«Скарэй!.. Толькі скарэй!.. Ну скарэй жа! Скарэй», − роспачным унутраным крыкам-воклічам падганяў ён самога сябе, стараючыся як мага хутчэй дапаўзці да ўзмежка, дзе можна было затуліцца ад кулямётаў. Некалькі куль дзёўбнуліся каля яго, у хлопцаў твар пырснула крошкамі лёду, але ён не спыніўся, не захінуўся за кулямётны шчыт − ён толькі азірнуўся. Тарасікаў, лязгаючы скрынкамі, поўз следам. Вялізная зялёная каска напаўзла хлопцу на самыя вочы, і ён, відаць, не мог яе паправіць. Гушчына нешта не відаць было, але воддаль пад узмежак поўз яшчэ нехта. І раптам сяржант убачыў, што нехта ўжо апярэдзіў усіх і ўжо туліцца, варушыцца пад самым плотам, нібы прыладжваецца, каб распачаць страляць. «Малайчына! − падумаў Жаркоў. − Хто ж гэта?» Той чалавек сваім прыкладам умомант надаў сілы і рухавасці, Жаркоў, напяўшыся, штурхнуў наперад сцежалелы кулямёт, потым яшчэ і яшчэ. Трасы штораз усё вышэй адрываліся ад зямлі, ужо можна было прыўзняцца на лакцях, і неўзабаве сяржант, абліваючыся потам, спыніўся перад узмежкам.
Ракеты адна за адной палілі начное неба, шыпелі, падалі, гарэлі ў марозным паветры, і камандзіру не трэба было дужа ўглядацца, каб убачыць усё, што рабілася ў яго ланцугу. Пад узмежак прыпоўз Тарасікаў, зводдаль пад плотам ляжалі яшчэ тры невядома чые постаці, двое распласталіся ззаду на лёдзе − можа, паўзлі, а можа, былі ўжо забітыя. Астатніх пакуль не было нідзе. Кулямёты ўсё білі цераз іх галовы, начны прастор гудзеў і калаціўся ад дзесятка грукатлівых чэрг.
«Але дзе ж той сігнал?» − трывожна схамянуўся Жаркоў, лежачы пад узмежкам. Хлопцу здалося, што ён завельмі прамарудзіў у балоце, што сігнал ужо быў, а ён не згледзеў яго, што рота спазнілася выйсці на рубеж атакі. Яшчэ ён не мог даўмецца, чаму немцы адбівалі атаку аднымі кулямётамі, а мінамёты іх, прыстрэленыя па балацявіне, чамусьці маўчалі.
Горача часта дыхаючы і шчыльна прыціснуўшыся да калючага ад марозу долу, Жаркоў прыслухаўся, стараючыся вызначыць што-небудзь у стагалосым грымоцці бою. І тады ён учуў, што мінамёты білі. Калі зацяць дыханне, дык выразна чутна было іх таропкае, глухаватае ў далечы «ках-ках… ках… ках…». Крыху збоч за вёскай ірваліся іх міны, − здаецца, немцы білі па суседніх чацвёртай і пятай ротах. Дык вось чаму нейкім чынам хоць трошкі пашанцавала гэтай іх маленькай жменьцы людзей, якая называлася шостай ротай. Жаркоў яшчэ ўслухаўся − начная далеча за ўзгоркам збоч вёскі таксама гула і стагнала ад кулямётнага стукату і грукату мін.
У небе над самай галавой засвяцілі ракеты, адна, апісаўшы крутую высачэзную дугу, рэзкім белым святлом заліла шырокі прасцяг ваколіцы і шпарка падала, якраз над Жарковым. «Згарыць», − падумаў абыякавы да таго сяржант і зірнуў убок − байцоў пад узмежкам, здаецца, прыбавілася, на лёдзе ззаду ляжаў толькі адзін, другога ўжо не было. «Калі ж атака? − дапякала-трывожыла думка. − Дзе ж ракета, няўжо была?.. Няўжо ён не ўбачыў яе?..»
Немцы, відаць, згледзелі, што атакуючыя сабраліся пад плотам, і па два ці тры іх кулямёты пачалі біць па ўзмежку. Некалькі разрыўных куль ляснулі па жэрдцы над кулямётчыкамі, жэрдка здрыганулася і разламілася, сыпнуўшы на галовы хлопцаў струхлелым друзам. На двух пахілых калках таксама гучна лопнуў разрыў і з маленькага сіняватага агеньчыка востра зыўкнулі ў бок асколкі. Тарасікаў прыцяўся ўсім целам пад самы ўзмежак і ціхенька трэсся, утоўпіўшы ў дзірван кароценькі казырок каскі.
«Што ж ляжаць! − зноў штурхнула сяржанта трывожная думка. − Агню, агню трэба! Трэба падавіць, прыціснуць, увагнаць у зямлю ворагаў і рынуцца на іх. Іншага адсюль ходу няма, назад ім ужо не адысці». І Жаркоў, увабраўшы ў грудзі як мага болей паветра, крыкнуў у мігатлівую цемру:
− Агонь! Агонь! Давайце агонь!
Пакуль над галавой дагарала чарговая ракета, ён убачыў, што яго байцы ў рэдкім ланцужку нерухома ляжалі, утоўпіўшы галовы ва ўзмежак. І толькі адзін баец, відаць, той, што раней за іншых дапоўз да ўзмежка, − раз-пораз бліскаў з-пад плоту стрэлам.
− Агонь! − зноў закрычаў сяржант. − Па кулямётах агонь!
У яго не было каскі, сяржанту вельмі нязручна стала вытыркацца пад кулі з-за ўзмежка, галава здавалася зусім не прыкрытай, безабаронна-голай, здавалася, кожным валаском адчувала яна злое, імклівае і вельмі блізкае фырканне куль. Але трэба было варушыцца, нарыхтаваць кулямёт і спрабаваць падавіць варожыя агнявыя крокі. І сяржант трохі прыўстаў, пакуль было цёмна, ухапіўся за кола кулямёта, натужыўшыся, узапхнуў яго на невысокі ўзмежак. Кулямёт аднабока перакасіўся, і тут узляцелі ў неба ракеты. Жаркоў схіліўся і, пакуль яны яшчэ не набралі вышыні і святла, выпхнуў упярод і другое кола. Але, мусіць, ён занадта вытыркся, прамарудзіў, толькі адчуў гэта позна, і тут здарылася няшчасце, паправіць якое было ўжо нельга.
Спачатку ён нават не зразумеў − здалося, бы нехта ззаду ляснуў яго якім дубцом па плячы, шынель коратка лопнуў, але затым нейкі мускул у перадплеччы балюча і раптоўна заныў. Жаркоў прытупіў за кулямётам голаў і зразумеў, што паранены. У рукаве да лакця хуценька збег цёплы струменьчык, рука налілася цяжарам і ўвачавідкі дранцвела. Пальцы разняліся на коле, і, раптоўна аслабшы, хлопец тыцнуўся плячом пад узмежак.
Ракета разгарэлася, і ў яе святле ён перш за ўсё іншае ўбачыў побач вялікія, поўныя агністага жаху вочы Тарасікава пад яго збітай набок каскай. У гэты раз баязлівасць байца ўпершыню за ўвесь час іх суседства злосцю ўзарвала Жаркова, і, забываючыся аб сваім болі, ён, як ніколі раней, апантана крыкнуў у самыя тыя нечалавечыя ад жудасці вочы:
− Стужку! Якога чорта? Стужку!
Тарасікаў дрыготкімі пальцамі паспешна абмацаў ля сябе дол, натрапіў на скрынку. Тут зноў засвяціла ракета, але хлопец круціў усё ў руках каробку, мацаў і сяк, і так і не мог ніяк яе адчыніць, каб падаць камандзіру стужку. А Жаркоў, кожнаю часцінкай напружанага да немагчымага цела адчуваючы, як марнее, губляецца дарагі ў такі момант час, не мог ужо саўладаць з сабою, стрымаць свае нервовае лютасці:
− Ты!.. Эх!.. Чортавай матары!.. − недарэчна закрычаў ён на Тарасікава і хуценька выхапіў у яго каробку. Крутнуўшы зашчэпку, сяржант вырваў канец бразготкае стужкі і, слаба дапамагаючы абяссіленай левай рукой, зарадзіў кулямёт.
Ракета пагасла, а ён ухапіў ротам паветра і на кароткі час сцішыўся за шчытком кулямёта. Праз вузкую проразь прыцэла відаць было ў цемры, як зусім блізка пульсавала, мігала, затухала і зноў часта-часта пыхкала сінявата-чырвоная плямка полымя. Побач, трошкі ўбаку ад шчыта, гэтак жа мільгала яшчэ адна плямка, але кулямётчык, ужо безуважны да яе, навёў кулямёт на ранейшую і вялікімі пальцамі ўтапіў у затыльнік спуск, затым яшчэ і яшчэ − аж покуль не відно стала, куды страляць. Пасля ён давярнуў кулямёт да наступнай, аднак левая рука мярцвела, локаць целюпнуў у крыві, што налілася ў рукаў, у плячы забалела, востра і пякуча…
І ў той час наперадзе ў варожым стане, перад цёмнымі стрэхамі будынін і між іх ірванулі выбухі, затым яшчэ. Жаркоў прыгнуў голаў − угары завірашчэла знаёмым візгатам, і яшчэ некалькі выбухаў грукнулі на гародзе і ў вёсцы. На момант цьмяна асвяцілася неба між хатамі і скочыў да балацявіны вялізны даўжэзны цень бліжняй адзінокай будыніны з прадранай, рабрыстай ад лат страхой. Кулямёты, здалося, ураз змоўклі, Жаркоў на нейкае імгненне сумеўся і, адпусціўшы спуск, зразумеў, што гэта азваліся перад атакай іх батальённыя мінамёты.
− Ракета! Ракета там, глядзіце! − першы раз за ўвесь час бойкі неяк ажывеў Тарасікаў. Жаркоў азірнуўся − ззаду над балацявінай на тоненькай дымнай сцяблінцы хутка зніжалася ў небе чырвоная кветка сігнальнай ракеты.
Яна яшчэ не патухла, як Жаркоў адчуў, што нейкае гарачае полымя апаліла яго нутро, бы маланка асвяціла ў хлопцавай галаве думку, што самы рашучы момант настаў.
Адштурхнуўшыся ад долу здаровай рукой, ён ускочыў у рост, выхапіў з кірзавае кабуры свой наводчыцкі наган і закрычаў лютым і вельмі натужным голасам:
− Уста-а-а-аць! Усе-е-е! У ата-а-аку-у-у-у!
Ён прыгнуўся, напружыўся, як спружына, скочыў на ўзмежак, сігануў цераз канец перабітай жардзіны, стрэліў у гулкую ад выбухаў цемру. І ў той жа момант над гародамі і ўзмежкам павіслі ў небе адразу аж тры ракеты. Ён болей адчуў, чым убачыў, як матлянуліся ля яго гарачыя трасы − ля галавы, пад рукамі, паўз ногі, − хлопец на секунду разгублена спатыкнуўся і зірнуў на свой фланг. Толькі адзін чалавек там няспрытна пералазіў цераз плот, астатнія ж, пэўна, ляжалі, бо болей ва ўсім прасцягу ля балацявіны нідзе нікога не было відаць.
Невядома чаму − ці можа ад той мільготкай кулявой небяспекі, што стрэла яго, ці ад думкі, што каманда не дайшла да ўсіх і атака сарвалася, − ён упаў на мулкія глыжы леташняга бульбянішча, і панылае, гаротнае і вельмі крыўднае пачуццё ўсё болей і болей, бы вада за колам каляіну, пачала заліваць яго.
«От усё!.. Накамандаваў!»
Некалькі часу ён нерухома ляжаў пад нязносным святлом ракет, адчуваючы, як халадзее, дубее ад крывавай макрэдзі яго рука, калі ж глухая, чорная, як каламазь, цемра ўпала вакол, вобмацкам ссунуўся назад за ўзмежак і крыкнуў Тарасікаву:
− Тарасікаў, агонь! Агонь… такую тваю!..
Затым, лаючыся і некалькі разоў стрэліўшы ў паветра і ўжо зусім не прыгінаючыся, ён кінуўся па-над плотам і закрычаў што было сіл усім, хто мог чуць яго ў гэтай счарнелай глухой цемрадзі:
− Упярод!!! Упярод!!! − і агідна, невядома як лаяўся.
Вакол джгалі трасы − збоку, зверху, пад ногі, − але Жаркоў не зважаў на іх, яго аглушыла, апаліла адно толькі адчуванне таго, што калі ён не ўзніме ўсіх на кароткі рывок, то здарыцца вялікая, непапраўна-жахлівая бяда. Ён у той час не ведаў, якая яна і ў чым менавіта была тая бяда, але ўсім сваім адчуваннем згадваў, што паратунак ад яе ў рашучым скачку наперад, у ноч, на кулямёты. Аб сабе ён не думаў. Сваё маленькае нязначнае жыццё было дужа нязначным, квёлым і слабым у параўнанні з тае блізкай і страшнай пагрозай бяды.
У ап’янелым сваім парыве ён то бег, то падаў і нават не заўважыў, як дол ажно асвяціўся ад згусцелых, мнагаярусных трас, як па ўзмежку люта сыпанулі сіняватыя клубкі маленькіх злых трэскавак − разрыўных чэрг. І раптам, калі ён упаў і зноў паімкнуўся ўскочыць, нехта дужа тузануў яго за палу шыняля, хлопец прысеў, азірнуўся і ўпершыню зразумеў, што пазбег блізкай і пэўнай пагібелі. Ратуючыся ад траскоцця разрыўных, ён прыціснуўся да сцюдзёнай, макраватай ад марозу імшарыны, чарга прамільгнула пад самым тварам, і тады побач пачуўся знаёмы сіпаты голас:
− От галава! Ці ж так можна!..
Голас быў вельмі знаёмы, але ў гарачцы не так проста было прыпамятаць чый. «Гэ, ды то ж Гушчын», − спакваля дайшло да свядомасці, як дайшло да яе і тое, што ён усё болей і болей губляў крыві і слабеў. У левай руцэ быццам забегалі мурашкі, яна дзіўна здранцвела, пальцы страцілі сілу і млелі ад кожнага руху імі. Гушчын, пэўна, заўважыў, што камандзір паранены і, лежачы на сцюдзёнай імшарыне, запытаўся:
− Што, трапіла? Ага?
− Сарвалася атака! Ты разумееш: сарвалася! Не ўсталі! Не ўсталі нягоднікі, сувязісты гэтыя!..
− Ціха ты!.. Не ўсталі − устануць. Было б каму… Куды цябе?..
− Ды ў руку вось…
Жаркоў шалёна аддыхваўся, мінныя выбухі ўжо сціхлі, высока ўгары яшчэ вірашчэла, але рвалася далёка, па той бок вёскі, відаць, мінамётчыкі перанеслі агонь у дапамогу тым ротам.
І ў гэты час між скуголення мін і кулямётнага посвісту выразна пачуўся размераны, такі супакоена дзелавы голас іх «гарунова». Бы добрая швейная машына, вёў і вёў ён на ўзмежку сваё «тах-тах-тах-тах…» Жаркоў усхапіўся, вельмі ўзрадаваны, і крыкнуў Гушчыну:
− Страляе, глядзі!
Блізка ля яго лежачы, Гушчын не зразумеў, ён паглядзеў не ў той бок, а ў другі, адкуль несліся да іх зыркія трасы, і пачаў прыладжваць ля пляча вінтоўку, каб стрэліць. А Жар-коў, прыслухоўваючыся да знаёмых гукаў «гарунова», адчуваў, як нешта цёплае, добрае і трошкі крыўднае на сябе − напэўна, за нядаўнюю крыклівасць − шавяльнулася ўнутры, але, не адчутае да канца, так і знікла. Вельмі нізкая чарга, пырснуўшы аднекуль збоку, прыціснула абодвух да самага долу.
− От лупіць паганец! − прасіпеў Гушчын, выплёўваючы з роту зямлю. Прыладзіўшыся, ён стрэліў некалькі разоў на блізкі і яркі агеньчык, але кулямёт не змаўкаў. Тады Жаркоў падумаў, што пакуль не сціхне гэты кулямёт, ім не ўдасца вылезці з-за ўзмежка. І ў яго імгненна з’явіўся намер, хлопец не думаў, правільна тое ці не, ён адчуў толькі галоўную перашкоду і зразумеў, як можна знішчыць яе. Сяржант сунуў за пазуху наган і выцягнуў з кішэні лімонку.
− Чакай, не страляй, − гукнуў ён у вуха Гушчыну, а сам, упіраючыся нагамі і правым локцем, няспрытна папоўз.
− Пастой, ты куды? − здзівіўся Гушчын. − На каску хоць…