Нямком старэйшы Чыркун прыкідваўся, вядома, не сярод сваіх. Часамі гэта выручала ніжнебайдунцаў, а то дык бывала і дрэнна…
Па дровы нашы ездзілі пры панах далёка, бо лес бліжэйшы быў малады, казённы і не прадаваўся. А торфу тады капалі мала. У тую зіму, якую згадваю, было вельмі многа снегу. Звернеш трохі з наезджанай дарогі, і конь правальваецца, і сані тыя з дровамі — як выцягнуць, і гуртам папіхаючы. І вось на Галым балоце, у пушчы, сустрэліся два абозы з дровамі, наш і, здаецца, хлюпіцкі. Сутыкнуліся першымі коньмі, храпа ў храпу, і стаяць — кожны вазак сам сабе хітры, ніхто не хоча скрануцца ў аб'езд.
У нашых першы ехаў Кураўка. Тут да яго, саней за трое, падышоў Чыркун і, як нямко, прычапіўся сварыцца. Не да таго чужога, сустрэчнага, а да свайго. Адзін мармыча штосьці, нема паенквае, размахвае рукамі, а другі крычыць. І скачуць ужо загрудкі. Кураўка так раз'ярыўся, што давай распрагаць кабылу. Прасцей было б сякеру з воза ўзяць, а ён распрог, схапіў дугу за канец і, трасучы ёю над галавой «нямка», крычаў усякую несусвеціцу. Доўга дурыліся. Нашы ўсе ад вазоў сабраліся, і тыя ад сваіх. Нашы, вядома, ніхто не смяяўся. Хлюпічане спачатку глядзелі, слухалі, а потым плюнулі і пачалі аб'язджаць, гразнучы ў снезе і лаючы нашых. Кураўка тады запрог, закурылі, рагочучы, і паехалі.
Абозамі ездзілі не толькі ў пушчу. З мястэчка на бліжэйшую чыгуначную станцыю, за дваццаць сем кіламетраў, вазілі збожжа з купецкіх «шпікняроў» (вялізных свірнаў), ад Бейліна і Бісінкевіча. Заработак быў не лішне вялікі, аднак і лепшых не было. Ездзілі людзі бяднейшыя, і нашы, і плёхаўскія, і з іншых вёсак. Разоў некалькі ездзіў і я, калі Андрэй служыў у войску, а мы з сястрою Надзяй гаспадарылі.
Мікіта Турак у гэтыя асенне-зімовыя заработкі ганяў сваіх двух сыноў. На двух вазах, на добрых конях. Чалавек ён быў працавіты і прагны — да прыдуру. Сечкі тым коням трэба многа, дык ён начамі грыз яе старой касою, скоскам. Сам такую сячкарню прыдумаў: як церніца, ці што, толькі не лён яна трэ, а рэжа салому. Потым, казалі, сячкарня тая прыснілася яму ў «смяртэльнай» кашулі, белай і доўгай, і добра такі напалохала: «Зарэжу к чорту самога! Замучыў ты мяне! Купляй фабрычную!» Тады ўжо Турак купіў ручную сячкарню, якую хлопцы яго, што якраз падняліся на памочнікаў, круцілі на змену. Здаравенныя грукачы, паслухмяныя.
Здаўшы на станцыі збожжа, абознікі заходзілі ў чайную. Са сваімі торбамі, але перакусіць у цяпле, узяць шклянку чаю, а то і абаранак ці селядца. Толькі Туркавым хлопцам бацька такога рэспусту не дазваляў. На холадзе яны, вядома, не сядзелі, аднак елі толькі сваё, усухамятку ці запіваючы халодным малаком з бутэлек.
Раней, пакуль я сам не паехаў, Кураўка мяне пераконваў, што Туркі ішлі са сваёю торбай не ў чайную з усімі, а да помпы на плошчы, адзін пампаваў ваду, а другі запіваў ёю хлеб, а потым, на змену, другі.
І вось аднойчы, калі мы сядзелі ў чайной і сёрбалі гарачы чай, туды зайшлі два нейкія панкі. З дробных ужэнднічкаў, відаць, або якія перакупшчыкі. Трохі пад мухай, а больш з фанабэрыяй. Падышлі да буфета, папрасілі яшчэ па адной.
Чыркун устаў з-за століка і падышоў да іх. Нямком. Жэстамі і мімікай папрасіў закурыць. Пачаставалі яго папяроскай. І запальнічкай пстрыкнулі пад нос. Ён стаў ім дзякаваць, мармычучы, размахваючы свабоднай рукой і штосьці нема ўскрыкваючы ад захаплення.
Тут я не вытрымаў, засмяяўся.
— Ты цо се смееш? — павярнуўся да мяне адзін з панкоў. — Он ест калека, ему так пан Буг дал. Ты цо се смееш?
Ён падышоў. А я… спалохаўся, ці што. Хутчэй збянтэжыўся. Бо што ж рабіць, калі палезе біцца?..
Я не паспеў нічога вырашыць, бо тут паміж намі ўшчаміўся Кураўка.
— Пане, — сказаў ён вельмі перапалохана, — вы яго лепш не чапайце. Не глядзіце, што ён такі маладжавы. Ён двухжыльны. Падковы гне. Восі ломіць. Любога каня паднімае навыцяжку. А як разыдзецца — не дай бог бачыць! Што я вам, пане, скажу…
Ён нагнуўся да панскага вуха і штосьці зашаптаў. Пасля кіўнуў у мой бок галавою і зноў зашаптаў. Панок паглядзеў на мяне. Спадылба, таямніча. Нічога не сказаў. Кураўку ён, ужо сам, без просьбы, прапанаваў папяросу. Працягнуў тую пачку і мне, а калі я адмовіўся, ён паглядзеў яшчэ раз і моўчкі адышоўся да свайго калегі.
Ужо ў дарозе ўсе смяяліся з таго, што там Кураўка пашаптаў.
— Пане, кажу яму, ён ні за што вас, як муху, плясне. Ён ужо трох забіў. А сам у турму не сядзе. Апраўдаюць. Самі не ведаем чаму — але не сядзе.
Так я і пахадзіў пасля з яшчэ адной мянушкаю — Двухжыльны.
«НЯМА ЧАГО ПАКРЫВАЦЬ!..»
Кураўка смяшыў заўсёды на поўнай сур'ёзнасці, а сам часцей усміхаўся, чым рагатаў.
Едзем мы, скажам, з таго абозу, вяртаемся ўлегцы. Восень позняя, але яшчэ ўсё цёплая, добра ляжаць на возе. Коні з узгорка падварушыліся трухта і даганяюць — узбоч гасцінца, па сцежцы ідзе незнаёмая спраўная маладзіца. Кураўка, угрэўшыся пад кажухом, ляжыць сабе на баку, падпёрся далонню пад правую сківіцу, ласа глядзіць на шуструю загладуху, а потым, калі зусім параўняліся, ціха гукае:
— Кабето!
— Што, дзядзько?
— Купі качалко на лето.
— На чорта мне яно? — разгублена спыталася яна.
— Як на чорта? — зусім сур'ёзна здзівіўся ён. — Макарону будзеш качаць.
Урэшце здагадаўшыся, тая зачырванелася і плюнула.
А ён глядзіць ды прыязна ўсміхаецца, нібы нічога лішняга і не сказаў, і не падумаў.
Чуць і бачыць Васіль быў мастак.
У Арэся была тады незамужняя дачка Марыля, таксама здаравенная, не вельмі, як і тата, складная. Але ўсяго дзявочага было ў яе нямала. І дабрадушная. Каля яе прыпасваўся суседскі Вінцучок, дзяцюк нярослы, але спрытны і памаўзлівы. Сядзяць мужчыны ў Арэсевай хаце зімою, яшчэ трохі завідна, гамоняць ды пакурваюць, а Марыля ляжыць на цёплай печы жыватом, тырчыць сваім багаццем угару. Усё ў мужчын нібы перагаворана, а то яшчэ, здаецца, і не ўсё, і хтосьці кажа, без усякага на што-небудзь намёку:
— Вінцучка нешта сёння няма. Няўжо ён з лесу яшчэ не прыехаў?
— Прыехаў, — спакойна і ўпэўнена, як быццам ведаючы гэта, гаворыць Кураўка. І дадае, кіўнуўшы на печ: — Ужо вунь і сані перавярнуў…
Пайшоў зімовай ноччу, задоўга да світання, будзіць суседа — ехаць у лес па дровы. Суседзяў было ў адной хаце двух, братоў жанатых, але не падзеленых. Бо і дзяліць не было асабліва чаго, і ленаваліся абодва, асабліва старэйшы, вечна пануры, кіслагубы Авос. Такая мянушка, бо яму не хапала чамусьці свайго «што?» і ён перапытваў па-местачковаму, па-жыдоўску: «А вос?» І заўсёды і ўсюды насіў у кішэні портак камень з гусінае яйцо, цёплы, абгладжаны там рукою. На пытанне: навошта ён, Авос адказваў: «А як сабака?» На чалавека, чаго добрага, камень таксама мог прыдацца. Зрэшты, нічога такога не памятаю. Затое бачыў, як ён, Авос, вось-вось заплача, калі чытаецца штосьці пра чалавечую крыўду… Меншага брата, які ўсё-ткі гаспадарыў сяк-так, звалі Мікіта, а мянушка, за пэўныя, так сказаць, хімічна-абаронныя якасці, Тхорык.
— Ледзьве я дастукаўся да іх, — неяк расказваў Кураўка. — Алена Мікітава адчыніла. Сам Тхорык сядзіць на пасцелі, чухаецца. А ў другім кутку Авос сама цяпер зрабіў буду…
Гэта — пра зорны час на жанатым, няхай сабе немаладым пасланні.
Неяк пры Польшчы мястэчка наша моцна гарэла і пасля гэтага дружна сабрала грошай на матароўку, маторную помпу. Для большай пэўнасці набожныя мешчанчукі вырашылі яе пасвянцаць. Пасля абедні поп з дзякам і пеўчымі выйшаў на паперць. Унізе, ад плошчы, адчынілі святую браму, і малайцы-пажарнічкі, не паздымаўшы сініх форменных канфедэратак, а толькі па-службоваму апусціўшы раменьчыкі пад бараду, па ціхай камандзе «бегем марш!», без гіку ўскацілі матароўку на высокі ўзгорак, у вялікі натоўп прыхаджан. На той час і гэта было не абыякое відовішча, культурнае мерапрыемства. Поп нараспеў маліўся, пеўчыя стройна спявалі, а нейкая бабка, што прыпазнілася, ніяк жа, людцэ мае, не магла праціснуцца наперад, да таго цікавага… І трэба ж ёй было спытацца якраз у нашага Кураўкі:
— Сынок, а што гэта яны там робяць? Я ўжо дадому была пайшла, але вярнулася.
— Карову, бабко, да быка пускаюць.
— Вой, а чаму ж гэта тут?
— Папову, бабко. Да камендантавага быка.
— Камендантавага? Гэта таго, што ў пастарунку?
— У пастарунку, бабко. Ты толькі так не крычы, а цішэй. Зараз во будуць і ў званэ званіць…
Адзін час, таскама пры Польшчы, Мітроша — Важнае ліцо быў у нас солтысам. Праўда, вёска на яго не скардзілася — от сабе смешная важнасць, і толькі. Нават купіў нейкую скураную куртачку, чорна-бліскучую, у якой праводзіў сходы. Перад сваёй хатай, на вуліцы. Сам ён звычайна прыпазняўся, выходзіў з хаты тады, калі ўжо мужчыны і збяруцца, і пачакаюць. Следам за ім выходзіла маці, старая, нядаўна аўдавелая Рагачыха, станавілася ў гародчыку за плотам, паміж кустамі бэзу, і час ад часу ўстаўляла сваё, рэжысёрскае:
— Дзе што добрае зробіцца, дык усё ж мы, Рагачэ ды Рагачэ. Ніхто ж другі не глядзіць, ніхто ж не пастараецца…
— Ціха, мамаша, дай гаварыць.
І гаварыў, упэўнена і важна, як з трыбуны.
Зімой па Ніжніх Байдунах пачала лятаць незвычайная галка. На валляку ў яе, на моцным шнурочку, вісела круглая, як медаль, фанерынка, на якой выразна, каломаззю было кругам напісана «Soltys». Выйдзеш з хаты — сядзіць на плоце: «Каў!..» І паляцела. На другі двор, на трэці, чацвёрты… Усе двары аблятае за дзень. Не было б таго медаля, дык і не падумаў бы ніхто, што гэта ўсё адна ды тая самая.
І да Мітрошы, вядома, лятала. Ён і пра гэта гаварыў на сходзе, ужо ў хаце:
— Дурная безабразія! Каб я толькі ведаў, хто такую насмешку зрабіў…
Што тады быў бы за страх — невядома. Толькі пазней стала ясна, што зрабіў гэта Кураўка. Пры дапамозе свайго старэйшага, школьніка, які і выдаў іхнюю таямніцу.
Васіль быў дабрадушны, ціхі. І вельмі бедны, з найбольшым правам на смех.
У партызанах нехта аднойчы падшапнуў новаму камандзіру нашага атрада, што іменна ў яго, у Кураўкі, схаваны ў гумне два кормныя япрукі. І ён, наш Сашка-лейтэнант, нядаўна прысланы з Вялікай зямлі, паверыў і даручыў паехаць «изъять излишки» іменна мне. Колькі я ні ўтлумачваў яму, што гэта жывая лухта, Сашка ўпёрся і паслаў нас з Коржыкам удвух, хоць той быў і не наш, а з Хлюпіч. «Няма чаго залішне пакрываць сваіх аднавяскоўцаў», — сказана было нават і так.
І мы паехалі. Ёлкі зялёныя, — паклікаў я таго багацея на двор (хата старэнькая, поўна малых) і расказаў яму, што да чаго. Толю Коржыка, маладзенькага, баявога хлопца, Кураўка не ведаў, і мы, каб усё прайшло па ўсіх законных правілах, пайшлі на пошукі ўтрох.
Ішло прадвесне, і, як у нас гаворыцца, у многіх бог Вярбіч (першая ажывае вярба) паеў ужо і сена, і салому, і амеці. У прыстаранках Кураўкавага гуменца было амаль зусім пуста. Утрох з гаспадаром шуршэлі мы па прыстаранках, хто ботамі, а ён лапцямі, нават пасвечвалі трафейнаю батарэйкай, вось-вось гатовы засмяяцца, палохалі тых фантастычных, створаных дурным падшэптам, парсюкоў: «Аюсь! Аюсь!…» А потым і засмяяліся — і мы з Кураўкам, і Толя, які і так паверыў мне раней, а цяпер, пачаўшы з хаты, і сам убачыў, што наш Сашка-лейтэнант заслугоўвае слова, якое тут жа было і сказана. Пра Васілёву беднасць я ведаў змалку, пра тое, што ён звязаны з партызанамі — толькі здагадваўся, а потым, пасля вызвалення нашай мясцовасці, і пачуў. І ад самога яго, і ад хлопцаў з суседняй брыгады, якой Кураўка добра памагаў. Нават медаль яму далі — партызанскі, другой ступені.
На фронце, калі фарсіравалі з боем рэчку Шэшупэ, граніцу з Усходняй Прусіяй, Васіль са сваім аддзяленнем першы ступіў на той бераг. Але героя не далі, хоць перад боем і гаварылася.
— А што далі? — спытаўся я.
— «За адвагу».
Адказваў ён без найменшага жалю ў голасе ці ў вачах, толькі з усмешкай, як заўсёды, сціпла-хітраватай. І дадаў, памаўчаўшы:
— Ох, і далі ж мы ім тамака! Кацюша як жарне, як жарне — толькі шыняле ўгару ляцяць!..
ГРЭХ ЦІ НЕ ГРЭХ
У гэтай сціплай і няпоўнай галерэі маіх вясёлых літаратурных продкаў па мужчынскай лініі асобнае месца займае кравец Рафалак.
Дваюрадны брат майго бацькі, ён быў яшчэ татаў і мамін кум, а мой хросны. З мяне хапіла б і гэтага, другога сваяцтва, тым больш што хросная мая засталася ў Адэсе, дзе я нарадзіўся, дзе тады быў у бежанстве і хросны. А бабкі-павітухі я наогул не меў, бо мяне не бабіла, а прымала, як гаварыла маці, дзяжурная акушэрка.
Бабкі, хросныя, кумы — гэта ў той час было сваяцтвам, няхай не кроўным, а ўсё ж блізкім. Сем'і такія не толькі клікаліся (на вяселлі, радзіны, хаўтуры), але і дружылі, што асабліва падабалася малым.
У Андрэя быў поўны камплект: бабка, хросны і хросная. Бабку Ганулю, Грамуздову маці, празывалі Ліскай, хоць і была яна зусім не хітрая, а толькі ўвішная, весела-гаваркая і добрая. Калі мы вярнуліся з горада, мне было пяць, Андрэю — дзесяць, ужо не малы, аднак Ліска то жменьку сушаных груш прынясе, то трохі гарбузянят, то жывое яблыка зімою, то велікоднае яйка. Андрэю перападала і ад хроснай, але куды радзей, бо яна была ўжо замужам у Хлюпічах. Праўда, і тая Андрэева хросная, і асабліва Ліска, даючы што-небудзь яму, не забываліся і пра малога, пра мяне, ды гэта было зусім не тое, бо я ж тут ішоў на дадатак. І я зайздросціў брату ўдвая, за бабу і за хросную. А ўжо мой хросны, Рафалак, быў куды лепшы, чым Андрэеў — маўклівы і скупаваты дзядзька Яўхім Заяц.
Зрэшты, хросныя бацькі з хрэснікамі не вельмі ўжо так і няньчыліся. Гэта мой замяняў мне і бабку, і хросную. Ён і наогул быў другам нашай сям'і. У бацькі нашага не было ні братоў, ні сясцёр, а хросны рос пры сваім старэйшым браце, чалавеку благім, і таму наш тата і Рафалак з маленства дружылі. Любіла майго хроснага і наша мама, і ўсе мы, сёстры і браты, бо ён быў не толькі сваяк, але ж, — а можа, і перад усім, — харошы чалавек. Да слёз чуллівы, да слёз вясёлы і добры. З нашай сям'ёй ён і пасля татавай заўчаснай смерці дружыў, вядома ж, таксама дапамагаючы ўдаве з сіротамі («Катрынко, сястрыцо мая»), чым толькі мог.
Хросны быў вельмі нярослы і нібы гарбаты, і называлі яго не Рафаіл, а толькі Рафалак, нібы кавалак сапраўднага Рафаіла. Імя ў нашай мясцовасці, можна сказаць, унікальнае, дадзенае папом па святцах, і таму яно гучала хутчэй як мянушка. Ды ён не крыўдзіўся, бо і прывык да гэтага змалку, і сам любіў пасмяяцца, заўважыўшы што-небудзь смешнае ў іншых.
Трэба сказаць таксама, што як там мы ўсе ні любілі ды ні шанавалі яго, ні ад бацькі, ні ад маці, калі яна засталася з намі адна, не было нам ніколі ўшчування за тое, што мы сяды-тады смяяліся з чаго-небудзь пацешнага, якое адбылося з маім хросным.
Да споведзі і прычасця школьнікаў напрадвесні, у вялікі пост, вадзілі з Ніжніх Байдуноў у мястэчка арганізавана. А я, першакласнік, якраз на тым тыдні хварэў. Потым, калі паправіўся, маці не было як павесці мяне ў царкву самой, і яна даручыла гэта хроснаму, які і сам ішоў туды ж, па той жа справе.
І мне запомніўся той першы выхад у вялікі свет.
Як у краўца, у хроснага было ў наваколлі многа знаёмых, у тым ліку і з людзьмі, як ён казаў, духоўнага звання. Хросны і сам пасмейваўся з гэтага, параўноўваючы свае высокія знаёмасці з тым, што казала старая Гіта, хвалячыся сваім Хаімам, краўцом: «Уй, мы старому бацюшку шылі пітрахіль!..» Епітрахіляў бацюшкам ён не шыў, ні старому, ні новаму, тагачаснаму, але ж і дзяк Харкевіч, і царкоўны стараста дзед Бойка, хоць і ў мястэчку былі краўцы, шылі ў хроснага, чым ён не мог, як майстар, не ганарыцца.
Чорны і сухашчавы вусач Харкевіч, суровы з выгляду і громападобны сваім, злёгку хрыпатым, басам, запісваў нас да споведзі па знаёмству, без чаргі, тым больш што хросны выйшаў з чародкі жадаючых трохі наперад і дзяк спачатку кіўнуў яму, а потым і сказаў: «Прошу вас, Рафаил Степанович!» Мяне ён бачыў у хроснага, можа, не раз і не два, але цяпер спытаўся прозвішча, імя, імя па бацьку, а тады, на нейкі доўгі момант, зверху ўпёршыся ў малога злоснымі вачыма, грымнуў: