Ніжнія Байдуны - Янка Брыль 10 стр.


— Холост?

І ад пытання, і ад голасу я задрыжаў, нібыта злоўлены ў чужым садзе. Ды хросны мой, які таксама ж быў у горадзе, засмяяўся ў адказ дзяку не менш культурна:

— Ах, Радзівон Парфіравіч, да ведзь жа младзенец, яшчэ і сіротка.

Дзяк пакруціў галавою:

— Младзенец? Поверим, Рафаил Степанович, поверим.

Хросны нават пагладзіў мяне па ім жа самім на бручку абстрыжанай учора галаве, відаць, і не падазраючы, што сцэнка гэтая, у маёй перадачы, сёння ж яшчэ насмяшыць нашу маму і Надзю з Андрэем.

Другі знаёмы духоўнага звання, дзед Бойка, жыў зусім недалёка ад царквы, пры якой быў старастам і званаром. Хатка яго стаяла ўнізе пад узгоркам, каля нізкага муру царкоўнай агароджы, у зацішным кутку пад высознымі ліпамі.

У хатцы і так была духата, а мы пілі гарачы чай. Дзед Бойка быў родам з Плёхава, але доўга жыў у Маскве і адтуль прывёз сваю бабу. На грудзях у дзеда, з выпадку свята, было начэплена некалькі медалёў, на адным з якіх я цераз стол прачытаў «За спасение утопающего», а на другім — «За отличную стрельбу». На іншых чатырох здалёк не змог разабраць. Дзедава баба чай піла ўпрыкуску, са сподачка, палажыўшы на прыпол сабе ручнік. Дзед і хросны таксама сёрбалі са сподачкаў, прасмоктваючы той чай цераз кавалачкі цукру. Толькі я піў салоджаны, з вялікага фарфоравага кубка, прыкусваючы хлебам з маслам. Пілі ўсе доўга. Баба выціралася адным ручніком, дзед з хросным другім, а я ўжо, як у тым анекдоце, абсыхаў і так.

Я кончыў піць хутчэй за ўсіх, мне пачало быць сумна ад іх бясконцай гутаркі і хлюпання, і дзед, дзякуй яму, здагадаўся — даў кнігу. Гэта быў, як я сказаў бы пазней, вялікі і раскошна выдадзены том біяграфій расейскіх пісьменнікаў, ад Ламаносава да Горкага. Не памятаю: можа, быў хто-небудзь і ранейшы за Ламаносава, аднак апошнім быў, бясспрэчна, Горкі.

З тых нямногіх кніжак, якія былі ў нас дома, я ведаў па партрэтах Ас-Пушкіна (так мы чыталі-забаўляліся з Качкавым Валодзем), Мю-Лермантава, Энвэ-Гогаля, Іа-Крылова. Гартаючы дзедаву кнігу, я пазнаваў там сваіх нешматлікіх знаёмых, а з мноства новых найбольш чамусьці ўразілі тры. Іменна той, апошні ў кнізе, Горкі, толькі Максім, без Аэм, а перад ім — Тэгэ-Шаўчэнка і Элэн-Талстой. У першага (хоць і апошняга ў кнізе) мне спадабалася і чорная, доўгая кашуля, падпяразаная шырокім рэменем, і доўгія, назад адкінутыя валасы. У другога — кажух, калматая папаха і вусы. У трэцяга — зноў жа доўгая і падпяразаная вузкім раменьчыкам, але белая кашуля і вельмі ж вясковая барада, амаль як у старога Чыркуна, дзеда Цупрона.

Неўзабаве і чаяванне, і гутарка хроснага з дзедам і бабай здаліся мне вельмі ж кароткімі. Хросны мяне ад кнігі проста адарваў, а дзед Бойка пацешыў, што, калі я буду добра паводзіць сябе, старанна вучыцца і шчыра хадзіць у царкву, — ён і яшчэ калі-небудзь кнігу гэтую мне пакажа. Нагаварыў амаль таго самага, што і поп, калі я стаяў у яго пад крылом, накрытытым «пітрахілем», ці як яно там называецца.

З той кнігай больш не паўтарылася. З душнай прыцаркоўнай хаціны (яе ўжо даўно, як і дзеда з бабай, няма) у памяці засталося толькі дзіцячае пачуццё, так сказаць, закаханасці з першага позірку, якое, можа, і было падсвядомым прадчуваннем пазнейшых сустрэч не толькі ўжо з партрэтамі тых трох, двух у кашулях і аднаго ў кажусе, але з вялізным і чароўным светам іхніх душ, без якога і мне цяпер не ўявіць свайго ўласнага існавання… А за паводзіны дзед Бойка меў потым права не раз і не два разы накруціць мне вушы.

Гэта тады ўжо, калі я хадзіў не ў ніжнебайдунскую, а ў местачковую школу. У будзень, пасля заняткаў, нам сяды-тады ўдавалася зайсці ў прычыненую царкву і, пакуль той стараста прыбіраў там недзе ў яе вялізнай, звонкай пустэчы, ціхенька, асцярожна ўзабрацца па крутых і вітых усходах званіцы ажно пад самае неба…

Куды там той «маяк», з якога Сідар-гоп скінуў галёш! Якое гэта, ні з чым не параўнанае, шчасце — глядзець на ўсё на свеце з вышыні! І на ўсё мястэчка, і на палі вакол яго, і на дарогі — і тыя, што ва ўсе бакі, і на тую адну, на гасцінец, па якім ты, нябачнай зверху сцежкай на абочыне, столькі пратупаў ужо і столькі яшчэ пратупаеш…

Нам, аднак, гэтага шчасця — толькі глядзення зверху — было замала. Бо тут, пад самым небам, віселі званы. Малыя, большыя і найбольшы, вялікі. Галасы іх мы неаднойчы чулі, але знізу. Цяпер, з усім адчуваннем урачыстасці і небяспекі, мы падыходзілі да найбольшага. Затаіўшы дых, як перад нырцом у найглыбейшую, найхаладнейшую ваду, мы дакраналіся да яго вяроўкі. Пасля такі і тузалі. І звон нездаволена адгукаўся прыцішаным, але глыбінным «б-бом-м!..».

І гэтага нам было мала. Мы тузалі смялей, яшчэ адзін раз. А тады ўжо кідаліся ўніз, каб паспець спусціцца на зямлю, сто тысяч разоў пратарахцеўшы па тых сходах быстрымі, вясёлымі нагамі, пакуль нас знізу не сустрэне дзед Бойка — з венікам ці з анучай… Званара мы баяліся больш, чым Гірш-Элю з яго сінагогай: шамэс толькі крычаў, а не біўся. Уніз мы заўсёды спазняліся: дзед добра ведаў нашага брата, а сам быў чуткі і шустры; на голас звона, нават і найцішэйшы, адразу ж бег, дабягаў да выхада са званіцы. Каму пападала, каму не, як калі пашанцуе, але заўсёды ўсім было весела. І ніжэй, прарваўшыся міма дзеда, і на царкоўным пляцы, і на вуліцы, і на сцежцы ўзбоч гасцінца, з якое так добра было азірацца на белую красуню на ўзгорку, на той адзін з салатавых купалоў, пад якім ты нядаўна быў…

Малыя мы бывалі жорсткімі. Відаць, усе. Асабліва калі збіраліся разам і жорсткасць нашу пакрываў, вязаў у адно наш невычэрпны, нястомны смех.

Нядаўна мне, у прэзідыуме аднаго высокага сходу, знячэўку ды недарэчы, успомніўся Жмака. Вельмі ярка, з вострым, жывым, — праз паўстагоддзя — адчуваннем дзіцячай крыўды. І з дзікім смехам гэтага недалёкага дзецюка. Мы, некалькі пастушкоў, нават яшчэ не каровіных, а свіных, палезлі ў рэчку, дзе ўжо купаўся ён. Адзін. Не ведаю, чаму адзін, але ж у памяці — так. Ён выйшаў на водмель — такі здаравенны! — і раптам пачаў забаўляцца: хапаць каго-небудзь з нас і з галавою панураць у ваду. Ты задыхаешся ў перадапошнім жаху, пачынаеш ужо балбатаць пад вадой, а ён — рагоча, як жарабец, які падбіў цябе процьмай цяжэразных капытоў. Толькі тады ўжо, калі ты, здаецца, зусім заходзішся ў вадзе, пад націскам яго капыцістых далоняў, ён адпускае цябе, а сам яшчэ шчырэй іржэ — ужо з таго, як уцякаюць з вады твае сябры, уся бездапаможная малеча. Яму ўжо не відно і не чутно, як ты плачаш і лаешся, спачатку, бліжэй да яго — толькі плачаш… Зрэшты, не памятаю, ці задыхаўся пад вадой і ці плакаў я сам. Толькі той смех памятаю. І вострую горыч той самай крыўды.

Ну, а тады ж і нам самім было часамі вельмі смешна ад крыўды, якую мы прычынялі іншым, старэйшым за нас і старым. Весела, смешна было забаўляцца, перамагаючы страх, гуляючы з небяспекай, — калі магло за гэты смех і папасці ад таго старэйшага ці старога, абы ты трапіў яму ў рукі.

І толькі зрэдку калі-небудзь да самога цябе, раздурка, даходзіла, што гэта — не тое, зусім не той смех, што і другому таксама баліць…

Зімою дзед Бойка рабіў калядны аб'езд парахвіі, прыязджаў і ў нашу вёску. Зрэшты, не прыязджаў, а прыходзіў, цягнучы за сабой «козачку» — санкі-прычэп, якія, возячы з лесу бярвенні, падстаўляюць пад верхавіну. Паставіўшы на вуліцы сваю «козачку» з двума няпоўнымі мяхамі жыта і мукі, дзед заходзіў у хату, здымаў шапку, хрысціўся на покуць і змрочна вымаўляў тры нейтральныя словы:

— Ваш царкоўны стараста.

Што азначала: падайце і не скупіцеся. А тым часам яго «козачцы» перад чарговай хатай не стаялася. Калі гэта было на ўзгорку — мы папіхалі яе ўніз. Эх, пайшла, павіляла! Абернецца, рассыплецца мука і жыта? Не, дзед хітры, мяхі ён кожны раз завязвае. Калі ж яна стаяла перад другою хатай на роўным, мы яе адцягвалі і ставілі ўпоперак дарогі. Дзед выходзіў і — пачыналася вясёлае. Ён або трухаў з горкі ўніз, або падыходзіў да «козачкі» на дарозе і крычаў не на нас, бо мы былі ў недасяжнай адлегласці або затуленыя за зруб студні ці за вугал хаты, — ён крычаў на памочніцу:

— Я цябе дзе паставіў? Дзе? Колькі разоў табе гаварыць? Колькі разоў?

І біў яе — брэнкаў кіем па выгнутым перадку, а мы рагаталі здалёк або хіхікалі ў сваёй недалёкай схованцы.

Абедаў дзед Бойка заўсёды ў хроснага. Сядзеў ён там доўга, «козачку» зацягнуўшы на двор і прывязаўшы да плота. Але ў хату да хроснага я ніколі тады не заходзіў: спачатку баючыся за здзекі з «козачкі», а потым, калі ўжо хадзіў у школу ў мястэчка, і з-за таго паднебнага шчасця — званіцы.

Аднойчы, калі я радасна расказаў свайму хроснаму, як дзед б'е і лае «козачку», ён пакруціў галавой і сказаў:

— Ой, нядобра, сынок, ой нядобра? Гэта ж ён хворы чалавек, ён нервенны. З такога брыдка смяяцца, грэх.

Не скажаш, што гэта так ужо да мяне і дайшло. Тым больш што мой настаўнік памаўчаў крыху над шытвом і раптам, штосьці ўспомніўшы, засмяяўся. Расказаў тое штосьці і мне.

— Ён і бабу сваю так ганяе. Не думай, што яны толькі чай папіваюць. Раз ён пры мне разышоўся, пачаў пасуду біць. Ой, а Лукер'я яго Цімафееўна… Нехта, відаць, навучыў, а можа, і сама даўмелася. Бо ціхая яна, благачасцівая. А то дык давай і яна малаціць па гаршках, па талерках! «Гасподзь з вамі, — кажу я, — што ж вы робіце, людзі такія харошыя!» А сам у кут, каб і мяне, чаго добрага, не раскалолі, як гаршчок. А дзед тады спыніўся і пытаецца: «Луша, а што ты дзелаеш?» — «А ты, Мікалаевіч, што?» Дык ён гэта плюнуў ды з хаты. Во як!.. Але смяяцца з гэтага грэх. Стары, нервенны чалавек.

Хросны шые моўчкі, а потым смяецца зноў.

— Захара Качка, — кажа ён, — прымак у Юсты. Чалавек ён нішто сабе. От, бухукае, ілжэ. А цесць яго — ты, канечне, не памятаеш — быў трапяткі, як Юста. І заўсёды што-небудзь вычварыць. Юста дзяругі ткала, у вялікую клетку, чырвоную і сінюю, здаецца. Дык ён сабе, Захараў цесць, дзядзька Габрусь, узяў ды на порткі з гэтага адрэзаў. Сам адрэзаў, сам скроіў, сам пашыў. Вядома ж, якое там было шытво — збоцькаў толькі сяк-так, абы ногі ўсадзіць. Надзеў, выйшаў на вуліцу і стаіць. У тых чырвоных ды сініх, як певень які галагуцкі! А тут ідзе Ганчарыха. І яе ты не ведаеш. Памерла ўжо даўно. Баба была прыветлівая, дый кума яго, і нічога ж яна такога яму не сказала, а толькі ўсміхнулася: «Ну ж ты і выстраіўсё, кумок!» А той як гыркне: «Пацалуй, мая кумко, сабаку ў…» Пабег у хату. І ўжо ніхто яго ў тых пеўневых портках не бачыў. Юста казала, што на анучы іх палупіў. Таксама нервенны быў чалавек.

Кончыўшы абмётваць рукамі, хросны сеў за машыну. Пастракатаў сваім «зінгерам», а потым перастаў, бо зноў смяецца.

— Монька Грыгоры Іванавіч… Цяпер ужо ён пан Гжэгаж. Плёхаўскі настаўнік. Таксама шые ў мяне. Шыў адзін раз. Кажух. А ўжо цяпер у яго не кажух, а паліто. Што там Габрусь ці Бойка! Гэта ж такі абразованы чалавек, і гарадское кончыў, як Сцёпа Цівунчык, ды яшчэ і нясвіжскую семінарыю. І цяпер жа яго паны перавучвалі недзе на Гжэгажа. Можа, і не далі б вучыць па-польску, але ён у бацюшкі нашага родны пляменнік. Вучыць. І каму б гэта так даравалі, як яму даруюць. От нервенны дык нервенны! Свістам яго знаравілі. Проста бяжыць, уцякае, калі хто свісне. І нашы ж таксама, — скажам, Валодзя Чыркун або Косця Асечка, а то і Цімох… Едуць з лесу, а ён насустрач ідзе па дарозе. Ды ўжо здалёк, як толькі пазнае, што гэта нашы, сыходзіць з дарогі ў поле — па снезе, па цаліку. Адвернецца да іх, нагнецца, паліто задзярэ — на, свішчы! Пан навучыцель! — Хросны рагоча да слёз, а потым, супакоіўшыся, зноў растлумачвае: — Нервенны чалавек.

Ды ўжо не кажа, што з такога грэх смяяцца.

МУЖЧЫНСКАЯ ГАВОРКА

Хросны сядзіць на кароткім зэдліку, і ногі яго, абутыя ў самаробныя валёнкі, ледзь дастаюць да падлогі. Ён абвесіўся полкай: яго стрыжэ Цімох Ярмоліч.

— З лета самога збіраўсё, Цімоша, і, дзякуй богу, прыйшоў, — смяяўся хросны, калі садзіўся на зэдлік.

— Каб у мяне было адно столькі клопату, што цябе абіндзёжыць, дык я даўно зайшоў бы, — спакойна апраўдваўся Цімох, які і ўвосень яшчэ прападае то ў лузе, то ў лесе, то над ракою. Балазе падняўся яго старэйшы хлопец, ёсць каму рабіць у полі. — Затое я цябе цяпер ачалавечу, хоць яшчэ раз жаніся.

Калі б той зэдлік можна было, як у цырульні, падкруціць угару, Цімоху было б значна зручней, бо так ён стаіць над хросным крукам.

У хаце яшчэ толькі цётка Агата і я. Цётка недамагае штосьці і таму ляжыць на печы, а я сяджу на лаве, гляджу і слухаю.

Гнучыся над хросным, Цімох то засяроджана наводзіць «польку», то штосьці сам сабе ўсміхаецца. Магчыма, што і ўспамінае…

Не, гэта сам я ўспомніў тую «радаслоўную», якую ён, Цімох, нядаўна прыдумаў. Пачуўшы ад свае Волечкі ці, можа, нарэшце, і прачытаўшы ў самым пачатку «Евангелля», як гэта «Авраам родил Исаака; Исаак родил Иакова; Иаков родил Иуду и братьев его», ён перанёс тое ў Ніжнія Байдуны, пачаўшы з хроснага:

— Рафалак радзіў Ляпножку; Ляпножка радзіў Пучка; Пучок радзіў Мітрошку, а ўжо Мітрошка — Вінцучка.

Ляпножка — гэта той маленькі і адзінокі ўдавец, у сцюдзёнай хатцы якога мы танцавалі сваё «кукурыку»; мянушка пайшла ад таго, што ён, ідучы, смешна згінаў у калене правую нагу і ляпаў лапцем зверху, нібы знарок. Пучок — наш каваль і найлепшы нырэц. Мітрошка — Важнае ліцо. А Вінцучок — той самы, што ў Арэсевай хаце перавярнуў на печы «сані». Усе яны нярослыя, а Рафалак найменшы, — таму з яго і пачынаецца.

Мне за хроснага не крыўдна, а таксама смешна. Смяяцца за вочы бывае і не брыдка, хоць і не хочацца, каб ён пра гэта ведаў. Як тады ў нас з Качкавым Валодзем было, калі мы ўкралі ў хроснага галубку і хіхікалі, прабіраючыся агародамі дахаты, што вечна злосная цётка Агата возьме яго ў дзяругу за плечы і кінецца нас даганяць. Смех, можа, і дурны, але — што ж ты зробіш? — вясёлы.

Нават і цяпер, калі мне ўжо не дзевяць, а шаснаццаць.

Хросны і сам не крыўдзіцца на Цімоха, не думае выгаворваць яму. І, відаць, не таму толькі, што і сам любіць смешнае, але і ў нейкай сувязі з жаданнем лічыцца сапраўдным, паўнацэнным мужчынам. Ён быў не толькі смяшлівы, але і слязлівы, мог заплакаць ад песні, ад чужое крыўды, а пра такія натуры ў вёсцы гавораць: «як баба». Мала што ты калека, дык яшчэ і «баба»… Радзіў? А што ж, калі не «Ісаака ды Іакава», дык Мікалая, Сяргея і Жэніка. Старэйшыя недзе ў школе, Мікалай у мястэчка ўжо ходзіць, Сяргей у сваю, а Жэнік пабег на вуліцу. Хлопцы яшчэ малыя, таму што хросны ажаніўся позна, а потым дзеці паміралі адно за адным, таксама трое, пакуль не нарадзіўся Мікалай.

Сцвярджаючы сваю мужчынскасць, хросны любіць пагаварыць з Цімохам і пра тое, пра што ўжо ён цяпер гаворыць пры мне не вельмі асцерагаючыся.

Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны:

— Як я быў, Цімоша, малады… Ды каб жа людскае што, а то ж калека няшчасны, а вып'еш тыя разы з хлоцамі, дык не толькі, здаецца, што, а сцяну цалаваў бы!..

— А чаго ж, — гудзе Цімох, даволі спрытна і нягучна ляскаючы нажніцамі. — Вось і нацалаваў. Хлопцы здаровыя, як бурвэлкі, як самому сабе робленыя. Вам бы яшчэ…

— Брахунэ вы! Што толькі сліна вярзе… — перабівае з печы цётка Агата, амаль заўсёды нечым нездаволеная.

Але Цімох як быццам і не чуе, гаворыць далей:

— …дачок са тры ці з чатэры. Пагаварыў бы ты з Братам Арсеніям. Ты яму — як гэта хлопцаў, а ён — як дзявок. Па-суседску…

— Дочкі, — гаворыць, нібы ў роздуме, хросны. — Яны ў Арсеня беленькія, далікатненькія, як маца.

— У яго як маца, а ў цябе будуць як халы. Ён свяцейшы, а ты каранасцейшы.

Цётчына «брахунэ вы!» не было, відаць, вельмі злосным, а толькі так, па прывычцы быць нездаволенай, бо вось і яна далучаецца:

— Старыя мы ўжо, Цімох, на дочкі. Куды там. Дай Бог сыноў пагадаваць.

Цімох зноў лезе ў тое, чаго наслухаўся ад свае Волечкі, толькі ўжо не ў «Новы запавет», а яшчэ далей — у «Стары».

— А як жа Сорка ў таго Аўраама? — пытаецца ён. — Старая баба была, дзевяноста гадоў. Дый «гаспадзіну твайму», Рафалку, не дзевяноста дзевяць, як таму Аўрааму, калі яму Бог зрабіў абразанец.

Назад Дальше