− Гэй, ты што?.. Га?.. Чаго?
Рукі яго задрыжэлі, калені ўраз аслабелі, ён ухапіў земляка за плячо, перавярнуў яго падаткае, незразумела абвялае цела на бок, стрыжаная галава без шапкі важка і бяссільна перакацілася ў цвёрдым доле, і ў чорнае неба вытырклася вострая нерухомая ўжо сківіца.
− Чаго ты?.. Што табе?.. Што?.. − гукаў Тарасікаў, пакуль не згледзеў на сярэдзіне ягонага лба цёмную мокрую плямку.
− Братка, што ж гэта ты?.. Як жа гэта? Хто ж цябе так? − дрыготкім роспачным голасам шаптаў Тарасікаў і думаў:
«О, божухна, забіла! Як жа гэта ў яго трапіла? Чаму ж я яго не пусціў пакурыць!.. Праклятае ліха − ён жа адчуваў, мабыць, сваю пагібель і прасіўся, а я… От горачка!..»
Але перайначыць ужо нічога нельга было. Тарасікаў пасядзеў так, збіты з панталыку недарэчнаю смерцю таварыша, і адпоўз на крок у сваю ячэйку.
Хлопцу зноў стала вельмі ніякавата і вельмі адзінока і боязна. Лежачы ля кулямёта, ураз змаркатнелы, ён раз-пораз пазіраў то наперад, то па баках, то на мёртвага земляка і думаў: «Як жа яго прозвішча? Хоць бы спытаў, як прозвішча! Ах, зямляк, зямляк! Нашто ж ты пайшоў за мной, нашто слухаўся? Прывёў я цябе на пагібель сюды…»
Толькі што пераможанае нешта ў сабе дало яму апору, ужо з’явілася ўпэўненасць ў сабе і знікла адзінота, знайшоўся таварыш у нялёгкае яго справе, і раптам драпежны вайсковы лёс адабраў яго. І зноў рынулі ў хлопцаву душу пакуты.
Але калі пойдзе бяда, адчыняй шырай вароты, кажа народная прымаўка. Не паспеў яшчэ Тарасікаў хоць крыху ачуняць ад гэтай свае бяды, як ззаду, за балацявінай раптам загрукацелі аўтаматы, ірванула граната, а пасля раздаўся здзічэлы ад жаху чалавечы крык. «Немцы! − мільганула ў хлопца здагадка, ад якой пахаладзела ўнутры. − І ў тыле немцы!..»
Адзін з двух, каго паўгадзіны таму ўбачыў на лёдзе Жаркоў, быў радавы Рыбчонак.
Ён упаў тут, як толькі першыя кулямётныя трасы пранізалі ноч, − упаў, дзе бег, на лёд ля кустоў, сцяўся ўвесь, задрыжэў ад неспадзёўкі і першаю яго думкай было: «Прапаў!».
Рыбчонак сапраўды быў прыглушаны мінаю і не прыкідваўся, калі перапытваў, бо недачуваў. Каманды Жаркова ён не пачуў зусім, але пад святлом ракет неўзабаве ўбачыў, што байцы перапаўзлі да ўзмежку. Ля яго ўжо не было нікога, адзін толькі паранены незнаёмы сувязіст жахліва стагнаў, бы прыдушаны, − выціскаў з грудзей натужна-недарэчнае «а-а-а-а-а!.. а-а-а-а-а!..». Ён ужо бадай што не кратаўся, не клікаў на дапамогу, і Рыбчонак не дужа і звяртаў на яго ўвагу. Абвостраным чуйным пачуццём баец адразу згадаў, што і другая атака «лопнула», што яны зноўку трапілі ў бяду ды яшчэ горшую, чым першы раз, бо адступаць цяпер, калі ўжо дабраліся сюды, яны не маглі. І ён адчуў блізкую пагібель над сабой. Крыху ажывеўшы праз хвілін пяць, хацеў падацца ў кусты, назад, але там гуляла траскоцце ад разрыўных, а наперадзе праз пяцьдзясят крокаў быў узмежак. І, пакінуўшы на лёдзе нерухомае, ёнклівае цела сувязіста, Рыбчонак у кароткі між дзвюма ракетамі прамежак цемры хуценька падпоўз туды, дзе ляжалі ўсе і, як і ўсе, падбіў галаву пад узмежак.
Так ён ляжаў, мусіць, доўга.
Немцы абрушылі на гэтае невялічкае сховішча пякельны агонь, і ў Рыбчонка расло перакананне, што наперад ім дарогі не будзе. Ён пачаў чакаць таго моманту, калі хто першы кінецца назад, бо, думаў ён, і тут, на ўзмежку, ляжаць нельга − спакваля іх пераб’юць па адным. Ён ужо шкадаваў вельмі і лаяў сябе за тое, што не застаўся ў кустах, усё ж там было далей ад гэтага пекла і, можа, як-небудзь пашанцавала б уратавацца.
Але назад ніхто не ўцякаў. Аднойчы па ланцугу, лаючыся, прабег апантаны Жаркоў, пасля ён упаў і прапаў недзе, і ў Рыбчонка разам з устрывожанасцю з’явілася і кароценькая помслівая злараднасць − так яму і трэба! (Ён быў злосны на сяржанта, што той не дазволіў яму пайсці ў санчасць.) Хоць бы на адну ноч, на адну толькі жахлівую ноч вырвацца з гэтае роты, у якую яго ледзьве не сілком зацягнуў вайсковы лёс, а там, можа б, як і ўдалося выжыць… Але менавіта вайсковы лёс прыпёр цяпер яго да вялізнай нябачнай сцяны смерці, якая няўхільна паўстала на яго жыццёвым шляху, і Рыбчонка ахапіў жах блізкай пагібелі.
Так, лежачы пад узмежкам, прыдушаны сваімі пакутамі, Рыбчонак раптам заўважыў, што варожы агонь пацішаў, перасталі трэсці зямлю мінныя выбухі, змоўклі бліжнія кулямёты, недзе знікла буйнакаліберная цяжкая тарахцелка, што біла з фланга. У святле чарговай ракеты ён ціхенька прыўзняў голаў і ўбачыў, як нехта сігануў цераз узмежак пад плот, іншыя, відаць, ужо раней паўставалі і падаліся наперад, і цяпер тут паблізу не было нікога.
Значыць, усё ж пайшлі? Пайшлі ў атаку, туды, у новае пекла, бліжэй да ворага. Гэта зноў пасля кароценькай палёгкі засмуціла Рыбчонка. Як добра было цяпер кінуцца ў кусты, назад, далей ад гэтага ліха! Але ўцячы, ведаў ён, было нельга. У тыле для яго, здаровага, месца няма, там начальства, заградатрады, трыбунал і штрафныя роты. Трэба было неяк хітрыць, выкручвацца, быць тут і ў той жа час з усіх сіл ратаваць сябе − ратаваць, каб выжыць, не зважаючы ні на што.
Калі стала цёмна, ён устаў, пралез пад плот, трошкі прабег па гародзе. Нідзе нікога не было чуваць. «Ці, можа, пабіла, ці ўжо так далёка адбегліся?» − падумаў Рыбчонак. Але агонь сапраўды стаў рэдкі, напэўна, перадавое нямецкае ахраненне адышло і дало магчымасць нашым падысці бліжай да вёскі. Рыбчонак, прыгнуўшыся, яшчэ падбег крыху і ўпаў, пільна ўзіраючыся ў цемру і вельмі асцерагаючыся нарвацца дзе на якое ліха.
Так ён перабег вузенькую палоску гарода, пераскочыў яшчэ адзін узмежак, наперадзе на фоне зорнага неба з’явіўся хмызнячок, пэўна, які садок ці вішэннік. Здалося яму, там нехта варухнуўся, адпаўзаючы. «Добра, − падумаў Рыбчонак, − хай ідзе першы, я за ім». Самае непрыемнае ў атацы было ісці наперадзе ўсіх, нават на крок, на паўкрока першым, і чым далей ззаду ад іншых, тым было лепей. Рыбчонак заўжды вельмі дбаў, каб неўпрыцям не апярэдзіць каго, бо першаму − першая куля, першы − гэта пэўны смяротнік.
Паляжаўшы крыху, ён падумаў, што трэба яшчэ трошкі прабегчы, каб лепей бачыць таго, у вішэнніку, і кіраваць за ім. Калі той падасца наперад, тады пабяжыць і ён, калі той будзе ляжаць, не ўстане і Рыбчонак. Той, наперадзе, будзе яго заслонай.
Але раптам сталася штось нечаканае. Варта было яму ледзь варухнуцца, устаючы, як з цемры вішэнніку бліснула, нешта коратка ірванула паветра над яго галавой і адначасна тузанула шынель на спіне. На лапатцы адразу запякло, нейкая мокрая цеплыня заказытала цела пад вопраткай. Рыбчонак спачатку жахнуўся, а пасля ўліп у зямлю, прыціснуўся, стаіўся і, здаецца, ажно заплюшчыў вочы. Ён яшчэ не зразумеў, як трэба, што сталася, але ў прадчуванні нечага велізарна важнейшага на нейкі час, здаецца, перастаў дыхаць.
«Паранены!» − як выбух, пыхнула ў галаве першая думка, і Рыбчонак з нечалавечым імпэтам крутнуўся на доле. Пакінуўшы, дзе ляжаў, вінтоўку, ён паўзком сунуўся ў цемру. «Паранены! Паранены!» − вялізная шчаслівая ўзнёсласць апанавала ўсю яго істоту. Цяпер канец пеклу, смяротнай пагрозе, страху і пакутам − цяпер ён вольны, няхай нават скалечаны, няхай баліць − усё гэта драбяза перад вялізнай раптоўнай надзеяй − выжыць! На спіне, недзе пад вопраткай распаўзаліся струмені крыві, пякло, ірвала лапатку, але ў сярэдзіне вялікага болю не было, рукі і ногі дзейнічалі, і Рыбчонак ірваўся цераз глыжы, далей ад гэтага жахлівага рубяжа, туды, наперад − назад, у выратоўчую цемру.
Праз колькі хвілін, скульнуўшыся на галаву з узмежка, ён пачуў ззаду стрэлы і азірнуўся − не, гэта не ў яго, гэта той з вішэнніка біў некуды ўбок. У цемры паблізу затупацела нешта, пасля хтось заенчыў, пэўна, падстрэлены. Адсюль, з-за ўзмежка, Рыбчонку можна было б зняць таго немца-аўтаматчыка, але ён аж спалохаўся гэтае думкі − яшчэ самога заб’е! Ён рады быў вялізнай раптоўнай радасцю, што выжыў, што займеў нарэшце пэўнае права на паратунак, што цяпер ён паўнапраўны хадок у тыл, дзе было жыццё, шпіталь, чыстая бялізна, спакой і клопаты аб ім многіх людзей. Да д’ябла гэтае пекла, кроў і смерць, ён адваяваў сваё. Хоць на адну ноч, хоць на гадзіну, толькі б далей адсюль і жыць, жыць…
Той, што заенчыў у цемры, неўзабаве і сціх, і Рыбчонак, прадзіраючы на жываце лейтэнантаў паўшубак, па-пластунску шыбаваў далей. Урэшце ён дапоўз да ўзмежка з плотам, адкуль яны ўставалі ў атаку, пераваліўся цераз яго і тут толькі трошкі адпачыў. Тут ён падумаў, што трэба было б узяць вінтоўку, бо ў тыле могуць спытаць, дзе яго зброя, але пасля рашыў − чорт з ёй! Урэшце, можна знайсці вінтоўку ў балацявіне і далей, скрозь поўна забітых, яшчэ не было чаго − вяртацца ў тую ліхасць! На лапатцы ўжо вельмі пякло і балела, але ўнутранасці, напэўна, уцалелі, і Рыбчонак адчуваў сябе, як заўжды, − спрытным і дужым. Праўда, цякла кроў, ужо прыліпала да цела сарочка, толькі і гэта не дужа непакоіла чалавека. Не бяда, што кроў − можа ж, не выцячэ ўся. Толькі б хутчэй у тыл, у санчасць, медсанбат, там зробяць пераліванне, аперыруюць, усё будзе найлепшым чынам, трэба толькі вынесці адсюль ногі.
Там, ззаду, адкуль ён выпаўз, сям-там тарахцелі і пырскалі агнём чэргі, але ў балацявіне куды як пацішала, і Рыбчонак,
прыгнуўшыся, рухава пусціўся да гэтай апошняй небяспечнай мясціны. «Паранены! Паранены! − свідравала яго адчуванне шчаслівая думка. − Паранены ў баях за радзіму, у часе атакі!» Цяпер ён адчуваў, як вырас сам ва ўласных вачах, і зразумеў, што кошт ягонага жыцця патроіўся. Толькі б далей адсюль, толькі б далей!..
Ён перабег падзёўбаны кулямі ўскраек балота і апынуўся ў хмызняку. Тут яго ўжо ніхто не спыніць, не верне, і яму няма чаго хавацца ад каго, ён паранены і законна ідзе ў тыл, у шпіталь. Толькі хутчэй, хутчэй! І ён бег між хмыззя па аплюханым гразёю лёдзе, не дужа ўглядаючыся ў дарогу і адно асцерагаючыся толькі, каб не трапіць у якую калдобіну.
І ўжо так блізка быў паратунак і з ім усё, аб чым марылася, што несла найвялікшае зараз шчасце − жыццё. Ён ужо мінуў балацявіну, выбег з кустоўя, далей пралегла ў цемры чорная ралля касагора, па якой яны тройчы пратупалі туды і назад. Пасля коўзкага лёду на ўскрайку балота гучна зашархацеў пад ботамі снег, і скрозь гэты шорхат Рыбчонак раптам учуў людзей. Ён не паспеў яшчэ ні згледзець іх, ні нават сцяміць, ішлі яны ці сядзелі, як з цемры прыцішана і жахліва гыркнулі варожыя і такія недарэчныя цяпер воклічы:
− Хальт!.. Хальт!..
Рыбчонак ад жаху прысеў, на момант здалося яму, што гэта нечы легкадумны недарэчны жарт, але затым перуном ударыла ў сэрца здагадка: «Немцы!» Яны раптоўна абрынулі на яго пагібель, ушчэнт разбівалі ўсе яго мары і так недарэчна неспадзявана апынуліся тут, што ён раптам, згубіўшы ў сабе чалавека, як падбіты мядзведзь, зароў немым роспачным крыкам, скочыў назад, убок, і з нечалавечаю сілай рвануўся ў хмызняк. Наўздагон адразу ж лапотка ўдарылі чэргі, кулі тузанулі полы шыняля, тупою агнянай пікай ударыў у паясніцу пякельны боль, ён пранізаў усё цела, ад пят да галавы, і Рыбчонак з разбегу пляцнуўся ў куст хмызняку. Спотырча ён праляцеў скрозь яго, выцяўся аб лёд галавой і спіною саўгануўся па лёдзе. Каска, парваўшы падбародны раменьчык, коса пакацілася па лёдзе, жахліва забразгаўшы ў густой ціхай цемрадзі…
Ужо не было думкі: «Прапаў» − не было наогул ніякае думкі, адзін толькі боль, вялізны і нясцерпны, упіўся сваімі кіпцюрыстымі лапамі ў скрываўленае Рыбчонкава цела. Ён трохі адпоўз з таго месца, дзе ўпаў, падсунуўся да купіны з паламанай альхою, з усяе сілы зацяў у сабе дыханне, намагаючыся стрымаць, сцішыць тым боль, з якім нельга было жыць.
У кустоўі па лёдзе нехта прабег, гулка лязгаючы абцасамі. «Немцы!» − абыякавы ўжо да ўсяго, адзначыў Рыбчонак. Ад стомы і болю грудзі яго раздзірала неадольная горыч, кожны рух, уздых, нават думка скразным болем аддаваліся ў жываце і ў паясніцы. Не стрымаўшыся ад гэтага болю, Рыбчонак застагнаў − кораценька, ціха і вельмі пакутна.
Толькі цяпер ён зразумеў, што ўсё ўраз перавярнулася ўгору дном, што ззаду і наперадзе немцы, а ў яго рана і боль, якія наўрад ці пакінуць яго ў жыцці. Гэта быў канец, пакутны жахлівы канец яго дарагога, адзінага, самага неабходнага жыцця, якое вось-вось абарвецца і болей ніколі, нідзе, ні ў кога не паўторыцца. Агнянай пякельнасцю ўзнялася ў пачуцці жаласць да сябе, шкадаванне і позняе раскаянне − што даў гэтак неразумна ашукаць сябе, што не знайшоў якога лепшага спосабу ўратавацца. Гіне ён у гэтым балоце, пагінуць і тыя, што яшчэ засталіся ў вёсцы, бо немцы акружылі ўсіх іх, заманілі ў гэтую пастку. Цяпер усё. І хай! Загіне Рыбчонак, і яму
не шкада нікога, няхай цяпер увесь свет ляціць у тартарары, цяпер ужо нічога не мела ніякага сэнсу…
«Але як жа гэта?.. Як?.. Чаму?.. − неўзабаве слупам паўстала ў галаве неўразумелае запытанне. − Чаму так недарэчна, так няўдала, так рана і так балюча?..»
Ён хацеў сказаць сабе, чаму так недарэчна ён гіне тут, калі заўсёды так дбаў пра сваё жыццё і больш за каго іншага зрабіў для яго паратунку? Хіба ён не бярог сябе, хіба не туліўся да самай зямлі, хіба не хітрыў, не выкручваўся, як толькі можна было, каб зрабіць як лепей для сябе, для свайго жыцця − ніколі не лез на ражон, а так ціхенька, хітравата, можа, не заўжды сумленна, але затое і без вялікае шкоды для іншых. Шкоды нікому ён не хацеў і нават тады, калі ў чым была маленькая выгода яму, але што ж зробіш, калі ў жыцці ўладкавана так, што добрае сабе можна прыдбаць, вельмі часта падсунуўшы благое іншым…
Недзе бліскалі-гарэлі ракеты, іх белае святло торапка блукала між кустоў па ледзяным доле. Зверху праз суччо хмызняку блішчэла палавінка месяца і гарэлі, сноўдалі, іскрыліся пазімоваму яркія зоркі − яны поўніліся сваім адметным ад зямлі клопатам, у іх была там суладнасць, згода, поўныя вялікага незямнога сэнсу…
Рыбчонак ціха енчыў ад болю, сутаргамі біўся на лёдзе, і ў яго тлумам затуманенай галаве снавалі, жылі і біліся ў роспачнай безадказнай маўклівасці вялікія зараз думкі-пытанні: чаму? і за што?
Чаму гіне іменна ён, малады і здаровы дваццаці шасці год чалавек, які толькі яшчэ пачаў ладзіць сваё жыццё, свой дабрабыт і так многа яшчэ не пазнаў, недалюбіў, недагуляў, недабачыў… Дзе ён зрабіў памылку, на чым пакаўзнуўся, што не выканаў з мудрых бацькавых наказаў, такіх, накшталт:
«Заўжды кумекай, як жыць», «Не глядзі, што людзі кажуць, глядзі, што робяць», «Слухай усіх і нікому не вер», «Усё, і благое, і добрае намотвай на вус, тады будзеш як туз».
Такое гэта было тады шчаслівае і далёкае жыццё: бацька яго працаваў на гарбарным заводзе і зарабляў някепска. Але тое, што было атрымана па ведамасці, складала толькі пэўную долю з прыбыткаў іх гаспадаркі, якая складалася з хаты, абшаляванай у елачку, гарода з садком, раўка, на якім яны збіралі капешкі са дзве сена для сваёй каровы. Яшчэ нейкую і немалую долю іхняга бюджэту бацька здабываў таемна. Рыбчонак і дагэтуль не ведаў усяго, але памятаў, што ў бацькі заўжды было некалькі вельмі патрэбных сяброў, якія любілі выпіць, з імі «за кампанію» піў і бацька, гэты скупы скнарлівы чалавек прапіваў часам і свае грошы. Але малады Рыбчонак ведаў, што бацька п’е не так сабе, што ён п’е з людзьмі, якія былі патрэбны яму. Яшчэ дзіцём Рыбчонак даведаўся, што ўсе людзі дзеляцца на патрэбных і нікчэмных. Патрэбных бацька прыводзіў дадому, матка пякла ім яешню, патрэбным ён ірваў у садку кошыкі яблык і сам адносіў у пэўныя адрасы. Непатрэбныя боязна ўваходзілі ў брамку, дзе іх сустракаў звяглівы Валет, бацька, перш чым падысці і абараніць іх ад сабакі, бубніў пры сабе кепскія словы. Непатрэбнымі людзьмі былі шмат якія суседзі, ад якіх яны адгароджваліся высокімі з калючым дротам платамі, некаторыя рабочыя з завода, а таксама матчына цётка Галена і яе дачка Зоя, што некалькі з ім вучылася ў гарадскім тэхнікуме. Спачатку Зоя жыла ў іх, а затым перайшла ў інтэрнат, і калі часам наведвалася да іх, бацька кожнага разу хмурыў бровы і маўчаў. Аднойчы яны прыйшлі ўдзвюх з Галенай (тая была з вёскі), цётка прынесла гасцінцаў − кілбас, сала, сыр, загорнуты ў вільготную анучку, бацька павесялеў трохі, лагодна развітаўся, а пасля, калі праводзіў сваякоў за брамку, заклапочана шкрэб за вухам і пытаўся ў маці:
− Чаго б гэта Галена раздобрылася? Няйначай, прасіць што будзе? Нездарма гэта − ласункі.
Галена аднак болей не прыйшла да іх, паехала некуды на працу і Зоя, а Рыбчонак доўга чакаў, калі ж гэта высветліцца, чаго таемна дабівалася цётка. Але чакаць ім давялося марна.
Жылі яны моўчкі, сквапна да ўсяго, што можна было ператварыць у грошы: маці кожнага ранку выпраўлялася на рынак, прадавала гародніну, малако, кветкі і з-пад палы − хромавыя нарыхтоўкі і падэшвавы тавар на боты. У іх быў лепшы на вуліцы дом, пакрыты цынкаванай бляхай, спакваля яны паспраўлялі хатнюю абставу, купілі патэфон, швейную машыну. У Рыбчонка заўжды былі цэлыя башмакі, паліто, цёплая шапка, сястра Нэля рыхтавалася замуж і накладвала ўсячынай паточаны шашалем бабін куфар.