Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха - Проспер Мериме 7 стр.


- Да д'ябла ваш прыток крыві, доктар, - сказаў нецярпліва граф. - Возьмем іншы прыклад. У вашай руцэ зараджаная зброя. Побач - ваш найлепшы сябар. Вам прыходзіць думка пусціць яму кулю ў лоб. Вы страшна баіцёся забойства, і, аднак, вы пра яго думаеце. Я думаю, панове, што калі б усе думкі, якія прыходзяць нам у галаву за адну гадзіну... калі, скажам, усе вашыя думкі, пане прафесар, - а я лічу вас вельмі разважлівым, - запісаць на паперы, яны склалі б вялізны том, і не знойдзецца такога адваката, які б на падставе напісанага не запатрабаваў для вас пазбаўлення правоў, не знойдзецца такога суддзі, які б не пасадзіў вас у турму ці ў вар'ятню.

- Гэты суддзя, пане графе, напэўна, не асудзіў бы мяне за тое, што я сёння раніцай цэлую гадзіну спрабаваў выявіць таямнічы закон, згодна з якім славянскія дзеясловы, спалучаючыся з прыстаўкамі, набываюць значэнне будучага часу. Але калі б я выпадкам думаў пра штосьці іншае, дык які б довад тут быў супраць мяне? Ва ўзнікненні думак вінаваты не я, а вонкавыя ўзбуджальнікі. Калі ў маёй галаве ўзнікае нейкая думка, гэта яшчэ не значыць, што я зараз пачну дзейнічаць згодна з ёй ці ўвогуле буду мець такі намер. Ніколі ў мяне не было думкі некага забіць, але калі б такая думка і прыйшла да мяне, дык мой розум яе прагнаў бы.

- Добра вам казаць пра розум. Але ці заўсёды ён, як вы кажаце, кіруе намі? Каб розум прамаўляў і загадваў, патрэбна развага, гэта значыць час і спакойныя абставіны. А ці заўсёды мы маем і тое, і другое? Падчас бою я бачу, што ў мяне ляціць рыкашэтам ядро, я адхіляюся, і яно забівае майго сябра, за якога я, калі б меў час падумаць, аддаў бы сваё жыццё.

Я паспрабаваў гаварыць з ім пра нашы людскія і хрысціянскія абавязкі, пра неабходнасць наследаваць біблейскаму ваяўніку, заўсёды гатоваму да бою. Урэшце я давёў яму, што, змагаючыся заўсёдна са сваімі пачуццямі, мы набываем новыя сілы, каб аслабляць гэтыя пачуцці і панаваць над імі. Але баюся, што, хоць граф і замаўчаў, я так і не здолеў яго пераканаць.

Я заставаўся ў замку яшчэ дзён дзесяць. Я яшчэ раз гасцяваў у Даўгялах, але болей мы там не начавалі. Як і першага разу, панна Івінская свавольнічала і паводзіла сябе, як сапсаванае дзіця. Яна проста зачароўвала графа, і я не сумняваўся, што ён у яе закаханы. Аднак ён добра ведаў яе недахопы і не спрабаваў сябе падмануць. Ён ведаў, што яна баламутная, легкадумная, абыякавая да ўсяго, што не прыносіць ёй забавы. Часта я заўважаў, як ён пакутуе ў душы, бачачы яе легкадумнасць, але варта ёй было зачапіць яго нейкім лёгкім жартам, і ён пра ўсё забываўся, твар у яго прасвятляўся і прамяніўся радасцю. Напярэдадні майго ад'езду ён захацеў апошні раз з'ездзіць са мной у Даўгялы, можа, таму, што я займаў размовамі цётку, пакуль ён гуляў у садзе з пляменніцай. Але ў мяне было шмат працы, і я мусіў адмовіцца, нягледзячы на яго настойлівую просьбу. Ён вярнуўся перад вячэрай, хоць і папярэджваў, каб мы яго не чакалі. Ён сеў за стол, але не мог есці. Усю вячэру ён быў змрочны і пахмурны. Час ад часу ён насупліваў бровы, і ў вачах загараліся жахлівыя агеньчыкі. Калі доктар выйшаў, каб наведаць графіню, граф прайшоў за мною ў мой пакой і выказаў усё, што гняло яго душу.

- Я вельмі шкадую, - сказаў ён усхвалявана, - што пакінуў вас дзеля гэтай дурнічкі, якая кпіць з мяне і любіць толькі новыя твары. Але, на шчасце, між намі ўсё скончана, мне ўсё гэта страшна абрыдла, больш я яе ніколі не ўбачу...

Нейкі час ён паводле сваёй звычкі хадзіў з кута ў кут, пасля загаварыў зноў:

- Вы, відаць, падумалі, што я ў яе закаханы? Так думае гэты ёлуп доктар. Не, я ніколі не кахаў яе. Мяне забаўляў яе вясёлы твар. Мне прыемна было глядзець на яе белую скуру... Больш у ёй нічога добрага няма... Скура - так. А вось розуму - ані кроплі. Я ніколі не бачыў у ёй нічога іншага, як толькі прыгожую ляльку, на якую прыемна глядзець, калі нудзішся або калі няма пад рукой новай кніжкі... Напэўна, можна сказаць, што яна прыгожая... Скура ў яе проста чароўная!.. Пане прафесар, кроў, што цячэ пад гэтай скурай, мусіць быць смачнейшая за конскую?.. Як вы думаеце?

І ён выбухнуў смехам, ад якога мне стала ніякавата.

Назаўтра я з ім развітаўся і паехаў на поўнач староства працягваць свае пошукі.

Пошукі мае цягнуліся два месяцы, і я магу сказаць, што ў Жамойці не засталося вёсачкі, дзе б я не спыніўся і дзе б я не сабраў нейкі матэрыял. Скарыстаю нагоду і падзякую жыхарам гэтага краю, а асабліва шаноўным святарам, за іх шчырае спрыянне маім росшукам і за той багаты матэрыял, якім яны папоўнілі мой слоўнік.

Прабавіўшы тыдзень у Шаўлях, я вырашыў паехаць у Клайпеду (партовы горад, які мы завём Мемель), каб адтуль марскім шляхам вярнуцца дамоў, калі раптам я атрымаў ад графа Шэмета наступны ліст:

«Пане прафесар,

з Вашага дазволу я буду пісаць па-нямецку, бо, пішучы па-жамойцку, я б нарабіў яшчэ болей памылак, і Вы страцілі б да мяне ўсялякую павагу. Ці Вы яе да мяне яшчэ маеце, не ведаю, але навіна, што я Вам зараз паведамлю, гэтай павагі, пэўна, не павялічыць. Карацей кажучы, я жанюся, і Вы ведаеце з кім. Юпітэр смяецца з клятваў каханкаў. Піркунс, наш жамойцкі Юпітэр, робіць тое самае. Такім чынам, 8-га чысла наступнага месяца я бяру шлюб з паннай Юліяй Івінскай. Вы б зрабілі мне найбольшую ласку, калі прыехалі б на гэтую ўрачыстасць. Усе сяляне з Мядзінцілтаса і з усяго наваколля прыйдуць, каб пачаставацца ялавічынай і свінінай, а калі яны нап'юцца, яны будуць скакаць на лужку, што направа ад вядомых Вам прысадаў. Вы ўбачыце строі і абрады, вартыя вашай увагі. Мы з Юлькай былі б вельмі радыя. Дадам таксама, што Вашую адмову мы сустрэнем з глыбокай роспаччу. Вы ведаеце, што мы з маёй нявестай належым да евангеліцкага веравызнання. А наш пастар, які жыве за трыццаць міль адсюль, не можа хадзіць з-за падагры, і таму я дазволіў сабе спадзявацца, што Вы нам адслужыце замест яго. Выказваю Вам, пане прафесар, маю найглыбейшую пашану, Ваш

Міхал Шэмет».

А ўнізе ў якасці пастскрыптума было дапісана па-жамойцку прыгожым жаночым почыркам:

«Я, літоўская муза, пішу па-жамойцку. Міхал мае непачцівасць сумнявацца ў Вашай згодзе. Толькі такая дурніца, як я, згадзілася б выйсці за яго замуж. 8-га чысла наступнага месяца Вы, пане прафесар, убачыце трохі шыкоўную маладую. Гэта ўжо не па-жамойцку, а па-французску. Але не надта заглядайцеся падчас цырымоніі!»

Мне не спадабаліся ні ліст, ні пастскрыптум. Я адзначыў, што абое праяўляюць недаравальную легкадумнасць у такі ўрачысты момант. І, аднак, як адмовіцца? Прызнаюся, што абяцанае відовішча спакушала мяне без меры. З усяго было відаць, што сярод безлічы прадстаўнікоў мясцовай шляхты, што збяруцца ў Мядзінцілтасе, я, без сумнення, сустрэну адукаваных людзей, якія паведамяць мне што-небудзь цікавае. Мой жамойцкі слоўнік быў ужо даволі багаты, але сэнс некаторых слоў, што я пачуў з вуснаў простых сялян, заставаўся для мяне ахутаны цьмянай няяснасцю. Усе гэтыя меркаванні, узятыя разам, мелі дастатковую вагу, каб змусіць мяне згадзіцца на графаву просьбу, і я адказаў яму, што 8-га раніцай я буду ў Мядзінцілтасе.

І як мне прыйшлося пасля пашкадаваць!

Уехаўшы на замкавы двор, я ўбачыў незлічоную колькасць мужчын і жанчын, якія стаялі ў ранішніх убраннях на ганку або гулялі па паркавых сцежках. Двор быў поўны святочна прыбраных сялян. Замак меў урачысты выгляд, паўсюль кветкі, гірлянды, сцягі і фестоны. Аканом правёў мяне ў пакой, падрыхтаваны мне на першым паверсе, і перапрасіў, што не можа прапанаваць мне лепшы. Але ў замку было столькі народу, што было проста немагчыма пакінуць мне памяшканне, дзе я жыў падчас першага майго гасцявання. Цяпер яно прызначалася маршалку павятовай шляхты. Але мой новы пакой быў вельмі ўтульны, з відам на парк і якраз пад пакоем самога графа. Я паспешна апрануўся для цырымоніі, але ні граф, ні яго выбранніца не паяўляліся. Граф быў паехаў па яе ў Даўгялы. Яны ўжо даўно мусілі прыехаць, але туалет маладой панны быў не простай справай. Таму доктар паведаміў гасцям, што, зважаючы на тое, што абед пачнецца толькі пасля рэлігійнай цырымоніі, самыя няўцерпныя мусяць на ўсялякі выпадак трошкі падмацавацца. Былі прапанаваныя печывы і розныя наліўкі. Я ў сувязі з гэтым заўважыў, як доўгае чаканне спараджае зайздрослівую зласлоўнасць: дзве пані, маці запрошаных на свята маладых дзяўчат, сыпалі абгаворамі на маладую.

Ужо мінуў полудзень, калі залпы феерверку і ружжовыя стрэлы прывіталі вясельны поезд, і праз хвіліну на прысады выехала парадная брычка, якую везлі чатыры цудоўныя кані. Яны былі ў пене, і гэта сведчыла пра тое, што ў спазненні вінаватыя не яны. У брычцы сядзелі трое: маладая, пані Даўгяла і граф. Ён злез і падаў руку пані. Панна Івінская, поўная грацыі і дзіцячай гарэзнасці, прыкінулася, быццам хоча схавацца пад хусткай ад цікаўных позіркаў з усіх бакоў. Але ўрэшце яна ўстала ў брычцы і збіралася ўжо абаперціся на графаву руку, як раптам коні, відаць, напалоханыя дажджом з кветак, якія сяляне кідалі маладой, а можа, ахопленыя тым неўразумелым жахам, які ўзнікаў у коней пры графе, усталі дыбкі і заржалі. Адно кола наехала на слупок побач з ганкам, і на нейкі момант здалося, што зараз здарыцца няшчасце. Панна Івінская закрычала... Але хутка ўсе з палёгкай уздыхнулі. Граф падхапіў маладую і падняўся з ёй на ганак так лёгка, быццам нёс галубку. Мы ўсе віталі яго воплескамі на знак яго рыцарскай галантнасці. Сяляне грымнулі «віват!», а пачырванелая маладая смяялася і дрыжала адначасова.

Граф, які зусім не спяшаўся вызваліцца ад прыемнага цяжару, пераможна ўсміхаўся, паказваючы яго ўсім прысутным...

І раптам нейкая высокая бледная худая жанчына, бязладна адзетая, з раскудлачанымі валасамі, здранцвелая ад жаху, паявілася на ганку так, што ніхто не ўбачыў, адкуль яна ўзялася.

- Мядзведзь! - пранізліва закрычала яна. - Мядзведзь! Гэй, страляйце ... Ён нясе жанчыну! Забіце яго! Страляйце! Страляйце!

Гэта была графіня. З прыездам маладых усе сабраліся пры ганку, у двары і каля замкавых вокнаў. Чалядніцы, што наглядалі за няшчаснай вар'яткай, забыліся пра свае абавязкі. Яна ўцякла і, нікім не заўважаная, з'явілася сярод натоўпу. Гэта было пакутлівае відовішча. Яе трэба было завесці назад, нягледзячы на яе крыкі і супраціўленне. Шмат хто з госцяў не ведаў пра яе хваробу. Прыйшлося ім тлумачыць. Яшчэ доўга чуўся ціхі шэпт. Усе твары спахмурнелі. «Благі знак!» - казалі прымхлівыя людзі, а такіх на Літве багата.

Панна Івінская папрасіла пяць хвілін, каб прывесці да ладу сваё ўбранне і надзець вэлюм.

Гэта заняло добрую гадзіну, больш чым дастаткова, каб тыя, хто не ведаў пра графініну хваробу, добра пазнаёміліся з яе прычынай і іншымі падрабязнасцямі.

Нарэшце паказалася маладая, пышна ўбраная і ўпрыгожаная дыяментамі. Цётка прадставіла яе ўсім гасцям, і калі настаў момант ісці ў капліцу, на маё вялікае здзіўленне перад усімі прысутнымі пані Даўгяла ўдарыла пляменніцу па шчацэ, прычым так моцна, што ўсе азірнуліся. Маладая маўкліва сцярпела ўдар, дый навокал ніхто не здзівіўся. Толькі нейкі мужчына ў чорным запісаў нешта на аркушы, а два ягоныя памочнікі з самым спакойным выглядам паставілі свой подпіс. І толькі пасля цырымоніі я ўведаў разгадку гэтай таямніцы. Калі б я ведаў раней, я б з усёй сілай маіх святарскіх паўнамоцтваў паўстаў супраць гэтага пачварнага абраду, які меў за мэту абгрунтаваць магчымы развод, бо шлюб быццам бы адбыўся ў выніку фізічнага гвалту над адным з бакоў.

Пасля вянчання я палічыў за абавязак сказаць маладым некалькі слоў і паспрабаваў паказаць ім важнасць і святасць саюзу, які іх злучыў. У мяне ўсё яшчэ не ішоў з галавы недарэчны пастскрыптум панны Івінскай, і я нагадаў ёй, што яна пачынае новае жыццё, якое напоўнена не забавамі і дзявочымі радасцямі, а паважнымі абавязкамі і сур'ёзнымі выпрабаваннямі. Мне здалося, што гэтая частка маёй прамовы вельмі ўразіла маладую, як, зрэшты, і ўсіх, хто разумеў па-нямецку.

Залпы салюту і радасныя воклічы сустрэлі маладых, калі яны выйшлі з капліцы. Усе накіраваліся ў святочую залу. Стол быў вельмі багаты, госці былі галодныя, і спачатку чуўся толькі ляскат нажоў і відэльцаў аб талеркі. Але хутка, дзякуючы шампанскім і ўгорскім вінам, пачалася гамана, смех і крыкі. З запалам выпілі за здароўе маладой. І толькі селі зноў, як стары пан з белымі вусамі ўстаў і сказаў грымотным голасам:

- Балюча бачыць, як забываюцца нашыя старыя звычаі. Бацькі нашыя ніколі б не сталі піць за маладую з крышталёвых кубкаў. Мы пілі калісьці з нявесцінага туфліка ці нават з боціка, бо за мае часы кабеты насілі боты з чырвонага саф'яну. Дык пакажам, сябры, што ў нас яшчэ цячэ літоўская кроў. А ты, пані, будзь ласкава, дай твой туфлік.

Маладая пачырванела і адказала:

- Калі ласка, вазьмі... Але твайго бота мне будзе замнога.

Пан не прымусіў сябе ўпрошваць. Ён пачціва ўкленчыў, зняў маленькі туфлік з белага атласу і з чырвоным абцасам, наліў у яго шампану і выпіў так хутка і спрытна, што на яго сурдут вылілася не болей за палову. Туфлік пераходзіў з рук у рукі, і ўсе мужчыны выпілі з яго, хоць і не без клопату. Стары шляхціц папрасіў аддаць яму туфлік як каштоўную рэліквію, і пані Даўгяла загадала пакаёўцы прывесці да ладу туалет пляменніцы.

Пасля гэтага тосту было шмат іншых, і хутка госці зрабіліся такія гаманлівы я, што мне здалося недарэчным знаходзіцца сярод іх. Я ўцёк з-за стала так, што ніхто мяне не заўважыў, і выйшаў з замка, каб падыхаць свежым паветрам, але і там я ўбачыў не надта прыстойнае відовішча. Сяляне і чаляднікі, якія цішком напіліся піва і гарэлкі, былі ўжо збольшага п'яныя. Паўсюль цяпер кіпелі бойкі, паўсюль былі відаць разбітыя галовы. Сям-там на лузе валяліся непрытомныя п'яныя мужыкі, і збоку свята выглядала як пабоішча. Мне было б цікава паглядзець зблізу на народныя танцы, але танчылі збольшага бессаромныя цыганкі, і я падумаў, што мне не надта прыстойна бадзяцца сярод гэтай сумятні. І я вярнуўся ў свой пакой, трошкі пачытаў, пасля раздзеўся і хутка заснуў.

Калі я прачнуўся, замкавы гадзіннік прабіў тры ўдары.

Ноч была светлая, хоць месяц і быў ахінуты лёгкай смугой. Я паспрабаваў зноў заснуць, але не здолеў. Я хацеў, як я заўсёды раблю ў такіх выпадках, узяць кнігу, але не знайшоў пад рукой запалак. Я ўстаў і навобмацак пайшоў праз пакой, калі раптам нешта цёмнае, вялікае праляцела за акном і з глухім ударам упала ў садзе. Спачатку я падумаў, што гэта чалавек, відаць, нехта ўпіўся і выпаў з акна. Я адчыніў акно і паглядзеў: нічога не было відаць. Урэшце я запаліў свечку і пачаў перачытваць слоўнік, пакуль мне не прынеслі гарбату.

Каля адзінаццатай гадзіны я пайшоў у залу, дзе ўбачыў шмат падбітых вачэй і памятых твараў. Як я даведаўся, пачостка скончылася даволі позна. Ні граф, ні маладая графіня яшчэ не паяўляліся. А палове дванаццатай пасля безлічы злых жартаў пачаліся нараканні, спачатку ціха, а пасля і ўголас. Доктар Фробэр узяў на сябе смеласць паслаць графавага пакаёвага пагрукаць у дзверы свайго гаспадара. Праз чвэрць гадзіны пакаёвы, трошкі збянтэжаны, спусціўся і паведаміў доктару Фробэру, што грукаў разоў дванаццаць, але адказу не дачакаўся. Мы параіліся - пані Даўгяла, доктар і я. Трывога пакаёвага пераканала мяне. Мы ўтраіх падняліся разам з ім. Перад дзвярыма стаяла разгубленая графініна пакаёўка, яна цвердзіла, што здарылася нейкае няшчасце, бо акно ў пакоі ў пані былo расчынена насцеж. І я з жахам згадаў тое важкае цела, што ўпала ўначы перад маім акном. Мы пагрукалі. Ніякага адказу. Тады, урэшце, пакаёвы прынёс жалезную бэльку, і мы зламалі дзверы... Не! Мне не стае мужнасці, каб апісаць відовішча, што адкрылася нашым вачам. Маладая графіня ляжала мёртвая ў ложку, твар быў разадраны, горла перарэзанае, паўсюль была кроў. Граф знік, і больш ніхто пра яго ніколі не чуў.

Доктар агледзеў страшную рану жанчыны.

- Яе не зарэзалі! - закрычаў ён. - Яе загрызлі!..

...

Доктар загарнуў кнігу і задуменна паглядзеў на агонь.

- І гэта канец? - спыталася Адэлаіда.

- Канец! - змрочна адказаў прафесар.

Назад Дальше