Хатынская аповесць - Адамович Алесь Михайлович 2 стр.


Жанчына, пакуль ідзе ўся гэтая працэдура, стаіць за мужавай спіной: яна таксама ўсміхаецца, але ні на кога не глядзіць, у той час як чорныя акуляры сляпога ўважліва ўглядаюцца на кожны голас.

Руку сляпога перахапіў таўсматы пасажыр. Раменьчык ад фотаапарата палавініць ягонае мяккае плячо, i ўвесь ён нейкі выпнуты, кругленькі ў сваім новым сінім гарнітуры.

— Не пазнаеш Сталетава?

— I ты тут? — здзівіўся сляпы.

— А дзе ж мне быць? — Сталетаў пакрыўдзіўся.

Але жанчына павяла ўжо Гайшуна далей. Ён зачапіў калена грузнага i нават тут, на сядзенні, высокага чалавека, які, як пераростак за школьнай партай, сядзіць крывавата, бокам, загароджваючы праход.

— Дзень добры, — ціха i вельмі cпaкойна сказаў грузны пасажыр.

I паўтарыў:

— Дзень добры, Флёра.

Ад ягонага голасу на нейкае імгненне зноў адкрылася — як блізкае дно — цішыня.

Жанчына, перасмыкнуўшы тварам, схапіла Гайшуна за плечы i хуценька правяла наперад. Пасадзіла i сама села тварам да кабіны i спіной да ўсіх.

Хлапчук паклікаў:

— Тут лепей, татка.

— Вось i сядзі! — абарвала яго маці.

Ля кабіны — тварам да ўсіх — зручней сядзець было б i грузнаму пасажыру. Але ён таксама не сеў там.

…Касач! Гэта яго голас. Упэўнена-ціхі: чалавек ведае, прывык, што яго пастараюцца пачуць. Гэты голас хіба забудзеш?..

А як перамянілася Глашына рука: нібы з-пад машыны мяне выхапіла!

Які ён цяпер — Касач? Ва ўсякім выпадку не сляпы, як яе муж.

Матор i вядро, што дзынкае пад сядзеннем, глушаць аўтобусную гаману. Толькі самыя высокія i вясёлыя галасы далятаюць, выпадкова сутыкаючыся i пераплятаючыся. «Летась… ды ўжо i ўнукі ёсць… Бомба разарвецца, воблака ўзаўецца… ну, Косця, які не ты? Дай людзям пагаварыць… Я кажу, што касачоўцы ўсюды… Не, я яму скажу, нашаму летапісцу, гэтаму… Гэй, Сталетаў!.. А мая дачка экзамен здае ў інстытут замежных…»

Нерэальныя, да немагчымасці блізкія галасы з далёкага-далёкага мінулага затапляюць аўтобус: сённяшнія, выпадковыя словы плаваюць на паверхні, як смецце, а знаёмыя галасы, як бы незалежна ад слоў, уліваюцца ў мяне, саланаватыя, пякучыя…

Чалавек дваццаць нашых партызанаў. Некаторых я ўжо чуў, разбіраю: Касача, Косцю-начштаба, Стому, Рыжага, Сталетава…

Косця, наш начштаба, — усё гэтакі ж хлапчукоўскі голас — уразаецца адразу ва усе размовы; рагоча, выкрыквае прозвішчы, клічкі, знарок бяссэнсавыя словы («Дзеда не забылі?.. Сталетаў, здымі нас — для гісторыі. У цябе гэта здорава выходзіць… Дзед, ты ў каго такі капялюш сцёг?.. Мэнш!.. Не перашкаджай, жонка!..»),

Так, ён такі, наш Косця-начштаба, з ім i ў чыстым полі будзе цесна: кожнага зачэпіць, абніме i тут жа абсмяе. Не надта самавіты для сваей пасады. Дваццаць два ці дваццаць тры яму… Было. Але яго любяць (любілі): справу сваю разумеў, ваяваць умеў. Не горш за Касача.

Касач тут, побач. За спіной у мяне. «Дзень добры?» — паздароўкаўся спачатку i з Глашай, але нешта прачытаў на Глашыным твары i тут жа аддзяліў: «Дзень добры, Флёра!» Вунь якою зрабілася Глашына рука! Спалоханая i цвёрдая. Глаша сядзіць побач са мной, прамая, напружаная, — я i не бачу, а ведаю.

Такі ж аграмадны, моцны? Голас, прынамсі, той жа. Мне заўсёды хацелася зразумець: прыкмячае ён сам ці не прыкмячае гэтую сваю пастаянную іронію, часамі, здавалася, недарэчную?

— Я яму ў вочы сказаць магу! — голас аднекуль ззаду. — Мы яго, прымачка, з-за печы выцягнулі, у партызаны сілай прывалаклі, а цяпер…

Пра каго гэта там? I чый голас? Нервовы, усхваляваны. Хлопцы падзаводзяць, бач, чалавека — гэта ў нас заўсёды ўмелі.

— Сакратарка не пусціць.

— А ты — па тэлефоне яму. Верна, Зуёнак? Ці тэлеграмай.

Ну, вядома, гэта ён, Зуёнак! Галоўны хавальнік пapтызанскай геральдыкі, Зуёнак заўсёды помніў, i вельмі дакладна, хто ў якім годзе i нават у якім месяцы прыйшоў у партызаны. I хто якой павагі заслугоўвае. Усю сям'ю Зуёнка немцы выбілі яшчэ ў сорак першым, калі ён пайшоў у лес. Менавіта з дапамогай ягоных доўгіх i настойлівых пісем пастаўлены многія нашы помнікі. I гэты, які мы едзем адкрываць. Я ўпершыню еду: калі мог, вочы былі, сустрэчы такія не праводзіліся. А Зуёнку нават перапала за спробы сабраць нас: «Якія такія сустрэчы? Каму гэта трэба?»

— Да ночы паўзці будзем з такой яздой. Я на сваім хозузводаўскім хутчэй паспяваў.

— О, Дзед наш да самалётаў прывык!

Заехаць заадно i ў Хатынь — хоць гэта зусім не па дарозе ў нашы партызанскія мясціны — таксама iнiцыятыва Зуёнка. Для мяне гэта асабліва важна — наведаць Хатынь. Хаця што я там убачу? Убачу не тое, што там цяпер, а што было. Што яно такое, нашы Хатыні, я ведаю. Гэта я ведаю…

A хозузводаўскі Дзед усё непакоіцца, ці паспеем у два канцы, ці не спознімся. Колькі яму? Дзедам i тады ён нам здаваўся. Гаворыць — нібы гарачую бульбачку есць: сіпіць, дзьмухае, крэкча за кожным словам. I няўпэўненае смяхоццейка трапятлівага селяніна. Неяк жа здолеў, сабраў Зуёнак усіх нас, i гарадскіх i з раёна, у гэты аўтобус.

— Нічога, — абзываецца нехта (здаецца, Рыжы), — i болей нас там чакалі.

У Рыжага нават іронія прабілася ў голасе. Пасляваенная, мабыць. Раней усе з яго жартавалі, а ён толькі пасопваў аблупленым носам ды абяцаў: «Вось як дам левай!»

— A які хоць помнік? Га, Зуёнак? — пытаюць з задняга сядзення.

— Курган, школьнікі насыпалі.

— A які б ты хацеў сабе? — крычыць Косця-начштаба.

— Я нешта не падумаў пра гэта, калі хадзілі — памятаеце? — па гарэлым балоце. Як на вяроўцы хадзілі па крузе.

Мільгацяць твары ў маёй памяці, тасуюцца i ніводны не накладваецца на гэты голас з ціхім пакашліваннем.

— Хлопцам усё роўна цяпер. (Дзед.)

— Усё роўна, ды не зусім. (Стома.)

— Над такім, як у мінулым годзе, я не лёг бы.

— Зуёнак, улічы пажаданні. (Косця-начштаба.)

— Не, a помніце Чортава Калена, як хадзілі па крузе, па балоце? Расказваеш — не вераць людзі.

Хто гэта гарэлае балота, Чортава Калена, уснамінае? Голас з такім знаёмым, ласкава-хітрым пакашліваннем. Вядзмедзь, ён? Ну, вядома ж! Які ён цяпер, без кулямётных стужак цераз грудзі i на паясніцы? Вельмі нязручна насіць так патроны i непрактычна: іржавеюць, а у час бою выцягвай па аднаму, запіхвай у «магазын», у патроннік. Ужо для той, для першай сусветнай, прыдумана была зручная абойма: паставіў у паз, націснуў вялікім пальцам — i адразу пяць патронаў у вінтоўцы. Але Вядзмедзь пакорліва цягаў сваю кіношную ўкрасу, а сам шчупленькі, сутулы, у акулярах. Не каля дзяўчат, вядома, яго думкі круціліся, як у зухаватых i прыбраных у зброю i рамяні разведчыкаў, i ад'ютантаў, а каб пакармілі. Цётка адразу бачыла: чалавек ваюе! А можа, i тады кіно сядзела ў падупалых грудзях Вядзмедзя?

Неяк пайшлі мы ў кінатэатр, пачаўся фільм, i раптам смяшок у зале: «Леў… Вядзмедзь…» Глаша ціхенька ўсклікнула: «Ой, Флёра, наш Вядзмедзь Лёва дырэктар гэтай карціны!»

У кіно я звычайна з Сярожам хаджу: мы заходзім у памяшканне перад самым пачаткам сеанса, каб не мучылася публіка недаўменнем, навошта сляпому кіно.

Спачатку Сярожа пошапкам тлумачыць, што там на экране, пакуль я не ўцямлю, куды аўтары гнуць, а потым ужо я памагаю Сярожу, слухаючы фільм, як радыё. Каторыя фільмы нібы для мяне i зроблены — усё растлумачана, услых, гучна.

Але калі раптам замірае зала перад анямелым экранам, i толькі дыханне соцень людзей, як перад ускрыкам у сне, вось тады ўключаецца, загараецца мой экран. Пад раптоўныя крыкі, стрэлы з іхняга экрана я бачу сваё. Toe, чаго ніхто не бачыць.

— А вы, дзядзя, таксама партызан? — прыстае Сярожа да Сталетава, які перайшоў да кабіны i цяпер, я чую, сядзіць насупраць мяне.

— Тут усе партызаны, хлопчык, — пытанне Сталетаву не спадабалася. — А ты — піянер?

— Вядома, — Сярожа таксама абурыўся.

— Не выпацкай дзядзьку сваімі чаравікамі,— папярэджвае Сярожу Глаша. З таго імгнення, калі яна ўбачыла ў аўтобусе Касача, усё ў ёй — я па голасе адчуваю — нібы здранцвела.

— Вы таксама касачовец? — дапытваецца Сярожа. Ён калі ўжо возьмецца за сваё!..

— Э, не-е! — узрадаваўся пытанню Сталетаў.— Я з атрада імя Сталіна.

Сталетаў цяпер сядзіць тварам да Касача, яны бачаць адзін аднаго. Ці Сталетаў, як звычайна, убок i ўверх глядзіць? Вочы ў яго касаватыя.

— I бацька твой ніякі не касачовец, a імя Сталіна.

Гэта адно i тое ж: па паперах мы — атрад імя Сталіна, a ў вёсках, мусіць, i цяпер помняць касачоўцаў.

Даволі экзатычны экземпляр гэты Сталетаў, нават сярод такіх розных, як партызаны, людзей.

Спачатку, калі прывялі ў наш Замошанскі лагер злоўленага інструктара анямечаных школ, які на веласіпедзе раз'язджаў па раёне з лекцыямі пра «Гітлера-вызваліцеля», — гэта быў азызлы, бледны чалавек з вачамі, вытарачанымі, як нам тады здалося, ад страху (зламаны веласіпед на сабе прывалок). Але не расстралялі, пакінулі ў атрадзе (даказаў, што перадаў дэсантнікам пішучую машынку, нешта канцылярскае), i тады мы зразумелі, што вочы ў яго такія заўсёды. Ад прыроды i ў згодзе, як выявілася, з натурай сталетаўскай.

На змену сполаху хлынула ў Сталетава, а з яго — на нас, радасць, ды такая, што хлопцы не ведалі, куды дзявацца. Падыдзе нячутна, зачарованай хадой, стане перад Рыжым, Зуёнкам ці Вядзмедзем i глядзіць улюбёна скасавураным вокам у неба. Нібы галовы іхнія — недзе там, у вяршалінах лесу. Жывымі на неба ўзносіць!

— Ты чаго? — здзівіцца партызан з непрывычкі.

— Я?.. Нічога я… Можа, абед вам таксама прынесці. Я іду на кухню.

— А што, a прынясі! Прынясі, братка.

Вярнуліся аднойчы з нейкай аперацыі, а Сталетава не відно, няма ні ў нашай зямлянцы, ні поблізу. У лагеры ён, але нас быццам ужо не заўважае. Выявілася, Сталетаў ужо штабная адзінка. Пісар, а дакладней — летапісец. Пераканаў нейкага прыезджага з брыгады, што вунь як неабходна пісаць гісторыю нашых атрадаў. Фронт ужо не так далека, іншыя брыгады спахопяцца, a ў нас — калі ласка, усё гатова.

Дзіўныя вочы ў гэтага чалавека. Быццам мерку здымаюць: прыпнуць цябе да нечага нябачнага, пацягнуць крыху ўгору, як кравец выцягвае каўнер, «спінку», a ў вачах ягоных прысуд, нават крыўда: э, не, не дацягваеш! Да гісторыі, ці што? Яшчэ раз пацягне цябе ўгору чорнымі пякучымі (іншы раз здаецца звар'яцелымі) вачамі, a i ў ix усмешка. То-онкая-тонкая! Нас, маўляў, не падманеш… I ўжо канчаткова ўзнясе позірк да неба, пакінуўшы цябе, нібы перад ліфтам, які мільгануўся толькі што.

Што там выйшла з летапісу брыгады, невядома. Толькі з касачоўскага штаба ён раптоўна вулецеў, гэтак жа імкліва, як i трапіў туды! У Касача такія справы без затрымкі афармляліся: не памог Сталетаву i апякун брыгадны. Дайшло да Касача (у вёсках паскардзіліся), што «нейкі ваш касы» дзядзьку пабіў, баб палохаў вінтоўкай, некага да сцяны прымерваў.

— Мы тут ваюем, — апраўдваўся Сталетаў,— а нейкі там сядзіць, барадой прыкрыўся, i — калі ласка, вызваляй яго. Я б не ўсіх назад пускаў. У наша жыццё.

— Ваюем? — перапытаў Касач. — Вось i паваюй. A гісторыю пасля напішаш. Першым разам — на губу яго!

«Гісторыю» Сталетаў напісаў, ды толькі зусім не тую…

Злучыліся з арміяй: адных — на фронт, другіх — гаспадарку ўзнімаць, i раптам затрымка з тымі, каго працаваць у раёне пакінулі. Сталетаўская папка ўсплыла, a ў ёй, выявілася, такое было напісана (асабліва пра Касача, ды i пра другіх таксама), што калі хлопцаў выклікалі, ім не зачытвалі ўголас, a толькі пальцам па радках вадзілі. Не рашаліся сваім голасам зачытваць фразы, нібыта чутыя Сталетавым у атрадзе. Што ён там чуў, а што прыплёў — цяжка сказаць. Партызаны сапраўды разважалі, i часам горача i шчыра, пра тое, пра што пасля пяцьдзесят трэцяга загаварылі i сталі пісаць. Магчыма, i ў штабе нешта такое чуў. Ды ён, здаецца, перамыш'ячыў: адна смяротная доза мыш'яку — смяротная, а ад дзесяці можаш i не памерці: адразу пачынае ванітаваць, ачышчаецца страўнік. Не вяртаць жа палавіну атрада з фронту! Да кагосьці не дурнога трапіла справа: Сталетаву самому давялося апраўдвацца. Доўга пра нашага «летапісца» не чуваць было нічога, але раптам голас аб сабе падаў. Неўзабаве i на сустрэчах пачаў паяўляцца Сталетаў. Я не быў на тых першых сустрэчах, але чуў, што Сталетаў вынырнуў, што зноў захапленне i радасць i ўлюбёнасць у гарачлівых вачах, узнятых да неба вачах «летапісца». Спачатку, думаю, без цырымоніі нагадвалі яму пра «гісторыю брыгады», але падобна на тое, што з часам пачалі да яго прывыкаць. Адыходлівыя нашы гарачуны.

— Э, не-е, — марудзіць Сталетаў, нібы правяраючы рэакцыю аўтобуса, — не-е, хлопчык, мы з тваім таткам партызаны, а не якія-небудзь… («касачоўцы» ўсё ж не сказаў).

I песні пяюць ужо — дзве ці тры разам.

Сярожка доўга не здагадваўся, што ў яго бацька не такі, як у іншых. A калі дайшло да яго дзіцячага сэрцайка — зірнуў аднойчы i раптоўна зразумеў! — закрычаў, заплакаў, нібы ў гэты міг са мной усё i здарылася: «Хто цябе, татка, ты не бойся, скажы! Немцы, так? Фашысты, га? Скажы, ты скажы!» Пабег у свой куток, схапіў чырвоны завадны млын i пачаў яго, моцна плачучы, ламаць, кінуў на падлогу. А Глаша i я сам угаворвалі яго: цацку рабілі іншыя немцы, зусім іншыя…

З таго часу i дня не мінала, каб Сярожка не загаварыў пра мае «вочкі». Мы з ім абмяркоўвалі план, як мяне вылечыць, i я яго, рабаценькага i чарнавокага, убачу. Сярожа няўпэўнена смяяўся, калі я расказваў, якім ён сам паўстане перада мной i як я яго не пазнаю.

Першая аперацыя — за тры гады да гэтага — не дала вынікаў. Я рашыўся зноў, на другую, дзеля Сярожы. Яны з Глашай прыходзілі да мяне ў клініку, шмат гаварылі, Сярожа ўзбуджана смяяўся. Ён быў цалкам упэўнены, што здымуць павязку — i я ўбачу яго, усё ўбачу зноў. А потым мяне адвозілі дамоў, усё з той жа цеменню: Глаша ціхутка плакала i гладзіла маю руку, Сярожа сядзеў каля таксіста, i я яго не чуў.

Больш пра мае «вочкі» Сярожа ніколі не загаворвае. Іншым разам, па яго дыханні, што раптоўна ападзе, я адчуваю, як пакутліва, недаўменна ён глядзіць на мой твар. Надта сталі балець вочы, яны нібы большаюць, круглеюць. Мне нават прапанавалі вылушчыць ix, каб не балелі, але я не згадзіўся — таксама дзеля Сярожы.

Сёння Сярожа вельмі ажыўлены, вясёлы: ён едзе ў «партызаны», акрамя таго, вакол нас людзі, якім не трэба тлумачыць, хто яго татка, наадварот, можна слухаць, распытваць.

Матор глушыць галасы ў аўтобусе, мы едзем лесам, але калі дрэвы расступаюцца, адкрываецца поле, я добра разбіраю галасы нават з задніх сядзенняў. I ўсё стараюся ўявіць, хто як выглядае.

Прымушаю сябе рабіць папраўку на час: чвэрць веку мінулася, як я ix бачыў.

Я i самога сябе ўяўляю толькі таго, якім быў, калі i для мяне існавала такая рэч, як люстэрка, — бледны чалавек з набраклымі павекамі, з пабялелымі скронямі i глыбокімі складкамі-дугамі каля рота, што заўсягды стрымліваў вінаватую ўсмешку.

Глаша пайшла за такога замуж, але яна, мусіць, у нейкім іншым люстэрку мяне бачыла, не ў такім бязлітасным. У яе памяці я існую побач з яе маладосцю. Вось i з Касачом — таксама. Аднак як яна яго ненавідзіць! Ці баіцца. Сябе баіцца. Не, гэта я баюся. Палахлівы i завідлівы сляпы. I няўдзячны.

Пакуль я яшчэ быў, як усе (толькі час ад часу пачыналі балець, чырванелі вочы), жыццё з Глашай у нас не надта ладзілася: тое, што нас зблізіла, тое i падзяляла, мучыла. Наша сумеснае партызанства, Касач… Не гаварылі мы, не ўспаміналі ўголас, але гэта было з намі, чулася. А калi ca мной здарылася самае страшнае (за нейкіх паўгода), Глашу як падмянілі — яе голас, яе рукі, яе дотык. I яна сама захацела, каб нарадзіўся Сярожа.

I зноў побач — Касач! Ён у нас за спіной, усю дарогу за спіной. Глаша ні на імгненне не забывае пра гэта — я адчуваю. Вунь як яна напружана маўчыць! Я сам настояў, каб ехаць на гэтую сустрэчу, калі Зуёнак нам напісаў. Глаша не хацела, а мы з Сярожам настойвалі. Я — каб адпомсціць сабе за ўсё ранейшае. Удзячнасць сляпога.

У аўтобусе гучная, вясёлая спрэчка. Мне заўжды лягчэй, калі людзі вось так захапляюцца, i тады не яны за мной, а я за імі назіраю.

Назад Дальше