Пасля Жыццё - Васіль Быкаў 15 стр.


Увесь час думаючы пра зброю і прыглядаючыся да людзей, знаёмых і выпадковых сустрэчных, Ступак цэлымі днямі швэндаўся па горадзе і калінікалі забрыдаў у цэнтр да рэзідэнцыі самога. Доўга стаяць там ці шпацыраваць навідавоку ў цывільных таптуноў ды міліцыянтаў было немагчыма, і ён дзелавым крокам, з заклапочаным выглядам тэпаў па адной вуліцы, пасьля па другой, скоса пазіраючы за тым што рабілася каля палацу. Пад’ездаў там было некалькі і ўсюды тырчэла ахова − у міліцэйскай форме і ў камуфляжы; унутры таксама, мабыць, былі вартавыя, туды было не паткнуцца. Але ісьці непадалёк па вуліцы пакуль што не забаранялася, і Ступак усё меркаваў-думаў: як бы падлавіць пэўны момант…

Аднойчы ён, здаецца, натрапіў менавіта на такі момант. Хоць і быў з голымі рукамі, але што-нішто згледзеў, ідучы ад метро па вуліцы ўніз. Толькі мінуў сьветлафорны пераход, як пачуў рэзкі рух ззаду − то немаведама адкуль выскачылі адзін за адным аж тры аднолькава чорныя аўтамабілі замежных марак, порстка падкацілі да прыступкаў галоўнага пад’езду − адна бліжэй да дзьвярэй, іншыя − далей, мусіць, каб прыкрыць першую ад вуліцы. З першых высыпаліся чалавек дзесяць у камуфляжы, з аўтаматамі і адразу разьбегліся абапал прыступкаў. Адначасна з апошняй машыны таропка выскачыў рослы чалавек у шэрым гарнітуры і між ахоўнікамі порсткім крокам шыбануў да дзьвярэй. Тыя нібы самі сабой расчыніліся і тут жа ляснулі ззаду за ім. Усё тое заняло некалькі секунд, за якія пешаход Ступак зрабіў усяго дзесяць крокаў.

Ён згледзеў ня шмат, аднак, то было досыць карыснае назіраньне, мабыць, кожны кілер нямала зразумеў бы з яго. Найперш тое, што ўсё трэба рабіць дужа хутка і нахабна, ня здрэйфіць у самы апошні момант, нават калі самому будзе не ўратавацца. Як ён ня здрэйфіў пад Кандагарам, калі іншыя здрэйфілі пад душманскімі кулямі. Затое ён атрымаў ордэн. Шкада, не ўдалося тады збочыць з дарогі, каб зірнуць на вынікі свае працы − хутчэй пагналі наперад. Па трафеі, як заўжды, завіталі тылавікі, якія, казалі, нямала там пажывіліся.

Адышоўшы на пару кварталаў ад рэзідэнцыі, ён зайшоў у магазін гародніны. Той быў завалены экзатычнай гароднінай − ад бананаў да авакадаў. Ён жа хацеў купіць агуркоў, ды агуркоў тут не прадавалі, і ён павярнуў назад. Толькі вышчаміўся з цесных дзьвярэй магазіна, як сутыкнуўся з мажным маладым мужчынам у моднай цяпер уніформе колеру травянога сьмецьця, з камандзірскай папругай на круглявым жываце. Ступак зірнуў у ягоны твар і аж схамянуўся: то быў Шпак, колішні яго афганскі знаёмец, з якім ён не спатыкаўся, можа, год восем.

− Ступак, прывітаньне!

− Прывет…

Яны саступілі трошкі ўбок, каб не замінаць прахожым, і Шпак прытрымаў у сваёй ягоную руку, тым даючы зразумець, што рады гэтай сустрэчы. Заняты ўласнымі клопатам Ступак увогуле быў да яе абыякавы − што яму колішні яго-

ны службовец, ці мала іх прайшло ля яго і забылася, не сустрэтых болей у жыцьці. Але, відаць, Шпак быў іншае думкі і не сьпяшаўся разьвітвацца.

− Гляджу, адразу і не пазнаў нават. Пахудзеў неяк…

− А ты, гляджу, паспраўнеў, − сказаў Ступак, пазіраючы ў цьвярды, сьвежа паголены твар Шпака. Свой твар ён не галіў, мабыць, з тыдзень.

− Дык як жывеш? Што робіш? Можа, прадпрымальнікам задзелаўся, бабкі зшыбаеш?

− Не, не задзелаўся. А ты? Ужо, мабыць, ня служыш? − пацікавіўся Ступак, павёўшы позіркам па яго новай ладнай уніформе, грубых чаравіках на тоўстай падэшве.

− Ведаеш, служу, − раптам сказаў Шпак.

− Во як! − шчыра зьдзівіўся Ступак. − У кагэбэ?

− Не, не ў кагэбэ. Бяры вышэй.

− Куды ўжо вышэй?

− А ёсьць куды. Слухай, а ты гэта… Які твой тэлефон? Трэба б сустрэцца, пагаварыць.

− Тэлефон? − прамовіў Ступак, адчуўшы пэўную няёмкасьць пры думцы пра тэлефон, да якога ён даўно не падступаўся. Але Шпак ужо расчыніў свой кейс і нарыхтаваўся запісваць у блакноце, і Ступак назваў свой ранейшы тэлефон, якім цяпер карысталася жонка.

− Я табе пазваню.

− Звані, калі хочаш.

Яны разьвіталіся, і Ступак пайшоў сабе далей, разважаючы, што ўсё ж д’ябал ці лёс сапраўды дзеляць няроўна. Нават іх, афганцаў, што выжылі ў той дзесяцігадовай вайне, быццам бы штось заслужылі, ды апынуліся ў надта розным становішчы. Ён, ардэнаносец Ступак, вярнуўся на сваю «паштовую скрынку», як і раней, укалваць станочнікам, а гэты прапаршчык Шпак, што праседзеў два гады ў Кабульскай камендатуры, глядзі куды сігануў! Вышэй чым у КДБ. У ступаковым разуменьні вышэй, чым усемагутны КДБ, не магло быць нічога, ні ў войску, ні ў мірным жыцьці, дзе непадзельна і таемна верхаводзіў КДБ. Усё вайсковае і цывільнае начальства прызначалася толькі ім ці з ягонай згоды, абмінуць у жыцьці «органы» не было дадзена нікому. Значыць, прапаршчык каменданцкае роты Шпак быў ім болей прыдатны, чым прапаршчык дэсантнага батальёну Ступак, і кожны атрымаў паводле заслугаў. Такі вось іхні афганскі лёс. Ну але хай! Хутка стане вядома, хто чаго сапраўды варты, нявесела суцешыў сябе Ступак.

Ягоны клопат, аднак, упарта не адпускаў яго ад пэўных думак пра зброю. Ён яшчэ два разы хадзіў на базар, аднойчы прашвэндаўся там да закрыцьця і пасьля яшчэ пахадзіў па задворках, сярод прыезджых грузавікоў і легкавых машынаў; доўга стаяў ля піўнога ларка, для выгляду смакуючы піва. А сам слухаў, прыглядаўся. У аднаго каўказца нават папытаўся, нібы жартам, ці няма пушкі? Але той адразу ж спалохана шаснуў ад яго − бокам, бокам і далей. Можа, гэты гандляваў наркотай і, магчыма, прыняў яго за пераапранутага міліцыянта. Таксама было небясьпечна, каўказцы маглі і прышыць.

Вяртаўся з базару позна, як летняе сонца спаўзло за невысокія дахі хрушчовак і ўвесь падворак тануў у глухой засені. Ён ціха брыў да свайго гаражу, пазіраючы на колішнія свае вокны на пятым паверсе, дзе цяпер раскашавала ягоная жонка-банкірка. Злосьці на яе ў яго не было, хоць і не зьнікала застарэлая крыўда − яна там з генеральным дырэктарам, на мяккай тахце, з ваннай і халадзільнікам, а ён туліцца ў цесным гаражы, харчуецца абы як, за ўсё лета не памыўся нават пад душам. Ён уласнай крывёй заслужыў тую кватэру, а яна дарма карыстаецца ёю. Дзе справядлівасьць?

Яшчэ здаля згледзеў ля дзьвярэй свайго гаража дзяўчынку, дачку Ленку, якая раз-пораз стукала маленькім ку-лачком ў жалезныя дзьверы, нібы там хто зачыніўся. Калі ён падышоў, яна нават ня ўзрадавалася ад тае сустрэчы і, мабыць, каб хутчэй разьвітацца, сунула ў ягоныя рукі пакамечаную паперку.

− Дзядзя сказаў, каб пазваніў.

У паперцы былі шэсьць лічбаў тэлефону і ўсё. Ленка пабегла да маці, а ён стаяў, думаў: хто б гэта мог быць? Але тады прыпамятаў нядаўнюю сустрэчу са Шпаком − няйначай то ён. Значыць, штосьці прысьпічыла каменданцкаму прапаршчыку.

Каб пазваніць з аўтамату, патрэбна была магнітная картка, якой Ступак ня меў − не купляў прынцыпова, бо нікому званіць не зьбіраўся. А дадому ў сваю кватэру дачка не запрасіла, мусіць, так распарадзілася жонка. Што ж, пасьля ўсяго, што здарылася, ён туды і ня пойдзе. Ужо на зьмярканьні ля гаражу зьявіўся на сваім «Запарожцы» Аляксей, у якога Ступак пазычыў на дзесяць хвілінаў ягоную картку і выйшаў да аўтаматаў на вуліцу.

Ён прадчуваў правільна, то быў Шпак, які тут жа з уласьцівым для гэткіх людзей напорам абрынуў на яго цэлы паток словаў.

− Слухай, дзе ты прападаеш, ёсьць дзела, нада сустрэцца, я да цябе падскочу, скажы толькі, дзе ты жывеш, у якім раёне?

− А што такое?

− Не тэлефонны разгавор, трэба асабіста, куды пад’ехаць? Я зараз, праз дзесяць хвілінаў на машыне.

Ступак бяз жаднае ахвоты да тае сустрэчы назваў адрас, сказаў што будзе чакаць у двары.

I праўда, хвілінаў праз дваццаць з вуліцы на падворак жвава, нават ліха ўляцела вішнёвага колеру «Пежо-605». З пярэдняга сядзеньня шафёра праз апушчанае шкло выглядвала ўсьмешыстая фізіяномія Шпака.

− Прывет! Ідзі, сядзем.

Ступак абышоў машыну і, лёгка расчыніўшы дзьверцу, апусьціўся на мяккае пярэдняе сядзеньне побач з шафёрам. На заднім хтось моўчкі сядзеў, не прамовіўшы да яго ніводнага слова. Мабыць, слухаў. Шпак быў усё ў тым жа камуфляжы, толькі з пагонамі − кароткімі міліцэйскімі пагончыкамі на апушчаных плячах, дзе слаба азначаліся па чатыры зоркі − тры разам і адна вышэй, як бы асобна. Тое падзівіла Ступака − калі пасьпеў? Дэмабілізаваліся разам прапаршчыкамі, а гэты, глядзі, ужо капітан. Капітан міліцыі. Чаму ж тады ён вышэй за КДБ?

Мусіць заўважыўшы недаўменьне на твары Ступака, Шпак тым часам ня стаў нічога тлумачыць, толькі павярнуўся ад руля і дабразычліва заўсьміхаўся.

− Ну, як жывеш, сябрук? Кажуць, бяз працы, ага?

− Хто кажа?

− Людзі кажуць.

Значыць, ужо ведае, падумаў Ступак, які таксама пачаў пра штокольвечы здагадвацца. Найперш − з кім мае справу.

Пачалася доўгая напорыстая размова − і што, і дзе, і чым займаўся дагэтуль, пра заробкі і грошы, і як справы ў сям’і. Шпак пытаўся пра ўсё, а той, з задняга сядзеньня, усё маўчаў ды пільна, неяк нават адчужана слухаў. Ступак адказваў скупа, зусім не хацелася яму ва ўсім раскрывацца перад колішнім сябрам ды гэтым незнаёмым, і ён усё думаў: куды Шпак гне? Ужо ці не пранюхалі яны пра ягоны намер? Мабыць жа, не адна толькі цікаўнасьць была ў галаве сябра, нешта ж ён меў болей важнае.

Так яно і сталася. Скурыўшы па тры ці чатыры «Мальбара», якімі гасьцінна частаваў, Шпак нарэшце прыступіў да галоўнага.

− Слухай, ёсьць прапанова паслужыць. Ты таго варты. А што − афганец, ветэран і так далей. Узнагароджаны баявым ордэнам за выкананьне інтэрнацыянальнага доўгу…

Далей Ступак слухаў кепска, з першых жа словаў ён быў агаломшаны − паслужыць? Каму? Але каму − можна было здагадацца. I тут у ягоную галаву шыбанула рызыковая думка: а што? Можа, і добра. Можа, гэта менавіта тое, што яму трэба.

Назад Дальше