Ў сінхрафазатрон.
Або яшчэ "фізічная-алкагалічная":
П'ём гарэлкi тры бiтона – трум-ту-ру-ту-тум
За здароўе цыклатрона – трум-ту-ру-ту-тум.
Генуся ўжо няма. Праз некалькі год пасля таго, падчас аднаго вельмі ўдалага доследу, атрымаў столькі, што яго ўжо нішто не магло ўратаваць...
А тады яны пад вечар сядзелі за сталом у клубе і нават выпівалі ледзь не першы раз у жыцці, і з імі сядзеў – насупраць Будрыса і побач з Генусем – вялікі вучоны-італьянец, худы, са стомленым інтэлігентным тварам. Дзеці ягоныя ва ўсім ужо былі мясцовымі, нават галубоў ганялі з равеснікамі. Будрысу чамусьці вельмі хацелася зрабіць яму прыемнае, і Генусю, мабыць, таксама, бо ён узняў келіх і сказаў:
– Бруна Максіміліянавіч, за Італію!
А ён, Будрыс, дадаў:
– За краіну, што нарадзіла гуманізм!
I вучоны ўсміхнуўся ім шчырай, сумнаватай усмешкай.
"Пачатак пачаткаў – маладосць, радасць і свежасць мая, каханне, якое адышло, жывы і вясёлы Генусь... Я ехаў так далёка, каб вярнуць вас, каб хаця ў сэрцы сваім вярнуць вас. Я глядзеў, як шалёна калоціцца аб чорныя прасы скалаў шкляное і зялёнае Японскае мора, як яно гайдае на рэйдзе Цехюце самотны параход, як прыліў залівае аўтамашыну, і як уцякае ад яго, з усёй сілы ратуе жыццё пацук. Нейкі жаўтавата-белы пацук...
Я хадзіў па ільмавых бярвеннях над жоўтай, над шумлівай таежнай рэчкай. Я палохаў сарок – яны тут блакітныя – і аранжавых бурундукоў, і яны нерухома віселі на ствале, калі я заміраў у двух кроках ад іх, і глядзелі на мяне вадка-бліскучымі, вялізнымі для такога маленькага стварэння аленевымі вачыма. Я караскаўся на скалу сярод тайгі і стаяў на ёй, як муха на вастрыі цукарнай галавы, і імя скале было Халаза, і сэрца маё аж займала ад ветру і вышыні, а кедры ўнізе былі як запалкі. Я каштаваў на таежных пасеках сотавы мёд, на якім варушылася пчаліная кісяя, і хадзіў па закінутых гарадзішчах Бахайскага царства. Я ехаў насустрач тваім чырвоным захадам, над якімі вісеў серпік Венеры, і мне здавалася, што я пачаў адыходзіць... I вось усё, што я так цяжка будаваў, збіта адным ударам...
I вось зноў гэты сон..."
Ён стаяў на абрыве над морам і, успёршыся на балюстраду, упрыгожаную барэльефамі дэльфінаў, глядзеў удалячынь. Дажджы мінулі, і зноў прыйшла на гэтую зямлю, на сопкі, на калматыя спіны астравоў, на мора залатая і гарачая прыморская восень.
Пад ім было метраў пяцьдзесят скалістай базальтавай стромы, сям-там зарослай травамі і дрэўцамі, пасля вузкая стужка пляжа, а далей – сіні Амурскі заліў. Звычайна схаваныя ў тумане, дажджы, імжацы, сопкі на тым беразе былі сёння відаць ледзь не кожным сваім дрэўцам. Чысціня залітага сонцам чыстага паветра была надзвычайная.
У той дзень святкавалі гадавіну перамогі над Японіяй. У Амурскім заліве павінен быў адбыцца марскі салют, і частка флоту была ўжо выведзена на рэйд.
Будрыс стаяў тут ужо гадзіну і намерваўся чакаць і далей на гэтым самым месцы не таму, што не хацеў страціць яго, такое зручнае для назірання, а проста таму, што яму было прыемна стаяць тут, глядзець на караблі, мора, сопкі. Глядзець, і думаць, і адчуваць скурай сонца і ледзь успрымальную пяшчоту салонага ветрыка. Гэта быў незвычайны ветрык і незвычайная соль. Лёгкі пах гнілі ўлятучыўся разам з дажджамі. Былі ў паветры цеплыня, сухасць, кедравы водар з лясоў на тым баку (далёкіх-далёкіх!). I соль. Аблізнеш вусны – саланаваты прысмак... Ледзь не самае салонае мора зямлі ляжала перад ім. Трыццаць чатыры праміле, трыццаць чатыры грамы солей на літр вады. I нават тут, у заліве, толькі на два праміле меней: у пяць разоў больш салонае, чым Балтыка і Каспій, у два разы больш, чым Чорнае, – вось якое гэта было мора!
Направа ён бачыў былы Сімеонаўскі Коўш, дзе Паўлаву калісьці пашанцавала на бабулю. Проста пад ім ляжаў абгароджаны флоцкі пляж. У той дзень, калі яны паабедалі, Васіль сказаў яму, каб ішоў сюды і з гадзіну пачакаў, бо яму трэба зрабіць адну справу.
– А чаго не на агульны пляж?
– Народу... – скрывіўся Паўлаў. – Каламуць уздымуць. Вышак няма. Ды і каменні вострыя... Гэта табе не на Чорным.
– А на флоцкім?
– А там масткі. Хочаш – нырай проста з іх.
– Ды не пусцяць.
– Чаго? Дзесяць капеек дай, дый ідзі.
I сапраўды, там было лепей, чым на агульным. I, галоўнае, было бязлюдна. Зрэдку з'яўляліся некалькі дзесяткаў матросаў пад камандай старшыны, трэніраваліся хвілін дваццаць, – і зноў нікога. Добра было скакаць з вышкі, выплываць, адчуваючы рукамі халаднаватую студзіну белых медуз, вылазіць лесвічкай на масткі і доўга ляжаць на гарачых гладкіх дошках, якімі ледзь не да самай кромкі вады быў забраны бераг.
Паўлаў нешта доўга не ішоў. I Севярын хадзіў па пірсе і з яго, а таксама з вышкі, заўважаў на дне марскія зоркі. Ныраў і апускаўся за імі на дно і заўсёды памыляўся у ацэнцы глыбіні: такая празрыстая была зеленаватая вада.
Зоркі былі не мяккія, а нечакана шурпатыя, як карал, і, здавалася, нежывыя. Ён набраў іх многа, расклаў на дошках і ніяк не мог заўважыць іхніх рухаў. Толькі як глянеш пасля перарыву – бачыш, што адна выгнула свой прамень, другая працягнула яго, падабраўшы астатнія. Сіла гэтых бандытаў была ў нападзе на яшчэ больш нерухомых: Будрыс падабраў таксама некалькі пустых ракавін мідзіі, у якіх былі роўныя круглыя дзірачкі. Марская зорка зрабіла гэта. Напаўзла, прыкрыла ракушку, выпусціла з сябе кроплю кіслаты, якая растварыла вапняк створкі, і праз круглую дзірачку выкалупала чарвякападобнымі ножкамі малюска і з'ела яго.
Нібы помсцячы за гэты разбой, ён браў зорак і нажом вычышчаў з ніжняга боку кожнага промня гэтыя ножкі. I толькі калі зрабіў усё, з жалем зразумеў, што дарэмна загубіў зорак, што высушыць іх няма дзе, а несці сырымі – абломіш прамяні.
Ён сядзеў і любаваўся імі. Маленькія, нібы разетка, з амаль нявыражанымі прамянямі, як ордэнская зорка, зеленаватыя з аранжавымі плямамі. Вялізныя, як талерка, каралавага колеру. Зусім пунсовыя і барвяныя. А вось густа-фіялетавыя, бліскучыя. Якое багацце фарбаў, якая дасканаласць! I нават кітаец згадзіўся б, што гэта прыгажосць дзеля прыгажосці, бо гэта ледзь не адзіная істота, якой нельга есці.
Да прыказкі "З тых, што поўзаюць, мы не ямо толькі танк" можна было б дабавіць – "і марскую зорку". Але тады гэта не была б прыказка.
Тут, урэшце, і падышоў Паўлаў.
– Чаго гэта ты?
– Ды вось, зглуміў такую прыгажосць.
– Чаго зглуміў? Мы зараз іх занясём у яхтавае памяшканне, пакладзём там на бэльку. За тыдзень высахнуць – як знойдзеш.
Так яны і зрабілі. А потым Паўлаў раптам прапанаваў:
– Дык мо паходзім?
– Не хочацца адсюль ісці. Добра. Хай сабе і вецер узняўся – усё адно добра.
– Таму і прапаную, што вецер.
– Пахадзіць.
– Куды пахадзіць?
– Павінен я давесці, што я экс-чэмпіён і яшчэ будучы чэмпіён?
– Па спартыўнай хадзе? Ды я не ўганюся. Што мне бегчы за табой?
– Не атрымаецца... – сказаў Паўлаў. – Ты не Хрыстос.
– Пры чым тут Хрыстос? Ты пахадзіць прапаноўваеш. Я не хачу.