– Курорт...
– Ну... Каб тут був курорт, то всі дармоіды тут булы б. Усіх класаў і нацый. Добра, што мора спакойнае сёння, вось і курорт...
Севярын ледзь не згарэў з сораму.
Праз гадзіну напарнік падышоў да сейнера борт у борт. Кінулі канец. Замацавалі абодва канцы разам. З грукатам пачала працаваць лябёдка.
Адчуваючы сваю непрыстасаванасць і нікчэмнасць, Будрыс сачыў, як паўзе пад вадою змяя сеці, як яна ўспаўзае на борт і цягнецца ўгору, як, выцягнуўшы чарговую порцыю сеці, схопліваюць яе пятлёй з каната і трымаюць кручкамі за гэтую пятлю і адпускаюць лябёдку, і мокрая, вытраўленая сець цяжка грукаецца на палубу. А крук лябёдкі чапляюць за новую пятлю, і сець зноў паўзе ўгору.
Яшчэ захоп. Яшчэ. Яшчэ. З усім, што ёсць. З рэдкімі пакуль рыбамі, з пачварнымі павукападобнымі крабамі, з аранжава-жоўтымі студзяністымі васьміногамі (шчупальцы прасунуліся ў ячэі і звіваюцца ў паветры).
– Тэхніка на грані фантастыкі... – сказаў Няпіпіва. – Ведаеш, як васьміногаў карэйцы лавілі? Заўважаюць месца, дзе ён у скэлі сыдыць, ныраюць па доўгай лаце. Адзін дражніць. Другі чакае. А воно мыролюбнэ. Ось раз ныраюць, другі, трэці. Ну, чалавечага нахабства ўрэшце і васьміног не вытрымлівае. Нападае. I як толькі абаўе чалавека ўсімі васьмю, другі кідаецца і наносіць васьміногу "пацалунак смерці". Пракусвае зубамі паветраны мяшок. Прысоскі адразу адпадаюць. Шчупальцы віснуць. Тут бяры яго, раба, за шкірку і вынырвай.
Адзін вялікі васьміног неяк выблытаўся з сеці і ўпаў ля Будрысавых ног. Глядзеў вялікімі вачыма, варушыўся, мяняючы колер, то ўцягваў, то зноў выпускаў папугайскую дзюбу.
– Дакраніся падэшвай. Да галавы.
Будрыс дакрануўся. Вокамгненна шчупальцы абвілі нагу, прыліпнулі.
– Не варушыся.
Праз некаторы час васьміног, зразумеўшы, што няма чаго трымацца чортведама за што, калі справа ідзе аб скуры, адпусціў нагу, зноў заварушыўся, закішэў. Севярын закасаў калашыну і ўбачыў на назе рады цёмных плямаў.
– Во, насмактаў, – засмяяўся Няпіпіва. – Адчувае, чорт, як мы яго ўвечары смачна есці будзем. .
– Гэтую дрэнь?!
– Гэтая дрэнь – самае смачнае ў моры.
Грукатала лябёдка, ляскала аб палубу мокрая сець. Вясёлая, падобная на шалёную гульню праца віравала на палубе. I вось невядома з чыёй глоткі ўзнікла хрыпатая, радасная, хмельная песня:
Цягні, падцягівай на стрэлку,
Цягні, падцягвай на гарэлку.
Спружынілі мокрыя медныя спіны. На руках і тварах зіхацелі кроплі вады. Звінела, калацілася ў сеці, спявала рыба. I шлёпаў, напінаўся, нібы таксама хацеў падпяваць, ды не хапала голасу, зменліва-вясёлкавы васьміног.
"Божа, – падумаў Будрыс, – як гэта было б добра, каб я мог паказаць гэта ёй! Якое было б шчасце – стаяць тут, на палубе, між сінім небам і аквамарынавым морам! Які дзівосны свет!"
Пад вадою ўрэшце ўзнік жамчужна-блакітны вялізны куль, падцягнуўся бліжэй да борта, ускінуўся ва ўсплёсках вады і рыбіных хвастоў, павіснуў над морам.
Паасобныя рыбы вырываліся, падалі ў ваду, ляжалі некаторы час, як прыгаломшаныя, а пасля знікалі ў прадонні. Рыўком.
Маціцова-сіні і серабрысты, памерам з добры пакой, куль навіс над палубай. Як велізарнае вінаграднае грона.
Падскочыў рыбак, адным рыўком расшнураваў яму дно і кінуўся прэч, каб не задавіла.
I на палубу лінуў шматтонны рыбаспад: вастрамордыя сінія мінтаі, камбала, марскі акунь, цярпуг, велізарная траска, бычкі...
Паліўся, затапіў усё, расплыўся, затрапятаў.
Зноў завялі сець, зноў пачалі скарадзіць мора. Капітан сунуў Будрысу ў рукі кій, у якім перпендыкулярна тырчаў востры доўгі цвік.
– Багарэц, – сказаў Няпіпіва. – Голай рукой не папрацуеш. Чапляй цвіком і кідай. Бач, хлопцы засекі з дошак зрабілі. У той – мінтая, у той – камбалу. Крабаў – у той, ля спардэка.
Севярын пачаў працаваць. Цяжэй за ўсё было з камбалой. Яна дрэнна зрывалася з цвіка. Даводзілася біць правай рукой, што трымала багарэц, аб перадплечча левай. Сарваная сілай інерцыі, камбала ляцела і, як блін, плюхалася ў патрэбны засек.
Спачатку было цяжка, але потым ён навастрыўся.
Мінтай – камбала – цярпуг. Камбала – бычок – мінтай. Лясь-лясь-плёх! Траска – мінтай. А ты хто?
Такое пытанне даводзілася задаваць сабе часта. Вось нейкі дзіўны бычок з пузам, падобным на вялізны шар.
– Дырэктар цырка, – усміхнуўся кандзей2.
Чырвоныя марскія сабакі страшна зявалі шчакастым, тоўстым, грыбазвонным ротам – аж шкада было. Шчокі былі пальцы ў тры.
Вясёлка калацілася пад нагамі ("Вось бы ёй убачыць!"): даўгамордыя марскія лісіцы, нейкія малінавыя падводныя яйкі (і не зразумець, жывёліна ці расліна; ударыш багарцом – знутры струменем б'е вада), зялёныя марскія ракі, махнатыя шрымсы.
I яшчэ марскія пеўнікі з плаўнікамі, бы ў акуня, але вясёлкавымі і дужа доўгімі.
Кандзей трымаў аднаго...
– Мы ў дзяцінстве абклеім іхнія плаўнікі паперай, пачакаем, пакуль высахнуць, і такія яны прыгожыя ў нас вакол лямпы ці на акне вісяць. Вось я табе пакажу, як гэта робіцца. Дзяўчыне адвязеш.
Круціліся і падалі за борт марскія зоркі велічынёю з талерку, ляцела ў розныя бакі рыба. Севярын стараўся, і хлопцы пачалі глядзець на яго нават з павагай.
Камбала – марскі сабака – мінтай. Краба перакідаеш на спіну і цвіком багарца трохі адхіляеш панцырны шчыток на ягоным жываце.
"Ікра, падобная на дробную кетавую: ага, самка! Хапай яе за клюшню і, блінам, у ваду. Спускаецца ўсё больш цьмяная ў лазурньш, варухнулася, знікла.
Няма ікры, шчыток больш пляскаты – ага, галубок, хадзі ў загон. Такая ўжо наша мужчынская доля".
Дробнага "марскога павука" – проста шуфлем за борт. I драбязу. I водарасці. I гожыя ракушкі. Вось толькі дзесяткі з два, узлезшы на спардэк, пакласці на кажух трубы, у гарачае месца. Хай мяса адстане ад іх. Тады аддзяліў – і вось у руках вясёлкавая чарапашка, падобная на кубак або кветку.
I вось ты па калена ў слізі, і луска блішчыць на нагах. Змыць палубу струменем вады. I чакай. Цяпер улоў напарнікаў і іх праца.