Пасля Жыццё - Васіль Быкаў 16 стр.


− Дык гэта… Ладна.

− Во і добра! Лічы, папярэдне дамовіліся. А цяпер чакай, мы паклічам.

Давайце, клічце, зласьліва думаў Ступак, ідучы да свайго гаражу. Мабыць жа, дасьцё зброю, што мне і трэба. Залічайце ў АМАП.

Шэраг наступных дзён мінуў у напружаным, доўгім чаканьні. Звычайна Ступак сядзеў ці ляжаў у гаражы за прычыненымі дзьвярыма, праз шчыліну ўвесь час пазіраючы на падворак − ці не паявіцца там зноў Шпак. Мусіць жа, павінны быў паявіцца, паклікаць ці што сказаць. Пра які адмысловы спосаб зносінаў яны не дамаўляліся, і Ступак думаў, што будзе скарыстаны ранейшы. Аднак ішоў час, беглі дні і ночы, а Шпак не паяўляўся, і ніхто ад яго не паяўляўся таксама. Можа, яны там перадумалі, пачаў сумнявацца Ступак.

Ён ужо не хацеў, каб перадумвалі, ён пагадзіўся, наважыўся, бо зразумеў, што тое − найлепшы для яго варыянт. Можна сказаць, яму здорава пашэнціла, абы толькі ўдалося. Каб толькі не разьнюхалі пра ягоны ўдзел у шэсьці, у той летняй дэмакратычнай акцыі, ці як яна там у іх называецца. Але пакуль што пра тое не было ніякага знаку, і ён думаў: можа, і абыдзецца. Горш, што зусім канчаліся грошы, якія Ступак неяк міжволі перастаў эканоміць і пачаў выдаткоўваць тым болей, чым менш іх заставалася. Ён купіў ладную качалку каўбасы, памідораў, нават пластыкавую пляшку алею і еў спадцішка з табурэткі ў гаражы. Думаў, купляць аўтамат, можа, не спатрэбіцца − дадуць казённы, і то будзе для яго эканомія, можна на харчы не скупіцца. Пад’есьці сёньня і заўтра. А далей будзе відаць.

Неяк у дажджлівы выхадны дзень ягоныя гаражнікі не паехалі на дачы, сышліся да сваіх «коней», як казаў Плешка. Сазон Іванавіч меў маленькі аўтамабільны тэлевізар, які падключыў да акумулятара, і той зранку трашчэў і рыпеў розныя рокі і рэпы. Сазон лаяў іх, але слухаў, можа таму, што іншага не перадавалі. Але вось загучаў дужа знаёмы голас, і Ступак выйшаў са свайго гаражу.

На багажніку Сазонавай «Волгі» мільгаў бляклы экранчык, на якім тапырыліся знаёмыя вусы самога, які то працінаў ястрабіным позіркам, калі казаў пра «вшывых блох» прадпрымальнікаў, то адорваў усіх усьмешыстай лагодай, як упамінаў самаадданых «тружаніц-жэншчын» або патрыя-

тычную моладзь, што нібыта ішла гужом у свой нядаўна створаны лукамол. Пасьля ягоны голас і зусім перайшоў на выбачальны тон. Ступак прыслухаўся: то ўжо было цікава. Аказваецца, два журналісты з Расеі перайшлі мяжу − туды і назад, і цяпер сядзяць у турме. Сам разводзіў рукамі: ён бы і хацеў іх выпусьціць, ды ня мае права, усё павінны вырашыць суд; ён жа ня можа ўмешвацца ў справы правасуддзя. Такі бяспраўны начальнік…

− Берии, Ежова на них нет! − абураўся Сазон, што на нізкім услончыку перабіраў падшыпнік. Плешка таксама па-дышоў ад свайго гаражу і дабрадушна зазначыў:

− А й на Берыю з Яжовым знайшлася ўправа.

То быў пэўны намёк, Сазон рэзка азірнуўся на суседа − ён быў абураны.

− Управа! А порядок был. Через границу как зайцы не бегали. Граница была на замке. А этим дали волю…

Тут усе ведалі, што Сазон быў з чэкістаў, гадоў з трыццаць праслужыў на мяжы, і гаражнікі, асабліва нябожчык Аляксееў дзед, клікалі яго Карацупам. Пасьля перасталі, як дазналіся, што ён разам з іншымі быў прыроўнены да ўдзельнікаў ВАВ (Вялікай айчыннай вайны). Раней і Ступак яму штось адказаў бы, але не цяпер: ён ня мог раскрывацца да часу. Тым болей, калі ў яго пачалася гэтая гульня.

− Але ж то рускія журналісты, − вёў сваё Плешка. − Дык як жа ты супроць рускіх?

− Я против националистов!

− Беларускіх? Ці і рускіх таксама?

Сазон на тое не адказаў нічога, толькі прабурчэў нешта. Мабыць, тое пытаньне было надта складанае для просталінейнага і катэгарычнага памежніка, ушчэнт рускага па нацыянальнасьці.

Нарэшце грошы ў Ступака і зусім скончыліся, ён даеў у гаражы засохлы акраец хлеба і галадаў зранку. Пазычыць ужо не было ў каго, Плешку ён і без таго быў вінаваты дваццаць пяць тысячаў, Сазону, праўда, менш, але цяпер да Сазона ён не хацеў зьвяртацца. Заставалася папрасіць у маладога Аляксея, і Ступак зранку чакаў яго ў гаражы. Ды Аляксей штось не паяўляўся, можа куды зьехаў, думаў Ступак. Адлучыцца куды ў горад ён не адважваўся, чакаў, што павінен жа прыехаць да яго Шпак. Так і сядзеў да вечару галодны і дужа злосны − на сябе, на жыцьцё, на ўвесь белы сьвет.

На другі дзень, аднак, замест Аляксея ля гаражу паявілася Аляксеева жонка, худзенькая маленькая чарнушка, з малым сынком. Яна выглядала заплаканай і скупа паведаміла скрушную навіну:

− Алёшу зарыштавалі.

− Завошта?

− Ну, прыслалі павестку з пракуратуры, што выклікаюць як сьведку. Наконт таго мітынгу. Ён пайшоў і прапаў. Аказваецца, у пракуратуры і арыштавалі. Што цяпер рабіць? − сумна пыталася жонка.

Малы задуменна церабіў падол яе кароценькай, па модзе, сукенкі.

− Пусть не путается с бэнээфовцами, − сурово зазначыў Сазон.

− Нічога, ня плач, − суцяшаў Плешка. − У Хельсінскі камітэт трэба. Там добрая адвакатка ёсьць.

Ступак не сказаў нічога і, каб не цьвяліць душу, адышоўся ў цёмны кут свайго гаражу. Ён адчуваў, што ніхто ёй не паможа − ні Хельсінскі камітэт, ні адвакатка, ні нават сто адвакатаў: і суд, і закон былі ў ягоных руках, і ён сваю палітыку вёў, як хацеў, − напралом праз закон і права, па лёсах людзей, таптаў канстытуцыю і ўсе міжнародныя пагадненьні. Мабыць, зважыць ён толькі на сілу. Але дзе яна была, тая сіла? Дзе і адкуль было яе ўзяць? Цёмны забіты народ толькі і ведае глядзець у яго хітра-блатняцкія вочы і падтрымліваць, што ён ні скажа. Варта каму з замежжа заступіцца за бязьвінныя ахвяры, памагчы грашыма, як тут жа − разьюшаны вэрхал у газетах і на тэлебачаньні − змова, прошукі ЦРУ, прасоўваньне НАТА на ўсход. Недзе варушыцца жменька апазіцыі, самыя адважныя з якой ідуць на злом галавы, нявечаць жыцьцё сабе і сямейнікам. На што спадзявацца?

Можа, аднак, праз месяц пасьля шпаковага прыезду ўсё вакол Ступака раптам зьмянілася, − забурліла, замітусілася, бы на пажары. Уранку, толькі ён пагаліўся перад кавалкам люстэрка, дужа забразгала гаражнай засаўкай жонка, якую паднялі з ложку. Ступак адчыніў дзьверы, і ўбачыў яе ў файным хатнім халаце, побач стаялі два ў камуфляжы, а ззаду чарнелася ўрадавая «волга». Яго пасадзілі на задняе сядзеньне і моўчкі павезьлі кудысь па горадзе, затым − у загараддзе. Пасьля паволі між нейкіх дачных забудовак па лесе ці цераз парк, пад’ехалі да нейкага асабняку з калонамі. У Ступака ажно непрыемна заныла пад грудзямі — куды гэта яго? Ужо ці не пранюхалі што? Але, мабыць, яшчэ не пранюхалі, хоць па хмурых тварах яго спадарожнікаў і тых нямногіх, што траплялі насустрач, нічога нельга было заўважыць − так умелі хаваць усё ў сабе. Ці, можа, у іх не было нічога, − падумаў Ступак. Затое сыты, як і ў Шпака, твар нестарога яшчэ палкоўніка, да якога нарэшце яго прывялі, сьвяціўся лагодай і прыязнасьцю.

− Сядайце, таварыш прапаршчык, Ступак, здаецца? − папытаўся палкоўнік і для пэўнасьці зірнуў у паперку на стале. − Дык як жывяцё? Як здароўе?

− Нічога, − стрымана адказаў Ступак. Ён ужо ведаў, што гэтыя заўжды так пачынаюць гаворку − пра жыцьцё і здароўе, быццам тое іх дужа хвалюе.

Гаворка, аднак, выдалася доўгая − пра жыцьцё і пра палітыку, унутраную і зьнешнюю, камуністаў і дэмакратаў. Відаць па ўсім, палкоўнік быў чалавек гаваркі і меў процьму часу. Ступак болей слухаў, і калі палкоўнік пытаўся, сьціпла адказваў: так або не. Мусіць, яго суразмоўніка тое задавальняла. Як можна было зразумець, яго найбольш клапаціла стаўленьне Ступака да апазіцыі, якая «шалёна ірвецца да ўлады». А таксама той факт, што «НАТА апантана прасоўваецца на ўсход». Ступак нешта мармытаў у адказ, што мала разумеў сам, але думаў: «У труне я хацеў бачыць тое НАТА разам з табой». Аднак услых не сказаў нічога, нават трохі пабойваўся, каб палкоўнік не адгадаў яго крамольнае думкі. Мабыць, аднак, не адгадаў, бо ў той час натхнёна апавядаў, як важна супрацьстаяць агрэсіі заходняга капіталу і ратаваць бацькаўшчыну. Што ён разумеў пад тым словам − Беларусь, СНД ці ранейшы СССР, засталося невядома.

Далей Ступак паўдня праседзеў у асобным кабінеце − запаўняў анкеты. Гэтых было тры ці чатыры адразу, на некалькіх старонках, і ён аж спацеў, падрабязна адказваючы на дзясяткі пытаньняў − ад першага, пра імя, прозьвішча і імя па бацьку да імёнаў бацькоў, месца іх нараджэньня і сьмерці (дзе і калі памерлі, месцы пахаваньня і нумары магілаў). Жывога бацьку Ступак падрабязна атэставаў як партызана і ўзнагароджанага, а маці… Яна памерла, калі ён быў у Афгане. Сястра Алена жыла пад Масквой, ды ён ня ведаў дзе, у якім горадзе (ні то ў Жукоўску, ні то ў Чарняхоўску) і думаў, як лепш напісаць? Ці калі ня ведаеш, дык не пісаць нічога? Але тады могуць прыдрацца, што ўтаіў. I ён напісаў першае, што прыйшло ў галаву: горад Зеленагорск, вуліца Касманаўтаў, 10, кв. 20.

Пасьля ў іншым кабінеце афармляў падпіску аб строгай сакрэтнасьці − гэта ўжо было, як ён здагадаўся, па лініі бясьпекі. Хоць і прымаў яе лысаваты чалавек у модным двухбортным пінжаку з дужа акуратна завязаным гальштукам, важнасьці было нават больш, чым у кабінеце палкоўніка. Неяк вельмі стрымана, нібы выпрабоўваючы ягоную рэакцыю, чалавек вымавіў яму ў твар адно толькі слова «Музыкант», і Ступак зразумеў усё. Некалі гэтую мянушку прыляпілі да яго таксама ў дужа сакрэтным аддзеле перад адпраўкай у Афган. З тае пары, праўда, ніхто яму пра яе не напамінаў, і ён ужо думаў: забыліся. Аж не, не забыліся. Зрэшты, цяпер ад яго нічога не патрабавалася, а гуляць з імі ў тыя сакрэтныя гулі ўвогуле было няцяжка, хай пацешацца. I ён усё падпісаў.

Мусіць, да паўдня, аднак, усе паперы былі аформленыя, якія забрала ў яго прыгожая, у міліцэйскай форме дзяўчына з дужа суровым позіркам і дзьвюма зоркамі на пагонах. У апошні момант ён нават падміргнуў ёй, ды тая не павяла і брывом, склала ягоныя паперы ў шыкоўную зялёную папку і замкнула ў шэры сейф у кутку. Значыць, будзе захоўвацца вечна і сакрэтна, падумаў Ступак. Пасьля ўжо іншы, белабрысы міліцэйскі сяржант павёз яго кудысьці ў горад. Спакваля Ступак пачаў пазнаваць МУС. «Гэта навошта?» − спытаў Ступак. «А медкамісія! − проста і дабразычліва адказаў белабрысы шафёр і хіхікнуў: − Праверка на СНІД».

Тое ўжо мала Ступаку падабалася, хутчэй − не падабалася зусім. На якога д’ябла! − думаў ён, губляючы трываньне ад гэтага падрабязнага дасьледваньня ягонай асобы. Што ён ім будзе служыць? У яго іншая мэта, яму б толькі дапяцца да зброі. Мабыць жа, дадуць якога «Сьцечкіна» ці «Калашнікава», і ён падловіць момант. Ягонае здароўе яго мала цікавіла, хай не цікавіць яно і гэтых.

Але гэтых якраз дужа цікавіла. Да цямна яго вадзілі з кабінету ў кабінет, з паверху на паверх, − слухалі, мацалі, вымервалі на апаратуры, высьвечвалі ягоныя вантробы на мільготкіх маніторах. Але ўсё было ў норме, ціск жа, сказалі, бы ў юнака, і яго пахвалілі. «Алкаголь ужываеце? − папытаўся строгі доктар, на плячах пад халатам якога мулялі цьвярдыя пагоны. Ступак з наіўным выглядам пакруціў галавой: «Ну што вы!» Трохі затрымаў на ім свой пранізьлівы позірк хірург, як убачыў сіняватую адмеціну на плячы. «Што − агнястрэльная?» − «Афган», − коратка адказаў Ступак. «А то − ушыб?» — даволі груба памацаў ён сьлед ад нядаўняй амапаўскай палкі. «Упаў…» − «Па п’янцы?» − ухмыльнуўся доктар, штось разумеючы. Ступак тое пакінуў без адказу − здаецца, яны і так паразумеліся. Далей была кардыяграма з правадамі, якія аблыталі ягоныя рукі і ногі, акуліст са сваёй табліцай на сьцяне і ў канцы дзіўнаватая гаворка з псіхіятарам. Адзінае, што з яе запомніў Ступак, былі прыдзірлівыя пытаньні пра выпіўку і наркоту. I тое, і іншае Ступак рашуча адмаўляў, сказаў, што ніколі ні-ні, успамінаючы пры тым, як у тым жа Афгане, і неаднойчы, яны добра-такі кайфавалі анашой. Шкада, пасьля кінуў. Каб ня кінуў, можа б, лепей было, нечакана падумаў ён, седзячы перад хітраванам-псіхіятарам. Здаецца, стан ягонага здароўя іх задаволіў. Яго тым болей.

Да свайго гаражу ён прыплёўся, калі ўжо сьцямнела, побач на падворку ўгары сьвяціўся ліхтар, сьвяціліся вокны ў хрушчоўках. Ведаў, цяпер там усе ўтаропіліся ў свае зіхоткія скрынкі − хто на музычныя шоу, крывуляк-танцуляк са шнурамі ў руках, а болей, мусіць, на чарговы нумар самога. Амаль кожны вечар той выступаў са сваім гіпнозам − то пагрозьліва-строга, калі гаварыў пра апазіцыю, якая мае ад ЦРУ заданьне яго зьнішчыць, то шчодра адорваючы ўсіх белазубай усьмешкай з-пад шыкоўных вусоў, калі зьвяртаўся да гледачоў. Асабліва глядачак, якіх ён часьцяком на прамілы Бог прасіў падтрымаць яго ў сьвятой барацьбе за дабрабыт народу. Слухаючы яго лісьлівыя звароты, жанчыны былі гатовыя на што хочаш, − з такімі просьбамі да іх ніхто раней не зьвяртаўся. Тым болей з вялікіх начальнікаў, не памінаючы ўжо ўласных мужоў, якія даўно не прызнавалі нічога ў жыцьці, апроч бутэлькі. Мужчыны не любілі палітыку, якая цікавіла іх усё меней, чым горш жылося. Затое яна ўсё болей захапляла жанчын, асабліва з тае прычыны, што ў ёй верхаводзіў ён − такі выбітны, прывабны, амаль нежанаты, які ўвасабляў недасяжныя жаночыя мары аб мужчы-некавалеру, мужчыне-лідэру. I тым вабіў.

Ну, але засталося нядоўга.

Так думаў Ступак, зласьліва чакаючы, калі яго паклічуць зноў. Павінны ж урэшце паклікаць, ён ужо прагнуў таго. Хоць бы таму, што ежы не было зусім, два дні таму пазычыў пару тысячаў у былога суседа па кватэры, якога падпільнаваў у двары. Перш чым выняць яму паперку, сусед добра паплакаўся, наракаючы на жыцьцё, малую пенсію, лайдачку дачку, якая ня хоча працаваць і звыкла жыць на ягоную пенсію. Ступак суцешыў яго, што хутка атрымае зарплату і разьлічыцца. І апусьціў долу вочы, бо глядзець на старога было няёмка.

На гэты раз да яго завітаў сам Шпак, на тым самым вішнёвага колеру «Пежо», у камуфляжы, але ўжо з пагонамі маёра на шырокіх плячах. «Хутка, аднак, у іх растуць кадры!» − з нечаканай зайздрасьцю падумаў Ступак, сядаючы поруч з колішнім калегам-прапаршчыкам. Гэты маёр пачаў распавядаць яму, як шмат даводзіцца працаваць (работа ж не нармаваная), як тлумна і небясьпечна, хоць ганарова і адказна. «А зарплата як?» − стрымана папытаўся Ступак пра тое, што яго цяпер найболей цікавіла. «Зарплата нішто. Табе такой і ня сьнілася, − сказаў Шпак. − Напачатку тры мільёны, ну пад’ёмныя і так далей. Не пашкадуеш».

Ступак унутрана парадаваўся, хоць і не падаў знаку, ды папраўдзе і слаба паверыў, прыпамятаўшы дацэнта Мінкевіча з яго шасьцюдзесяцьцю мільёнамі. Можа, маёр Шпак і атрымлівае тры мільёны, а ён жа прапаршчык…

− Пакуль будзеш жыць у афіцэрскай гасьцініцы. А там пабачым, − сказаў Шпак, як яны пад’ехалі да чарговай бетоннай сьцяны з прахадной і шлагбаўмам.

Тут, аднак, аказалася амапаўская база ці што. Некалькі гадзінаў Ступак з такімі, як сам, навічкамі, маладымі хлопцамі са сьвежымі ружовымі тварамі, абмундзіроўваўся на забітым скрынкамі ды цюкамі рэчавым складзе. Яму выдалі цэлую кучу абмундзіроўкі − зялёную і стракатую, колеру сьмецьця, сьвяточную і паўсядзённую, моцныя грубыя чаравікі, пілотку і берэт, цёплую куртку і цяльняшкі − аж тры штукі. I нават добры шкумат бязі − на каўнерыкі. Як у войску. Толькі ў войску так шмат ніколі не давалі, эканомілі. Хлопцам, што пераапраналіся з ім разам, дужа спадабаліся дзягі. «Афіцэрскія», − з захапленьнем сказаў адзін, трохі старэйшы за астатніх. Дзягі сапраўды былі адмысловыя, з таўстой, прашытай скуры пры ладных спражках, ня тое што з металічнымі бляхамі ў войску. Ступак пераапрануўся ў новае, са сьвежым прыемным пахам; свае сьмярдзючыя трусы, азірнуўшыся, піхнуў у бляшаную урну, і яго павялі цераз падворак у афіцэрскую гасьцініцу.

Першы раз за лета ён з асалодай распрастаўся на чыстай новай прасьціне, уладкаваў схуднелыя плечы на ладнай падушцы. Заўтра сказалі падстрыгчыся, − хай, ён падстрыжэцца. I яшчэ, сказалі, вусы можна не збрываць, тут паважаюць вусатых. Другі ложак у пакоі быў акуратна засланы, мабыць, кагосьці чакаў. Можа, таксама новенькага.

Служба пашыралася, камплектавалася, дасканалілася, − як і мае быць пры моцнай уладзе. Цікава было Ступаку другі раз перажываць тое, што ўжо было перажыта ў яго вайсковым юнацтве, у Афгане і пасьля.

Назад Дальше