З самага маленства Рыбчонак засвоіў бацькоўскія ісціны: «не ўкрадзеш − не пражывеш», «з праўды штаноў не пашыеш», «дурняў работа любіць». Скончыўшы шэсць класаў, ён кінуў школу і пайшоў на той жа гарбарны завод, дзе працаваў і бацька. Бацька тады ўжо зусім узяў яго пад сваю апеку − яны па чарзе кралі з красільні скуры і выкідвалі іх уначы за плот. Плот быў дашчаты, стары і паламаны, і ў глухім месцы адзін перакідваў, а другі падбіраў у крапіве. Але прапажу скур на заводзе прыкмецілі, паставілі на ахову яшчэ некалькі вахцёраў, красці стала трудней. Бацька доўга думаў, як быць, бо без «свежай» капейкі жыць стала цяжэй, а галоўнае, нецікава, і ён удумаў. Ён стаў старацца на працы, некалькі месяцаў падрад даў самую высокую на заводзе выпрацоўку, прыдумаў рацыяналізацыю. Усё гэта не засталося непрыкмечаным, яго прэміявалі, залічылі стаханаўцам, аб ім сталі пісаць у газетах, ён заўжды сядзеў у прэзідыумах розных сходаў. Вахцёры ў прахадной, як і ўсе на заводзе, пранікліся павагай да яго і рэдка калі для прыліку мацалі яго кішэні, а часцей прапускалі так − ніхто не наважваўся і падумаць, што такі чалавек можа што ўкрасці. А Рыбчонак стаў выносіць мяккія хромавыя скуркі ў халявах, пад світкай, у штанах. Увечары дома, калі зачыняліся стаўні, ён у спальні вымяраў свае дэцыметры і хітра пасмейваўся:
− Выгода, а што думаеш! І стаханавец − выгода. Хе-хе. Партбілет бы яшчэ агораць…
Не, малады Рыбчонак не адстаў ад бацькі. Праз гады тры ўжо ён, а не бацька, стаў прыносіць асноўны даход у іх абзелянёны, увіты кветкамі дом. Ён дамогся большага, чым тое, што ўмеў бацька, − скаапераваўся з хаўруснікамі і скуры хромавыя, шаўровыя і падэшвы вывозілі з завода цераз прахадную, на машынах, у цюках і скрынках, вядома, па фальшывых дакументах. У армію яго не ўзялі, ён ажаніўся, аддзяліўся, жонка не мела клопату аб грошах, ладзіла дома гаспадарку, ён даставаў дэфіцытны шырспажыў (усюды ж былі сябры), грошай хапала, і жыццё здавалася раем.
Гэты рай раптоўна стаў пеклам, калі пачалася вайна і яго прызвалі на службу.
Многія, хто быў побач з ім, апанурыліся, змарнелі, засмуткавалі, а Рыбчонак сказаў сабе: глядзі і думай, тужся, не можа быць, каб і тут не было прадухі. Старая бацькава ўхватка вельмі спатрэбілася і ў войску, Рыбчонак пакрысе агледзеўся і стаў кеміць.
Аднойчы, яшчэ будучы ў тыле ў ахоўным чыгуначным батальёне, ён заснуў на пасту. Заснуў па-дурному, таму што хацеў спаць: прысеў на канец таўровай бэлькі маста і знямог. Яго разбудзіў начальнік каравула, пасля добрай прапаркі няўдалага вартавога пасадзілі на гаўптвахту. Там ён спярша
засмуткаваў, а пасля згледзеў, што сядзець пад арыштам і нічога не рабіць, калі ўсе знясільваюць ад працы, нарадаў, вучобы, − проста самае лепшае з усяго магчымага ў гэтых абставінах. Тое, што гэта было непрыгожа, ганебна, не бралася ім у разлік, думка і адносіны да яго таварышаў не шмат што значылі для яго, − важна было, каб добра жылося самому. І ён па-сябраваў з гаўптвахтай, не цураўся яе кожны раз, калі меркавалася нешта горшае − выезд, якая работа або капанне акопаў. Трапіць на яе не было дужа цяжка − у камандзіраў хапала злосці, варта было пасварыцца са старшыной ці ўзводным.
На фронце стала горш, тут не было гаўптвахты, і трэба было шукаць нешта новае, каб застацца жывым. Сноўдаючы ў траншэях, Рыбчонак многія дні і ночы ламаў над тым сваю галаву, прыглядаўся − людзей у тылавых падраздзяленнях было не менш, чым у ротах на перадавой, але шляхі туды да часу былі невядомы Рыбчонку. Вырвацца з роты было страшэнна цяжка, амаль немагчыма. Спачатку ён спрабаваў, як толькі мог зрабіць гэта, праз санчасць, ды ўсе тыя спробы скончыліся канчаткова і зусім няўдала. Ды і што маглі зрабіць медыкі, калі здароўя ў маладога байца ніколечкі не бракавала. Тады ён сунуўся да тылавікоў − інтэндантаў, абознікаў, тэхнікаў − і там здарылася, што яму ўшанцавала.
Неяк на агнявой пазіцыі сямідзесяцішасціміліметровай батарэі ён убачыў, як двое хлопцаў-артмайстроў рыхтавалі гармату для стральбы. Хлопцы былі з тылавой артмайстэрні, як толькі пачаўся артналёт, яны падхапілі свае скрыначкі і пабеглі хавацца. Рыбчонак падаўся за імі, яны закурылі разам, седзячы ў закінутым бліндажы. І там Рыбчонак даведаўся, што наогул артмайстроў не хапае, што нядаўна адзін з іх наскочыў ля дарогі на міну, а другі захварэў. Рыбчонак імгненна сцяміў, што тут ёсць шанец, назваўся хлопцам артмайстрам і даў зразумець, што быў бы не супраць, каб перайсці да іх у майстэрню. Хлопцы абяцалі далажыць начальніку артузбраення, і праз тыдзень, калі пачаліся баі з танкамі і выйшлі са строю шмат якія гарматы, а працы па іх рамонце пабольшала, яго перавялі ў артмайстэрню.
Ніхто яму не наладжваў экзаменаў, не рабіў допытаў − яго адразу паставілі разабраць накатнік саракапяткі, і ён раскруціў усе яго гайкі. Пасля ён рабіў звычайныя слясарныя работы, выконваў, што загадвалі, асаблівага кантролю за работай не было, давяралі так, а як усё тое напраўду выходзіла ў яго, ведалі толькі агневікі ў батарэях. Але агневікі былі далёка, на перадавой, гарматам, апроч як ад ягоных рук, перападала яшчэ ад мін, танкавых балванак і бомбаў, дабівацца якасці і падазраваць не было калі і не было каму. Рыбчонак ужо акрыяў духам, чаму-колечы і падвучыўся ў майстэрні. Жыццё ў дывізійным тыле пасля ротнага ланцуга было спакойным, сытым і вольным.
Але ўсё добрае рэдка і каротка. Прыйшла бяда − наступленне, і ён зноў спатрэбіўся тут, у аслабелым, парадзелым авангардным батальёне. Аднойчы начальства ператрэсла тылы, і артмайстар Рыбчонак не паспеў, як кажуць, міргнуць вокам, як зноў апынуўся ў стралковай роце ў самы для яе цяжкі час…
…Ішоў пякельны, поўны нязносных пакутаў час, Рыбчонак слабеў, немцы болей не з’яўляліся тут, распластанае на лёдзе Рыбчонкава цела дрыжэла ад сутаргаў, болю і сцюжы. Смерць была блізка, яна ўсё настойліва падкамячвала пад сябе ягонае цела, нішчыла жыццё болем, ад пякельных кашмараў мутнела свядомасць. Часам ён забываўся, дзе ляжыць і што сталася з ім. Угары гарэла нейкая вельмі яркая зорка, час ад часу яна напамінала пра тое, што ён не пераступіў яшчэ таго апошняга парога, за якім была адвечная пустка. Ён то абуджаўся, то зноў заміраў, у разгарачанай свядомасці таўкліся прывіды, пасля з’яўляліся выразныя думкі і зноў пачыналася немаведама што. Здавалася Рыбчонку, што ён імчыцца некуды ў цемры, што хтосьці крычыць у ім, спрачаецца, скуголіць і гамоніць-скардзіцца ўрыўкамі ягоных фраз-думак.
Але смерць чамусьці не спяшалася так, як спярша здалося яму. Жыццё ўсё яшчэ змагалася з ёю, і часам Рыбчонак думаў, а можа ён выжыве. О калі б выжыць! Хоць бы пажыць яшчэ трошкі, хаця б некалькі тыдняў! Ён ужо згодны быў застацца ў роце, кожнага дня пакутваць пад лютым нямецкім агнём, мерзнуць, не спаць, галадаць, толькі б пажыць яшчэ з год, паўгода, месяц. Навошта ўсе тыя яго хітрасці, усе захады за ўсё жыццё, калі такі заўчасны і такі недарэчны канец? Ад роспачы, крыўды і па-ранейшаму пякельнага болю ён застагнаў глуха, цягуча, хрыпата, яго маглі ўчуць немцы, але цяпер гэта ўжо не мела значэння.
І раптам, здалося яму, сапраўды яго ўчуў нехта, нехта зводдаль ціха знаёма паклікаў:
− Гэй! Хто тут?
Рыбчонку здалося, што яго аж ускінула ад радасці − то былі свае, родныя, дарагія рускія людзі − яны выратуюць, дапамогуць, яны не аддадуць яго смерці. Раптоўна падзесецярылася ў ім прага да жыцця і надзея, ён зварухнуўся і прастагнаў гучней, чым усе разы, з прыцятым унутраным крыкам:
− О-о-о-ох!
Яго ўчулі, нехта затупаў па лёдзе сюды − усё бліжай і бліжай, Рыбчонак яшчэ застагнаў і знямог − ад радасці, палёгкі і напружанай балючай надзеі…
Да часу атакі заставалася яшчэ некалькі хвілін, як на КП пачулі шалёную страляніну ў баку шостай роты. Адчуўшы,
што здарылася штось нечаканае, Васілевіч паўслухоўвася з хвіліну, потым устаў з долу і паспакайнелым голасам коратка кінуў Сахно:
− Я − туды! У шостую роту.
Сахно не запярэчыў і не пагадзіўся − ён ваўкавата змоўчаў, седзячы на краі варонкі. Люся варухнулася, паімкнулася наперад, бы хочучы нешта сказаць, але не сказала, толькі ўстала і зноў села ля рацыі.
Васілевіч пайшоў у цемры, натыкаючыся на нябачны ў доле нізкарослы хмызняк і ўглядаючыся ў той бок, дзе ва ўсю моц гулка грахалі чэргі, мігалі, пырскалі агнём ракеты − відаць, там сталася нешта нядобрае, і трэба было спяшацца. Вядома, Жаркоў быў някепскі сяржант, Васілевіч ведаў яго даўно і спадзяваўся, што ён не наробіць якога глупства, але ўсё ж ён быў толькі сяржант, а абстаноўка складвалася без асаблівых надзей на ўдачу.
Ён ішоў адзін. Ардынарца ў яго не было ўжо некалькі дзён (параніла, і ён адправіў яго ў медсанбат), браць якога салдата з роты цяпер, калі так дораг там быў кожны баец, ён не хацеў і таму абыходзіўся адзін з сувязнымі і Люсяй. Цяпер жа, зняты з камандавання, ён страціў і тых і ішоў адзін − пасунуў толькі кабур з «ТТ» бліжэй да спражкі і адклаў каўнер паўшубка, каб лепш было чуваць навакол.
Немцы ажно шалелі − усё кідалі за пагоркам у чорнае неба зіхатлівыя гранкі ракет, ва ўсю трашчэлі кулямётныя чэргі, мільготкія трасы, апярэджваючы прыглушаны зводдаль грукат стрэлаў, сям-там імкліва выскоквалі з-за хмызняку і агністымі пісягамі праразалі зорную цемру ночы.
Хоць капітан і супакойваў сябе, але ўсё ж прыкметна і міжвольна нерваваўся ад усяго, што сталася ў гэтую ноч, і цяпер ішоў, слепа дзёўбаючы ботамі ў хамлакі змёрзлай травы. Ён быў невясёлы і думаў, што людскія хібы − упартасць, самалюбства, пагоня за асабістым, пэўна, яшчэ доўга будуць прыносіць людзям вялікую шкоду. У каторы ўжо раз прыпаміналіся яму мудрыя словы яго старэнькага настаўніка, пасля калегі − Рыгора Іванавіча, чалавека, які нейкім чынам па-свойму аформіў шмат што ў яго, Васілевічавым характары, светапоглядзе, адчуваннях. Ён сказаў некалі: найгоршае хіба нясе чалавек, калі ён дабіваецца ад людзей нечага ў сваю карысць. Гэта злачынства.
То была праўда. І яшчэ казаў некалі Рыгор Іванавіч, што каб зразумець сутнасць сябра, трэ дачакацца, калі стане ён тваім начальнікам. Сёння акурат вось здарылася, што Сахно з сябра стаў нейкім чынам яго камандзірам, і вось цяпер толькі праявіўся ў поўнай меры ўвесь яго чалавечы склад. Васілевіч адчуваў, што для таго, каб утрымацца неяк на той ступеньцы, на якую выпадкова паставіў яго камандзір палка, Сахно не спыніцца ні перад чым, ужо тут ён забудзе, відаць, і на іх сяброўскія адносіны, і на тую цану, якой можа абысціся батальёну гэтае яго павышэнне.
І тым даражэй быў Васілевічу даўні, але незабыўны прыклад Рыгора Іванавіча, які ніколі не рабіў таго, што хоць бы ўскосным чынам несла карысць перш за ўсё яму, або таго, што пярэчыла яго перакананням. Калі ён патрабаваў бездакорнага ведання гісторыі, якую выкладаў, дык вучні разумелі, што гэта патрэбна ім самім, гэта не тое, што Вольга Наумаўна, іх класны кіраўнік, якая крычала калі ў канцы чвэрці: «Вы можаце сабе не цікавіцца, калі такія ёлупы, але вы здайце; мне ацэнкі патрэбны, а то паспяховасць завалілі: найгоршы клас у школе». Тое не дапамагала, як не дапамагалі і ўшчуванні, калектыўныя і індывідуальныя, вучні бачылі, што паспяховасць патрэбна была Вользе Наумаўне болей, чым ім, і не вельмі хацелі вучыцца дзеля такой крыклівай кабеты.
Колька Васілевіч пяць год з хлапчукоўскай улюбёнасцю адносіўся да гэтага старэнькага, трохі нехлямяжага з выгляду чалавека, у пацёртым пінжачку, які ён бачыў на настаўніку з пятага па дзясяты клас, адзінокага, трошкі разгубленага, трошкі буркатлівага, але па сутнасці вельмі добрага і разумнага глыбокім розумам чалавека, які шмат ведаў, шмат перажыў і шмат перадумаў.
Пасля, калі Васілевіч стаў Мікалаем Пятровічам, маладым выкладчыкам фізікі, ён яшчэ болей прывязаўся да свайго старэйшага калегі, іх нешта блізіла ў двуадзіным імкненні пазнаць і перадаць складаную мудрую сутнасць жыцця. Яны разам сыходзіліся калі ўвечары, Рыгор Іванавіч любіў пачаставаць маладога госця чаркаю нейкай наліўкі, што пахла чамусьці валяр’янавым каранём, і яны гутарылі. Маладыя яго сябры і сяброўкі-настаўніцы, якія болей бавілі час у местачковым ДСК або ў сваіх маладзёжных кампаніях, дзіваваліся і насміхаліся з двух кніжнікаў, ды Васілевічу гэта было няважна. Заўжды, праседзеўшы вечар у не дужа прыбраным пакойчыку за абсыпаным попелам сталом, ён выходзіў з цяжкой галавой ад супярэчлівых, складаных і вельмі турботных думак, пытанняў, адказу на якія часта не давалі ні кнігі, ні людзі, ні, здаралася, і сам Рыгор Іванавіч. Адказы на шматлікія пытанні жыцця Васілевіч дадумваў сам у доўгія халасцяцкія ночы. Гэты звычай захаваўся ў яго на ўсё жыццё, і за тое ён навек быў удзячны Рыгору Іванавічу.
У трыццаць сёмым яго не стала. Знік Рыгор Іванавіч у цёмную вераснёўскую ноч, пакінуўшы пасля сябе перавернутую мэблю, параскіданыя паперы і ўзадраную падлогу. Голда Меерсон, даўнішняя яго кватэрная гаспадыня, прыбегла ўранку ў школу і, плачучы, расказала, што адбылося ўночы. Тады ж яна пад вялікім сакрэтам паведаміла збянтэжанаму Васілевічу, што, ідучы ў машыну, Рыгор Іванавіч прасіў перадаць маладому сябру, што ён ні ў чым не вінаваты і хутка вернецца.
Але вярнуцца яму не давялося ні хутка, ні праз доўга, і ніхто не дазнаўся ніколі, што здарылася з ім і ў чым усё ж правінаваціўся ён. Васілевіч некалькі месяцаў пасля таго хадзіў як дурны, галава яго, здавалася, распухла ад думак, ён ніяк не мог сумясціць у сабе два такія несумяшчальныя паняцці, як Рыгор Іванавіч і тыя два недарэчныя словы, што да яго прышпілілі. Але тая акалічнасць, што стары гісторык не вярнуўся, наводзіла яго на сумныя думкі і падрывала доўгую і вельмі трывалую веру ў яго. Меркаваць у гэтае справе чаго іншага Васілевіч не мог і не ўмеў, і спатрэбілася некалькі год, каб малады настаўнік шмат што зразумеў, пераацаніў і стаў такім, якім ён быў у гэты цяжкі час вайны, калі людское жыццё стала такім танным. Васілевіч быў цвёрда перакананы, што, нягледзячы на такое багацце смерцяў, усё ж самым дарагім было людское жыццё і што толькі адзін від смерці мог апраўдаць яе − гэта смерць за жыццё, смерць за людскія жыцці і ў самым неабходным выпадку.
Ззаду ўспыхнула чырвоная ракета − гэта Сахно даў сігнал атакі, і амаль адначасна чыхнулі збоч батальённыя мінамёты. Цераз паднябессе заскуголілі міны; барвовыя водбліскі ракеты цьмяна слізганулі па вяршалінах хмызняку і зніклі, уступіўшы магутнае сіле начной цемры. «Было б болей мін − лягчэй бы дасталася стралкам, − думаў Васілевіч. − Праклятыя Ручайкі: вёсачка дзесяць хат, а колькі клопату. І Патапенку шкада, добры быў ротны…»
Але дзе ж рота? Васілевіч прытупаў па раллі да некалькіх свежых акопчыкаў на ўзгорку, яны былі пустыя. Нямецкія кулямёты ў вёсцы ўсё білі некуды ў балацявіну ўнізе. «Няўжо Жаркоў атакаваў да часу?» − падумаў капітан, услухоўваючыся ў недалёкую бойку. У яго быў чуйны да рознагалосіцы бою слых, але цяпер Васілевіч не пачуў там ніводнага стрэлу нашае зброі, чамусьці маўчаў і «гаруноў». І ўсё ж ён падумаў, што рота, відаць, была там.
Насцярожана прыслухоўваючыся да наваколля, ён хуткім крокам пасігаў уніз па адхоне. «Трэ хутчэй дабрацца… Што там нарабіў гэты Жаркоў?» − трывожна думаў камбат. Ён натрапіў на нейкую аўражыну, зарослую хмыззём, у ёй чарнела асабліва густая цемра і недзе на схіле невыразна бялеў лапік снегу. Васілевіч ужо сунуўся туды, ухапіўшыся за падмёрзлае, крохкае суччо, як пачуў непадалёк прыцішаны голас і крокі людзей. Ён прытаіўся і на момант адчуў у сабе прыкрую думку, што, мабыць, Жаркоў не апраўдаў надзеі, пэўна, паразгубляў людзей, розных сувязістаў і абознікаў, і цяпер сарве атаку. Але затым раптам раздалася вельмі ўжо выразнае, такое катэгарычна варожае «Хальт! Хальт!», і ўдарыў аўтамат. Гэта было блізка, праз якіх сто крокаў. Васілевіч выпусціў з рук сцюдзёную галінку, прыгнуўся, нетаропка, стараючыся як мага цішай, дастаў пісталет і стаіўся. Аўтамат з цемры даў некалькі таропкіх чэрг, але куль наўкола не было чуваць (значыць, білі не ў гэты бок), затым зусім нечакана і жахліва ў лапоткім грукаце стрэлаў завыў немы жахлівы крык. «Што? Хто гэта? − сцяміўшы небяспеку, трывожна здзівіўся капітан. − Чаму тут немцы?..»
Чаму яны апынуліся тут, у тыле шостае роты, было невядома, але тое, што гэта стралялі яны, было пэўна. Неўзабаве яны пратупалі па раллі ля аўражка, некуды ўгору − на фоне зорнага неба Васілевіч убачыў некалькі іх насцярожаных постацей з аўтаматамі ў руках. Затым зноў стала ціха.
Здаецца, прыціхла і ў вёсцы. Стрэлы яшчэ бахалі, але кулямёты прымоўклі, і Васілевічу раптам здалося, што Жаркоў з ротай ужо ў вёсцы. І ў той жа час незразумела было, чаму тут апынуўся нехта з яго байцоў, на якога наткнуліся немцы. «Можа, паранены?» − падумаў капітан і, хапаючыся левай рукой за хмызняк, з пісталетам у правай пачаў спускацца ў аўражыну.
Ён скочыў у самае дно і, мінаючы хрупасткія рэшткі снегу, абдзіраючы аб голле твар, пайшоў ля ручая ў той бок, дзе нядаўна закрычаў чалавек. Увесь час капітан адчуваў, што здарылася нешта няпэўна-кепскае, і за ім, відаць, здарыцца горшае, што сунутая ў зубы ворага жменька-рота не прынясе батальёну ўдачы. І яму было вельмі-вельмі прыкра ад усяго, што здарылася ў гэтую ноч, і асабліва ад свайго камандзірскага бяссілля.
Па аўражыне ён выйшаў на балацявінку, пасунуўся між кустоў па лёдзе і ўслухаўся. Здаецца, хтось прастагнаў. Ён яшчэ прайшоў трохі і яшчэ ўслухаўся. Над вёскай гарэлі ракеты, але іх дрыготкае святло толькі блытала ў хмызняку цені і не асвятляла долу. Тады ён ціхенька паклікаў, раз і другі, і праз секунду пачуў непадалёк глыбокі нутраны стогн.
Паранены на спіне ляжаў пад купінай на лёдзе і слаба варушыўся, рэагуючы тым на дапамогу. Васілевічу здалося спачатку, што гэта афіцэр у паўшубку, ён нахіліўся да яго − не, то быў незнаёмы баец без пагонаў і без рамяня. Убачыўшы капітана, ён, відаць, пазнаў яго, ціха застагнаў і прамовіў:
− Ох!.. Таварыш камбат… ратуйце…
− Хто вы? − запытаў капітан.
− Ой, спіна!.. Спіна, ой! − прастагнаў Рыбчонак. − Пабілі ўсіх.
− Каго пабілі? Дзе рота?