− Нікуды не пойдзеш! − ціха, але цвёрда сказаў сяржант. − І давай рыхтавацца. Каб нічога ні ў каго не брэнькала, паўзці будзем. Зразумела? Разыдзіся!
Шэрыя постаці ў чорным доле заварушыліся, Рыбчонак, лаючыся, пайшоў на сваё месца. Няроўны моўчкі пачаў нацягваць на ватоўку шынель. Гушчын затрымаўся і, слінячы цыгарку, разважаў:
− Каб от «кацюша» сыграла разок, для духу хоць бы. А то што пяхота без аруддзяў − мухі!
«Здаецца, не заўпарцяцца, − з палёгкай падумаў сяржант. − Разумеюць хлопцы, паслухаюцца. Ось толькі Рыбчонак!..»
− Нічога, Гушчын, − сказаў ён услых. − Можа, як-небудзь управімся. Патроны ёсць?
− Ды патронаў хопіць. О, паўторбы, − салдат варухнуў плячамі, і ў рэчмяшку коратка і важка лязгнула. − Я не дужа таго… бэхаю. Ашчаджаю.
− Ну добра. Тарасікаў, давай хутчэй, браце, набіваць стужкі. Колькі ў нас, тры пустых?
− Тры, − ціха пацвердзіў Тарасікаў і закашляўся сухім адрывістым, бясконцым кашлем. Сяржант і салдат заклапочана паглядзелі на яго.
− Прыкіпеў ты недзе, хлопча, − заўважыў Гушчын. − Як тая нямецкая зянітка: цяў ды цяў.
Жаркоў занепакоіўся:
− Як жа ты гэта з такім кашлем да атакі дацерпіш? Ты ж нас дэмаскіруеш. Га? Можа, цябе ў санчасць адправіць?
− Не ведаю, − перацяўшы кашаль, сказаў Тарасікаў. − Можа, патрываю як-небудзь.
− Ну глядзі.
Яны падышлі да «гарунова», які, прыладжаны ўжо да агню, стаяў на раллі. За ім чарнеў неглыбокі яшчэ акопчык для дваіх. Тарасікаў узяў з долу рэчмяшок з патронамі і пачаў паціху лязгаць скрынкамі, вымаючы пустыя стужкі. Жаркоў прысеў побач.
− Ну як ты, пасмялеў хоць трохі? − запытаўся ён у свайго памагатага.
− Дзе там! − адказаў Тарасікаў. − Аж дагэтуль дрыготка. Хоць ты што…
− Нічога, пройдзе, вядома, спярша.
− Не праходзіць нешта, − журботна азваўся Тарасікаў і ўздыхнуў. Ён пачаў напіхваць у брызентавую стужку патроны, і было відаць, як дробненька дрыжэлі ў змроку яго белыя пальцы.
Толькі тыдзень назад, перад самым наступленнем Тарасікаў са шпіталю прыйшоў у гэтую роту. Здарылася так, што яшчэ не даехаўшы з тылу да фронту, ён трапіў дзесь пад бамбёжку, быў паранены, а галоўнае, напалоханы і цяпер баяўся кожнага стрэлу і кожнага выбуху. Па натуры ж ён быў хлопец шчыры і не таіў сваёй страхавітасці. Гэта спадабалася Жаркову, і сяржант займеў у сабе ўпэўненасць, што страх урэшце мінецца, а шчырасць і добрасумленнасць, з якою той ставіўся да свайго франтавога абавязку, калі-нікалі зробяць Тарасікава добрым байцом. Таму ён і ўзяў хлопца да сябе другім нумарам пасля таго, як ранейшы пайшоў у шпіталь.
Жаркоў напіхваў патронамі канец стужкі, а сам увесь час азіраўся і прыслухоўваўся. «Калі ж тыя сувязісты прыйдуць!» − думаў ён і ўсё згадваў, як найлепш і цішэй падабрацца да немцаў. Самае галоўнае − не выявіць бы сябе раней часу, падкрасціся б да ўзмежка і не трапіць пад міны… Хлопец сам таго не разумеў, якая непамерна цяжкая была тая задача, што ўзвалілі на яго плечы, толькі ён з усяе сілы імкнуўся выканаць яе як найлепш. Пра сябе ён ужо не думаў, не было калі, адно толькі квёлая нотка адчування сваёй слабасці і звычайнай чалавечай уязвімасці ціхенька трымцела недзе на сподзе душы, нібы якая былінка на ветры. Удумацца, аднак, у яе, адчуць не давала мноства іншага клопату.
− Нічога, возьмем як-небудзь, − сказаў ён ні то Тарасікаву, які торапка з страхам у шырокіх вачах варушыўся побач, ні то самому сабе.
− Але дзе ж тое падмацаванне? Можа, зблудзілі? Ты паглядзі тут, а я пабягу. Спаткаю, можа.
Сувязісты прыйшлі. Жаркоў сустрэў іх на раллі, пачуўшы здаля, прысеў, пачакаў − на зорным небе маўкліва сунулася шэсць постацей. У некага раз-пораз брэнькала, пэўна, лапатка на дзязе.
− Стой! − сказаў з цемры сяржант. − У каго там што барабаніць? Захіні. І за мной шагам марш.
На хаду ён растлумачыў задачу, сувязісты маўчалі, не адчуваючы нічога добрага наперадзе, і сцішана ішлі за сяржантам. Збоч вёскі за хмызняком узляцела ўгору ракета, яе святло цьмяна паматлялася па абшары, і сувязісты ўраз кінуліся на зямлю.
− Не бойцеся: далёка. Чаго вы? − здзівіўся Жаркоў. Калі зноў сцямнела, хлопцы паўставалі і, недаверліва пазіраючы на камандзіра і спатыкаючыся, яшчэ з меншай ахвотай пайшлі далей. Жаркоў вывеў іх на бугор і паклаў на фланзе за сваімі стралкамі.
− Пакуль чакаць. Хутка пойдзем. Толькі каб ціха, як цені! − сказаў ён і пабег па ланцугу на правы фланг, дзе быў яго кулямёт.
Жаркоў вельмі спяшаўся, каб не спазніцца. Гадзінніка ў яго не было, але сяржант адчуваў, што трэба ўжо рушыць. Зноў жа, папаўненне было дужа невялікае, абознікі, даць якіх абяцаў капітан Сахно, нешта не ішлі, і ў роце пакуль што набралося ўсяго адзінаццаць чалавек.
− Ну як, управіўся? − запытаў ён у Тарасікава, які ціхенька ляжаў на баку за кулямётам і насцярожана ўзіраўся ў балота, пэўна, адчуваючы там сваё новае гора і сваю вялікую бяду.
− Ага, − коратка адказаў ён. Жаркоў падбег да суседняга Гушчына і гукнуў:
− Перадай па ланцугу: упярод!
Затым ён з хвіліну пачакаў, каб каманда дайшла да сувязістаў, і ўзяўся за хобат «гарунова». Тарасікаў падабраў з долу чатыры скрынкі − па дзве на руку, побач заварушыўся ў змроку Гушчын, і яны паціху пайшлі па раллі туды, адкуль з такім страхам вырваліся гадзіны са дзве назад.
У вёсцы пакуль было ціха; бойка і ноч, відаць, замарылі і немцаў, і яны, пэўна, павячэраўшы кавай і выставіўшы вартавых, драмалі цяпер на саломе ў сваіх бліндажах. Але Жаркоў адчуваў, што кожную хвіліну можа ўспырхнуць у неба ракета, асвяціць іх, − і хлопец, не адрываючы позірку ад варожага паднябесся і прыгнуўшыся, шпарка сігаў усё далей і далей уніз, пад ахоў хмызняку. Аднойчы ён зірнуў убок − у цемры чутны былі крокі Гушчына, які, таксама схіліўшы вялікую ў касцы голаў, тупаў уніз; далей у чорным на раллі змроку адчувалася прысутнасць людзей − іх рухі і ціхі тупат; убачыць жа нельга было нікога.
Так яны дайшлі да самага нізу з паскаю снегу па-над балотам. Сяржант прыпыніўся, апусціў хобат, побач чуйна прысеў Тарасікаў. Жаркоў паглядзеў уздоўж свайго ланцуга − зводдаль цераз снег мільганула некалькі цьмяных постацей, снег зарыпеў пад нагамі, і ў сяржанта здрыганулася сэрца: цішэй! Хоць бы на лёдзе не грукалі, хоць бы ціха як-небудзь! Яму хацелася скамандаваць, прыкрыкнуць на неасцярожных, але абстаноўка не давала таго зрабіць, заставалася адно толькі трываць і чакаць. Затым ён сам, шорхаючы ботамі, перайшоў умерзлы калючы снег і ступіў на лёд між кустоў. Тарасікаў, схіліўшыся, тупаў следам.
Жаркоў стараўся ступаць як мага цішэй, падмерзлы шурпаты лёд быў уначы слізкі, як шкло, і гумовыя падэшвы бясшумна слізгалі па ім. Адны только кулямётныя колы ніяк не хацелі суцішыцца, глуха, настойліва стукалі на кожнай самай маленькай няроўнасці, і сяржант ад напружання моцна сціскаў сківіцы. У кустах адразу стала цямней, усякая сувязь з яго ланцугом абарвалася; аднойчы пачулася толькі, як шаснула непадалёк дрэўца, пэўна, Гушчын неасцярожна закрануў яго. І ўсё сціхла, прапала, да часу стаілася. «Толькі б ціха… толькі б ціха», − бязгучна шапталі ў цемры сяржантавы вусны, і ён крадком, як начны злодзей, не адрываючы ад лёду падэшваў, сунуўся ў змрок, абмінаючы кусты, купіны, хамлакі скрапанай леташняй травы.
Але зусім ціха перайсці балацявіну ім не ўдалося. Раптоўна і таму жахліва пачулася ў цішыні, як непадалёк затрашчэў, зашастаў лёд, пляснула вада, − відаць, нехта сунуўся ў ледзьве падмерзлую палонку, прабітую мінай. Жаркоў прысеў ад нечаканасці, страхавіта стаіўся побач Тарасікаў. Сяржант вылаяў у думках неасцярожнага байца, але неўзабаве зноў маўклівая цемра запанавала над балацявінай, і ён рушыў далей.
Праз якую хвіліну ён вылаяўся ў другі раз ужо сам на сябе − пад нагамі раптоўна і, як здалося яму, страшэнна гучна затрашчэў, зашастаў, увагнуўся лёд, сяржант кінуўся ўбок, толькі намачыўшы падэшвы. Разам з Тарасікавым яны збоч абышлі гэтае разбітае мінамі месца, прыгнуўшыся, прадраліся праз лазовы гушчар, які сцябаў па тварах намерзлымі розгамі і чапляўся за кулямёт, выглянулі на невялічкую прагаліну. Тут яны насцярожана і страхавіта на момант прыселі. На прагаліне ля купіны, прыпаўшы шчакой да лёду і выкінуўшы наперад руку, ляжаў забіты. Здавалася, ён лёг толькі нядаўна, нібы прыслухаўся да чагосьці пад лёдам. Жаркоў перавярнуў яго нягнуткае, ужо скалянелае цела − то быў маладзенькі, як і Тарасікаў, баец па прозвішчы Верацённы, які прыйшоў у іх роту з апошнім папаўненнем. Жаркоў прыпамятаў, як калісь за дзень да наступлення ў горача натопленай камандзірскай зямлянцы гэты Верацённы дапамагаў парторгу выпусціць «баявы лісток» і хімічным алоўкам, бы на якім экзамене, старанна выводзіў: «Уваб’ём асінавы кол у магілу фашысцкіх захопнікаў!» «Невядома, ці ўдалося хлопцу забіць хоць аднаго фашыста, а сам ужо… гатоў», − падумаў Жаркоў і, спахапіўшыся, рушыў далей.
Яшчэ праз хвіліну нейкая розга гучна лязгнула па Тарасікавай скрынцы, Жаркоў прыпыніўся, каб сказаць: «Цішай!» − і ў гэты момант цемра над балотам раптам прарвалася, ноч знікла, здалося, загарэлася неба, незразумела і суладна ў светавым жаху крутнуўся і шаснуў убок хмызняк; доўгая цень Тарасікава матлянулася між кустоў і смыкнула да хлопца. Імгненна адчуўшы бяду, Жаркоў распластаўся на лёдзе і закінуў угору голаў − у небе, губляючы вогненныя кроплі, імчала на іх ракета. Наўздагон ёй данёсся глухаваты кароткі стрэл.
Жаркоў сцяўся ад неспадзяванасці, прыціснуўся к долу, адчуўшы, як нешта абарвалася ў яго грудзях. Пакуль яшчэ ракета імчала ў небе, хлопец зірнуў убок, але ў кустоўі адно толькі ззялі на лёдзе агністыя плямы-водбліскі, перарэзаныя чорнаю блытанінай ценяў. Нікога з яго байцоў нідзе не было відаць.
Ракета патухла, сяржант пачакаў крыху, аслеплены цемрай, і толькі памкнуўся ўстаць, як у неба ад вёскі скокнулі адразу дзве новых, недзе збоч і зводдаль яшчэ адна, і адразу ж захлібнуўся, загрукацеў, разбурыў цішыню кулямёт. Як і надвячоркам, мільготкія апантаныя пісягі-трасы пранізалі хмызняк.
«Заўважылі… заўважылі… заўважылі… − стукала ў грудзях сэрца. − Эх ты!.. Эх!..»
− Бягом! − гукнуў Жаркоў на Тарасікава, які знік недзе побач, і раптам выразна адчуў, што ўсё задуманае, спадзяванае паляцела ў нябыт. Іх убачылі, асвяцілі, асляпілі, далей не было ўжо чаго таіцца, трэба было як мага хутчэй прарвацца з балота пад укрыццё маленькага ўзмежка пад плотам на краі гародаў.
− Наперад бягом! − другі раз праз грукат чэрг крыкнуў ён у кусты. Ракеты пагаслі ў паветры над лазняком, адно толькі секлі, снавалі, сыхозіліся і разміналіся імклівыя струмені трас. Балацявіна загрукала рэхам ад стрэлаў, трасы стрыглі, секлі хмызнякі і ганялі ў лёдзе агніста-мільготкія водсветы.
Спатыкаючыся і абдзіраючы твары, яны праскочылі праз апошні на краі балота лазняк і выбеглі на зіхатлівы ад трасоў прастор. Трасы імпэтна мільгалі на вышыні чалавечага росту і па-над самай зямлёй, але ўсё ж узмежак ля гародаў затуляў невялікі, метраў у дваццаць, беражок балота. Жаркоў упаў і, штурхаючы перад сабой кулямёт, папоўз па лёдзе туды, на рубеж атакі.