На іх месцы пушыста расла белая плесня. Перавозчыку былі непатрэбныя вочы.

– Няўжо гэта яшчэ жывуць і зямля і песні? – неспакойна заварушыўся стырнавы. – Няўжо?

– А што, думаеш, памерла? – спытаў Гервасій.

– Мне было б лягчэй, каб памерла.

– Хто ты, каб зычыць гэткае страшнае?

Сляпы апусціў галаву.

– Я Шолах, – сказаў ён. – Я прадаў Полацак кіеўскаму Ўладзіміру... Ён быў страшны чалавек, гэтае чырвонае сонейка, гэты святы воўк. І не апосталам ён быў роўны, а самому Сатаніілу. Полацкі Рагвалод быў маім гаспадаром, два яго сыны раслі разам са мною, дачка, Рагнеда, была мне, як сястра. Уладзімір абвінаваціў іх, што яны хочуць учыніць змову з князем Яраполкам, і падступіў пад муры... Яны не ўзялі б Полацка, каб не я... Я здрадзіў. І Ўладзімір забіў Рагвалода з сынамі, спаліў горад, а Рагнеду прымусіў разуць сябе. І яна была спачатку паверыла яму. А потым у яго было сто наложніц, а потым ён, не сказаўшы ёй, прывёз жонкаю прадажную грэкіню... І прыняў хрысціянства. Хрысціянству не хапала толькі яго... Рагнеда пайшла ў манастыр і памерла... Я заўсёды жадаў яе... А цяпер на маёй галаве попел роднага горада.

І раптам ён закрычаў:

– Гэта павінна было памерці! Чаму яно не памерла! Яно законна ішло да смерці, і я раней за другіх зразумеў гэта! Чаму яно не памерла, ты, які жартуе?! Чаму?!

– Таму, што я жартую, – сказаў Выліваха. – Толькі таму. Я люблю жыццё і жартую. І таму – колькі б ты ні здраджваў – яно жыве.

Ладдзя рэзала тугую, як вар, ваду. А над ладдзёй, як ветразь, ляцела песня:

Не алілую,

Не ладан Божы:

А каля тына

Дзікую рожу.

Цяпер туравалі Гервасію ўсе галасы на ладдзі:

Край наш пакутны,

Назад Дальше